вада́

1. Агульная назва наяўнасці ў населеным пункце ці ў гэтай мясцовасці водных аб'ектаў — возера, ракі, рэчкі, балота, мачулішчаў, крыніц (Слаўг.). Тое ж вадазбор, вадзя́нка (Слаўг.).

2. Разліў вады вясной у час разводдзя, летніх ліўняў, восеньскіх дажджоў, зімовых паводак і верхаводак (Ветк., Жытк., Слаўг., Стол.). Тое ж вадаполь (Смален. Дабр.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

га́тка

1. Сажалка, невялікі штучны вадаём (Крыч.).

2. Невялікая застава, плаціна (Нас., Крыч., Нас. АУ).

3. Пляцень цераз рэчку; выхад з возера, старыка для лоўлі рыбы нератам (Ветк., Стол.). Тое ж гаток (Жытк., Кар., Сал., Стол.).

4. Дарога на балоцістым, нізкім месцы з ламачча, галля і зямлі (Стол.). Тое ж гаток (Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

вал, ‑а; мн. валы, ‑оў; м.

1. Доўгі, высокі земляны насып. Замест агароджы вакол могілак былі калісь выведзены акопы з даволі высокім валам. Колас. [Шорнер:] — Не ў страх такім салдатам ні крэпасці валы, ні сцены казематаў. Бачыла. // Доўгая і высокая града чаго‑н. Па-над парканам пышным валам Стаяў вішняк густы, прыўдалы. Колас. Нізкія валы хмар.. праплывалі над лесам. Асіпенка.

2. Высокая хваля. І, як заўсёды, безупынна праз возера каціўся вал. Дубоўка. Сыходзяцца тут, на стыку двух мацерыкоў — Азіі і Амерыкі, — стрэчныя вятры і разганяюць цяжкія валы свінцовых хваль. Б. Стральцоў.

3. Суцэльная лінія ваенных умацаванняў. Хвалёныя непрыступныя валы нямецкай абароны пратараньваліся з ходу магутнымі танкавымі злучэннямі. Васілевіч. // Самкнуты, шчыльны строй людзей. Рад за радам чоткім крокам Вал праходзіць малайцоў. Колас.

4. Цыліндр, які перадае рух тым ці іншым часткам механізма. Вал млына. Вал турбіны. Грабны вал.

•••

Агнявы вал — паласа артылерыйская абстрэлу, якая перамяшчаецца наперадзе атакуючага войска.

Валам валіць гл. валіць.

Дзевяты вал — а) самая моцная і небяспечная хваля ў часе марской буры (ад міфалагічнага ўяўлення ліку дзевяць як свяшчэннага); б) сімвал грознай небяспекі або найбольшага ўздыму чаго‑н.

Стаць валам гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каці́ць, качу, коціш, коціць; незак.

1. каго-што. Рухаць, перамяшчаць які‑н. круглы прадмет, прымушаючы яго вярцецца. Каціць бочку. Каціць мяч. □ А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас. // Рухаць, везці што‑н. на колах. Шашура ў гэты час з двума таварышамі каціў на фланг процітанкавую гармату. Мележ. Па цяністай алеі малады мужчына асцярожна каціў дзіцячую каляску. Гроднеў.

2. што. Перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад. Толькі Бярэзіна, вада ў якой пацямнела ад холаду і хмурнага неба, спакойна і велічна коціць сваю плынь. С. Александровіч. Наша возера хвалямі б’ецца, Коціць пену сваю на пяскі. Калачынскі.

3. перан.; што. Губіць, нішчыць (пра эпідэмія), павальную хваробу). Геня ніяк не мог адразу зразумець, што хоча сказаць Кася, бо тая так хвалявалася, нібы на ферме .. чума.. коціць усю жывёлу. Пташнікаў.

4. Разм. Тое, што і каціцца ​1 (у 2, 3, 4 і 5 знач.). І машына коціць.. мякка, бясшумна. Лынькоў. Па дарозе, уздымаючы слуп пылу, коціць на кірмаш айцец Парфіры. Чарот. А час ідзе, на захад коціць сонца. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. каго-што. Разрэзаць надвае. Перарэзаць вяроўкі. Перарэзаць тэлефонны провад. □ [Краб] перарэзаў [клюшнямі] рыбіну на дзве часткі, нібы нажніцамі для бляхі паперу. Караткевіч.

2. што. Перайсці, пераехаць што‑н. у якім‑н. напрамку; перасячы. Хацелася перарэзаць на чайцы возера па ўсёй яго даўжыні і шырыні, але ж трэба час. Сташэўскі.

3. што. Стаўшы ўпоперак чаго‑н., спыніць далейшы рух; перагарадзіць. Пасля кароткай парады афіцэраў у камандзіра батальёна .. рота атрымала заданне перарэзаць шлях адступлення немцам з суседняй вёскі. Васілевіч. Не паспеў я адбегчыся шагоў сотню, як раптам дарогу перарэзаў знаёмы рыбак. Якімовіч. Неўзабаве шлях перарэзалі стальныя дзверы. Шыцік. // перан. Парушыць сувязь, зносіны. Збіраўся [Алеська] прыехаць на пабыўку. Ды вайна перарэзала шляхі-дарогі. Б. Стральцоў.

4. перан.; што. Пралягаючы ў якім‑н. напрамку, раздзяліць на часткі што‑н. [Чыгунка] самаўладна перарэзала надвае векавечны лес. Шынклер. / Пра рубцы, маршчыны і пад. Круты смуглявы лоб ад скроні да скроні перарэзалі раўчакі маршчын. Мележ.

5. што. Разм. Размежаваць зямлю нанава, іначай. Большасць галасоў паказала, што ўсю прыбалотную зямлю трэба перамераць і перарэзаць. Чорны.

6. каго-што. Зарэзаць, парэзаць усіх, многіх або ўсё, многае. Перарэзаць усю жывёлу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праплы́сці і праплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. праплыў, ‑плыла, ‑плыло; заг. праплыві; зак.

1. Перамясціцца ўперад плывучы. Праплысці да сярэдзіны ракі. □ Усё разлічана ў .. [плыўцу], каб праплысці як мага далей. Паслядовіч. // што. Плывучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Праплысці пяцьсот метраў. □ Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. Маўр.

2. што і без дап. Плывучы, мінуць што‑н. Праплысці буёк.

3. Плаўна, павольна праляцець. Над узбярэжжам паволі праплыў у паветры дзяжурны дырыжабль. Лынькоў. // Разм. Плаўна прайсці, праехаць. Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад. Шамякін.

4. перан. Прайсці, пранесціся ў свядомасці, ідучы адно за другім (пра думкі, успаміны і пад.). І перад лордам усталі далёкія гады, адна за другой праплылі ў памяці незабыўныя падзеі. Лынькоў. «Учора недалёка адсюль партызаны вялі бой», — праплыла думка. Новікаў.

5. перан. Мінуць, прайсці (пра час). І так дні за днямі жыццё праплыло. Танк.

6. перан. Пранесціся, распаўсюдзіцца. Крылом баявым партызанская слава Над краем радзімым маім праплыла. Астрэйка.

7. Плысці некаторы час. Праплысці паўгадзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Акно́ 1 (БРС, Касп.), вакно (Нас.), акно ’акно, вока’ (Дабр.), ст.-рус. окъно, рус. окно, укр. вікно, польск. okno, чэш. okno, славац. okno, в.-луж. wokno, н.-луж. hokno, серб.-харв. о̀кно (RHSJ, 8, 821), макед. окно. Хутчэй за ўсё прасл. okno — архаічны прыметнік на ‑no, утвораны ад назоўніка око. Гл. Мерынгер, IF, 16, 125–126, які прыводзіць іншыя індаеўрапейскія прыклады ўтварэння назвы акна ад назвы вока. Фактычна, калі выключыць няўстойлівыя метафары, толькі ў германскіх і славянскіх мовах акно называлася словам, вытворным ад вока (Бак., 469–470). Магчыма, прасл. okno ўзнікла як калька з гоц. augadaúrō (= ’вочныя дзверы’). Прасл. *okna dvьrь з наступным спрашчэннем і вызначэннем родавага паказчыка па зыходнаму назоўніку.

Акно́ 2 ’глыбокае месца ў балотных крыніцах, азёрах’ (КЭС), окна сольныя салёныя азёры’ (Гарб.), вокнішча ’небяспечнае месца ў возеры ці рацэ, што зацягвае ў глыбіню’ (Нас.). Рус. арх. окно ’глыбокае месца ў возеры’, укр. вікно, серб.-харв. о̀кно ’месца на багнах, якое не зарастае і не замярзае’. Усе гэтыя словы звязаны з прасл. oko ’глыбокае месца ў вадзе’ (гл. Безлай, SR, 5–8, 140–141; Ісачанка, Зб. Младэнаву, 313). Параўн. славац. morské oko, серб.-харв. о̏ко ’глыбокае месца ў вадзе’ і літ. ãkis, akatė̃ ’возера, палонка’. Гэта яшчэ балта-славянскае слова Махэк₂ (411–412) звязвае з лац. aqua ’вада’ і іншымі роднаснымі індаеўрапейскімі лексемамі. Не менш верагоднай застаецца сувязь з прасл. oko ’вока’. Параўн. арм. akn дзірка’, ст.-грэч. ὀπή ’адтуліна’ (Покарны, 775–777).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаў 1 ‘прыстасаванне для ўмацавання, замацавання чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нік. Очерки), ‘лёгкі варстат на чатырох сошках’: стаў просты, а верстаць така вусока (ТС, Серб. Вічын), стаў, ставы́ ‘кросны’ (Касп., Бяльк., Уладз., Мат. Гом., ТС), став, ставы́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), ставы́ ‘тс’ (петрык., Шатал.; смарг., чэрв., віл., Сл. ПЗБ; ЛА, 4; круп., Нар. сл.), ста́вы ‘стойкі ткацкага стана’ (Байк. і Некр., Шат., Бяльк.), ста́ўчык (ставчикъ) ‘ямка для ўстаўкі верацяна’ (Шымк. Собр.). Укр. дыял. ставки́ ‘ніжнія гарызантальныя планкі красён’, рус. дыял. став ‘кросны’, чэш. stav ‘кросны’. Праслав. дыял. *stavъ з’яўляецца аддзеяслоўным вытворным ад асновы прасл. *staviti ‘ставіць’; гл. спецыяльна Трубачоў (Ремесл. терм., 124), які адзначае, што дэрываты ад кораня *sta‑ (гл. стаяць) у значэнні ‘кросны’ сустракаюцца і ў іншых і.-е. мовах, таму няясна, наколькі гэта слова можна лічыць славянскай інавацыяй. Лат. (aužami) stāvi ‘кросны’ падобна на запазычанне з рускай або беларускай.

Стаў 2 ‘воз без колаў’ (івац., Сл. ПЗБ), ставо́к ‘тс’ (Маслен., ТС). Да стаў 1, ставіць (гл.).

Стаў 3 ‘сажалка, запруда’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.; ашм., Стан.; Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘невялікі прыродны вадаём’ (паўд.-зах., ЛА, 1; Пятк. 2), ‘сажалка на рэчцы’ (зах., ЛА, 1), ‘выкапаная сажалка’ (зах., ЛА, 1; Сцяшк.), ставо́к ‘сажалка; запруда’ (Касп.; ашм., Стан.), ст.-бел. ставъ ‘возера’ (Альтбаўэр). Укр. став, рус. став, польск., н.-луж. старое staw. Прасл. дыял. *stavъ ‘месца, дзе спынілася (стала) вада’, да ставіць, аддзеяслоўны назоўнік; гл. Фасмер, 3, 742; Борысь, 576; ЕСУМ, 5, 389.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСТРАХА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на Пд Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі. На ПнУ і У мяжуе з Казахстанам, на Пд абмываецца Каспійскім морам. Утворана 27.12.1943. Пл. 44,1 тыс. км². Нас. 1008,8 тыс. чал. (1994), гарадскога 70%. Цэнтр — г. Астрахань. Найб. гарады: Ахтубінск, Харабалі, Алтанжар.

Прырода. Вобласць у межах Прыкаспійскай нізіны з Волга-Ахтубінскай поймай і дэльтай Волгі. Паверхня раўнінная (б.ч. тэрыторыі ніжэй за ўзр. м., ад -2,7 м на Пн да -27,5 м на Пд). Характэрны ўзгоркавыя падняцці (саляныя купалы выш. да 150 м) і Бэраўскія бугры ў дэльце Волгі. Карысныя выкапні: кухонная соль, гіпс, нафта, газ, бішафіт. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C на Пн да -6 °C на Пд, ліп. каля 25 °C. Ападкаў каля 200 мм за год. Гал. рака Волга (з Ахтубай), падзяляецца на мноства рукавоў (больш за 800, найб. Бахтэмір, Болда, Бузан), якія ўтвараюць яе складаную дэльту. Шматлікія прэсныя (ільмені) і мінер. азёры; самае вял. салёнае возера — Баскунчак. У раслінным покрыве пераважаюць злакі (кавыль, ціпчак, жытнік), палын і салянкі паўпустыняў на светла-каштанавых саланцаватых і бурых глебах. У Волга-Ахтубінскай пойме і дэльце Волгі — пойменныя лясы, лугавая расліннасць на алювіяльных глебах; трапляюцца лотас, чылім (вадзяны арэх), зараснікі трыснягу. У водах больш за 50 відаў рыб, каля 30 — прамысловыя. У Астраханскай вобласці — Астраханскі запаведнік.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне, суднарамонт). Развіты дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, нафтагазаздабыўная (гл. Астраханскае радовішча), хім. і інш. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых, вырошчванне агародніны, садавіны, бахчавых; асн. культуры — рыс, памідоры, кавуны (на арашальных землях). Мяса-воўнавая авечкагадоўля і мяса-малочная жывёлагадоўля. Развіты рачны і марскі транспарт. Порт — Астрахань. Чыг. лініі Астрахань—Саратаў, Астрахань—Верхні Баскунчак—Валгаград, Астрахань—Гур’еў; аўтадарогі Астрахань—Валгаград, Астрахань—Эліста і Астрахань—Кізляр.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААКУМУЛЮ́ЮЧАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ГАЭС),

гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.

ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістасцю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б. СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.

Літ.:

Гл. пры арт. Гідраэлектрычная станцыя.

У.​М.​Сацута.

Гідраакумулюючая электрастанцыя: а — разрэз; б — план; 1 — верхні вадаём; 2 — напорны вадавод (трубаправод); 3 — будынак электрастанцыі; 4 — ніжні вадаём; 5 — плаціна з вадаскідам.
Рэжымы работы гідраакумулюючай электрастанцыі: 1 — помпавы (перапампоўванне вады з ніжняга басейна ў верхні пры сілкаванні ад энергасістэмы); 2 — генератарны (рэжым звычайнай ГЭС з аддачай электраэнергіі ў энергасістэму).

т. 5, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)