ГІДРАЦЭФА́ЛІЯ
(ад гідра... + грэч. kephalē галава),
вадзянка галаўнога мозга, празмернае назапашванне спінна-мазгавой вадкасці (ліквору) у поласці чэрапа. Бывае прыроджаная, набытая (хваробы ці траўмы галаўнога мозга і яго абалонкі), знешняя (пры атрафіі мозга), унутр. (назапашванне ліквору ў жалудачках мозга), агульная (назапашванне ліквору ў шляхах, якія яго ўтрымліваюць), адкрытая (свабодная праходнасць лікворных шляхоў) і закрытая (закупорка на ўзроўні жалудачкавай сістэмы). Назіраюцца змешаныя ці спалучаныя формы гідрацэфаліі. Прыкметы прыроджанай гідрацэфаліі: павелічэнне акружнасці чэрапа, расшырэнне чарапных швоў і цемечка. Пры развіцці хваробы і пры закрытай гідрацэфаліі ўзнікаюць неўралгічныя (галаўны боль, ірвота, зніжэнне зроку, пашкоджанне чарапных нерваў, эпілептычныя прыпадкі, парэзы, паралічы) і псіхічныя расстройствы (затрымка ў разумовым развіцці да алігафрэніі з разумовай адсталасцю). Пры гідрацэфаліі дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых бываюць агульнамазгавыя парушэнні: галаўны боль, моташнасць, ірвота і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, хірургічнае.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОТАГЕНЕ́З
(ад грэч. glōtta мова + ...генез),
працэс станаўлення чалавечай натуральнай гукавой мовы. Праблема глотагенезу звязана з паходжаннем мовы і вывучаецца комплексна як мовазнаўствам (пераважна параўнальна-гістарычным мовазнаўствам і гіст. тыпалогіяй), так і інш. навукамі аб чалавеку. Супастаўляючы прамовы асобных макрасем’яў, параўнальна-гістарычны метад дазваляе акрэсліць формы верагоднай зыходнай мовы Homo sapiens (сучаснага чалавека); гіст. тыпалогія дапамагае выявіць найб. верагодныя шляхі фарміравання асн. моўных катэгорый.
Здольнасць падтрымліваць зносіны развівалася ў чалавека ў адпаведнасці з развіццём пэўных зон мозга: спачатку жэставыя зносіны (правае паўшар’е), потым аднаслоўныя абазначэнні прадметаў словамі (заднія зоны левага паўшар’я) і ўтварэнне звязных сказаў (скронева-лобныя зоны левага паўшар’я). Тэорыю глотагенезу на працягу 20 ст. распрацоўвалі лінгвісты А.Трамбеці, Б.Разенкранц, антраполагі В.В.Бунак, Г.У.Хьюз, А.Ліберман, палеанеўролаг В.І.Качаткова. У 1984 засн. Міжнар. т-ва па даследаванні глотагенезу з цэнтрам у Парыжы.
Літ.:
Якушин Б.В. Гипотезы о происхождении языка. М., 1984.
А.М.Рудэнка.
т. 5, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬФ
(англ. golf),
спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс. м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой гумы (вес 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.
Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).
т. 5, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
каро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Невялікая скрынка з кардону, дрэва, бляхі і пад., звычайна з вечкам. Папяросная каробка. □ [Сакратар абкома] адчыніў чырвоную каробку і сам прыкалоў залатую зорку. Васілевіч. [Дубаў] выцягнуў з каробкі ляльку і пасадзіў яе на калені таварышу. Гарбук. // Такая скрынка з якім‑н. таварам, наборам якіх‑н. прадметаў. Каробка цукерак. Каробка папярос. Каробка каляровых алоўкаў. // Пасудзіна рознай формы і рознага прызначэння, сплеценая з лазы, саломы і інш. Паны складаюць чамаданы, Лубкі-каробкі, дзе схаваны Паненак розныя прыпасы Для завівання, для падкрасы. Колас. Малеча і старыя.. снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ.
2. Каркас будынка. Злева і справа чарнелі папялішчы, пахіленыя і закурадымленыя каробкі, абгарэлыя дрэвы. Сіўцоў. Стаялі толькі мураваныя каробкі, апавітыя рыштаваннямі, невялікі драўляны дамок, здалёк падобны на кузню. Кулакоўскі.
3. Футляр для якога‑н. механізма. Каробка компаса. Каробка радыёпрыёмніка.
•••
Каробка скорасцей; каробка перадач — у розных машынах: механізм для змены скорасці і напрамку руху.
Магазінная каробка — прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, дзе змяшчаюцца патроны.
Чарапная каробка — тое, што і чэрап.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сфармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
1. Набыць якую‑н. форму, выгляд у працэсе развіцця; утварыцца. Сцябло сфарміравалася ў ствол. □ Найлепшым прыкладам можа быць так званая Руская платформа .. Пасля таго як яна сфарміравалася, ніводзін з перыядаў гораўтварэння амаль не пакінуў на ёй ніякіх слядоў. Чаркасаў. // Набыць формы, склад цела або духоўнае аблічча дарослага чалавека.
2. Набыць устойлівыя, закончаныя рысы, якасці; скласціся. Беларуская мова сфарміравалася ў перыяд XIV–XV стагоддзяў у межах Літоўскага княства з абласных дыялектаў на тэрыторыі, якую раней займалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Юргелевіч. // Скласціся як тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.
3. Арганізавацца, скласціся, стварыцца (пра калектыў, установу і пад.). У студзені 1928 г. сфарміравалася новае літаратурна-творчае аб’яднанне «Полымя». Пшыркоў. // Утварыцца шляхам камплектавання людзьмі і матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). [Камарова] часць толькі што сфарміравалася і спешна рыхтавалася на фронт. Марціновіч.
4. Саставіцца ў выніку счаплення вагонаў. Эшалон сфарміраваўся хутка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Памянш. да труба (у 1 знач.); труба невялікага сячэння. Медная трубка. Гумавая трубка. □ Механік Білі меў за звычай маўчаць і .. марудна калупаўся ля матора,.. каля жылаватых вузлоў бензінавых трубак. Лынькоў.
2. Назва розных прыбораў і прыстасаванняў, звычайна цыліндрычнай формы. Рэнтгенаўская трубка. // Назва розных органаў жывога арганізма ў выглядзе трубы невялікага сячэння. Дыхальная трубка.
3. Частка тэлефоннага апарата, якая служыць непасрэдна для слухання і гаварэння. Тэлефонны званок перапыніў яго. Васількоў, пакутліва скрывіўшы хударлявы жоўты твар, зняў трубку. Асіпенка. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.
4. Скрутак якога‑н. матэрыялу, якому нададзена цыліндрычная форма. Трубка тканіны расла з кожным днём. Бядуля. Трубка палатна зачапілася канцом за сучок вішні. Жычка.
5. Разм. Тое, што і калодка (у 4 знач.). Дарога раскісла, калёсы гразнуць па трубкі... Васілевіч. Патрэскаліся трубкі, і вось-вось, здаецца, выпадуць спіцы, распадзецца кола. Галавач.
•••
Дыстанцыйная трубка — механізм, прызначаны для ўзрыву снарада ў зададзеным пункце траекторыі.
Трымаць вуха трубкай гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Агло́бля, аглабня (КТС), аглабіна, аглабец ’верхняя частка драбін’ (Бір. дыс.), укр. оголоблі, рус. оглобля, оглобень, агульнаўсходнеславянскае да глоба ’балка’. Параўн. балг. зглоб, серб.-харв. згло̏б ’частка цела, член’, о̀глобље ’частка ткацкага стану’, чэш. ohlobně ’слуп’. Мяркуючы па апошніх дзвюх формах, усходнеславянскае слова — семантычнае новаўтварэнне або новаўтварэнне з больш шырокім арэалам (і тады словаўтваральна-семантычнае). На захадзе гэта слова ў значэнні ’аглобля’, магчыма, было выцеснена нямецкім па паходжанню дышаль. Гл. Патабня, РФВ, 5, 125; Брандт, РФВ, 22, 121; Ільінскі, РФВ, 62, 256. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. glóbti ’ахапіць’ і іншыя балтыйскія формы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Анты́хрыст ’супраціўнік Хрыста > бязбожнік > неміласэрны’; анціхрыст (Нас.), анчихрыст (Рам; Карскі 1, 363); ст.-бел. антихристъ (XVI ст. Гіст. мовы 1, 307). Ст.-рус. антихрьстъ, ст.-слав. антихрьстъ. Агульнаславянскае слова. У розных славянскіх мовах развіты пераносныя лаянкавыя адценні гэтага слова, амаль ва ўсіх народных славянскіх мовах сустракаюцца фанетычныя змены, напр., субстытуцыя ц/ч замест т, таму нельга катэгарычна сцвярджаць на аснове формы з анці‑ аб яе паходжанні праз рус. мову, а на анты‑ праз польск. Напэўна, тут пераход у народную мову з царкоўнай, у якой з ст.-грэч. Ἀντίχριστος (Шанскі, 1, А, 117).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́ўтар (БРС), ст.-бел. авторъ з 1596 (Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. auctor. (Гіст. лекс., 104, 107). Параўн. таксама Рудніцкі, 1, 7; Фасмер, 1, 60; Шанскі, 1, А, 35–36; Собік, Poln.-rus., 168, і інш.
Аўта́р ’алтар’ (Федар., Яруш.). Запазычана вусным шляхам з польск. ołtarz, параўн. перадачу ł праз ў, а таксама польскія дыялектныя формы з націскам на апошнім складзе ołtárz, oltárz, outárz. У польскай мове праз чэшскую з лац. oltāre або ст.-в.-ням. altâri, гл. Рэчак, 44; Басай і Сяткоўскі, SFPS, 11, 18 (з літаратурай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Батлажка ’біклага’ (Сцяшк. МГ). Параўн. бакла́га і бікла́га. Незразумела, адкуль тут ‑т‑ (замест ‑к‑). Ці не лепш думаць пра рум. крыніцу слова (параўн. тлумачэнне ‑і‑ ў бікла́га)? Тады батла́жка < *батла́га < *бутла́га. Параўн. рум. butlagă ’бачонак’, bâtlag, bîtloagă, bătlag ’тс’. Як вядома, пра ўплыў рум. мовы на ўкр. формы тыпу баклаг(а), боклаг думаў Шалудзька, Rum., 126. Некаторае пацвярджэнне ўплыву рум. мовы на бел. ёсць: параўн. ‑і‑ ў форме біклага (гл.) і спалучэнне ‑тл‑ (замест ‑кл‑) у слове батла́жка. Але незразумелы шлях румынскіх уплываў. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)