асноўны прыём мех. апрацоўкі глебы адвальнымі плугамі. Падтрымлівае рыхласць ворнага слоя, садзейнічае рэгуляванню паветранага, воднага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы, знішчэнню шкоднікаў культурных раслін, узбуджальнікаў хвароб і пустазелля. Пры ворыве адбываецца падразанне пласта, яго пераварочванне, крышэнне, рыхленне, перамешванне, зараўноўванне, паскарэнне мінералізацыі раслінных рэшткаў, арган. і мінер. угнаенняў, меліярантаў.
Ворыва робяць плугамі рознага тыпу суцэльным (гладкім) або загонным спосабам. Від і глыбіня ворыва залежаць ад глебава-кліматычных умоў, тыпу глебы і яе грануламетрычнага складу, магутнасці перагнойнага гарызонта, эрадзіраванасці глебы, біял. асаблівасцей с.-г. культур, апрацоўкі глебы для папярэдніка, фітасанітарнага стану і інш. Рэкамендуюцца таксама безадвальная апрацоўка глебы і глыбокае падворыўнае рыхленне — спосабы, якія садзейнічаюць прыродаахоўным і энергазберагальным тэхналогіям. Адрозніваюць віды ворыва: культурнае — плугам з перадплужнікам або камбінаванымі адваламі; адваротам пласта — абгортванне на 180°; плантажнае — на глыб. больш за 40 см; яруснае (паслойнае) — па гарызонтах (слаях) на глыб. 0—15, 15—30 см і болей з вынясеннем або без вынясення ніжніх падворыўных слаёў. Ва ўмовах Беларусі час ворыва ў сістэме зяблевай апрацоўкі — восень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́Э (Aloe),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 350 відаў. Растуць у пустынных і засушлівых раёнах Афрыкі, на Пд Аравійскага п-ва і Міжземнамор’я (1 від). Многія з іх лек., харч., меданосныя, тэхн. (валакністыя) і дэкар. расліны; вырошчваюць у пакоях, аранжарэях і цяпліцах. На Беларусі ў пакаёвай культуры найб. вядомы: алоэ дрэвападобнае (aloe arborescens), альяс, цвіце вельмі рэдка і таму наз. сталетнікам; алоэ мыльнае (aloe saponaria), алоэ паласатае (aloe striata), алоэ стракатае (aloe variegata), алоэ асцюковае (aloe aristata).
Шматгадовыя травяністыя, кустападобныя і дрэвападобныя сукуленты з простым кароткім або развітым, тоўстым разгалінаваным або тонкім ліянападобным сцяблом, часцей зусім без яго (разеткападобныя формы). Лісце мясістае, часта з васковым налётам, плямамі і палосамі, па краях з зубцамі, у густых прыкаранёвых ці канцавых (у дрэвавых формаў) разетках або двухраднае. Кветкі чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, рэдка крэмавыя і белыя, у суквеццях. Плод сухая каробачка. З лісця некаторых відаў вырабляюць сабур (слабіцельны сродак), экстракты, сокі, сіропы, тэрапеўтычныя сродкі. Прэпаратамі алоэ карыстаюцца ў тканкавай тэрапіі (біястымулятары). У нар. медыцыне свежае лісце ўжываюць пры бранхіяльнай астме, язве страўніка і кішэчніка, туберкулёзе, ранах, нарывах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Рас. Федэрацыі, на Пд Чыцінскай вобл. Утворана 26.9.1937 з Агінскага аймака (Бурат-Мангольскай АССР). Пл. 19 тыс.км². Нас. 79,6 тыс.чал. (1994), гарадскога 30%; пераважаюць бураты, рускія, у зах.ч. — эвенкі. Сярэдняя шчыльн. 3,3 чал. на 1 км², больш заселена ўсх. частка. Адм. ц. — пас.гар. тыпу Агінскае.
Размешчана на Пд Забайкалля. Паверхня пераважна гарыстая (найб.г. Алханай, 1663 м). Клімат рэзка кантынентальны. Зіма халодная, маласнежная, лета гарачае, сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Найб. рэкі — Анон, Аленгуй. Шмат прэсных і салёных азёраў. Глебы ў гарах падзолістыя, шэрыя лясныя, на раўнінах карбанатныя, каштанавыя, чарназёмныя, сустракаюцца саланчакі. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах на выш. 1000 м — лістоўнічныя лясы (у асн. даурская лістоўніца).
Горназдабыўная, лясная і лесанарыхтоўчая, лёгкая, харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля, пашавая танкарунная авечкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, авёс, ячмень) і кармавыя культуры. Асн.від транспарту — аўтамабільны. На У праходзіць чыг. Карымская—Забайкальск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл.Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́КСАЛЬ (ням. Wechsel літар. абмен),
пісьмовае даўгавое абавязацельства ўстаноўленай законам формы, якое выдаецца пазычальнікам (вэксалядаўцам) крэдытору (вэксалетрымальніку) і дае апошняму права патрабаваць ад пазычальніка выплаты да пэўнага часу сумы грошай, названай у вэксалі; відкаштоўных папер. Выпускаюцца банкамі, дзярж. казначэйствамі ці ўпаўнаважанымі дзяржавай органамі і прадпрыемствамі (фірмамі). Выконваюць функцыі крэдытных грошай, могуць выкарыстоўвацца для крэдытавання ў гандл. (таварных) здзелках (камерцыйныя вэксалі) і для грашовых разлікаў паміж банкамі (фін. вэксалі). Бываюць простыя вэксалі (даўгавое абавязацельства пазычальніка выплаціць названую ў вэксалі суму грошай крэдытору ў пэўны час) і пераводныя (трата) — пісьмовае распараджэнне крэдытора (трасанта) свайму плацельшчыку (трасату) выплаціць названую ў вэксалі суму грошай 3-й асобе (рэмітанту). Трасат становіцца даўжніком пасля таго, як акцэптуе вэксаль — пагодзіцца на аплату і паставіць на вэксалі свой подпіс. Вэксаль можа абарачацца — пераходзіць да інш. трымальніка, у гэтым выпадку перадача афармляецца перадатачным надпісам на адваротным баку вэксаля ці на дадатковым лісце (алонжы). Вэксальнаму абарачэнню спрыяе гарантаванне вэксаля шляхам авалю. Адрозніваюць працэнтныя вэксалі (абавязацельства выплачваць намінал вэксаля з працэнтамі на яго) і дысконтныя (абавязацельства выплачваць толькі намінал вэксаля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНІЦЫ (Nyctalus),
род млекакормячых сям. гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй, Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у шыракалістых і мяшаных лясах. На Беларусі 3 віды. Найб. пашыраны вячэрніца рыжая (Nyctalus noctula), селіцца ў старых высакастволых лясах, парках, гаях, старых садах. Вячэрніца гіганцкая (Nyctalus lasiopterus) і вячэрніца малая (Nyctalus leisleri) трапляюцца радзей. Вячэрніца гіганцкая — рэдкі пералётны від (уся тэр. рэспублікі ў межах арэала, зарэгістравана знаходка ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл.); селіцца ў мяшаных насаджэннях з дуплаватымі дрэвамі. Вячэрніца малая трапляецца ў лісцевых лясах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 10,4 см, хваста да 6,5, перадплечча да 6,9 см. Маса да 76 г. Вушы круглаватыя, тоўстыя, сабраныя ў складкі. Крылы вузкія, доўгія, завостраныя на канцах. Поўсць густая, шаўкавістая, зверху ад рыжага да карычневага колеру, знізу святлейшая. Кормяцца на змярканні і на досвітку насякомымі. У прыплодзе 1—2 дзіцянят. Робяць далёкія сезонныя міграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМА́ТА,
від агнястрэльнай зброі калібру 20 мм і болей для стральбы снарадамі або мінамі. Па прызначэнні і канструкцыйных асаблівасцях гарматы падзяляюцца на пушкі, гаўбіцы, марціры, безадкатныя гарматы, мінамёты, камбінаваныя (пушкі-гаўбіцы) і універсальныя гарматы.
Гарматы бываюць: наземныя, зенітныя, авіяцыйныя, танкавыя, карабельныя, берагавыя; наразныя і гладкаствольныя; стацыянарныя, буксоўныя, самарушныя (маюць агрэгаты для перасоўвання ў час бою на невялікія адлегласці, на значныя — буксіруюцца цягачом), самаходныя, уючныя (звычайна горныя), чыгуначныя; малога (ад 20 да 75 мм), сярэдняга (75—155 мм) і буйнога (больш за 155 мм) калібраў. Асн. баявыя ўласцівасці гарматы — магутнасць снарадаў, дальнабойнасць, скарастрэльнасць, дакладнасць стральбы, агнявая манеўранасць, рухомасць на маршы і на полі бою, авіятранспартабельнасць, надзейнасць у эксплуатацыі, прастата і зручнасць абслугоўвання. Выкарыстоўваецца для знішчэння аб’ектаў і падаўлення жывой сілы і тэхнікі, разбурэння абарончых збудаванняў і інш. цэляў праціўніка на сушы, моры і ў паветры. Іл.гл. ў арт.Артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ГАСНАЯ СЫРАВІ́НА,
адходы жыццезабеспячэння і жыццядзейнасці грамадства, якія пасля адпаведнай апрацоўкі могуць выкарыстоўвацца як вытв. або энергет. сыравіна. Уключае адходы прамысл. вытв-сці, буд-ва (рэшткі металаў, драўніны, шкла), прамысл. вырабаў (брак дэталей, зношаныя аўтапакрышкі), бытавыя (макулатура) і інш.
Неабходнасць выкарыстання Д.с. абумоўлена неўзнаўляльным памяншэннем карысных выкапняў і сыравінных энерганосьбітаў, абмежаванасцю самааднаўлення арган. матэрыялаў расліннага паходжання, таксама эфектыўнасцю. Напр., кошт выплаўкі сталі з металалому ў 10 разоў меншы, чым з руды, медзі — у 5, алюмінію — у 6, прычым затраты эл. энергіі ў 25 разоў; з 1 т косці атрымліваюць 160 кг клею, 110 кгтэхн. тлушчу і 420 кг касцявой мукі.
У Беларусі нарыхтоўкай Д.с. (гл.табл.) займаюцца канцэрн «Белдругрэсурсы» і «Белкаапсаюз», перапрацоўкай — розныя прадпрыемствы і з-ды, у т. л. Жлобінскі металургічны, Магілёўскія рэгенератарны і жэлацінавы, Слонімскі кардонна-папяровы «Альберцін», будматэрыялаў «Даманава» і інш.
А.А.Саламонаў, Я.П.Мініна.
Аб’ёмы нарыхтоўкі некаторых відаў другаснай сыравіны ў Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАБА́ЧАННЕ,
атрыманне бачнага відарыса аб’екта, што знаходзіцца ў непразрыстым або празрыстым асяроддзі, з дапамогай гуку; відінтраскапіі. Засн. на пранікальнай здольнасці гукавых хваль. Бывае лінзавае (для стварэння акустычнага відарыса выкарыстоўваюць лінзы акустычныя), галаграфічнае (грунтуецца на прынцыпах акустычнай галаграфіі) і лакацыйнае (засн. на рэхалакацыі).
Найчасцей у гукабачанні выкарыстоўваюць ультрагук у дыяпазоне ад 20 кГц да 10 МГц. Схема гукабачання ўключае звычайна крыніцу ультрагуку, аб’ект назірання, акустычны аб’ектыў (стварае ультрагукавы відарыс) і пераўтваральнік гукавога відарыса ў бачны. Выкарыстоўваецца ў дэфектаскапіі, акіяналогіі, гідралакацыі, мед. дыягностыцы і інш. Пры падводным гукабачанні яго апаратура (гукавізары) можа ўстанаўлівацца на падводных апаратах, прызначаных для пошукавых, даследчых і інш. мэт.
Літ.:
Грегуш П. Звуковидение: Пер. с англ.М., 1982;
Ощепков П.К., Пирожников Л.Б. Звуковидение. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; відпрыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн.км² (без уліку 14 млн.км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн.км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн.га. Гл. таксама Зямельны фонд.