ВАСІЛЕ́ВІЧ (Алена Сямёнаўна) (н. 22.12.1922, в. Ліпнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыла Рагачоўскі настаўніцкі ін-т (1941) і БДУ (1946). Працавала ў Курскім абл. выд-ве, у час. «Работніца і сялянка» (1950—72), выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (1972—83). Друкуецца з 1947 (аповесць «У прасторах жыцця»). У цэнтры ўвагі пісьменніцы жыццё і праца сучаснікаў, праблемы асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей (аповесць «Шляхі-дарогі», 1950; зб-кі апавяданняў «Блізкія знаёмыя», 1954; «Падслухала сэрца», 1960; «Пісар страявой часці», 1969; «Адно імгненне», 1974; «Мыс Добрай Надзеі», 1977; «Шурка Рэмзікаў», 1985, і інш.). Лепшыя апавяданні («Пані старшыніха прыехала», «Адно імгненне», «Зімовая дарога», «Марыула», «Падгор’е») вылучаюцца глыбінёй пранікнення ва ўнутр. свет чалавека, моцным маральна-этычным і грамадз. напаўненнем. На аўтабіягр. матэрыяле напісана тэтралогія «Пачакай, затрымайся...» (аповесці «Расці, Ганька», 1966; «Доля знойдзе цябе», 1967; «Новы свет», 1968; «Пачакай, затрымайся...», 1970; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), у якой паказаны нялёгкі шлях у жыццё сялянскай дзяўчыны, духоўнае пасталенне чалавека. Аўтар кніг для дзяцей («Заўтра ў школу», 1956; «Сябры», 1958; «Калінавая рукавічка», 1963, і інш.). Творы Васілевіч дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэт. бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая нар. мова. Аўтар зб-каў эцюдаў, роздумаў, эсэ («Люблю, хвалююся — жыву...», 1986; «Элегія», 1988). Пераклала на бел. мову аповесць М.Стэльмаха «Гусі-лебедзі ляцяць» (1975), раман Д.Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (1976), аповесць Г.Башырава «Зялёная мая калыска» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1982—83.
Літ.:
Шкраба Р. Літаратура і мова. Мн., 1969. С. 304—316;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977. С. 91—125;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979. С. 88—114;
Яфімава М. Алена Васілевіч // Беларуская дзіцячая літаратура. Мн., 1980;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983. С. 27—29, 197—205.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ВЕСЦЬ,
празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл.Эпас), пераходны паміж апавяданнем і раманам. Ад апавядання адрозніваецца больш шырокім ахопам рэчаіснасці, больш складаным сюжэтам, шматгранным раскрыццём характараў. У цэнтры класічнай аповесці, як правіла, адна сюжэтная лінія, адзін герой. Сучасная аповесць ахопам і канцэнтрацыяй жыццёвага матэрыялу, па многіх фармальных рысах набліжаецца да рамана.
Як назва жанру л-ры бытуе з часоў Кіеўскай Русі. Тады аповесцю называлі самыя розныя па форме творы гіст., ваен. і рэліг. зместу (гл.Аповесць старажытнаруская), часта яна мела форму хронікі ці летапісу. З твораў стараж.бел. л-ры да жанру тагачаснай аповесці можна аднесці «Дыярыуш» А.Філіповіча (1646), Баркулабаўскі летапіс, перакладныя творы — «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Трою», «Александрыю».
У сучасным разуменні аповесць пачала складвацца ў рус. л-ры ў 19 ст. Тыповая, «чыстая» форма аповесці — гэта пераважна твор біягр. характару, маст. хронікі: дылогія С.Аксакава, «Запіскі з Мёртвага дому» Ф.Дастаеўскага, «Стэп» А.Чэхава, трылогіі Л.Талстога, М.Горкага і інш.
Пачынальнікі сучаснай бел. аповесці (і рамана) — Ц.Гартны («Бацькава воля», 1-я ч. «Сокаў цаліны», 1916), М.Гарэцкі (драматызаваная аповесць «Антон», 1919; дакумент. аповесць «На імперыялістычнай вайне», 1926), Я.Колас («У палескай глушы», 1921—22). Пра сталасць жанру аповесці ў бел. л-ры сведчыць ахоп самых розных аспектаў жыцця, філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, пільная ўвага да чалавека, маст. вытлумачэнне яго псіхалогіі рэальнай складанасцю ўзаемаадносін характару і абставін, асобы і грамадства: «Апошняя сустрэча» Я.Брыля, «Агонь і снег», «Гандлярка і паэт» І.Шамякіна, «Тартак», «Найдорф» І.Пташнікава, «Сотнікаў», «Абеліск», «Знак бяды», «Сцюжа» В.Быкава, «Хатынская аповесць», «Карнікі» А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько, «Зона маўчання» С.Грахоўскага, «Пад сузор’ем сярпа і молата» Б.Сачанкі, «Сны імператара» У.Арлова і інш.
Літ.:
Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць, Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (псеўд. Алесь Барскі; нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел.паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-рфілал.н. (1984). Ганаровы д-рБДУ (1993). Акад.Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.Бергман і Е.Тамашэўскім). Складальнік (з В.Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел.нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр.арт. да кн. Я.Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ.т-ва ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЯ ПЕ́СНЯ,
від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб’яднаны ў адной асобе. Аўтарскую песню наз. таксама бардаўскай ці паэтычнай (літаратурнай) песняй, а яе выканаўцаў — бардамі (ад назвы прафес. паэтаў сярэднявечча ў Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі).
Бярэ пачатак у творчасці стараж.нар. спевакоў (скальдаў, бардаў, лірнікаў, гусляроў). Сінкрэтычны від мастацтва, дзе сродкі слова, музыкі і артыстычнага майстэрства ствараюць адзін непадзельны маст. вобраз і служаць перш за ўсё выяўленню сэнсу. Крытэрый паэтычнасці дазваляе далучаць да аўтарскай песні і творчасць выканаўцаў.
Як асобны від мастацтва аўтарская песня сфарміравалася на пач. 20 ст. Яе тыповая рыса — паліт. накіраванасць, вызначальная прыкмета — акампанемент гітары. Сярод вядомых выканаўцаў аўтарскай песні ў Францыі — Ж.Брэль, Ж.Беко, Ш.Азнавур. Палітычныя матывы распрацоўвалі ў сваёй творчасці Дж.Хіл, П.Сігер, В.Гатры, Дж.Баэз, Дз.Рыд (ЗША), В.Хара (Чылі). У б.СССР узнікла ў 1950-я г., пераважна сярод інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў, і выконвала ролю «ціхай» апазіцыі існуючаму рэжыму. Найб. вядомы рас. барды Б.Акуджава і М.Анчараў (пачынальнікі), А.Галіч і У.Высоцкі, творчасць якіх адметная асаблівай публіцыстычнасцю, а таксама А.Гарадніцкі, Н.Матвеева, Ю.Візбар, Ю.Кім, Я.Клячкін, Ю.Кукін, В.Доліна, А.Дольскі, С.Нікіцін і інш. Сярод рускамоўных бардаў Беларусі А.Круп (пачынальнік, старшыня першага буйнога клуба самадз. песні «Свіцязь», 1966), М.Валодзін, Б.Вайханскі, У.Бобрыкаў, А.Казанцава і інш. З прадстаўнікоў беларускамоўнай аўтарскай песні, якая ўзнікла на хвалі нац. адраджэння на пач. 1980-х г., А.Камоцкі і С.Сокалаў-Воюш (пачынальнікі), А.Атаманаў, А.Мельнікаў, В.Цярэшчанка, В.Шалкевіч і інш. З 1960-х г. праводзяцца фестывалі аўтарскай песні (найб. значны — памяці В.Грушына, 1968, г. Самара), на Беларусі з 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБЮСІ́ ((Debussy) Клод Ашыль) (22.8.1862, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 25.3.1918),
французскі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. крытык; пачынальнік муз.імпрэсіянізму. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класах фп. і кампазіцыі (1884). За кантату «Блудны сын» атрымаў Рымскую прэмію. Выступаў як дырыжор, піяніст (пераважна з выкананнем уласных твораў) і муз. крытык. Наведваў Расію (1880, 1881, 1913). У сваёй творчасці апіраўся на франц.муз. традыцыі (Ф.Куперэна, Ф.Рамо, Ш.Гуно, Ж.Маснэ), зазнаў уплыў рус. музыкі (асабліва М.Мусаргскага). Блізкасць да мастакоў-імпрэсіяністаў і да гуртка паэта-сімваліста С.Малармэ, (канец 1880-х г.) паскорыла фарміраванне яго эстэт. прынцыпаў. Маніфестам муз. імпрэсіянізму стала аркестравая «Прэлюдыя да «Пасляпаўдзённага адпачынку фаўна» (1894), у якой выявіліся характэрныя для музыкі Д. хісткасць настрояў, вытанчанасць, капрызнасць мелодыкі, каларыстычнасць гармоніі. Адно з найб. значных тварэнняў Д. — опера «Пелеас і Мелізанда» (паводле М.Метэрлінка; 1902), дзе дасягнута поўнае зліццё музыкі з дзеяннем. Бляскам і празрыстасцю аркестравай палітры адзначаны найб. буйны яго твор — 3 сімф. эскізы «Мора» (1905). Імкнучыся да пастаяннага мігцення фарбаў, ён выкарыстоўваў натуральныя лады, пентатоніку, цэлатонавасць; ускладняючы гарманічныя сродкі, дасягаў разнастайных сумяшчэнняў гармоній, элементаў політанальнасці. У некат. творах («Бергамаская сюіта» для фп., 1910; музыка да містэрыі Г.Д’Анунцыо «Пакуты св. Себасцьяна», 1911; балет «Гульні», 1912, і інш.) выявіліся рысы, пазней уласцівыя неакласіцызму. Д. стварыў новы піяністычны стыль. Яго 24 прэлюдыі для фп. (1910—13) малююць вобразы мяккіх, часам нерэальных пейзажаў, імітуюць пластыку танц. рухаў, навяваюць паэт. прывіды, жанравыя карціны. Наватарская творчасць Д. істотна паўплывала на сусв. музыку 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСПЯ́НСКІ ((Wyspiański) Станіслаў) (15.1.1869, г. Кракаў, Польшча — 28.11.1907),
польскі драматург, паэт, мастак, тэатр. дзеяч. Вучыўся жывапісу, вывучаў філасофію і л-ру ў Кракаве і Парыжы. Чл.т-ва мастакоў «Мастацтва» (з 1897). Праф. Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (з 1906). У 1898—1905 мастак-дэкаратар і рэжысёр Кракаўскага т-ра (ажыццявіў 1-ю пастаноўку «Дзядоў» А.Міцкевіча). Выспянскі-драматург быў прыхільнікам вагнераўскага (які сінтэзаваў розныя мастацтвы) т-ра, развіваў традыцыі польск. рамантычнай драмы, зведаў уплыў антычнай трагедыі. Філас. асэнсаванне тэмы лёсу, супрацьстаяння яму ў драмах на антычныя сюжэты «Мелеагр», «Пратэсілай і Лаадамія» (абедзве 1899), а таксама ў «Праклёне» (1899) і «Суддзях» (1907), напісаных паводле рэальных падзей. У п’есах пра паўстанне 1830 «Варшавянка» (1898), «Лістападаўская ноч» (1904), а таксама «Легіён» (1900), драм. трылогіі «Вяселле» (1901, найб. значны твор Высоцкага) — нац.-паліт. праблематыка, філас. інтэрпрэтацыя польск. рэчаіснасці праз супастаўленне з гіст. мінулым. Аўтар драм «Баляслаў Смелы» (1903), «Зыгмунт Аўгуст» (не скончана), рапсода «Казімеж Вялікі» (1900) і інш. Уплыў Высоцкага на сваю творчасць зазнаў Я.Купала.
У выяўл. мастацтве Высоцкі імкнуўся захаваць нац. каларыт у рамках стылю «мадэрн». Стварыў паэтычныя і выразныя па манеры малюнка партрэты і пейзажы ў тэхніцы пастэлі (аўтапартрэты, каля 1900—02; «Аленка і кветкі», 1902; «Партрэт Элізы Парэнскай», «Від на пагорак Касцюшка», абодва 1905), драм.-экспрэсіўных, маляўнічых эскізаў вітражоў (для францысканскага сабора і касцёла на Вавелі ў Кракаве, 1896—1906). У афармленні кніг дасягнуў дэкар. адзінства шрыфту і мяккага стылізаванага расліннага арнаменту. Выконваў эскізы касцюмаў і дэкарацый да ўласных спектакляў у Кракаўскім т-ры («Варшавянка», «Вызваленне», «Баляслаў Смелы»), эскізы мэблі, тканін, вырабаў з металу, афармлення інтэр’ераў.
нацыянальна-вызваленчая вайна грэкаў супраць тур. панавання, у выніку якой утворана самаст.грэч. дзяржава. Падрыхтавана членамі тайнага нац.-вызв.т-ва«Філікі Этэрыя» пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці. На 1-м этапе рэвалюцыі (1821—22), якая пачалася з паўстання на Пелапанесе 25.3.1921 (з таго часу 25 сак. адзначаецца як Дзень незалежнасці Грэцыі), вызвалена значная ч.тэр. краіны. 13.1.1822 Нац. сход абвясціў незалежнасць Грэцыі, прыняў часовую канстытуцыю — Эпідаўрскі арганічны статут 1822, выбраў прэзідэнтам краіны К.Маўракардатаса. Летам 1822 грэч. атрады на чале з Т.Калакатронісам разбілі 30-тысячную тур. армію, якая ўварвалася на Пелапанес, а грэч. караблі атакавалі тур.ВМФ і прымусілі яго пакінуць Эгейскае м. На 2-м этапе вайны, у выніку абвастрэння сац. і паліт. супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстанцаў, адбыліся 2 грамадз. Вайны (1823—24 і 1824—25). На 3-м этапе (1825—27) тур.-егіп. войскі акупіравалі ўсе грэч. вобласці на Пн ад Карынфскага перашыйка. На 4-м, апошнім, этапе (1827—29) Нац. сход у Трэзене ў сак. 1827 прыняў новую канстытуцыю, прэзідэнтам выбраны І.Кападыстрыя, які зрабіў шэраг захадаў па паляпшэнні эканам. становішча краіны, павышэнні баяздольнасці ўзбр. сіл, цэнтралізацыі кіравання. Прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі падпісалі Лонданскую канвенцыю 1827 аб спыненні грэка-тур. вайны і наданні Грэцыі поўнай унутр. аўтаноміі. Гэта прывяло да Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 Турцыя прызнала аўтаномію Грэцыі. У 1830 Грэцыя атрымала незалежнасць. Рэвалюцыю падтрымала грамадскасць многіх краін свету, паўстанцам дапамагалі замежныя добраахвотнікі (сярод іх англ.паэт Дж.Байран).
Літ.:
Арш Г.Л. И.Каподистрия и греческое национально-освободительное движение, 1809—1822 гг.М., 1976.
Да арт.Грэчаская нацыянальна-вызваленчая рэвалюцыя 1821—29. Карціна Э.Дэлакруа «Грэцыя на руінах Місалунгі». 1827.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Віктар Антонавіч) (н. 21.7.1929, в. Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл),
бел. крытык і літ.-знавец, празаік. Акад.Нац.АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-рфілал.н. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). Настаўнічаў. З 1958 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (у 1982—97 дырэктар). Друкуецца з 1952. Даследаваў творчасць З.Бядулі («Пошукі і здзяйсненні», 1963), І.Шамякіна («Іван Шамякін», 1980), гуманіст. традыцыі ў бел. л-ры («Голас чалавечнасці», 1970), працэс паскоранасці ў развіцці бел. л-ры 19—20 ст., ролю ў гэтым працэсе нац.-самабытных вытокаў і ўплываў суседніх л-р («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975), сувязь міфа-паэт. матываў з літ. творчасцю, іх значэнне для ўмацавання нац. пачатку, традыцый народнасці ў бел. л-ры («Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981). Тэарэт. асэнсаванню крытыкі як спецыфічнай галіны літ. дзейнасці і яе развіццю на Беларусі прысвяціў кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977). Сучасны літ. працэс разглядае ў кн. «З пазіцый сучаснасці» (2-е выд. 1982). Як крытыку яму ўласціва ўвага да праблем духоўнасці л-ры, яе барацьбы за праўдзівасць адлюстравання рэчаіснасці, сац. глыбіню, грамадз. актыўнасць, гуманіст. страснасць. Працы К. вызначаюцца канцэптуальнасцю, глыбінёй і арыгінальнасцю думкі, палемічнай завостранасцю. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972) і інш. У рамане «Падвышанае неба» (1975) адлюстраваў жыццё ў Зах. Беларусі напярэдадні яе ўз’яднання з БССР. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Давер. Мн., 1967;
Прага духоўнасці. Мн., 1975;
Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;
Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отечественной войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «АКО́ПЫ» Засн. 5.9.1989 у Лагойскім р-не Мінскай вобл. з цэнтрам у в. Харужанцы. Адкрыты 29.8.1992. Агульная пл. 6,64 га. Складаецца з літ.-маст. (в. Харужанцы) і мемар. (б. хутар Акопы) частак. Хутар Акопы з 1909 арандавала маці Я.Купалы. Сюды штогод прыязджаў Я.Купала ў час вучобы ў Пецярбургу, з Вільні і Мінска. Пасля 1917 Акопы перайшлі ва ўласнасць маці, якая жыла тут да 1926, і сясцёр (да 1929) паэта. Ваколіцы хутара сталі для Я.Купалы месцам літ. сустрэч, дыскусій, спасціжэння культ.-гіст. традыцый. Тут паэт напісаў больш за 80 вершаў, паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Гарыслава», камедыі «Паўлінка», «Прымакі», драму «Раскіданае гняздо», трагікамедыю «Тутэйшыя». У в. Харужанцы адноўлена тыпавая пабудова пач. 20 ст. (на месцы б. хутара Міхалішкі), у 5 залах якой размешчана літ.-маст. экспазіцыя (аўтары — мастакі Э.Агуновіч, А.Грачоў, У.Пратасеня). У ёй прадстаўлена больш за 230 экспанатаў, у т. л. работы мастакоў Агуновіча, В.Александровіча, М.Басалыгі, А.Волкава, А.Кашкурэвіча, М.Купавы, Г.Паплаўскага, У.Савіча, В.Шаранговіча, дакументы, фотаздымкі, кнігі і ўспаміны пра Я.Купалу, матэрыялы пра купалаўскія мясціны на Лагойшчыне і Міншчыне. Тут пастаўлены помнік «Малады Купала» (1992, скульптары А.Заспіцкі і Г.Мурамцаў), зроблена адкрытая эстрада для масавых мерапрыемстваў. На месцы б. хутара Акопы падмуркі пабудоў, валун, на якім у 1982 устаноўлены мемар. знак са словамі з верша Я.Купалы «З кутка жаданняў».
Літ.:
Содаль У. Акопы // Содаль У. Пуцявінамі сейбіта. Мн., 1982;
Лойка А. Акопы // Лойка А. Як агонь, як вада...: Раман-эсэ пра Янку Купалу. Мн., 1984;
Купалаўскія сцежкі Лагойшчыны. Мн., 1993;
Купалавым гасцінцам. Мн., 1996.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы».Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Мемарыяльны валун.Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Помнік «Малады Купала».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОПОЯ́З (ад рус. назвы Таварыства вывучэння паэтычнай мовы),
навукова-даследчае аб’яднанне рус. лінгвістаў, тэарэтыкаў і гісторыкаў літаратуры ў сярэдзіне 1910-х—1920-я г. Створаны ў 1916—18 Я.Паліванавым, Л.Якубінскім, В.Брык, С.Бернштэйнам, В.Шклоўскім, Б.Эйхенбаумам, Ю.Тынянавым. Адмовіўся ад традыц. метадаў апісання і аналізу літ. творчасці, засяродзіўшы ўвагу на даследаванні яе моўна-выяўл. сродкаў як дамінуючых канструктыўных фактараў у рухомай сістэме стварэння і ўспрымання твораў. Сцвярджаў эстэт. самакаштоўнасць паэт. мовы і фармальна-маст. наватарства незалежна ад ідэалаг. арыентацыі. Генетычна звязаны з мадэрнісцкімі плынямі ў мастацтве, якія імкнуліся пераадолець літ. шаблоны і аўтаматызм іх успрымання шляхам парадаксальных слоўных вобразаў і метадам «остранения» — стварэння ўскладненай, нялёгкай для ўспрымання формы. Даследаваў тэорыю вершаскладання, структуру і семантыка-эстэт. функцыі маст. мовы, сюжэтную будову буйных празаічных жанраў і іх эвалюцыю, выкарыстоўваў параўнальна-тыпалаг. метады і стыліст. спосабы аналізу. Пад уплывам жывой маст. практыкі (творчасць У.Маякоўскага, С.Эйзенштэйна і інш.) і канструктыўнай крытыкі ў 2-й пал. 1920-х г. аб’яднанне пераадольвала фармаліст. тэндэнцыі. Паўплываў на канцэпцыі выяўл. і арх. мастацтва Беларусі 1920-х г. (асобныя ідэі К.Малевіча, канструктывізм) і літ. рух [ідэя «аквітызму» (ажыўлення) у «Маладняку», погляд на л-ру як «жыццебудаўніцтва» ва «Узвышшы», атаясамліванне мастацтва і жыцця ў эстэт. праграме «Літаратурна-мастацкай камуны»]. У канцы 1920-х г. распаўся пад націскам раппаўскай вульгарна-сацыялаг. крытыкі, прадстаўнікі якой на Беларусі аднабакова разглядалі гэты кірунак як бурж. і фармалістычны. З 2-й пал. 1950-х г. пад уплывам метадаў О. фарміраваліся структуралісцкія і матэм. метады даследавання мовы і маст. л-ры.
Літ.:
Тынянов Ю. Проблема стихотворного языка;
Статьи. [2 изд.] М., 1965;
Шкловский В. О теории прозы. М., 1925;
Бахтин М. К эстетике слова // Контекст, 1973. М., 1974.