ПЕРАВАРО́ТАЎ ДВАРЦО́ВЫХ ЭПО́ХА,

назва перыяду рас. гісторыі з 1725 да 1762, калі змена манархаў і правячых эліт адбывалася звычайна шляхам дварцовых пераваротаў, якія ажыццяўлялі дваранскія групоўкі, што змагаліся за ўладу. Асн. падзеі: у лют. 1725 пасля смерці Пятра I яго ўдава Кацярына I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым у абыход унука Пятра I Пятра Аляксеевіча (імператар Пётр II у 1727—30); у вер. 1727 групоўка старой маскоўскай знаці адхіліла ад рэгенцтва пры малалетнім Пятру II Меншыкава; у ліст. 1740 групоўка ген.-фельдмаршала Б.​К.​Мініха адхіліла ад рэгенцтва пры імператару-дзіцяці Іване VI Э.​І.​Бірона і зрабіла рэгенткай маці імператара Ганну Леапольдаўну; у снеж. 1741 Лізавета Пятроўна [1741—62] пры падтрымцы гвардыі скінула Івана VI; 9.7.1762 Кацярына II [1762—96] з дапамогай гвардз. палкоў скінула мужа Пятра III, які 18.7 1762 быў забіты яе прыхільнікамі, і заняла прастол у абыход сына Паўла I.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНТУРЫ́К’Ё [Pinturicchio; сапр. Бернардзіна ды Бета ды Б’яджа (Bernardino di Betto di Biagio); каля 1454, г. Перуджа (?), Італія — 11.12.1513],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу эпохі Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплыў П.​Перуджына, якому дапамагаў пры стварэнні фрэсак Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1481—82). У творчасці спалучаў імкненне да натурнай дэталёвасці з дэкаратыўнасцю і паэтызацыяй вобраза чалавека і навакольнага свету. Манум. размалёўкі вызначаюцца стракатым каларытам і багаццем арнаментальных матываў: фрэскі ў капэле Буфаліні царквы Санта-Марыя ін Арачэлі (каля 1485) і царквы Санта-Марыя дэль Попала (1509) у Рыме, апартаментаў Борджа ў Ватыкане (1493—94), бібліятэкі Пікаломіні ў Сіенскім саборы (1503—08). У станковым жывапісе працаваў у партрэтным і міфалагічным жанрах: «Партрэт хлопчыка» (1485), «Адысей і Пенелопа» (1509) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Пінтурык’ё. Імператар Фрыдрых III вянчае лаўрамі паэта Энеа Сільвіо Пікаломіні. Фрэска ў бібліятэцы Пікаломіні ў Сіенскім саборы. 1503—08.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫБЕ́РЫЙ Клаўдзій Нерон (Claudius Nero Tiberius; 16.11.42 да н.э. — 16.3.37 н.э.),

рымскі імператар [14—37 н.э.]. Палкаводзец у арміі Аўгуста, у 20 да н.э. здзейсніў паход у Арменію, у 15 да н.э. — да вытокаў Дуная, у 12—9 да н.э. ваяваў з панонцамі, у 8—7 да н.э. з германцамі. Усыноўлены Аўгустам у 4 н.э. і ў завяшчанні абвешчаны наследнікам. У 13 стаў суправіцелем Аўгуста, пасля яго смерці — імператарам. Пры Т. ўмацаваны прынцыпат, павялічана дзярж. казна (за кошт скарачэння выдаткаў на відовішчы, раздач плебсу, грамадскага будаўніцтва), палепшана сістэма кіравання правінцыямі; правы абрання магістратаў перададзены сенату. Узмацніў ганенні на апазіцыю сената праз суд. працэсы за знявагу велічы імператара. З 27 жыў на в-ве Капры і адтуль кіраваў імперыяй.

Літ.:

Светоний Г.Т. Жизнь двенадцати Цезарей: Пер. с лат. М., 1993;

Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНЕ́СКА (Ionesco) Эжэн (26.11.1912, г. Слаціна, Румынія — 28.3.1994),

французскі драматург. Член Франц. акадэміі (1970). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1938). З 1938 жыў у Францыі. Першая п’еса «Лысая спявачка» (паст. 1950) — своеасаблівы маніфест т. зв. «тэатра абсурду», У рэчышчы якога напісаны і ўсе наступныя п’есы: «Урок» (паст. 1951), «Крэслы» (паст. 1952), «Амедэй» (1954), «Забойца па прызванні» і «Насарог» (абедзве паст. 1959), «Кароль памірае» (паст. 1962), «Паветраны пешаход» (1963), «Гульні ў забойства» (1970), «Макбет» (1972), «Падарожжа да мерцвякоў» (1981) і інш. Праз абсурдныя сітуацыі, статычнасць персанажаў і дзеяння, унутр. замкнёнасць паказаў адчужанасць, ізаляванасць асобы ў варожым ёй свеце, што вядзе да трагічнай непазбежнасці смерці. Аўтар кн. «Тэатр» (т. 1—5, 1962—74), рамана «Пустэльнік» (1973), эсэ, успамінаў. На бел. мову перакладзена п’еса «Лысая спявачка» (пер. З.​Колас), п’еса «Віват, імператар!» пастаўлена Бел. т-рам імя Я.​Купалы ў 1993.

Тв.:

Бел. пер. — Лысая спявачка // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,

каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс. італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.​К.​Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.

Літ.:

Булатович А.К. С войсками Менелика II. М., 1971.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 7, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́ТЫ ПА СПРА́ВАХ ЦА́РСТВА ПО́ЛЬСКАГА,

вышэйшыя дарадчыя органы пры рас. імператарах для выпрацоўкі дзярж. палітыкі ў дачыненні да Каралеўства Польскага (Царства Польскага) у 19 ст. 1) Засн. 29.8.1831 пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Быў таксама апошняй судовай інстанцыяй па справах аб удзельніках паўстання, у т. л. асуджаных Вярх. крымін. судом у Варшаве. З 1834 дзейнічаў нерэгулярна, скасаваны 21.11.1841. Старшыні: В.​П.​Качубей (1831—34), М.​М.​Навасільцаў (1834—38), І.​В.​Васільчыкаў (1838—41).

2) Засн. 8.3.1864 у сувязі з паўстаннем 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве; да 13.12.1866 дзейнічаў тайна. Рыхтаваў законапраекты, якія зацвярджаліся імператарам ці паступалі на абмеркаванне Дзярж. савета, па ўказанні імператара абмяркоўваў пытанні, якія датычыліся Царства Польскага. Скасаваны 10.6.1881. Старшыні: імператар Аляксандр II (1864—72), вял. князь Канстанцін Мікалаевіч (1872—81); фактычна гэтыя абавязкі выконвалі старшыні Кабінета міністраў П.​П.​Гагарын (1864—71), П.​М.​Ігнацьеў (1872—79), П.​А.​Валуеў (1879—81).

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТА́НЦА (Constanda),

горад на ПдУ Румыніі, на ўзбярэжжы Чорнага м. Адм. ц. жудзеца Канстанца. 747,4 тыс. ж. (1994). Гал. порт краіны на Чорным м. На паўд. ускраіне К. порт Аджыджа. Міжнар. аэрапорт. Канцавы пункт канала Дунай — Чорнае м. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, цэлюлозна-папяровая, мэблевая, тэкст., харчовая. Археал. і маст. музеі. Марскі акварыум. Руіны стараж.-рымскіх пабудоў 2—3 ст., візант. базілік 5—6 ст. Мячэці 18—19 ст. Цэнтр прыморскага курортнага раёна.

На месцы К. ў 6 (паводле інш. звестак у 7) ст. да н.э. стараж. грэкі з Мілета заснавалі калонію Томы, якую ў 29 да н.э. заваявалі рымляне. У 8—17 гадах н.э. тут адбываў ссылку рым. паэт Авідзій. Рым. імператар Канстанцін Вялікі [306—337] перайменаваў Томы ў Канстанцініяну. Пазней належала Візантыі, Балгарыі (з 7 ст.). У 14 ст. порт К. выкарыстоўвалі генуэзскія купцы. У часы гур. панавання (1413—1878) горад заняпаў, рыбацкае пасяленне (Кюстэнджэ). З 1878 у складзе Румыніі.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГЕРЛЁФ (Lagerlöf) Сельма Атылія Лувіса (20.11.1858, маёнтак Морбака, Швецыя — 16.3.1940),

шведская пісьменніца. Чл. Шведскай акадэміі (з 1914). Скончыла настаўніцкую семінарыю ў Стакгольме (1885). Літ. поспех прынёс раман пра жыццё шведскай правінцыі «Сага пра Ёсту Берлінга» (1891). Аўтар навел (зб-кі «Нябачныя ланцугі», 1894; «Тролі і людзі», т. 1—2, 1915—21), раманаў («Іерусалім», т. 1—2, 1901—02; «Дом Лільекроны», 1911; «Імператар Партугальскі», 1914; «Адступнік», 1918), гіст. трылогіі (раманы «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», «Шарлота Лёвеншольд», абодва 1925; «Ганна Сверд», 1928). Пісала легенды, кнігі для дзяцей. Яе творы прасякнуты духам хрысц. гуманізму, у іх спалучэнне рэалізму з рамант. фантастыкай, вытанчаны псіхалагізм у паказе чалавечых характараў і выразны лірычны пачатак. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў Т.​Тамашэвіч. Нобелеўская прэмія 1909.

Тв.:

Бел. пер. — Пярсцёнак Лёвеншольдаў // Уэлс Г., Лагерлёф С. [Раманы]. Мн., 1997;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. СПб.,1991—93.

Літ.:

Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.

Л.​П.​Баршчэўскі.

С.Лагерлёф.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Я ТЭРЭ́ЗІЯ (Maria Theresia; 13.5.1717, Вена — 29.11.1780),

эрцгерцагіня Аўстрыі, каралева Чэхіі і Венгрыі (з 1740), імператрыца «Свяшчэннай Рым. імперыі» (з 1745). З дынастыі Габсбургаў. Дачка імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла VI (правіў у 1711—40). Атрымала ў спадчыну аўстр. прастол пасля смерці бацькі паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (у 1740—48 спадчыннае права М.Т. аспрэчвалі еўрап. манархіі ў ходзе вайны за аўстрыйскую спадчыну). Да 1765 яе суправіцелем быў муж (з 1736) герцаг Франц Стэфан Латарынгскі (з 1745 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Франц I), з 1765 — старэйшы сын Іосіф II. У час праўлення М.Т. Аўстрыя ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63 і 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772), завалодала Букавінай (1775); ва ўнутр. палітыцы цэнтралізавала дзярж. кіраванне, садзейнічала развіццю прам-сці і гандлю, прытрымлівалася асветнага абсалютызму, у т. л. заснавала нар. школьніцтва ў Аўстрыі (1774), абмежавала паншчыну ў Чэхіі (1775), адмяніла катаванні (1776).

Помнік у Вене (канец 19 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІ́МАЎ Уладзімір Іванавіч (22.12. 1802—26.2.1874),

дзяржаўны дзеяч Рас. імперыі, ген. ад інфантэрыі (1859). З 1818 на вайск. службе. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1828—29. У 1833—34 у лейб.-гвардыі Літоўскім палку. З 1838 флігель-ад’ютант Мікалая I, у 1841 ген.-маёр світы. З ліст. 1842 нач. штаба пях. корпуса. З 1849 ген.-ад’ютант, папячыцель Маскоўскай навуч. акругі. З 10.12.1855 віленскі ваен. губернатар і кіраўнік грамадз. часткі, гродзенскі, ковенскі і мінскі ген.-губернатар. Па яго ініцыятыве памешчыкі Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. накіравалі прашэнне Аляксандру II аб вызваленні іх сялян ад прыгоннай залежнасці. 20.11.1857 імператар даслаў на імя Н. найвышэйшы рэскрыпт, у якім дазволіў стварыць у гэтых губернях дваранскія к-ты для падрыхтоўкі праекта адмены прыгоннага права (гл. Рэскрыпт Аляксандра II 1857). У 1861 Н. прызначаны членам Дзярж. савета з захаваннем ранейшых пасад, у 1862 — камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У час паўстання 1863—64 за нерашучасць у дзеяннях супраць паўстанцаў 13.5.1863 заменены М.М.Мураўёвым.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)