РЭ́РЫХ (сапр. Рорых) Мікалай Канстанцінавіч

(9.10.1874, С.-Пецярбург — 13.12.1947),

расійскі жывапісец, мысліцель, пісьменнік, археолаг, вандроўнік, грамадскі дзеяч. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Правадз. чл. шматлікіх замежных акадэмій. Скончыў Пецярбургскую АМ (1897), юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1898), вучыўся ў А.​Куінджы, у студыі Ф.​Кармона ў Парыжы (1900—01). Зазнаў уплывы мадэрна, сімвалізму, візант. і стараж.-рус. мастацтва. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910—19 старшыня). Сакратар імператарскага Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1901) і дырэктар Рысавальнай школы пры ім (1906—18). Ініцыятар і арганізатар першага ў гісторыі міжнар. дагавору ў абарону культ. помнікаў (Сцяг Міру і Пакт Рэрыха, 1935). З 1918 жыў і працаваў у Фінляндыі, з 1919 у Лондане, з 1920 у Нью-Йорку, з 1924 у Індыі. З А.Рэрых сцвярджаў Вучэнне Жывой Этыкі. У творчасці імкнуўся да раскрыцця новага разумення культуры, якую ён разглядаў як служэнне Адзінаму Святлу. У 1924—28 і 1934—35 ажыццявіў Цэнтральнаазіяцкую экспедыцыю і экспедыцыю ў Кітай і Манголію. На аснове сабраных матэрыялаў заснаваў (з жонкай) Ін-т гімалайскіх даследаванняў («Урусваці», 1928—42). З канца 1890-х г. пад уплывам заняткаў археалогіяй і цікавасці да слав. і скандынаўскай гісторыі пісаў гіст. сюжэтна-дакладныя кампазіцыі: «Ганец» (1897), «Заморскія госці» (1901), «Горад будуюць» (1902), «Дазор» (1905), «Бой» (1906); цыкл «Архітэктурная серыя» (1903—04) і інш. З 1910-х г. у яго творчасці пераважалі пейзажныя матывы, творы вызначаліся напружанай эмацыянальнасцю вобразаў, лапідарнасцю выяўл. сродкаў, плоскаснай арнаментальнасцю і дэкар. стылізацыяй кампазіцыі, дакладнасцю і контурнасцю малюнка, павышанай увагай да перадачы светлавых эфектаў, кантрастнасцю лакальных колеравых плям. Пазней імкнуўся да пераасэнсавання гіст. падзей у іх сімвалічнай сугучнасці з сучаснасцю, выяўлення іх як ланцуга сусв. катаклізмаў, эпізодаў адзінай касм. эвалюцыі: серыі «Прарочая» (1912—14), «Санкта» (1922); творы «Тры радасці» (1916), «Чырвоныя коні» (1925) і інш. З 2-й пал. 1920-х г. ствараў пераважна серыі пейзажаў Гімалаяў, Тыбета, Манголіі, сімвалічныя кампазіцыі. Творы адметныя эпічнасцю, велічнасцю і рамант. прыўзнятасцю вобразаў, абвостранай яснасцю форм. Каларыт карцін вылучаецца чысцінёй, празрыстасцю і багаццем колеравых суадносін у спалучэнні з сілай і глыбінёй тонаў. Лічыў, што менавіта гарманічнае супастаўленне колеру і тону ў спалучэнні з прыгажосцю і веліччу думкі найб. уздзейнічае на гледача: серыі «Гімалайская», «Настаўнікі Усходу», «Святыя горы», «Ашрамы», «Сікім», «Майтрэя»; кампазіцыі «Гуга Чохан» (1931), «Мадонна Арыфлама» (1932), «Знакі Гэсера» (1940), «Гімалаі. Нанда-Дэві» (1941), «Тыбет. Манастыр» (1942), «Памятай» (1945) і інш. Аформіў спектакль «Пер Гюнт» (1912) Г.​Ібсена ў Маскоўскім маст. т-ры, балет «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1913), оперу «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1914) для «Рускіх сезонаў» С.​Дзягілева. Працаваў таксама ў манум.-дэкар. мастацтве: эскізы царк. размалёвак (у т. л. царквы Св. Духа ў Талашкіне пад Смаленскам 1914) і мазаік, жывапісных пано і маёлікавых фрызаў у прыватных асабняках.

Тв.:

Врата в будущее. Рига, 1991;

Нерушимое. Рига, 1991;

Твердыня Пламенная. Рига, 1991;

Держава Света. Священный дозор Рига. 1992;

Цветы Мории. Пути Благословения Сердце Азии. Рига, 1992;

Знамя Мира. М., 1995;

Листы дневника. Т. 1—3. М. 1995—96;

Цветы Мории. Мн., 1997;

Письма в Америку, 1923—1947. М., 1998;

Алтай — Гималаи. М., 1999;

Шамбала. Мн. и др., 2000.

Літ.:

Беликов П., Князева В. Рерих. М., 1972;

Н.​К.​Рерих: Жизнь и творчество: Сб. ст. М., 1978;

Держава Рериха. М., 1994;

Шапошникова Л.В. Великое путешествие: В 3 кн. Кн. 1. М., 1998;

Н.​К.​Рерих: Биобиблиогр. указ. М., 1999.

М.Рэрых. Мадонна Арыфлама. 1932.

т. 14, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ПСКІЯ, Гутэн-Чапскія,

шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ і Рас. імперыі. Лічылі сябе выхадцамі з Прусіі. Першы дакументальна вядомы прадстаўнік роду — Марцін, якому вял. князь Жыгімонт I Стары ў 1526 пацвердзіў права на валоданне маёнткам Чаплі (адсюль прозвішча). Карысталіся графскім тытулам. Мелі маёнткі ў Германіі, Аўстрыі, Польшчы, на Украіне. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. Ч. належалі Станькава, Прылукі, Негарэлае і інш. ў Мінскім пав., Нарушчавічы, Сваятычы ў Навагрудскім пав., Ганцавічы, Нача-Ляхоўская ў Слуцкім пав. Найб. вядомыя: Францішак Станіслаў Костка (1725—9.4.1802),

сын Ігнацыя, кашталяна гданьскага. Хэлмінскі падкаморы з 1752, кашталян з 1762, ваявода ў 1766—72. У выніку шлюбу з Веранікай, дачкой М.К.Радзівіла Рыбанькі (1772), атрымаў у пасаг Станькава і Вязань з навакольнымі вёскамі. Кароль (Кароль Юзаф Патрыцы Ігнацы Клеменс Геранім; 1778—1836), сын Францішка Станіслава Косткі. Шамбялян (камергер) караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ганаровы куратар (папячыцель) школ Слуцкага пав. (1811). У час вайны 1812 пасля адступлення рас. войск увайшоў у склад створанай у Мінску камісіі часовага кіравання, потым дырэктар скарбовага аддзела адміністрацыі Мінскага дэпартамента. Пасля разгрому войск Напалеона 1 эмігрыраваў, даставіў у Кракаў касу Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Пасля амністыі вярнуўся на Беларусь. У 1808 і 1816 быў выбраны маршалкам шляхты Мінскага пав. Чл. масонскай ложы «Дасканалае адзінства» ў Вільні. Чл. Адукацыйнай камісіі ў Вільні (1820). Валодаў Станькавам у Мінскім пав., Жупранамі ў Ашмянскім пав. Станіслаў (1779—1844), сын Францішка Станіслава Косткі. У вайну 1812 змагаўся на баку Напалеона I як камандзір 22-га пях. палка Літоўскіх войск 1812 (разбіты пад Новым Свержанем і ў Койданаве). Удзельнічаў у Бярэзінскай аперацыі 1812, кампаніі 1813. Эмігрыраваў у Парыж. Эдвард (10.6.1819, фальварак Заполле Слуцкага пав. — 27.1.1888), сын Станіслава. З 1842 на службе ў Дзярж. сакратарыяце Каралеўства Польскага, потым у Пецярбургу і Варшаве. У час паўстання 1863—64 выконваў загады паўстанцкіх улад. У чэрв. 1863 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай у Сібір. Аўтар мемуараў. Адам (1819—?), сын Караля. Камер-юнкер рас. імператарскага двара, калежскі саветнік. Валодаў маёнткамі Навасёлкі, Жупраны, Маляты ў Віленскай губ., Наруцавічы, Нача ў Мінскай губ. 24.6.1874 яму і братам Каралю Ігнацыю і Эмерыку нададзены графскі тытул. Эмерык Карлавіч (17.11.1828—23.7.1896), гл. Чапскі Э.К.Карл Эмерыкавіч (Кароль Ян Аляксандр; 27.8.1860; в. Станькава — 30.1.1904), сын Эмерыка Карлавіча. У 1890—1901 гар. галава ў Мінску. Яго намаганнямі ў горадзе адкрыты трамвай-конка (1892), электрастанцыя (1895), тэлефонная станцыя агульнага карыстання (1896), ламбард, начныя прытулкі, шпіталі, амбулаторыі; праводзіліся добраўпарадкаванне, электрычнае асвятленне і інш. Садзейнічаў адкрыццю ў Мінску Т-ва аматараў спорту (1892, яго старшыня), Т-ва аховы жанчын (1901), гар. крэдытнага т-ва (1901), чл. Мінскага т-ва сельскай гаспадаркі. Меў маёнткі ў Мінскім і Ігуменскім пав., піваварны з-д у Мінску. Марыя (6.2.1894, в. Станькава — 10.6.1981), дачка Юрыя Эмерыкавіча. Гісторык, літаратар. Д-р філасофіі (1928). Вучылася ў Варшаўскім і Кракаўскім ун-тах. Пасля 2-й сусв. вайны ў Парыжы. Вывучала гісторыю Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, літаратуру перыяду рамантызму. Аўтар кн. «Людвіка Снядэцкая» (1938, 2-е выд. 1958). У кн. «Еўропа ў сям’і» (1970, 2-е выд. 1989) дала шмат звестак з жыцця Эмерыка Ч., дэталёва апісала маёнтак Станькава. Эмерык (25.8.1897, в. Станькава — 31.1.1979), сын Карла Эмерыкавіча. Гісторык. У Зах. Беларусі старшыня Саюза землеўласнікаў. У 1930 і 1935 быў выбраны паслом у сейм. З 1939 у эміграцыі, працаваў у польскіх дзярж. установах. Даследаваў сувязі Рэчы Паспалітай з Італіяй. Сабраў багатую калекцыю старых карт Польшчы і ВКЛ, ініцыятар выдання «Каталога старых карт Польскай Рэчы Паспалітай у калекцыі Эмерыка Гутэн-Чапскага і іншых зборах» (1978).

Літ.:

Валаханович А.И., Кулагин А.Н. Дзержинщина: Прошлое и настоящее. Мн., 1986.

А.​І.​Валахановіч.

Да арт. Чапскія: К.​Э.​Чапскі.

т. 17, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЯЛОГІЯ

Станаўленне кардыялогіі як навукі на Беларусі абумоўлена пашыранасцю хвароб сістэмы кровазвароту. Навук. даследаванні ў галіне кардыялогіі сталі асновай для стварэння Бел. навук. кардыялагічнага таварыства ў Віцебску (1964), ля вытокаў якога стаялі А.​Дз.​Адэнскі, Г.​Х.​Даўгяла, І.​Дз.​Мішэнін, Г.​І.​Сідарэнка (старшыня), Б.​І.​Трусевіч. З 1970 адкрываліся спецыялізаваныя кардыялагічныя і кардыярэўматалагічныя аддзяленні і кабінеты, стваралася паэтапная сістэма лячэння хворых на інфаркт міякарда. У 1977 адкрыты Бел. НДІ кардыялогіі (яго першы дырэктар — Сідарэнка, з 1993 — М.​А.​Манак). У 1978 у Ін-це створана лабараторыя сардэчна-сасудзістай хірургіі, пазней — адпаведны аддзел (заг. Ю.​П.​Астроўскі, У.​П.​Крылоў, А.​М.​Саўчанка, А.​У.​Шот). У Ін-це распрацаваны метады ранняга выяўлення ішэмічнай хваробы сэрца (ІХС), аб’ектыўныя метады дыферэнцыяльнага выбару лячэння ІХС (Манак); схемы індывідуалізаванага лячэння інфаркту міякарда ў неадкладных сітуацыях і метады абмежавання пашкоджання мышцы сэрца (Л.​З.​Паланецкі); серыя прылад — электракардыёграфаў, кардыярэгістратараў і мікрааналізатараў ЭКГ (кіраўнік Сідарэнка) і інш. У пач. 1980-х г. адкрыты гар. і абласныя кардыялагічныя дыспансеры ў Віцебску, Гродне, Мінску, Магілёве, Брэсце, Гомелі. У 1991 Мінскі абл. кардыялагічны дыспансер пераўтвораны ў кардыялагічнае дыспансернае паліклінічнае аддзяленне Мінскай абл. бальніцы. Праводзілася актыўная работа па стварэнні і развіцці паэтапнай сістэмы рэабілітацыі хворых, што перанеслі востры інфаркт міякарда. Аддзяленні рэабілітацыі адпаведнага кірунку функцыянуюць у санаторыях «Крыніца», «Лётцы», «Буг», «Сонечны», «Рось»; у 2002 у санаторыі «Аксакаўшчына» адкрыта аддзяленне рэабілітацыі хворых, што перанеслі аперацыі на сэрцы і сасудах. Працуе дзіцячы кардыяхірургічны цэнтр на базе 1-й клінічнай бальніцы Мінска, аддзяленне кардыяхірургіі ў Гомельскім абл. кардыялагічным дыспансеры. За распрацоўку і ўкараненне ў практыку шэрагу кардыялагічных прыбораў і праграмна-тэхнічных комплексаў супрацоўнікі Бел. НДІ кардыялогіі А.​П.​Вараб’ёў, В.​В.​Мірончык, Я.​Г.​Нікіцін, Паланецкі, Сідарэнка, А.​У.​Фралоў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1996. За стварэнне штучнага клапана сэрца «Планікс» Дзярж. прэмія Беларусі ў 1996 прысуджана Астроўскаму. У 2001 на базе Бел. НДІ кардыялогіі і 4-й клінічнай бальніцы Мінска створаны Рэсп. навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія» (РНПЦК), які займаецца навук., клінічнай, педагагічнай і арганізацыйна-метадычнай дзейнасцю. Асноўныя кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка метадаў дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на ІХС і артэрыяльную гіпертанію; распрацоўка і ўдасканаленне новых тэхналогій хірургічнага лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў як ва ўмовах штучнага кровазвароту, так і на працуючым сэрцы; удасканаленне арганізацыі і кіравання кардыялагічнай службай Беларусі, распрацоўка аўтаматызаваных праграмна-тэхнічных сродкаў і прыбораў для выяўлення ІХС, артэрыяльнай гіпертаніі і інш. Даследаванні па кардыялогіі вядуцца таксама ў мед. ун-тах Мінска, Віцебска, Гродна, Гомеля, у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе ў 1978 адкрыта кафедра кардыялогіі (У.​В.​Гарбачоў, А.​Г.​Мрочак). Вядучыя спецыялісты ў галіне кардыялогіі: В.​М.​Альхімовіч, Астроўскі, Я.​В.​Бардзін, М.​Ф.​Волкаў, Гарбачоў, Даўгяла, Э.​І.​Збароўскі, У.​І.​Казлоўскі, Крылоў, У.​А.​Лаліні, М.​А.​Ліс, Манак, Мрочак, Паланецкі, Сідарэнка, В.​А.​Янушка.

Літ.:

Сидоренко Г.И. Инструментальные методы исследования в кардиологии. Мн., 1994;

Практическая кардиология. Т. 1—2. Мн., 1997;

Горбачев В.В. Недостаточность кровообращения. Мн., 1999;

Горбачев В.В., Мрочек А.Г. Профилактика преждевременной и внезапной смерти. Мн., 2000;

Ишемическая болезнь сердца. Мн., 1997;

Козловский В.И. Гипертонические кризы. Витебск, 2001;

Сидоренко Г.И. Творчество и медицина. Мн., 2002;

Атрощенко Е.С., Козловский В.И. Хроническая сердечная недостаточность. Мн., 2002;

Руководство по кардиологии. Мн., 2003;

Козлов И.Д., Гракович А.А., Апанасевич В.В. Контроль артериальной гипертензии среди населения: Рук. для врачей. Мн., 2003.

М.​А.​Манак.

Аддзяленне кардыяхірургічнай рэанімацыі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія». 2004.

т. 18, кн. 2, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Шамякін. Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах. Лынькоў. Увосень і верабей багаты. Прыказка. / у знач. наз. бага́ты, ‑ага, м. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі. Якімовіч. Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее. Прыказка.

2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане. Астрэйка. Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года. Ермаловіч. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні. Машара. // на што, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады. Мурашка. // Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам. Шашкоў. // Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля. // Густы, спорны. Багаты дождж. □ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе. Дуброўскі. // Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма. Шахавец. // Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла. Мележ. // Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм. // Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля. // Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну. Пестрак.

4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова. // Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія. // З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга. // З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы. // Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.

•••

Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.

Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.

Чым хата багата гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́даць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; заг. выдай; зак., каго-што.

1. Даць што‑н. з запасаў, адпусціць са сховішча для пастаяннага ці часовага карыстання. Выдаць грашовы аванс. Выдаць кніжку з бібліятэкі. □ — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартаўліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // Забяспечыць чым‑н., уручыць што‑н. Выдаць даведку, мандат. □ Сёлета мне бясплатную пуцёўку выдалі. У Сочы. Грамовіч. // Аддаць, вярнуць назад. Выдаць асабістыя рэчы іх уладальнікам. // Заплаціць за работу. На працадні, што намецілі, — выдалі. Пташнікаў.

2. Здабыць, зрабіць, вырабіць. Не ладзілася справа з вынаходствам — Андрэй адводзіў душу работай: размахнецца, што называецца, на ўсё плячо, выдасць норму ды і да другой наблізіцца, і не сорамна глядзець людзям у вочы. Шахавец.

3. за каго і са словам «замуж». Аддаць замуж. Пасватаўся Алесь, і бацькі выдалі дзяўчыну. С. Александровіч. З Ганнай Лявонаўнай душа ў душу пражылі мы дваццаць год. Выгадавалі дачку, выдалі замуж. Корбан.

4. Выпусціць з друку, надрукаваць. Выдаць поўны збор твораў пісьменніка. Выдаць кніжку масавым тыражом. □ Магчыма, што паэт думаў выдаць гэтыя вершы асобным зборнікам, у які хацеў уключыць перакладзеныя ім творы рускіх паэтаў. «Весці».

5. Прыняць, абвясціць. Выдаць закон. □ Дырэктар выдаў спецыяльны загад. Карпаў.

6. Раскрыць, зрабіць вядомым што‑н. сакрэтнае, тайнае; удаць. Выдаць змову. □ Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Аднак, і пасля васьмі гадзін катавання Тадора.. не выдала нікога. Брыль. Як ні трымалася Іна, а вочы яе выдалі. Ваданосаў.

7. Назваць каго‑, што‑н. не тым, кім, чым яны з’яўляюцца. Выдаць сябра за брата. Выдаць чутае за бачанае. □ [Наташа] мела намер выдаць сябе за бежанку. Шамякін. Асцерагайцеся гэтых, — Гусар паказаў пальцам на суседні пакой. — Я вас выдам за сваю даўнюю знаёмую. Краўчанка.

•••

Выдаць на рукі — а) аддаць што‑н. непасрэдна каму‑н.; б) даць наяўнымі пасля вылічэння падаткаў.

Выдаць сябе — выкрыць, выявіць уласныя тайныя пачуцці, намеры і пад.

Выдаць (сябе) з галавой — выкрыць сваю або чыю‑н. віну, памылку, тое, што старанна хаваецца.

Не выдай(це)! — выручы(це)!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салі́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, добра зроблены. Салідная пабудова. □ Слухаючы гаворку пра зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо трускалак, Кірыла з’едліва ўсміхаўся. Паслядовіч.

2. Які вылучаецца грунтоўнасцю, глыбінёй, сур’ёзнасцю. Салідная адукацыя. Салідны вопыт работы. □ Работа выглядала саліднай, усё гучала ў ёй пераканаўча і па-навуковаму. Арабей. Адным словам, я [Генадзь Залужны] зрабіўся сапраўдным патрыётам Поўначы і меў намер зноў вярнуцца туды, але затым, каб паступіць у інстытут, набрацца ведаў, атрымаць салідную спецыяльнасць і толькі тады, ну, можа, на апошніх курсах інстытута, ажаніцца. Радкевіч.

3. Які заслугоўвае давер, з добрай рэпутацыяй, аўтарытэтам. Салідная ўстанова. □ Нізкі, тоўсты, з адрастаючым жывоцікам,.. [Сабалеўскі] хутчэй нагадваў прыказчыка ці коміваяжора саліднай гандлёвай фірмы, чым пасла беднага беларускага сялянства ў польскім Сейме. Машара. // Які карыстаецца аўтарытэтам, павагай; вядомы (пра чалавека). Салідны архітэктар. □ [Чарнавус:] А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам. Крапіва.

4. Важны, паважны, самастойны (пра чалавека). Тут сядзіць і пан Длугожыц. .. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго рода. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Колас. // Уласцівы такому чалавеку, характэрны для яго. Салідны тон. // Які надае важнасць, мае значны памер (пра рэчы). Аранжавы непаседа паварочваецца да нас і, здаецца, вось-вось замурлыча і паварушыць даволі-такі саліднымі вусамі. Брыль. [Іне] падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб. Ваданосаў.

5. Мажны, вялікі (пра фігуру чалавека). Завуч наш быў чалавек саліднай камплекцыі, і на ўсіх худых і тонкіх меў свой від. Ермаловіч. — А вы хто такі, уласна, будзеце? — пытаўся дырэктар, акідваючы позіркам салідную, міжвольна выклікаючую павагу, постаць Яўмена Фаміча. Краўчанка.

6. Не вельмі малады, сталы. Салідны ўзрост. □ З вамі на прадвесні Я, салідны дзядзя, Пеў бы, здэцца, песні, У піянератрадзе. Крапіва.

7. Значны па велічыні, памеру, сіле і пад. Салідны капітал. □ Праз тыдзень я [Мікола Бароніч] пад’ехаў да рэдакцыі амаль на новай машыне, а рэдактару аддаў рахунак на салідную суму. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; заг. сунься; зак. і незак.

Разм.

1. зак. Кінуцца, палезці куды‑н. Сляпы куды ні сунецца, усё на агонь натыкаецца. Якімовіч. Сунуліся мы з Санькам у адно месца — багна; паткнуліся ў другое — грузне пад нагамі куп’ё. Сяркоў. Не зведаўшы броду, не сунься ў воду. Прыказка. // Паспрабаваць зрабіць што‑н. (цяжкае, рызыкоўнае, небяспечнае і пад.). [Цімошка:] — А калі Мурашка на рэўком паляціць? Што тады? — Ага, паляціць, — хмыкнуў Сцёпка. Няхай сунецца. Хомчанка. Спрабавалі карнікі сунуцца ў лес, але партызаны так іх паперлі назад, што больш і носа баяліся паказаць туды. Кірэйчык. — Ды я на парог яго [Ігара] не пушчу, дачушка!.. Ды я яго памыямі аб[лію], калі сюды сунецца! — горача паклялася маці. Сіняўскі.

2. зак. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай. Браток .. пайшоў да старога пана. Як адважыўся сунуцца да яго Браток, застанецца назаўсёды загадкай. Асіпенка.

3. зак. Раптоўна ўпасці, паваліцца. Косця сунуўся носам на брук. Новікаў.

4. незак. Ісці, ехаць вельмі павольна. Віктар ідзе наперадзе, і я моўчкі сунуся следам, і дошкі сходкаў зыбаюцца пад нашымі нагамі. Савіцкі. Сунецца лодка па роўнай паверхні ракі, і зусім не відаць таго, хто вяслуе. Ваданосаў. // Плысці, пасоўвацца (пра хмары, туман і пад.). З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Пушчай сунуўся змрок, хмарай высь завалок. Куляшоў. Ветру няма, а хмара сунецца, цёмная, страшная. Жычка. / у перан. ужыв. Так і думкі ў галаве ідуць, сунуцца неахвотна, спакваля. Шынклер.

5. незак. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. Напружваючы апошнія сілы, дырэктар зірнуў угору. Край даху паволі сунуўся ўніз. Нядзведскі. Завішнюк ціха адчыніў вароты — яны зарыпелі, аселі і сунуліся, хоць і новыя, па зямлі. Пташнікаў. Ножка [дзіцяці] была цэлая, толькі, відаць, трохі зачапіла яе колам, калі машына сунулася ў адхон. Кулакоўскі. // Адсоўвацца. Людзі пачціва сунуліся ў бакі, уступаючы .. [Баталевічу] дарогу. Васілёнак.

6. незак. Умешвацца без спросу ў што‑н., куды‑н.; імкнуцца прыняць удзел у чым‑н. Маша ўзлавалася: чаму .. [жанчыны] па-бабску сунуцца ў чужыя справы. Шамякін. [Жорка:] — А ты [Васіль] без паняцця сунешся ў такую скрыпічную тонкасць. Беразняк.

•••

Сунуцца з (сваім) носам — умяшацца (умешвацца) звычайна не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛАСТО́ЎСКІ Вацлаў Юсцінавіч (8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар. Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад. АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ. «Наша ніва», рэдагаваў час. «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ. «Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл. Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл. Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.​Грыбам, К.​Дуж-Душэўскім, А.​Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.​Бадунова, Я.​Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас. 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел. дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз. чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел. АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.​Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНК БССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел. АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.​Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр. навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.​Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.​Палуяна, П.​Багрыма, Ц.​Бычкоўскага, К.​Каліноўскага, В.​Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.​Багдановіча, Я.​Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.​Талстой), англ. (Р.​Кіплінг, Б.​Мэон), польск. (Э.​Ажэшка, А.​Валодзьскі, К.​Тэтмаер), дацкай (Х.​К.​Андэрсен) і інш. моў.

Літ.:

Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.

Я.​Я.​Янушкевіч.

В.Ю.Ластоўскі.
Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІКА

Станаўленне батанікі на Беларусі адбывалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя даследаванні мелі пераважна апісальны характар. У складзе экспедыцыі, арганізаванай Пецярбургскай АН у 1773 (кіраўнік І.​І.​Ляпёхін), працаваў М.​Азерацкоўскі, які сабраў у наваколлі Віцебска гербарый больш за 400 відаў раслін. У 1775 І.​Э.​Жылібер заклаў у г. Гродна батанічны сад, значную частку якога складалі віды мясц. флоры. Ля вытокаў батанікі як навукі стаялі бел. вучоныя В.​Г.​Бесэр, Ж.​Э.​Жылібер, К.​Ф.​Ледэбур, В.​М.​Севяргін, С.​Б.​Юндзіл. У сярэдзіне 19 ст. апублікаваны працы А.​А.​Антонава, Н.​В.​Доўнара, Э.​Ліндэмана, Р.​Пабо, В.​В.​Пашкевіча, К.​Чалоўскага, у якіх прыведзены спісы раслін Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. Флору і расліннасць Палесся вывучалі У.​С.​Дактуроўскі, Г.​К.​Крэер, Г.​І.​Танфільеў. У 1897—1901 Ю.​К.​Пачоскі апублікаваў манаграфію «Флора Палесся і прылеглых мясцовасцей».

У 1836 у г. Горкі Магілёўскай губ. засн. першая на Беларусі земляробчая школа, на базе якой у 1848 утвораны земляробчае вучылішча і Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Супрацоўнікі гэтых устаноў зрабілі значны ўклад у развіццё с.-г. раслінаводства. Р.​Э.​Траўтфетэр (дырэктар ін-та ў 1860—63) сабраў гербарый мясц. раслін, М.​В.​Рытаў вёў даследаванні па генетыцы і селекцыі, М.​М.​Гайдукоў займаўся фізіялогіяй раслін. У 1910 у Мінску створана балотная станцыя (у 1931 пераўтворана ва Усесаюзны балотны ін-т). У 1920-я г. арганізаваны шэраг доследных станцый, у педагагічных ін-тах створаны кафедры батанікі. Кафедра батанікі дзейнічала і ў Ін-це беларускай культуры (у 1929 рэарганізаваны ў Акадэмію навук Беларусі). У 1931 на базе кафедраў батанікі, заалогіі, фізіялогіі і эксперыментальнай біялогіі створаны Ін-т біялагічных навук АН Беларусі. У 1932 у Мінску засн. Батанічны сад. У 1947 у АН Беларусі адноўлены Ін-т біялогіі. Навук. кірункі, што распрацоўваліся ў ім, сталі базай для ўтварэння самастойных навук. устаноў, для якіх расліны і раслінны свет з’яўляюцца адзінай прыроднай асновай для навукова-доследнай дзейнасці: Цэнтр. батанічны сад, лабараторыя біяфізікі і ізатопаў (у 1973 рэарганізавана ў Ін-т фотабіялогіі), аддзел генетыкі і цыталогіі (у 1965 пераўтвораны ў ін-т). Мянялася і ўдакладнялася назва ін-та: з 1947 — Ін-т біялогіі, з 1963 — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі, з 1966 — Ін-т эксперыментальнай батанікі імя В.​Ф.​Купрэвіча (з 1972) АН Беларусі. У 1972 у склад ін-та ўключаны аддзел фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін. Гербарый ін-та (каля 300 тыс. узораў) унесены ў дзярж. рэестр навук. аб’ектаў, якія з’яўляюцца нац. здабыткам краіны. Асн. навук. кірункі: біялагічныя асновы ўзнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага свету Беларусі; фізіёлага-біяхімічныя асновы павышэння прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін; радыеэкалогія раслін. Уклад у развіццё батанікі зрабілі А.​С.​Вечар, М.​М.​Ганчарык, В.​С.​Гельтман, Ц.​М.​Годнеў, Дз.​С.​Голад, М.​А.​Дарожкін, Н.​В.​Казлоўская, Г.​А.​Кім, В.​Ф.​Купрэвіч, М.​А.​Ламан, М.​Дз.​Несцяровіч, В.​І.​Парфёнаў, У.​М.​Рашэтнікаў, М.​У.​Смольскі, М.​П.​Тамін, В.​М.​Цярэнцьеў, І.​Д.​Юркевіч і інш.

Даследаванні па батаніцы вядуцца таксама ў Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БСГА, БДУ, Гомельскім Тэхналагічным і Педагагічным ун-тах, Бярэзінскім біясферным запаведніку, Нац. парках «Белавежская пушча», «Прыпяцкі» і «Браслаўскія азёры». Працу навукова-даследчых устаноў батанічнага профілю каардынуе аддзяленне біялагічных навук Нац. АН Беларусі. Навук. праца вядзецца ў канкрэтнай прыроднай зоне з выкарыстаннем аб’ектаў мясц. флоры, расліннасці і с.-г. культур, што вырошчваюцца ў краіне. Вынікі даследаванняў разам з агульнатэарэтычнай значнасцю забяспечваюць рашэнне практычных задач сельскай і лясной гаспадаркі, аховы прыроды і здароўя людзей.

Літ.:

Краткая история ботаники. М., 1968;

Жуковский П.М. Ботаника. М., 1982;

Определитель высших растений Беларуси. Мн., 1999;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

Р.​Ю.​Блажэвіч, В.​І.​Парфёнаў.

т. 18, кн. 2, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)