ДАЎГЯ́ЛА (Дзмітрый Іванавіч) (1.11.1868, в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — крас. 1942?),
беларускі гісторык, архівіст, археограф, крыніцазнавец. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). З 1897 працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах стараж. актаў. З 1906 член, з 1912 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі, рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества», ганаровы чл.Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. З 1921 заг. Магілёўскага губ. архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар б-кі АНБССР, з 1937 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АНБССР. Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі. Першы даследаваў гісторыю і гіст. тапаграфію полацкіх, Барысаўскага, Свіслацкага, Аршанскага замкаў, вывучаў гісторыю нац. меншасцей у Беларусі. Складальнік, рэдактар, удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў» (т. 27—32, 1899—1906), Актаў Віленскай камісіі (т. 32—37, 1907—12), «Беларускага архіва» (т. 1—3, 1927—30), «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936) і інш. 10.12.1937 арыштаваны, 11.9.1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1964.
Тв.:
3 беларускага пісьменства XVII ст.Мн., 1927;
Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІЗІЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1953 у Мінску на базе Ін-та тэарэт. медыцыны (з 1947). Лабараторыі (1998): фізіялогіі функцыян. сістэм, рэгулятарных бялкоў і пептыдаў, фізіялогіі аферэнтных сістэм, прыкладной фізіялогіі, фізіялогіі ствала галаўнога мозга; групы функцыян нейрамарфалогіі, экстракардыяльных механізмаў рэгуляцыі кровазвароту, эколага-фізіял праблем. Аспірантура (з 1953).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне цэнтр. і перыферыйных механізмаў тэрмарэгуляцыі, тэмпературнай устойлівасці арганізма; функцыянальная характарыстыка вісцэральных аферэнтных сістэм і іх сувязі з нерв. цэнтрамі; фізіял. механізмы і марфалагічныя асновы жыццяздольнасці арганізмаў чалавека і жывёл у залежнасці ад фіз. і хім. фактараў асяроддзя. Вынікі даследаванняў: распрацавана канцэпцыя дзейнасці нерв. цэнтраў (мадэль нейроннай сеткі), у аснову якой пакладзены прынцып растарможвання нейронаў; вывучаны пытанні паталагічных станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме; выяўлены ахоўныя ўласцівасці фактару росту нерваў і эпідэрмісу пры цеплавым і акісляльным стрэсе, уздзеянні на арганізм іанізуючай радыяцыі. У Ін-це працавалі акад.АНБеларусі І.А.Булыгін, А.С.Дзмітрыеў, В.А.Лявонаў, Д.А.Маркаў, чл.-кар. А.Ю.Бранавіцкі, працуюць акад.Нац.АНБеларусі Д.М.Голуб, В.М.Гурын (дырэктар з 1984), акад.Нац.АНБеларусі і РАМН У.А.Мацюхін, чл.-кар. М.І.Арынчын, У.У.Салтанаў, 9 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЮ́К (Аляксей Нічыпаравіч) (14.4.1920, в. Страшава Беластоцкага ваяв., Польшча — 14.7.1992),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ.Беларусі (1980). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1949), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1961). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах.Беларусі. У 1949—59 на пед. і журналісцкай рабоце, у 1977—81 дырэктар Рэсп. музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне. У 1978—92 сакратар Гродзенскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першы твор — аповесць «У адным інстытуце» (1953). Асн. тэматыка творчасці — жыццё працоўных Зах.Беларусі, змены, што адбыліся ў іх свядомасці і псіхалогіі, падзеі вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці: аповесці «Данута» (1959), «Пушчанская адысея» (1964), «Сучасны канфлікт» (1983), «Рэквіем» і «Белая Дама» (абедзве 1991). Аўтар рамана-былі «Вершалінскі рай» (1972), зб-каў аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), кніг нарысаў «Мая Гродзеншчына» (1960), «Чаго мы варты» (1970), «След на зямлі» (1972), «Вольга Корбут» (1977; у сааўт.). Для яго твораў характэрна насычанасць рэальнымі фактамі, абвостранасць канфліктаў, публіцыстычнасць, рамантычнасць. За кн. прозы «Сучасны канфлікт» (1985) Літ. прэмія імя І.Мележа 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ЎСКІ (Генадзь Аляксандравіч) (8.1.1936, в. Дамашы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 15.1.1994),
бел. гісторык, краязнавец, фалькларыст, літ.-знавец. Д-ргіст. навук (1992). Скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1963). Працаваў у Мінскім абл. краязнаўчым музеі ў г. Маладзечна, з 1982 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБеларусі, у 1991—94 — у Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны. Даследаваў развіццё археалогіі, краязнаўства, музейнай справы, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак выяўленыя ў архівах невядомыя раней дакументы і творы (грамату З.Даленгі-Хадакоўскага на права археал. раскопак, рукапісы Т.Нарбута, А.Кіркора, У.З.Завітневіча і інш.). Аўтар літ.-краязнаўчых нарысаў пра Я.Купалу, М.Багдановіча, Я.Баршчэўскага, А.Гурыновіча, Ф.Тапчэўскага, М.Чарота, кніг па гісторыі гарадоў Беларусі («Маладзечна», 1971, 1988; «Вілейка», 1974). Першы старшыня Бел. краязнаўчага т-ва (1989—94).
Тв.:
Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн.. 1984;
Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Повязь часоў. Мн., 1985;
Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989 (разам з Л.А.Малаш, К.А.Цвіркам);
Прадвесне навукі. Мн., 1990;
А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю...: З біягр. М.Багдановіча. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РШУНАЎ (Аляксандр Фаміч) (4.3.1924, в. Палішына Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 12.7.1991),
бел.літ.-знавец, гісторык стараж.бел. л-ры, тэкстолаг. Канд.філал.н. (1956). Скончыў БДУ (1950). У 1954—91 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы АНБеларусі. Даследаваў стараж.бел. л-ру, царк.-палемічную і мемуарную л-ру 16—17 ст., асаблівасці выданняў Ф.Скарыны, іх уплыў на выдавецкую дзейнасць С.Буднага, В.Цяпінскага, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца, Р.Хадкевіча. Складальнік навук. зборнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да выданняў «Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры» (1959), «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці» (1975), «Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.» (1983), кніг Ф.Скарыны «Прадмовы і пасляслоўі» (1969), «Творы» (1990). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1, 1968), 2-томнага даследавання «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977; на рус. мове; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980).
Тв.:
Афанасий Филиппович: Жизнь и творчество. Мн., 1965.
Літ.:
Батвіннік М.Б. Даследчык беларускай старажытнай літаратуры // Весці АНБеларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;
Кароткі У. «З зычливости ку моей отчизне...» // Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАЛЕ́ВІЧ (Леанард Віктаравіч) (н. 5.12.1936, в. Казлоўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Праф.міжнар. Акадэміі архітэктуры ў Маскве (з 1997). Скончыў БПІ (1961). Працаваў у ін-тах «Брэстграмадзянпраект», «Мінскпраект», у апараце ЦККПБ. З 1976 нам. старшыні Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1990) кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Асн. работы: у Брэсце — б. Дом палітасветы (1964, цяпер культ. цэнтр), комплекс політэхн. ін-та (1965), жылыя 10-павярховыя дамы па вул. Маскоўскай (1964—75, абодва ў сааўт.), Палац культуры ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. (1968); у Мінску — пансіянат СМБеларусі на Заслаўскім вадасховішчы (1968, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), комплекс Бел. ун-та культуры (1975) і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1978, усе ў сааўт.), муз. вучылішча імя М.Глінкі (1976), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», Палац рэспублікі (1999, будуецца), жылыя дамы па вуліцах Багдановіча з магазінам «Несцерка» (1974), Караля (1970-я г.), Л.Бяды, Някрасава (1990-я г.), помнікі М.Багдановічу (1982), У.І.Леніну ў г. Орша Віцебскай вобл. (1984); серыі тыпавых жылых дамоў і блок-секцый для малых гарадоў Беларусі (1984) — усе ў сааўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЕ ЖЫЦЦЁ»,
штотыднёвая газета. Выдавалася Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй з 3.3 да 21.5.1923 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Я.Лагіновіч. Адлюстроўвала паліт. настроі сялян і радыкальнай інтэлігенцыі Зах.Беларусі. Пад рубрыкамі «Палітычныя падзеі», «З газет», «Весткі з сейму» з рэв.-дэмакр. пазіцый асвятляла міжнар. жыццё, паліт. становішча ў Польшчы, барацьбу ў парламенце прадстаўнікоў левых сіл, змяшчала выступленні дэпутатаў, іх паліт. заявы. Друкавала матэрыялы аб праявах сац. і нац. ўціску працоўных Зах.Беларусі, асвятляла культ. жыццё ў Зах. і Сав.Беларусі. З артыкуламі пра задачы вызв. барацьбы выступалі Лагіновіч (псеўд. Лаўрыновіч), Л.Родзевіч (псеўд. Р.Юргілевіч). Серыю артыкулаў «Беларускі пасольскі клуб у польскім сейме», «Што такое «Wyzwolenie» з беларускага пункту гледжання» апубл. У.Самойла (псеўд. Суліма). Пра стан асветы ў Зах.Беларусі пісаў С.Рак-Міхайлоўскі (псеўд. Баўтручонак). Змяшчала літ. творы У.Жылкі (паэма «Уяўленне», вершы), Родзевіча (драм. абразкі, лірыка), І.Канчэўскага (псеўд. Ганна Галубянка), Ф.Чарнышэвіча і інш., артыкулы Р.Зямкевіча пра развіццё бел. л-ры. Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Пасля забароны выходзіла газ. «Наша жыццё» (з 27.5 да 25.6.1923, выйшла 6 нумароў). 6.7.1923 выпушчана аднадзёнка «Наша новае жыццё».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛУ́ЖНЫ (Аляксандр Іосіфавіч) (н. 16.8.1935, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец.
Акад. Нац.АНБеларусі (1994; чл.-кар. 1989). Д-рфілал.н. (1982), праф. (1989). Засл. дз. нав.Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1959). З 1962 у Ін-це мовазнаўства (з 1969 заг. аддзела, з 1983 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар), адначасова з 1997 акад.-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нац.АНБеларусі. Даследуе бел. фанетыку і фаналогію, сучасную лексікаграфію, правапіс, культуру мовы. Аўтар прац «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1969), «Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), сааўт. кн. «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд. 1990), «Падручнік беларускай мовы. Для самаадукацыі» (1994), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990), зб. «Пытанні культуры пісьмовай мовы» (1991), вучэбнага дапаможніка «Фанетыка беларускай мовы» (1984), сааўтар і навук. рэдактар «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985) і інш.Гал. рэдактар штогодніка «Беларуская лінгвістыка» (з 1989) і час. «Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук» (з 1997).
Тв.:
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987 (у сааўт.);
Практыкум па фанетыцы беларускай мовы. Мн., 1989 (разам з А.А.Крывіцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ (Віктар Сазонавіч) ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст.Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.К.Макарэвіч (1960), А.М.Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.З.Харужай (1965), М.П.Шмырова (1978), Р.Н.Мачульскага (1979), М.А.Кедышкі (1984), В.А.Тумара (1985), доктара мед. навук Л.С.Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.І.Селіханава (1982), П.В.Масленікава (1988), Я.А.Зайцава (1994), В.А.Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.А.Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр.Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр.Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.