НАВУ́КА,

сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец. навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.

Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж. Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш. Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э. засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац. ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец. навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук. прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.

На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л. Нац. АН Беларусі, 43,7 тыс. навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс. канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).

Літ.:

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;

Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;

Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 11, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

урэ́зацца, урэжуся, урэжашся, урэжацца; зак.

1. Увайсці, уваткнуцца ў што‑н. вострым, вузкім канцом. Човен урэзаўся ў пясок лугавога берага. Кірэенка. // Рэжучы, уклініцца ў што‑н. З вострава выйшла жняярка, прайшла ўздоўж лесу, завярнулася і ўрэзалася сваімі вострымі зубамі ў залацісты аўсяны лес. Сташэўскі. // Глыбока ўесціся, упіцца. Каўнер кашулі балюча ўрэзаўся ў востры кадык, так, што перахапіла дыханне. Каршукоў расшпіліў яго. Асіпенка. [Чалавек] хацеў пераабуцца, бо мокрыя аборы надта ўрэзаліся ў ногі, толькі мала часу меў да світання, дык не стаў. Гарэцкі. // перан. Удацца, уклініцца вузкай палосай у што‑н. Лес клічам урэзаўся ў поле.

2. перан. Імкліва ўварвацца, пранікнуць куды‑н. У заднія рады натоўпу ўрэзаліся клінам конныя жандары. Машара. «Пабеда»таксі вырвалася з вясёлага маладога лесу і ўрэзалася ў залаты жытнёвы палетак. Васілевіч.

3. перан. Разм. Сутыкнуцца з разгону з чым‑н.; стукнуцца. Ракета раптам нырнула ўніз і ледзь не ўрэзалася ў скалы. Шыцік. [Міхаліна:] — Я не ведала, што гэта будзе: слова, ці яго рука ляжа на маю, ці.. [Аляксандр Дзямідавіч] павернецца, выпусціць руль, і мы ўрэжамся ў дрэва... Шамякін.

4. перан. Надоўга запомніцца. На ўсё жыццё шмат якія з песень урэзаліся ў памяць, асабліва я любіў «Рэчаньку». Гурскі. [Іосіф Жыновіч:] — Мне ўрэзаўся ў памяць артыкул Аляксея Талстога, дзе ён палымяна заклікаў увесь народ да адпору праклятаму ворагу. «ЛіМ».

5. Абл. Закахацца ў каго‑н. [Адам:] — І вось так, неяк гуляючы на вячорках, я і ўрэзаўся, проста сказаць без нажа, у адну дзеўку. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утапі́ць, утаплю, утопіш, утопіць; зак.

1. што. Апусціўшы ў ваду, прымусіць патануць; затапіць. Утапіць лодку. // Не ўтрымаўшы, даць патануць. Утапіць вядро. □ [Хлопчык:] — А помніце, як Лашак у рэчцы ўтапіў трактар. Шамякін.

2. каго-што. Загубіць чыё‑н. жыццё, сілай кінуўшы ў ваду. Прывесці яго сюды, тыцнуць носам у план, а потым утапіць прахвоста ў гэтых затоках! Колас. Аднаго разу кажа [мачаха] сваёй дачцэ: — Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госці, пакліч яе з сабой купацца ды ўтапі... Якімовіч. / у перан. ужыв. Асабліва згусціўся туман абапал канавы.., нібы ўтапіў кусты на балоце. Федасеенка.

3. перан.; каго. Паставіць у цяжкае становішча каго‑н. (выдаўшы, прадаўшы, абгаварыўшы і пад.). [Вілюевіч:] — Дзе ты вычытаў, што каб самому выслужыцца, то другога ўтапіць трэба. Грамовіч. [Студэнт:] Адозвы падлавіла [гаспадыня], павяла паліцыю; ёй было патрэбна ўтапіць мяне. Галубок.

4. перан.; што. Заглушыць гора, пачуцці і пад. пры дапамозе чаго‑н. Можа, таму так цяжка было ў.. [Веры] на душы і нельга было гэты цяжар утапіць нават у моры слёз. Машара. Вось Якім, вечны гаротнік і няўдачнік, які хоча ў гарэлцы ўтапіць сваё гора. Скрыган.

5. што. Глыбока апусціць у што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. Сяржант утапіў галаву ў падушку і глуха, як аднекуль са склепа, сказаў: — Ведаеш што? Ты будзь чалавекам з.. [Ілонкай]. Хомчанка.

•••

У лыжцы вады утапіць каго — загубіць, прычыніць непрыемнасць пры наяўнасці самага нязначнага выпадку. — Ты ёй [эканомцы] верыш? — усміхнулася Бабіцкая. — Ды яна гатова цябе ў лыжцы вады утапіць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.

2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.

3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жу́ржа1 ’дзіцячая цацка: косць з парасячай ці авечай нагі, у якой пракручваецца дзірка, у дзірку зацягваецца нітка. Нітку накручваюць і расцягваюць; расцягваючыся, нітка раскручваецца і прыводзіць у рух костачку. Костачка круціцца і вурчыць, «журжыць»’ (Бяльк.). Параўн. рус. раст. журже́лка ’дзіцячая цацка з косці’, ’бабка для гульні’. Параўн. жужу́лачкі ’цацкі з касцей’, жураўка ’калодка з дзіркай у прыладах’. Тлумачэнне рэаліі вядзе да сувязі з дзеясловам *журжаць (параўн. рус. варонеж., кур. журжать ’гусці’), але ці не народная гэта этымалогія, асабліва калі ўлічыць словы жураўка, жужулачкі? Ці няма тут адлюстравання і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ з пашырэннем ‑r‑ (Покарны, 1, 393–397)? Параўн. літ. gauras, лат. gauri ’валасы на целе’, літ. ’ільняное валакно’, с.-іран. gūaire ’кучары’, нарв. kaure ’тс’. Няясна. Гл. яшчэ жу́ржа2.

Жу́ржа2 ’распусніца’ (Бяльк.), ’непаседлівая жанчына’ (Юрч., Нар. вытв. сл.). Рус. валаг., перм., сарат. журжа ’распусніца, каханка’, без месца ’буркун’, калуж. журжавый ’бурклівы’. Значэнне ’непаседлівасці’, а таксама пашыранасць там жа, дзе журжа1 ’цацка, што круціцца’, вядзе да сцвярджэння аб сувязі гэтых амонімаў паводле «паводзін». Аднак рус. значэнне ’бурклівы’ вядзе да магчымай сувязі з «гукавым» бокам цацкі, а пашырэнне на далёкіх рус. арэалах, дзе не зафіксавана адпаведная цацка, дазваляе нават меркаваць аб самастойным развіцці там слова журжа на базе дзеяслова тыпу журить з экспрэсіўным падваеннем зычнай: *журжить ’бурчаць’, а магчыма, і ’многа гаварыць’. Параўн. кубан. журба ’журлівы чалавек’. Калі ж журжа2 — агульнае ўсх.-слав. слова, сувязь з журжа1, відаць, другасная, а першаснае значэнне журжа2, магчыма, ’каханка’ (’тая, пра якую журбота, клопат, туга’), адкуль ’распусніца’. Фіналь ‑жа можна разглядаць і як суфікс (параўн. любжа ’зёлкі для любві’, Гарэц.; Сцяцко, Афікс. наз., 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЯЛКО́ВЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць хім. пераўтварэнняў бялкоў і амінакіслот у жывых арганізмаў; важнейшая частка абмену рэчываў (у спалучэнні з пераўтварэннямі інш. азотазмяшчальных рэчываў утварае сістэму азоцістага абмену). Два ўзаемазвязаныя бакі бялковага абмену ў арганізме — распад (катабалізм) і біясінтэз (анабалізм) бялкоў. Першая стадыя аднаўлення бялкоў — іх гідроліз да амінакіслот пры дапамозе ферментаў катэпсінаў (тканкавых пратэіназаў), што лакалізаваны пераважна ў лізасомах (дзейнічаюць у кіслым асяроддзі). Амінакіслоты ўтвараюцца і пры гідролізе (ператраўленні) харч. бялкоў пад уздзеяннем пратэалітычных ферментаў (пратэазаў) страўнікава-кішачнага тракту (пепсін, трыпсін, хіматрыпсін, эластаза, экзапептыдазы), якія ўсмоктваюцца ў ім і трапляюць у клетку. Толькі такім шляхам паступаюць у арганізм неабходныя яму незаменныя амінакіслоты. У клетках амінакіслоты ўтвараюць амінакіслотны фонд клеткі, выкарыстоўваюцца на сінтэз пептыдаў, бялкоў, пурынаў, пірымідзінаў, гемапратэінаў, вугляводаў, ліпідаў, нізкамалекулярных гармонаў і інш. рэчываў, уступаюць у асн. агульныя рэакцыі абмену: пераамініраванне, дэзамініраванне і дэкарбаксіліраванне.

Пры пераамініраванні (трансмініраванні) α-амінагрупа адшчапляецца ад L.-амінакіслот і пераносіцца ў асноўным на α-вуглярод α-кетаглутаравай кіслаты. Гэта рэакцыя мае асабліва вял. значэнне пры біясінтэзе амінакіслот у раслінах: нітраты і нітрыты, што трапляюць у расліны з глебы, аднаўляюцца з утварэннем аміяку, які звязваецца з α-кетаглутаравай кіслатой; утвараецца глутамінавая кіслата. Амінагрупа гэтай кіслаты ў працэсе рэакцыі пераносіцца на кетакіслоты з утварэннем інш. амінакіслот. Пры дэзамініраванні адбываецца распад амінакіслот з выдзяленнем аміяку. Найб. значэнне ў арганізме жывёл і чалавека мае акісляльнае дэзамініраванне, пры якім утвараецца кетакіслата і аміяк. Утвораныя пры пераамініраванні і акісляльным дэзамініраванні α-кетакіслоты здольныя аднаўляцца з утварэннем амінакіслот, якія ў працэсе катабалізму могуць выкарыстоўвацца на сінтэз глюкозы і ацэтонавых цел. Пры дэкарбаксіліраванні амінакіслот вылучаецца вуглякіслы газ (CO2) і ўтвараюцца аміны, а пры дэкарбаксіліраванні араматычных амінакіслот — біягенныя аміны (трыптамін, сератанін, гістамін, γ-амінамасляная кіслата). Аміяк, што ўтвараецца пры дэзамініраванні амінакіслот і амінаў, таксічны для арганізма. Абясшкоджванне яго адбываецца пры аднаўленчым амініраванні, у рэакцыях сінтэзу глутаміну і аспаргіну, у цыкле сінтэзу мачавіны ў печані (у чалавека, млекакормячых і некат. інш. жывёл) ці мачавой кіслаты (у птушак, рэптылій, насякомых). У чалавека і жывёл мачавіна выдаляецца з арганізма з мачой, часткова ў выглядзе аманійных соляў, у раслін магчыма паўторнае яе ўключэнне ў працэсы сінтэзу бялку. Збалансаваны па паступленні (у т. л. ў складзе незаменных амінакіслот) і выдаленні азоту, бялковы абмен вызначае фарміраванне ў арганізме стану азоцістай раўнавагі, калі патрэба яго ў бялках можа быць мінімальнай (гл. Бялковы мінімум). Рэгулюецца бялковы абмен ў чалавека і жывёл ферментамі, гармонамі пры ўдзеле нерв. сістэмы (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя, Гарманальная рэгуляцыя).

Літ.:

Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;

Николаев А.Я. Биологическая химия. М., 1989;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

В.​К.​Кухта.

т. 3, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён ва ўсх. ч. Беларускай грады на ПдУ Віцебскай і ПнУ Мінскай абласцей. Уваходзіць у Беларуска-Валдайскую правінцыю. Мяжуе з Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай на Пн, Верхнебярэзінскай ніз. на ПнЗ, Мінскім узв. на З, Цэнтральнабярэзінскай, Аршанска-Магілёўскай і Горацка-Мсціслаўскай раўнінамі на Пд і ПдУ. Выцягнута з З на У на 110 км, з Пн на Пд на 10—60 км. Абс. вышыні ад 150 м над узр. м. (урэз вады ў р. Дняпро) да 265 м (каля в. Янова Сенненскага р-на), пераважаюць 200—250 м. Над суседнімі раўнінамі і нізінамі ўзнімаецца на 100—127 м. Пл. каля 2,5 тыс. км². Аршанскае ўзвышша — краявое акумулятыўнае ўзвышша лёдападзельнага тыпу сожскага ледавіка, да якога на Пн прымыкаюць невял. краявыя грады паазерскага зледзянення

У геаструктурных адносінах прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У будове ўзвышша пераважаюць ледавіковыя адклады трох-чатырох зледзяненняў, міжледавіковыя адклады менш развіты. Магутнасць тоўшчы антрапагенавай сістэмы 60—80 м, на лакальных падняццях ложа яна памяншаецца да 18 м, у ледавіковых лагчынах павялічваецца да 200 м. Карысныя выкапні: дэвонскія даламіты і даламітызаваныя вапнякі, антрапагенавыя цагляна-чарапічныя і керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Вялікія запасы прэсных і мінер. водаў у Аршанскім гідрагеалагічным басейне, які ахоплівае ўсе гарызонты асадкавага чахла і частку крышт. фундамента.

У рэльефе Аршанскага ўзвышша вылучаюцца 2 няроўныя часткі. Меншая, паўн.-ўсх., характарызуецца градава-ўзгорыстым канцова-марэнным і камавым рэльефам Аршанскага стадыяла паазерскага зледзянення. Утварае выгнутую на Пд дугу, вышыня асобных узгоркаў 10—12 м, паміж імі шматлікія лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў, тэрмакарставыя западзіны. Рэльеф асн. часткі Аршанскага ўзвышша (лёдападзельнага масіву Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення) узгорыста-ўвалісты і спадзіста-хвалісты, перапрацаваны дэнудацыяй, з перарывістым покрывам лёсападобных парод магутнасцю 0,5—7 м. Месцамі да схілаў прымыкаюць флювіякамы, камавыя масівы і озы. На водападзелах суфазійныя западзіны (да 2 м), у прырэчных частках, асабліва на правабярэжжы Дняпра, глыбокія лагчыны і разгалінаваныя яры да 15—20 м глыбіні. У Мацвеевым Рове (каля г.п. Копысь) агаленне адкладаў александрыйскага міжледавікоўя. Адметная рыса Аршанскага ўзвышша — скразныя даліны, найб. выразная паміж вярхоўямі рэк Друць і Усвейка. Т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 630 мм за год. Па Аршанскім узвышшы праходзіць частка водападзелу паміж бас. Балтыйскага і Чорнага мораў, тут пачынаюцца рэкі Усвейка і Абалянка (бас. Зах. Дзвіны), Бобр, Друць і Адроў (бас. Дняпра). Ёсць невял. зарослыя азёры ў западзінах. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя, радзей супясчаныя на лёсападобных пародах, у паніжэннях — тарфяна-балотныя нізінныя, у далінах — поймавыя дзярнова-балотныя. Лясы мяшана-шыракалістыя, захаваліся на ўзгорыстых і забалочаных участках (каля 20% тэрыторыі). Пераважаюць ельнікі, субары, драбналістыя лясы. Лугі б.ч. сухадольныя. Месцамі нізінныя балоты. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі.

М.​Я.​Камароўскі.

Аршанскае ўзвышша ў Талачынскім раёне.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСТВА,

сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой гал. ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гіст. формах і тыпах. Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства. У гісторыі філас., сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Мысліцелі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс бачылі ў грамадстве сродак сац. кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г.​Гроцый, Д.​Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г.​Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла матэрыяліст. тэорыя грамадства (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін, Г.​В.​Пляханаў). Яна аспрэчвае гал. пастулат ранейшых поглядаў на тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыяліст. разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутр. структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах. У апошняй трэці 20 ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навук.-тэхн. прагрэс і выкліканыя ім сац.-эканам. вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асн. крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусв. сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сац.-эканам. версіямі індустр. грамадства з’яўляюцца дабрабыту тэорыя і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустр. грамадства з’яўляюцца тэорыі постіндустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.

Літ.:

Волков А.И. Человеческое измерение прогресса. М., 1990;

Новая технократическая волна на Западе. М., 1986.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТА (італьян. ghetto),

частка тэрыторыі горада, адведзеная для прымусовага пасялення пэўнай расавай, нац., прафесійнай ці рэліг. групы насельніцтва, найчасцей яўрэяў. У сярэднія вякі гета існавалі ў многіх гарадах Зах. Еўропы і мусульм. Усходу з прычыны нац.-рэліг. адасобленасці яўр. насельніцтва. У 1-й пал. 19 ст. ў еўрап. краінах гета зніклі і захаваліся толькі на мусульм. Усходзе. У гарадах ВКЛ, Рэчы Паспалітай і царскай Расіі гета не было.

У 2-ю сусв. вайну гета ў адносінах да яўрэяў адроджаны ва Усх. Еўропе ням.-фаш. захопнікамі ў якасці лагераў смерці, канцлагераў для ізаляцыі, а потым і масавага знішчэння яўр. насельніцтва. На тэр. Беларусі акупанты стваралі гета ў гарадах, мястэчках і вял. вёсках. Сюды часта звозілі і яўрэяў з Германіі, Польшчы, Аўстрыі і інш. краін Еўропы. Тэр. гета звычайна абносілі калючым дротам, ахоўвалі войскамі або паліцыяй; самавольны выхад за межы гета караўся смерцю. Вязні гета павінны былі насіць на вопратцы апазнавальныя знакі: паўкруглыя жоўтыя нашыўкі для ўсіх, чырвоныя — для тых, каго выкарыстоўвалі на работах, зялёныя — для ўтрыманцаў. У некат. гета знакамі служылі жоўтыя шасціканцовыя зоркі (магендовіды) на грудзях і спіне. Умовы жыцця ў гета былі невыносныя. Кіравалі імі ням. каменданты, пры якіх ствараліся марыянетачныя органы «самакіравання» — саветы старэйшын, а ў буйных гета — яўр. саветы (юдэнраты) і яўр. паліцыя. Па няпоўных звестках, на тэр. 165 нас. пунктаў Беларусі (у сучасных межах) размяшчалася 176 гета: у некат. гарадах іх было па некалькі (напр., у Гомелі — 4, па 2 у Бабруйску, Брэсце, Глыбокім, Гродне, Жлобіне, Мінску, Навагрудку). У 2 мінскіх гета ўтрымлівалася каля 100 тыс. чал. За гады акупацыі на тэр. Беларусі загінула каля 865 тыс. яўрэяў, у т. л. 55 тыс. з замежных краін. У цяжкіх умовах гета дзейнічала антыфаш. падполле, асабліва актыўна ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Бярозе, Нясвіжы, Слоніме. Напярэдадні падрыхтоўкі фашыстамі масавых расстрэлаў або вывазу ў лагеры смерці адбыліся паўстанні ў Глыбокім, Докшыцах, Клецку, Лахве (Лунінецкі р-н), Міры (Карэліцкі р-н), Нясвіжы і інш. У партыз. руху і падполлі Беларусі ўдзельнічала каля 15 тыс. яўрэяў, гал. чынам б. вязняў гета. У шэрагу нас. пунктаў Беларусі на месцах б. гета пастаўлены абеліскі, памятныя знакі. У 1992 зарэгістравана Бел. асацыяцыя яўрэяў — б. вязняў гета і нацысцкіх канцлагераў.

Кр.: Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—44): Сб. материалов и док. Мн., 1997.

Літ.:

Гай Д. Десятый круг. М., 1991;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;

Месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Давед. Мн., 1996.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),

трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст. царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл. Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал. ісп. інквізітар Т.​Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл. Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.​Бруна, Дж.​Ваніні, Г.​Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.

У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).

Літ.:

Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1911—12;

Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1936;

Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;

Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;

Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;

Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.

Н.​К.​Мазоўка.

Катаванні, узаконеныя інквізіцыяй. Гравюра 1508.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)