ГАВО́РСКІ Ксенафонт Антонавіч
(1821, Кіеў ? — 29.6.1871),
бел. гісторык, археолаг, выдавец. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1845). Працаваў у Полацкай духоўнай семінарыі. У 1857—58 рэдактар неафіц. часткі «Витебских губернских ведомостей». З 1862 у Кіеве, з 1864 у Вільні. Выдаваў час. «Вестник Западной России». У грамадскай і навук. дзейнасці як адзін з пачынальнікаў заходнерусізму ўхваляў мерапрыемствы царызму ў Паўн.-Зах. краі, асуджаў паўстанне 1863—64. Праводзіў раскопкі курганоў каля Полацка і ў Лепельскім пав. (ахарактарызаваў структуру і вызначыў час іх узнікнення). Апісаў стараж. (т.зв. Альгердаву) дарогу з Полацка на Вільню і помнікі абапал яе. Апублікаваў важныя для гісторыі Беларусі дакументы (многія іх арыгіналы пазней загінулі). Пісаў пра гісторыю правасл. цэркваў на Беларусі.
Літ.:
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мысьлі Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;
Алексеев Л.В. Очерк истории белорусской дореволюционной археологии и исторического краеведения до 60-х годов XIX в. // Сов. археология. 1967. № 4;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
Г.А.Каханоўскі.
т. 4, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)