ПЮЖЭ́ ((Puget) П’ер) (хрышчаны 16.10.1620, г. Марсель, Францыя — 2.12.1694),
французскі скульптар, жывапісец і архітэктар; прадстаўнік барока. Вучыўся скульптуры ў Ж.Рамана. У 1640—43 жыў у Італіі, дзе займаўся пераважна жывапісам пад кіраўніцтвам П’етра да Картоны. Працаваў у Тулоне, Марселі, Парыжы, Генуі. Скульпт.творы вызначаліся яснасцю кампазіцыі, экспрэсіўнасцю вобразаў, пераканаўчасцю перадачы фізічнага напружання і пакут: 2 паўфігуры атлантаў, якія падтрымліваюць балкон ратушы ў Тулоне (1656—57), «Гальскі Геркулес» (1660—61), «Св. Себасцьян» у царкве Санта-Марыя ды Карыньяна ў Генуі (каля 1661—67), «Мілон Кратонскі» (1672—82), «Аляксандр Македонскі і Дыяген» (1681—92), «Персей і Андрамеда» (1683—84), «Чума ў Мілане» (1692—94) і інш. Жывапісу ўласцівы энергічны каларыт: «Хрыстос Выратавальнік свету» (1665) і інш. Аўтар арх. праекта перабудовы Марселя (1660-я г., не ажыццёўлены).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖА́НСКІ (Фелікс) (?—пасля 1903),
бел. паэт, мемуарыст, удзельнік рэв. руху 1860-х г. Працаваў каморнікам. У 1861 увайшоў у Гродзенскую рэв. арг-цыю К.Каліноўскага. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газ.«Мужыцкая праўда», вёў агітацыю сярод нар. мас. У 1863 у паўстанцкіх атрадах В.Урублеўскага. Пасля паўстання эмігрыраваў у Кракаў. Аўтар паўстанцкіх песень на бел. мове «Гэй-га разам, хлопцы...», «Ах ты, мая чарнаброва...» (апубл. ў 1865 б. паўстанцам І.Арамовічам) і інш., успамінаў «З Гродзенскага ваяводства» (1903), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі рэв. руху 1860-х г. на Гродзеншчыне, утрымліваюць важныя факты з біяграфіі Каліноўскага.
Тв.:
[Песні] // Aramowicz I. Marzenia: Pamiętnik o ruchu partyzanckim w województwie Grodzieńskiem w 1863 i 1864 r. Bendlikon, 1865. S. 21—23;
Гродзенская арганізацыя // Каліноўскі К. За нашую вольнасць: Творы, дак. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ (Сяргей Рыгоравіч) (17.9.1914, Масква — 11.1.2001),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940). Працаваў у галінах станковай і кніжнай графікі. Творы прысвечаны Вял.Айч. вайне [«У партызанскай зямлянцы», 1943; «Прывялі «языка», «Бой у гарнізоне «Рэкта», абодва 1944; «Герой Савецкага Саюза М.П.Шмыроў (Бацька Мінай)», 1948, «Бой з танкамі», «Подзвіг Мікалая Гастэлы», абодва 1975; «Партызанская застава», 1978; серыі «Партызаны Беларусі», 1952; «Народ і партызаны», 1972)], гісторыка-рэв. тэматыцы (серыі «Рэвалюцыйны Мінск», 1957; «Забастоўка гомельскіх рабочых», 1978; лісты «Падзел панскай зямлі. 1939 год», «Вясковая бібліятэка», абодва 1968, і інш.), мірнаму жыццю і працы («На Палескай цаліне», 1954; «Спартыўны Мінск», 1970; серыя партрэтаў рабочых МТЗ; 1976—77). Сярод жывапісных работ: «У пошуках сына» (1945), «Беларускі вакзал. Масква. 41-ы год» (1982), «Прывал пад Быхавам» (1985). Аформіў кнігі П.Броўкі, У.Карпава, Я.Коласа, Я.Купалы, Л.Талстога, М.Танка, А.Якімовіча і інш. Ствараў плакаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАН (Лазар Саулавіч) (18.4.1909, г. Даўгаўпілс, Латвія — 5.8.1989),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працаваў у станковай графіцы і жывапісе. Сярод графічных твораў: серыі «Брэсцкая крэпасць» (1952), «Мінскае гета» (1970), альбомы купалаўскіх і коласаўскіх мясцін «Мой родны кут, як ты мне мілы...» (1958—60), «Па родных мясцінах Я.Купалы» (1970), партрэты П.Мядзёлкі (1970), Кітэчкінай — удзельніцы французскага супраціўлення» (1983), В.Іпатавай (1984). Аўтар жывапісных кампазіцый «Акупанты» (1938), «Дзядуля-герой», «Звесткі з Петраграда» (абедзве 1957), «Сталявары» (1958), «Беларуская легенда», «Я.Колас у Навагрудку» (абедзве 1960), «Перад уборкай ураджаю ў калгасе імя Я.Коласа», «Ф.Скарына» (абедзве 1963), «Сустрэча ў Вільні» (1980), «Я.Купала і Цётка каля Чорнага возера» (1983). Творы адметныя складанай графічнай тэхнікай, дакладным жывым малюнкам, глыбокім псіхалагізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́У (Аляксандр Артуравіч) (8.3.1906, Масква — 28.12.1973),
расійскі кінарэжысёр, буйнейшы майстар жанру кінаказкі. Нар.арт. Расіі (1968). Скончыў кінашколу Б.Чайкоўскага (1930) і драм. тэхнікум імя Ярмолавай у Маскве (1934). У кіно з 1930. Паставіў прасякнутыя паэзіяй, гумарам, фантаст. рамантыкай фільмы: «Па шчупаковаму загаду» (1938), «Васіліса Прыгожая» (1940), «Канёк-гарбунок» (паводле П.Яршова, 1941), «Кашчэй Бессмяротны» (1945), «Новыя прыгоды Ката ў ботах» (1958), «Мар’я-майстрыха» (1960), «Каралеўства крывых люстэркаў» (1963), «Марозка» (1965, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў у Венецыі), «Агонь, вада і медныя трубы» (1968), «Варвара-краса, доўгая каса» (1970), «Залатыя рогі» (1973) і інш. Экранізаваў творы М.Гогаля: «Майская ноч, або Тапельніца» (1952, стэрэафільм), «Вечары на хутары каля Дзіканькі» (1961). Ставіў карціны, прысвечаныя сучаснасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУГО́ЕЎ (Ругаеў) Яака Васілевіч (15.4.1918, г. Суаярві, Карэлія — 17.6.1993), карэльскі пісьменнік. Скончыў Петразаводскі настаўніцкі ін-т (1939). Друкаваўся з 1934. Пісаў на фін. мове. Аўтар зб-каў вершаў і апавяд. «Помста» (1943), «Шлях пакаленняў» (1948), «Песні міру» (1951), «На ядлоўцавай зямлі» (1964), «Распальваю агонь» (1968), «Вялікі Сімон» (1975), «Пракладваючы шляхі» (1985), дылогіі ў вершах «Сказанне аб карэлах» (кн. 1—2, 1956—59), рамана «Руакаранта — трысняговы бераг» (1974) і інш.Творы Р. прысвечаны мінуламу і сучаснаму жыццю Карэліі. Пераклаў на фін. мову «Слова аб палку Ігаравым» (1953). На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі Я.Лапатка і У.Правасуд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧО́К (Марка) (сапр.Вілінская-Марковіч Марыя Аляксандраўна; 22.12.1834, с. Екацярынінскае Ліпецкай вобл., Расія — 10.8.1907),
украінская і руская пісьменніца. Жонка ўкр. фалькларыста і этнографа А.В.Марковіча. Пісала на ўкр., рус. і франц. мовах. Выдавала час. «Переводы лучших иностранных писателей» (1871—72, Пецярбург). У зб-ках «Народныя апавяданні» (1857) і «Апавяданні з народнага рускага побыту» (1859) рэалістычна адлюстроўвала жыццё прыгонных сялян да рэформы 1861. У аповесцях і раманах на рус. мове («Глухі гарадок», 1862; «Жывая душа», 1868; «Цёплае гняздзечка», 1873, і інш.) выкрывала гніласць дзярж. ладу царскай Расіі, высмейвала прадажнае чыноўніцтва, інтэлігентаў-філантропаў, бурж. лібералаў. Збірала ўкр. і рус. фальклор. Пераклала на рус. мову 15 раманаў Ж.Верна, творы Х.К.Андэрсена, Б.Пруса, А.Брэма, Ч.Дарвіна.
літоўскі пісьменнік, драматург.Засл. дз. мастацтваў Літвы (1947). Нар. пісьменнік Літвы (1957). Прадстаўнік псіхал. рэалізму ў нац. л-ры. Найб. значны твор ранняга перыяду — апавяданне «Тапельніца» (1909). Мастацкае асэнсаванне лёсу краіны, асобы праз прызму гіст. падзей, сац. і маральныя праблемы, унутраны свет героя ў раманах Венуоліса «Перад днём» (1925), «Ростані» (1932), «Госця з Поўначы» (1933), «Міністр» (1935), «Сядзіба Пуаджунасаў» (1952), п’есах «Змрок» (1936), «1831 год» (1937). Аўтар кн. мемуараў «З маіх успамінаў» (1957) і інш. Выкарыстоўваў матывы груз. (цыкл «Каўказскія легенды», 1905—06), каўк. і літ. паданняў (кн. «Паданні і легенды», 1957). На бел. мову творы Венуоліса перакладалі С.Грахоўскі (у кн.: «Літоўскія апавяданні», 1957), Н.Рыбак (у кн. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).