КРО́ШЫН,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Шчара, каля аўтадарогі Брэст—Мінск; чыг. станцыя (Перамога) на лініі Баранавічы—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 218 км ад Брэста. 687 ж., 282 двары (1998).
Да 1499 велікакняжацкая ўласнасць, потым — кн. Дз.Пуцяціча, Горскіх, Радзівілаў, Валовічаў і інш. У К. нарадзіўся і жыў бел. паэт П.Багрым; у касцёле, пабудаваным у 1920-я г., зберагаецца выкаваная ім жырандоль. З 2-й пал. 19 ст. чыг. станцыя на лініі Брэст—Масква. У 1886 мястэчка Навагрудскага пав., 636 ж., 77 двароў, касцёл (пабудаваны ў 1818), яўр. малітоўны дом. У 1921—39 у Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Гарадзішчанскім, з 1962 у Баранавіцкім р-нах. У 1972—456 ж., 156 двароў.
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла П.Багрыма. Помнік архітэктуры — касцёл Божага Цела (1920-я г.).
т. 8, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)