ЭЎПАТРЫ́ДЫ (ад грэч. eupatridai літаральна — якія паходзяць ад высакародных бацькоў),

родавая землеўладальніцкая арыстакратыя ў Стараж. Грэцыі; адна з 3 (з геаморамі і дэміургамі) груп вольнага насельніцтва Афін. Паводле падання, заснаваны царом Тэзеем у 13 ст. да н.э. У 8—6 ст. да н.э. Э. авалодалі лепшымі ворнымі землямі, сканцэнтравалі ў сваім асяроддзі ўсю ўладу. З іх ліку штогод выбіралі калегію архонтаў, з Э. складаўся вышэйшы дзярж. орган — арэапаг. У выніку рэформ Салона (594 да н.э.) і Клісфена (510 да н.э.) Э. страцілі паліт. ўплыў і прывілеі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)