цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.
У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэнняміяны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш.Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл.Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл.арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АКАДЭ́МІЯ (БСГА). Засн. паводле ўказа Сената ад 24.4.1836, адкрыта ў 1840 у маёнтку Горы-Горкі (каля Горак Магілёўскай губ.) пад наз. Горы-Горацкая земляробчая школа, з 1848 — Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У 1925 да яго далучаны Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і створана Бел.с.-г. акадэмія. У 1931 акадэмія падзелена на 11 галіновых ін-таў. У 1933 яны зноў аб’яднаны ў адну ВНУ — Беларускі с.-г.ін-т (у Горках). У 1948 перайменаваны ў БСГА. У 1994/95 навуч.г. ф-ты: агранамічны, зоаінжынерны, землеўпарадкавання, механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі і воднай гаспадаркі, эканамічны, бухгалтарскага ўліку, павышэння кваліфікацыі. Створаны новыя кірункі навук. даследаванняў: біятэхналогія ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, с.-г. экалогія. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1947, дактарантура з 1990. Мае н.-д. лабараторыі, выліч. цэнтр, доследную станцыю, кансультацыйныя пункты, друкарню, конна-спарт. школу.
Адзін з навучальных карпусоў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў чэрв. 1968 з групы лялечнікаў, якая існавала пры Брэсцкім абл.драм. т-ры з 1963. Адкрыўся спектаклем «Салдат Даніла» («Птушынае малако») Е.Тудароўскай і В.Мятальнікава. Гал. рэжысёры А.Сярогін, А.Шкілёнак, В.Казлова, С.Юркевіч, А.Жугжда (з 1990). У пастаноўках выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм, прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане, яны выступаюць у масках і без масак.
У рэпертуары т-ра: «Прыгоды трох парасят» і «Крок у бессмяротнасць» Н.Мацяш, «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Хлопчык з легенды» паводле Г.Васілеўскай, «Прывід старога млына» В.Навацкага і Ю.Фрыдмана, «Па шчупаковай волі» Л.Тарахоўскай, «Блакітнае шчаня» У.Гюлы, «Чыпаліна» паводле Дж.Радары, «Дзень нараджэння ката Леапольда» А.Хайта, «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан, «...Забыць Герастрата!» Р.Горына, «Крэслы» Э.Іанеска, «Што здарылася ў заапарку» Э.Олбі і інш.
Дз.У.Стэльмах.
Да арт.Брэсцкі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАСТВО́РЫ.
Выкарыстоўваюць для каменнай муроўкі, мантажу зборных бетонных і жалезабетонных канструкцый, аховы метал. канструкцый і закладных дэталяў ад карозіі, для гідра-, цепла- і гукаізаляцыі будынкаў і збудаванняў. Атрымліваюць з сумесі вяжучага рэчыва (з вадой, часам без яе), дробнага запаўняльніку і дабавак (пры неабходнасці). Яны здольныя зацвердзяваць, склейваць каменныя матэрыялы і ўтвараць ахоўныя слаі буд. канструкцый.
Адрозніваюць будаўнічыя растворы: муравальныя, аддзелачныя (тынкавальныя, дэкаратыўныя) і спецыяльныя (ін’екцыйныя, тампанажныя, гарача- і кіслотаўстойлівыя, рэнтгенаахоўныя, акустычныя); цяжкія (шчыльнасць больш за 1500 кг/м³) і лёгкія (менш за 1500 кг/м³); цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя і мяшаныя (цэментна-гліняныя, цэментна-вапнавыя, вапнава-гіпсавыя, палімерцэментныя, цэментна-перхлорвінілавыя). Будаўнічыя растворы рыхтуюць звычайна на аўтаматызаваных растворных з-дах і вузлах, дастаўляюць на буд. аб’екты ў спец. аўтацыстэрнах або аўтамабілях-самазвалах. Для зімовай муроўкі і тынкоўкі ў сумесь уводзяць процімарозныя дабаўкі, для павышэння тэхнал. якасцей і тэхн. характарыстык — пластыфікавальныя і паветраўцягвальныя дабаўкі. У дэкар. Будаўнічыя растворы дабаўляюць святло-, шчолача- і кіслотаўстойлівыя пігменты, спец. запаўняльнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́ І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н.
Царква існавала ў Віцебску ў 18 — 1-й пал. 20 ст. Мураваны храм пабудаваны на высокім беразе Зах. Дзвіны ў 1715—43 (арх. І.Фантана III) у стылі сталага барока па фундацыі Мірона Галузы на месцы драўлянай (засн. ў 1682). З 1799 Успенскі сабор. Мела развітую аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю: 5-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай апсідай. Гал. фасад адпаведна нефам меў 5-часткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Сяродкрыжжа ўвенчваў магутны светлавы 8-гранны барабан са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны ордэрная арх. пластыка, філянговыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Два мураваныя 2- і 3-павярховыя манастырскія корпусы пабудаваны ў 1775. Яны стаялі абапал царквы і разам утваралі ўнутраны двор. Будынак царквы разбураны ў Вял.Айч. вайну. У адным з манастырскіх карпусоў размешчаны філіял Віцебскага абл. краязн. музея.
Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян. Галоўны фасад царквы (чарцёж).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),
працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.Спенсера, Э.Гартмана, Х.Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.Ранера і інш.Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎу арганізмах,
назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху па трафічных ланцугахяны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш.пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ, Адынцэвічы,
старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.
У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.М.Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.
На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБІ́СТАЯ ДАПАМО́ЖНАЯ ГАСПАДА́РКА,
гаспадарка грамадзян на прысядзібных участках. У СССР пасля калектывізацыі лічылася неперспектыўнай і цярпела істотныя абмежаванні (вял. падаткі, забарона на набыццё коней і тэхнікі на ўласныя патрэбы, абмежаванне на ўтрыманне жыўнасці і гэтак далей). З ажыццяўленнем зямельнай рэформы ў час пераходу да рыначных адносін ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для яе развіцця: участкі зямлі для асабістай дапаможнай гаспадаркі павялічаны да 1 га (з правам іх прыватызацыі), дазволена трымаць коней, набываць с.-г. машыны, наймаць сезонных работнікаў, наладжаны выпуск малагабарытнай тэхнікі і гэтак далей. У 1994 на Беларусі было 1 млн. 905,6 тыс. асабістых дапаможных гаспадарак. Займаючы 15,1% усіх с.-г. угоддзяў, яны далі 85,3% бульбы, 22,1% мяса (у забойнай вазе), 35,8% малака, 42,6% яек, 67,1% воўны ад агульнарэсп. іх вытворчасці. З павелічэннем зямельнага надзелу, павышэннем узроўню тэхн. аснашчанасці і таварнасці асабістыя дапаможныя гаспадаркі фактычна набліжаюцца да сял. гаспадарак. У міжнар. стандартах статыстыкі і аналізу прыняты больш шырокі тэрмін — дамашняя гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫДО́З,
інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.
У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.