Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫСТЫ́Т (ад грэч. kystis пузыр),
запаленне слізістай абалонкі мачавога пузыра. Адрозніваюць востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, першасны і другасны (ускладненне інш. захворванняў мачавога пузыра, нырак, маткі і інш.), таксама інфекц. (найб. часты) і неінфекц. (напр., лекавы, траўматычны).
Узнікненню Ц. садзейнічаюць пераахаладжэнне, ператамленне, застой мачы пры адэноме прастаты і інш. Прыкметы вострага Ц.: частае балючае мочаспусканне, лейкацыты ў мачы (пры цяжкіх Ц. — дамешкі гною і крыві). Хранічны Ц. бывае першасны, як вынік вострага, прыкметы выяўлены слабей, бываюць перыяд. абвастрэнні. Ускладненні: перфарацыя мачавога пузыра, піеланефрыт. Лячэнне тэрапеўт., зрэдку хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЯНАБАКТЭ́РЫІ (ад грэч. kyanos сіні + бактэрыі),
група фотатрофных пракарыётаў, што наз.сіне-зялёнымі водарасцямі.
Уключаюць аднаклетачныя і шматклетачныя (ніткаватыя) формы. Да бактэрый сіне-зялёныя водарасці адносяць паводле будовы клетак (напр., не маюць абмежаванага мембранай ядра), наяўнасці агульных спецыфічных злучэнняў (напр., мурэіну ў клетачнай сценцы), блізкасці іх генет. уласцівасцей. Таксама Ц. ўключаюць у бат. класіфікацыю паводле іх здольнасці, як вышэйшых раслін і водарасцей, да фотасінтэзу з выдзяленнем малекул кіслароду. Многія фіксуюць малекулярны азот. Назва «Ц.» выкарыстоўваецца ў мікрабіял. літаратуры, у батанічнай часцей ужываецца назва «сіне-зялёныя водарасці».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭРЭБРАЗІ́ДЫ (ад лац. cerebrum мозг + грэч. eidos выгляд),
прыродныя арган. злучэнні з групы глікаліпідаў. Вугляводная ч. малекулы Ц. складзена з глюкозы або галактозы, ліпідная — з N-ацыліраванай насычанай або ненасычанай тлустай к-ты, сфінгазіну (або яго гамолага).
Белыя аморфныя рэчывы, не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў арган. растваральніках. Маюцца ў большасці клетачных мембран чалавека і жывёл, найб. колькасць у белым рэчыве мозга і ў міэлінавых абалонках нерваў. Біясінтэз шляхам перанясення астаткаў цукру ад урыдзіндыфосфагексозы на сфінгазін. Адзначана назапашванне Ц. у мозгу, селязёнцы, печані пры некат. цяжкіх псіхічных захворваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮМЕ́НЕЎ Аляксандр Ільіч (24.8.1880, С.-Пецярбург — 1.6.1959),
савецкі гісторык. Акад.АНСССР (1932). Скончыў Пецярб.ун-т (1904), працаваў у ім (1921—23), у Ленінградскім аддзяленні Камуніст. акадэміі (1928—31), Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры АНСССР (1931—38), Даследаваў гісторыю стараж.-усх. і ант. дзяржаў, у т. л. пытанні рабства, гандлю, паліт. жыцця, помнікі стараж.-грэч. пісьма, а таксама метадалогію і сацыялогію гісторыі.
Тв.:
Государственное хозяйство древнего Шумера. М.; Л., 1956.
Літ.:
Амусин И.Д. Академик А.И. Тюменев — историк древнего мира // Вестн. древней истории. 1974. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТЫЯЛО́ГІЯ (ад грэч. aitia прычына + ...логія),
вучэнне аб прычынах і ўмовах узнікнення і развіцця хвароб. Сярод прычын вылучаюць фактары фіз. (напр., мех. ўздзеянні, эл. ток, выпрамяненні), хім. (напр., яды прамысловыя, лек. сродкі), біял. (напр., бактэрыі, вірусы) і псіхічныя (напр., адмоўныя эмоцыі); таксама дэфіцыт прадуктаў харчавання, вітамінаў, мікраэлементаў і інш. Узнікненне хвароб пры ўздзеянні прычынных фактараў залежыць ад зыходнага функцыян. стану арганізма, палавой прыналежнасці, узросту і інш. Для асобных груп захворванняў (напр., анкалагічных) характэрна поліэтыялагічнасць (шматпрычыннасць), для некат. — прычыны невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎПАТРЫ́ДЫ (ад грэч. eupatridai літаральна — якія паходзяць ад высакародных бацькоў),
родавая землеўладальніцкая арыстакратыя ў Стараж. Грэцыі; адна з 3 (з геаморамі і дэміургамі) груп вольнага насельніцтва Афін. Паводле падання, заснаваны царом Тэзеем у 13 ст. да н.э. У 8—6 ст. да н.э. Э. авалодалі лепшымі ворнымі землямі, сканцэнтравалі ў сваім асяроддзі ўсю ўладу. З іх ліку штогод выбіралі калегію архонтаў, з Э. складаўся вышэйшы дзярж. орган — арэапаг. У выніку рэформ Салона (594 да н.э.) і Клісфена (510 да н.э.) Э. страцілі паліт. ўплыў і прывілеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎРЫБІЁНТЫ (ад грэч. eurys шырокі + біёнт),
расліны і жывёлы, здольныя існаваць пры значных зменах фактараў навакольнага асяроддзя. Э. проціпастаўляюць стэнабіёнтам. Эўрыбіёнтнасць часцей праяўляецца да аднаго або некалькіх фактараў.
Напр., колюшка трохіголкавая, якая жыве ў прэсных вадаёмах Беларусі, малаадчувальная да ваганняў т-ры і канцэнтрацыі солей у морах. Многія наземныя арганізмы, якія жывуць ва ўмовах кантынент. клімату, здольныя вытрымліваць значныя ваганні т-ры (эўрытэрмныя арганізмы), вільготнасці, сонечнай радыяцыі і інш. Э. маюць звычайна пашыраныя арэалы (напр., воўк, дамавая мыш. ліс звычайны, трыснёг, хвоя) і дамінуюць у адпаведных экасістэмах.