ЦЫЯНАБАКТЭ́РЫІ (ад грэч. kyanos сіні + бактэрыі),
група фотатрофных пракарыётаў, што наз. сіне-зялёнымі водарасцямі.
Уключаюць аднаклетачныя і шматклетачныя (ніткаватыя) формы. Да бактэрый сіне-зялёныя водарасці адносяць паводле будовы клетак (напр., не маюць абмежаванага мембранай ядра), наяўнасці агульных спецыфічных злучэнняў (напр., мурэіну ў клетачнай сценцы), блізкасці іх генет. уласцівасцей. Таксама Ц. ўключаюць у бат. класіфікацыю паводле іх здольнасці, як вышэйшых раслін і водарасцей, да фотасінтэзу з выдзяленнем малекул кіслароду. Многія фіксуюць малекулярны азот. Назва «Ц.» выкарыстоўваецца ў мікрабіял. літаратуры, у батанічнай часцей ужываецца назва «сіне-зялёныя водарасці».
т. 17, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)