СКВАРЦО́Ў-СЦЯПА́НАЎ Іван Іванавіч (сапр. Скварцоў, літ. псеўд. Сцяпанаў; 8.3.1870, г. Багародск, цяпер Нагінск Маскоўскай вобл. — 8.10.1928),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Маскоўскі настаўніцкі ін-т (1890). У рэв. руху з 1891, сацыял-дэмакрат з 1896, бальшавік з 1904, з 1921 чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б), чл. ЦК ВКП(б) з 1925. Удзельнік рэвалюцый 1905—07 і Кастр. 1917. У грамадз. вайну кіраўнік выд-ва «Камуніст». У 1920 удзельнічаў у аднаўленні органаў сав. улады на Беларусі. З 1925 рэд. газ. «Известия», нам. рэд. «Правды», рэд. «Ленинградской правды». Адначасова з 1926 дырэктар Ін-та Леніна пры ЦК ВКП(б). Чл. ЦВК СССР. Аўтар прац па эканам., гіст., прыродазнаўчых і філас. пытаннях. Пераклаў на рус. мову «Капітал» К.​Маркса.

Тв.:

Избранное. М., 1970.

Літ.:

Круглов А.А. Скворцов-Степанов — атеист. Мн., 1974.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНО́У (Snow) Чарлз Персі (15.10.1905, г. Лестэр, Вялікабрытанія — 1.8.1980),

англійскі пісьменнік, вучоны, дзярж. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т. Па адукацыі фізік. З 1930 працаваў у Кавендышскай лабараторыі ў Э.​Рэзерфарда. У 1939—66 на дзярж. пасадах. Асн. яго твор — цыкл раманаў «Чужыя і браты» (т. 1—11, 1940—70), у якім шырокая панарама жыцця англ. грамадства 1910—60-х г. Асн. тэмы — роль навукі і адказнасць вучоных у сучасным свеце, барацьба за ўладу ў сферы палітыкі і кіравання, перажыванні чалавека ў сувязі з перыпетыямі кахання і адзіноты. Аўтар дэтэктыўных раманаў «Смерць пад ветразем» (1932), «Лакіроўка» (1979), біягр. кн. «Тролап» (1975), публіцыстыкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1978.

Літ.:

Люксембург А.М. Творческий путь Ч.​П.​Сноу. Ростов н/Д, 1979;

Чарлз Перси Сноу: Биобиблиогр. указ. М., 1977.

Ч.П.Сноу.

т. 15, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛСБЕРЫ (Salisbury) Роберт Артур Толбат Гаскайн-Сесіл

(Gascoyne-Ceęil; 3.2.1830, г. Хатфілд, Вялікабрытанія — 22.8.1903),

брытанскі дзярж. дзеяч. Лорд (з 1861). Скончыў Оксфардскі ун-т (1849). З 1853 дэп. палаты абшчын ад партыі кансерватараў, з 1861 — палаты лордаў. У 1866—67 і 1874—78 міністр па справах Індыі, у 1878—80 міністр замежных спраў. Удзельнічаў у Берлінскім кангрэсе 1878. З 1881 лідэр Кансерватыўнай партыі. У 1885—86, 1886—92, 1895—1902 прэм’ер-міністр, адначасова (да 1900) міністр замежных спраў. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку па пашырэнні тэрыторыі і ўплыву Брыт. імперыі ў Азіі (захоп Верхняй Бірмы ў 1886) і Афрыцы, у выніку якой абвастрыліся англа-франц. адносіны і пачалася англа-бурская вайна 1899—1902. У 19 0 2 урад С. заключыў саюзны дагавор з Японіяй. Садзейнічаў узмацненню брыт. арміі і флоту. Выступаў супраць прадастаўлення аўтаноміі Ірландыі.

т. 15, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХА́РТА (Suharto; н. 8.6.1921, Кемусу, каля г. Салатыга, Інданезія),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Інданезіі. Скончыў ваен. школу ў г. Гомбанг. Ген. арміі. У 1945—49 удзельнік узбр. барацьбы Інданезіі супраць нідэрл. акупантаў. У 1962—63 камандаваў аперацыямі па выгнанні галандцаў з Зах. Ірыяна, у 1963—65 — стратэгічным рэзервам сухапутных войск. У 1965 задушыў спробу дзярж. перавароту, заняў пасады міністра абароны і камандуючага сухапутнымі войскамі. З 1966 нам. прэм’ер-міністра Інданезіі, з 1967 — в.а. прэзідэнта, з 1968 прэзідэнт Інданезіі. Ажыццяўляў палітыку «новага ладу», якая прадугледжвала развіццё рыначных адносін і арыентацыю на краіны Захаду пры жорсткім аўтарытарным рэжыме, што прывяло да эканам. ўздыму краіны ў 1970—80-я г. Аднак рост знешняй запазычанасці і карупцыя сталі прычынай фін. крызісу ў сярэдзіне 1990-х г. Пад націскам масавых нар. выступленняў у маі 1998 падаў у адстаўку.

т. 15, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЎСКІ Васіль Іванавіч (6.1.1849, г. Полацк Віцебскай вобл. — 4.10.1916),

расійскі гісторык народніцкага кірунку, грамадскі дзеяч. Брат М.І.Сямеўскага. Праф. (1882), д-р рус. гісторыі (1889). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1872), у 1882—86 у ім прыват-дацэнт. Вывучаў гісторыю сялянства 18—19 ст. і рабочага класа ў Расіі, вызв. рух дзекабрыстаў і петрашэўцаў. Адзін са стваральнікаў партыі нар. сацыялістаў (1906), чл. яе ЦК. У працах С. «Сяляне ў цараванне імператрыцы Кацярыны II» (т. 1—2, 1881—1901), «Сялянскае пытанне ў Расіі ў XVIII і першай палавіне XIX ст.» (т. 1—2, 1888), «Рабочыя на сібірскіх залатых промыслах» (т. 1—2, 1898), «Палітычныя і грамадскія ідэі дзекабрыстаў» (1909), «М.​В.​Буташэвіч-Петрашэўскі і петрашэўцы» (ч. 1, 1922) багаты архіўны матэрыял. У 1913—16 адзін са стваральнікаў і рэдактар гіст.-літ. часопіса ліберальна-народніцкага кірунку «Голос минувшего».

Э.​А.​Карніловіч.

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛО́ЧКА Уладзіслаў (8.2.1887, г. Гродна — 13.11.1942),

бел. рэлігійны і культурна-асветны дзеяч. У 1909—14 вывучаў тэалогію і філасофію ў каталіцкім ін-це ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 святар у Вільні. Адзін з першых пачаў публічна ўжываць бел. мову ў набажэнствах. У 1915—18 адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага к-та дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1917 быў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, у яе друкаваным органе газ. «Krynica» («Крыніца») змяшчаў артыкулы культ.-адраджэнскай і рэліг. праблематыкі. Удзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы. У міжваен. дваццацігоддзе адзін з вядучых публіцыстаў час. віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileriski» («Віленскі агляд»). З 1920-х г. праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. 15.12.1938 як «нядобранадзейная асоба» выселены ў Беласток. На пач. 2-й сусв. вайны вярнуўся ў Вільню.

т. 15, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛСТО́Й Дзмітрый Андрэевіч (13.3.1823, Масква — 7.5.1889),

граф, рас. дзярж. дзеяч, гісторык. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1843). З 1848 служыў у дэпартаменце духоўных спраў Мін-ва ўнутр. спраў, з 1853 — у Марскім мін-ве. З 1861 сенатар, з 1866 чл. Дзярж. савета. У 1865—80 обер-пракурор Сінода, з 1866 міністр нар. асветы. Правёў рэформы сярэдняй адукацыі (1871), гар. вучылішчаў (1874), духоўных навуч. устаноў пры Сінодзе (1867, 1869). У 1882—89 міністр унутр. спраў Расіі і шэф корпуса жандараў, Прыхільнік «моцнай» улады, адзін з лідэраў паліт. рэакцыі 1880-х г. З дапамогай А.​Дз.​Пазухіна распрацаваў праекты «контррэформ»: «Закон аб земскіх участковых начальніках» (1889), «Палажэнне аб земскіх установах» (1896). З 1882 прэзідэнт Акадэміі навук. Аўтар прац «Гісторыя фінансавых устаноў Расіі з часоў заснавання дзяржавы да смерці імп. Кацярыны II» (1848), «Рымскі каталіцызм у Расіі» (1876).

Дз.​У.​Караў.

т. 15, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЦЦЯ́К Іван Майсеевіч (н. 20.2.1923, с. Малая Папоўка Харольскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

савецкі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1976). Герой Сав. Саюза (1945), Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Астраханскае стралкова-кулямётнае вучылішча (1941). Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1949) і Генштаба (1959), Вышэйшыя акад. курсы (1970). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на Зах. і 2-м Прыбалт. франтах: камандзір роты, батальёна, палка. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. У 1967—76 камандуючы Беларускай ваеннай акругай, з 1976 — Далёкаўсх. ваен. акругай. У 1987—91 галоўнакаманд. войскамі ППА — нам. міністра абароны СССР. Канд. у чл. ЦК КПСС з 1971, чл. ЦК КПСС у 1976—91. Чл. ЦК КПБ у 1971—76, Бюро ЦК КПБ у лют.—жн. 1976. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—89. Аўтар кнігі «Храбрыя сэрцы аднапалчан» (1977).

Б.​Дз.​Далгатовіч.

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУЦЭ́ВІЧ Іаіль (7—1654),

бел. грамадскі і культ. дзеяч, друкар, пісьменнік. Дзяцінства і юнацтва, верагодна, прайшлі ў Магілёве, дзе ён мог атрымаць адукацыю. Чл. Магілёўскага богаяўленскага брацтва (2-я чвэрць 17 ст.), ігумен Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (г, Орша). Магчыма, у Магілёве пазнаёміўся з бел. друкаром і асветнікам С.Собалем. Удзельнічаў у заснаванні Куцеінскай друкарні, з сярэдзіны 1630-х г. яе кіраўнік. Да многіх нелітургічных выданняў напісаў прадмовы на бел. і царкоўнаслав. мовах. Пад яго рэдакцыяй выйшлі «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.​Бярынды (1653), «Трефологіонъ» (1647) і інш. Прыхільнік грамадска-паліт. і культ. сувязей з Рус. дзяржавай. Памёр у час пераезду друкарні ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам.

Літ.:

Харлампович К.В. Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. 1. Казань, 1914;

Жудро Ф. Иоиль Труцевич, первый игумен кутеинских монастырей // Могилевские епархиальные ведомости. 1891. № 8—11.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 15, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ДЖМАН (Tudjman, Tudman) Франьё (14.5.1922, Вяліка-Трговішча, Харватыя — 10.12.1999), харвацкі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Ген.-маёр (1960), д-р гіст. навук. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. партыз. руху.

Пасля 1945 служыў у югасл. Мін-ве абароны і Генштабе. З 1961 вучыўся ў Заграбскім ун-це, з 1963 выкладаў у ім, потым дырэктар Ін-та гісторыі харвацкага рабочага руху (г. Заграб), У 1967 за выступленні ў абарону самабытнасці харвацкай мовы звольнены з працы і выключаны з Саюза камуністаў Югаславіі. Да 1969 выбіраўся дэпутатам харвацкага Сабара (парламента). У 1971—73 зняволены югасл. ўладамі за «контррэв. дзейнасць», у 1981—84 — за «антыдзярж. прапаганду». У 1989 заснаваў Харвацкую дэмакр. садружнасць (з 1998 старшыня гэтай партыі). З мая 1990 старшыня Дзярж. прэзідыума, са жн. 1992 прэзідэнт Харватыі. Устанавіў у краіне аўтакратычны рэжым. Аўтар шэрагу кніг.

М.​С.​Даўгяла.

Ф.Туджман.

т. 16, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)