род рыб сям. керчакавых атр. скарпенападобных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, зрэдку трапляюцца ў, перадвусцевых участках мора. Донныя маларухомыя жывёлы. Актыўныя на змярканні і ноччу. Жывуць паасобку ў водных зарасніках або пад камянямі (адсюль назва). На Беларусі П. звычайны (C. gobio, нар. назвы аўдотка, бычок, галавач, пундач, пячкур, шыракалобка) трапляецца ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і камяністым дном, у многіх азёрах Бел. Паазер’я.
Даўж. да 12 см. Галава вял., пляскатая. Вочы чырванаватыя, на верхнім баку галавы Цела голае, шаравата-бурае або зеленаватае, з цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 2 (1-ы меншы за 2-і). Кормяцца лічынкамі насякомых, ікрой і маляўкамі рыб. Перад нерастам самец будуе прымітыўнае гняздо, потым ахоўвае ікру і малявак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны 19 ст. ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Размешчана каля дарогі на в. Гарнастаевічы. У ансамбль уваходзяць сядзібны дом і парк. Сядзібны дом — прамавугольны ў плане будынак, накрыты высокім ламаным дахам. У архітэктуры будынка спалучаюцца рысы барока і класіцызму. Дом пастаўлены на падмурку з драўляных брусоў. Тры рызаліты (над сярэднім — мансарда) вылучаны на гал. фасадзе выступамі, на паркавым — гранёнымі эркерамі з ламанымі шатровымі дахамі. Тарцы дома фланкіраваны 2 двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі спічастымі шатровымі дахамі. Цэнтр. ўваход аформлены 4-слуповым ганкам. У аздобе фасадаў выкарыстана разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Інтэр’еры не захаваліся. Парк рэгулярнай планіроўкі з сістэмай узаемна перпендыкулярных алей. Перадгал. фасадам дома размешчаны круглы партэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛО́Г (грэч. prologos ад pro перад + логас),
уступ, які папярэднічае асноўнай частцы эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. П. знаёміць чытача з героямі, у ім аўтар паведамляе гісторыю ўзнікнення твора, яго задумы. Найчасцей П. псіхалагічна і эмацыянальна падрыхтоўвае чытача ці гледача да ўспрымання карцін жыцця, падзей, адлюстраваных у творы (напр., П. паэмы «Медны коннік» А.Пушкіна, «Слова двух сведак» у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У.Караткевіча). У П. апавяданне можа весціся ад імя аўтара або персанажа. Тэрмін «П.» можа і не прыгадвацца ў творы, але пэўная яго частка па сваім значэнні з’яўляецца П. (напр., 1-я частка ў паэме Я.Купалы «Курган», у якой апісваецца старадаўні курган). Бывае не ў кожным маст. творы. У адрозненне ад прадмовы П. — заўсёды мастацкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТАЯ РЭСПУ́БЛІКАў Францыі,
палітычны рэжым паводле дзеючай канстытуцыі 1958 (падрыхтавана ўрадам Ш. дэ Голя, прынята рэферэндумам 28.9.1958, уведзена ў дзеянне 5.10.1958). Для рэжыму П.р. характэрны вял. паўнамоцтвы выканаўчай улады, асабліва прэзідэнта (адначасова вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі) пры абмежаванні правоў парламента. Прэзідэнт мае права распусціць Нац. сход (ніжнюю палату парламента) і прызначыць новыя выбары, а ў выпадку надзвычайных абставін — прыняць на сябе ўсю паўнату ўлады. Урад адказны перад парламентам і фарміруецца з прадстаўнікоў партый, чые фракцыі складаюць большасць у Нац. сходзе. Прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра (звычайна лідэра партыі, што перамагла на выбарах у Нац. сход) і па яго рэкамендацыі міністраў. З кастр. 1962 прэзідэнта выбіраюць прамым усеагульным галасаваннем. Франц. П.р. — прамежкавы паміж парламенцкай рэспублікай і прэзідэнцкай рэспублікай тып рэсп.дзярж. ладу («паўпрэзідэнцкая рэспубліка»). Гл. таксама раздзел Дзярж. лад у арт.Францыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Упершыню згадваецца ў інвентары Радашковіч за 1549. Размяшчаўся паміж 2 ставамі, утворанымі на рэках Гуйка і Вязынка, на «капцы сыпаным», і формай нагадваў няправільны чатырохвугольнік. З усіх бакоў замак акружала вада. У замку было 5 вежаў (у т. л. вежа-брама), звязаных паміж сабой сценамі (гароднямі). Адна вежа месцілася асобна на падворку. Сярод узбраення Р.з. ў інвентары згадваюцца гарматы, гакаўніцы, ручніцы, аркебузы, кіі. Былі таксама запасы свінцу, пораху і інш.Перад замкам размяшчаліся арсенал, 2 млыны, сядзібны дом, лазня, бровар і інш.гасп. пабудовы. У інвентары адзначана, што Р.з. «добрага будованья, не гнилого». Цяпер замчышча часткова разбурана і занята сучаснай забудовай.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ННЕ,
адлёт з вулля маткі з часткай пчол для ўтварэння новай сям’і; прыроднае размнажэнне пчаліных сем’яў. Бывае ў 1-й пал. лета (на Беларусі ў 1-й пал.чэрв.), калі пчаліная сям’я мае вял. колькасць расплоду і лішак рабочых пчол.
Перад Р. пчаліная сям’я будуе матачнікі для маладых матак, пчолы-разведчыкі знаходзяць новае жыллё. У гэты час яйцаноскасць і маса маткі значна зніжаецца, памяншаецца аб’ём яе яечнікаў, выпростваюцца паветраныя мяшкі ў брушку. і яна набывае здольнасць да палёту. Пры Р. з вулля вылятаюць пчолы з маткай, «прышчэпліваюцца» (збіваюцца ў кучу) на галінцы дрэва, потым пералятаюць і робяць новае гняздо. Ад адной пчалінай сям’і можа аддзяліцца некалькі раёў. У штучных умовах аддзяляюць ч. пчалінай сям’і і падсаджваюць да іх плодную матку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗГО́РТВАННЕ ВОЙСК,
стварэнне груповак войск (сіл) і іх аператыўнае (баявое) пастраенне для вядзення ваен. дзеянняў. Бывае стратэг., аператыўнае і тактычнае. Пры стратэгічным Р.в. ажыццяўляецца перавод узбр. сіл на ваен. становішча, завяршаецца непасрэдная падрыхтоўка да вайны. Можа ажыццяўляцца адначасова або паступова, скрыта або адкрыта. У ходзе аператыўнага Р.в. ствараюцца аператыўныя групоўкі войск (сіл) на тэатрах ваен. дзеянняў, стратэг. і аператыўных напрамках, ажыццяўляецца іх перагрупоўка і заняцце палос абароны (зыходных раёнаў для наступлення), перабазіраванне авіяцыі, сіл флоту і інш. Пры тактычным Р.в. падраздзяленні (часці і злучэнні) займаюць зыходныя рубяжы, раёны (агнявыя і стартавыя пазіцыі), прымаюць баявы парадак непасрэдна перад атакай і інш. Своечасовае Р.в. дасягаецца наяўнасцю абароненых сістэм кіравання і сувязі, падтрымкай пастаяннай баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войск (сіл), своечасовай падрыхтоўкай неабходных рубяжоў, раёнаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАН (Лазар Саулавіч) (18.4.1909, г. Даўгаўпілс, Латвія — 5.8.1989),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працаваў у станковай графіцы і жывапісе. Сярод графічных твораў: серыі «Брэсцкая крэпасць» (1952), «Мінскае гета» (1970), альбомы купалаўскіх і коласаўскіх мясцін «Мой родны кут, як ты мне мілы...» (1958—60), «Па родных мясцінах Я.Купалы» (1970), партрэты П.Мядзёлкі (1970), Кітэчкінай — удзельніцы французскага супраціўлення» (1983), В.Іпатавай (1984). Аўтар жывапісных кампазіцый «Акупанты» (1938), «Дзядуля-герой», «Звесткі з Петраграда» (абедзве 1957), «Сталявары» (1958), «Беларуская легенда», «Я.Колас у Навагрудку» (абедзве 1960), «Перад уборкай ураджаю ў калгасе імя Я.Коласа», «Ф.Скарына» (абедзве 1963), «Сустрэча ў Вільні» (1980), «Я.Купала і Цётка каля Чорнага возера» (1983). Творы адметныя складанай графічнай тэхнікай, дакладным жывым малюнкам, глыбокім псіхалагізмам.
французскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў фавізму. Вучыўся ў Парыжы ў школах дэкар. (1885—89) і прыгожых (1890 — каля 1895) мастацтваў. Зазнаў уплывы Г.Маро, візант. мазаікі, гатычнага вітража, экспрэсіянізму. Творчасці ўласцівы трагізм светаўспрымання, містычна-сімвалічны лад, зварот да рэліг. тэматыкі і закуліснага жыцця грамадства, востры гратэск форм, рэзкі контурны малюнак, вітражная кантрастнасць колераў, пастозная манера пісьма: «Вулічныя жанчыны» (1903), «Трагічны клоун» (1904), «Танец» (1905), «Перад люстэркам» (1906), серыя «Суддзі» (1908), аўтапартрэт (1925), «Стары кароль», «Хрыстос і рыбакі» (абедзве 1937), «Галава Хрыста» (1938), «Вераніка» (каля 1945), «Змярканне» (1952) і інш. Аўтар дэкарацый і касцюмаў да балета «Блудны сын» С.Пракоф’ева ў пастаноўцы С.Дзягілева (1929, Парыж), вітражоў, ілюстрацый да твораў Ш.Бадлера, А.Жары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Про́йгра ’апладненне пчалінай маткі’ (Сцяшк. Сл.), про́jигра ’тс’ (Анох.), про́игра ’вясенні вылет пчол’ (Манаенкава, Словарь). Рус.про́игра ’вылет і таўкатня пчол каля вулля, каб прасушыцца і ачысціцца перад зімоўкай’. Да ігра, іграць (гл.); што да семантыкі слова, то параўн. такія значэнні дзеяслова іграць, як ’спарвацца (аб птушках)’, ’аб злучцы жывёлы’ і да т. п.