Не1, адмоўе і злучнік (Нас., Бяльк., Растарг., ТС), не, ні, нэ, ны (Сл. ПЗБ), укр. ні, не, рус. нет, не, польск. nie, в.-, н.-луж. , чэш. ne, славац. nie, славен. , серб.-харв. не, балг., макед. не, ст.-слав. не. Прасл. *ne, найбольш блізкія адпаведнікі літ., лат. ne/ne‑, ст.-інд. na, лац. , гоц. ni; хутчэй за ўсё паходзіць з т. зв. дзіцячай мовы (гл. ESSJ SG, 2, 449–450; Фасмер, 3, 52; Бязлай, 2, 217). Ст.-бел. нѣ: ты есте​с сы​н мой иса​в, чили нѣ (XVII ст.), а таксама народнае не: А не! бронь Боже, не чепай (Нас., 6) разам з укр. ні, луж. , славац. nie (адмаўленне) выводзяцца з *ne je, параўн. ст.-слав. нѣ: и нѣ чудо, г. зн. з адмоўя і 3‑й ас. адз. л. цяп. ч. дзеяслова byti (< *ne‑jestь), або з эмфатычнага падаўжэння, гл. Карскі 2-3, 77, 455; ESSJ SG, 2, 474; Шустар-Шэўц, 13, 997, параўн. таксама: А ліпы ў нас не (= няма, ТС); адносна апошняга гл. таксама Васільеў, ИОРЯС, 13, 1908, 3, 187.

Не2 — прыназоўнік ’каля’: Не вакна доўга пелі (Ян.). Няясна; магчыма, з ле (< коле) ’каля’ (гл. ля ’тс’) пад уплывам недалека; тэарэтычна можна дапусціць узнікненне прыназоўніка з т. зв. збыткоўнага («пустога») адмоўя тыпу серб.-харв. некмоли//камоли ’негаворачы ўжо; тым больш’, укр. наче//неначе ’нібы’, бел. мярэча//немярэча ’топкае балота’ і пад. (больш падрабязна гл. ESSJ SG, 2, 447), зыходным у гэтым выпадку магло быць утварэнне тыпу не́кала: Некала каго шкелить, дай давай нада мной (Растарг., 174), значэнне выказвання захаваецца і пры некага шкелить, дак…, а таксама пры кала каго шкелить, дак…, адсюль можа быць выведзена не = кала́ ’каля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЗЕЕПРЫМЕ́ТНІК,

неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыметніка. Абазначае дзеянне як прыкмету або ўласцівасць прадмета, што выяўляюцца ў часе. У сучаснай бел. мове Дз. захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («сушаны», «высушаны»), цяперашняга і прошлага часу («утвараючая», «высахлая»), залежнага і незалежнага стану («засеянае», «засеяўшае»), а таксама роду, ліку і склону, якія выражаюцца тымі самымі грамат. сродкамі (канчаткамі), што і ў прыметніках. Дз. цяперашняга часу ўтвараюцца суфіксамі «-уч-(-юч-)», «-ач-(-яч-)» і «-ом-(-ем-)», «-ш-(-ым-)»; прошлага часу — суфіксамі «-ўш-», «-ш-», «-л-», «-н-(-ен-, -ан-, -ян-)» i «-т-». Яны могуць мець поўную і кароткую форму («збудаваны» — «збудован»).

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 54—61;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.П.Шуба.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК,

старэйшы на Беларусі, засн. ў 1927 на сродкі гар. т-ва аматараў прыроды (ініцыятар — прыродазнавец, выкладчык біялогіі мясц. гімназіі Ян Каханоўскі). З 1931 арандаваны прыватным прадпрымальнікам, з 1939 уласнасць дзяржавы, у калекцыі меў каля 400 жывёл. У Айч. вайну матэрыяльныя каштоўнасці знішчаны, рэдкія віды звяроў вывезены ў Германію. У 1949 адбудаваны, калекцыя адноўлена. Пл. 3,42 га. Сярод 321 віда прадстаўнікі млекакормячых (98), птушак (83), рэптылій (41), амфібій (16), рыб (78), бруханогіх малюскаў (5). Экспануюцца рэдкія жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу Міжнар. саюза аховы прыроды: кіт. алігатар, суматранскі і амурскі тыгры, туркм. кулан, алень Давіда, зубр, чырвоны і канадскі ваўкі, арлан-белахвост і інш. Працуюць секцыі: іхтыялогіі, герпеталогіі, драпежных жывёл і малпаў, капытных, арніталогіі, кармлення, навукова-асветная.

т. 5, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ШЧА (Huszcza) Ян

(24.12.1917, б. фальварак Загасцінне, Міёрскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.6.1986),

польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Віленскі ун-т (1939). Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне, потым у Маскве; з 1945 жыў у Польшчы. Аўтар кніг паэзіі («Балада пра падарожных», 1938; «Вершы і байкі», 1969), прозы («Мястэчка над Альшанкай», 1948; «З далёкіх дарог», 1957; «Кругі», 1964, і інш.). Складальнік анталогій «Беларускія вершы» (1971), «Анталогіі беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў на польскую мову большасць вершаў. Пераклаў творы М.Багдановіча (у зб. «Выбраныя вершы», 1974), кнігі У.Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), Я.Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). У зб. эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) апісаў сваё падарожжа па Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Пан Грацыян і іншыя. Мн., 1976.

А.Л.Верабей.

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВІЧ Ян

(Іван) Станіслававіч (парт. псеўд. Борскі, Сымон, Казік; 15.6.1902, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці — 8.1.1943),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—25). Чл. Кампартыі Чэхаславакіі з 1923, чл. КПЗБ з 1926. З 1926 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Кааптаваны ў ЦК КПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады і палітрэдактар газет БСРГ «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа» і інш. Канд. у чл. ЦК Кампартыі Польшчы. 23.12.1928 арыштаваны, прыгавораны да 15 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Памёр у Северадзвінскім лагеры (Архангельская вобл.). Рэабілітаваны ў 1956.

У.І.Адамушка.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ (Dąbrowski) Ян Генрык

(2 ці 29.8.1755, Пяржовец, каля Кракава, Польшча — 6.6.1818),

польскі ваен. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1815). З 1771 у саксонскай, з 1792 у польск. арміі. Удзельнік паўстання 1794, вызначыўся пры абароне Варшавы ад рас. войск. У 1796—1814 у эміграцыі (з перапынкамі). У 1797 стварыў у Італіі легіёны польскія. У 1806 арганізаваў антыпрускае паўстанне ў Вялікай Польшчы. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў — кампаній 1806—07, 1809, 1812 (гл. ў арт. Бабруйская абарона 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). У кастр. 1813 — сак. 1814 галоўнакаманд. польск. войскамі ў складзе франц. арміі. У Каралеўстве Польскім сенатар-ваявода. Прысвечаная яму песня легіёнаў польскіх «Мазурка Д.» — нац. гімн Польшчы. Аўтар дзённіка (1864).

Літ.:

Pachoński J. General Jan Henryk Dąbrowski 1755—1818. Warszawa, 1981.

Я.Г.Дамброўскі.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К у Вільні, культурна-асветнае згуртаванне бел. інтэлігенцыі ў 1911—16. Разгарнуў шырокую культ.-асв. дзейнасць, праводзіў у жыццё ідэі газ. «Наша ніва», садзейнічаў грамадска-паліт. адраджэнскаму руху, станаўленню бел. прафес. драм. і муз. мастацтва. Наладжваў вечары нац. культуры ў форме бел. вечарынак — сінтэтычных канцэртаў, якія ўключалі паказ невял. п’ес, выступленні хору, салістаў, чытальнікаў і танцораў. Удзельнікамі гуртка ўпершыню паст. «Паўлінка» Я.Купалы (1913) і «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915), а таксама «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Як яны жаніліся» А.Валодзьскага, «Хам» і «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. Спектаклі ставілі Ф.Аляхновіч і А.Бурбіс. Сярод удзельнікаў Ян Булгак, З.Бядуля, А.Ляжневіч, С.Маркевіч, П.Мядзёлка, Цётка, Л. і Ч.Родзевічы, М.Шыла і інш. Хорам кіравалі Л.Рагоўскі, І.Шыдла, М.Ячыноўская.

А.В.Сабалеўскі.

т. 2, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАРДО́НІ (Bernardoni, Bernardonus) Джавані (Ян) Марыя (1541?, г. Кома, Італія — 1605), італьянскі архітэктар і матэматык; прадстаўнік барока. З 1564 манах ордэна езуітаў. Будаваў езуіцкія храмы ў Рыме і Неапалі пад кіраўніцтвам Дж.Трыстана. У 1583 запрошаны ў Рэч Паспалітую, збудаваў шэраг фарных і езуіцкіх касцёлаў у Любліне, Познані, Калішы, Гданьску, Кракаве. У 1586—99 прыдворны архітэктар кн. М.Радзівіла (Сіроткі) у Нясвіжы. Удзельнічаў у першым этапе буд-ва Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, інш. грамадз. пабудоў горада (ратуш, семінарый, палаца ў прадмесці Альба), пабудаваў комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума (абодва 1587—94), касцёлы ў Гродне і Клецку. Распачаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай характэрную для Новага часу арх.-буд. практыку на аснове праектных чарцяжоў (гл. «Бернардоні альбом»).

Т.В.Габрусь.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАІ́Н Ян Непамуцэн

(1760—1820),

удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.

А.П.Грыцкевіч.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЫНКА,

вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).

Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.В.Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.А.Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.

Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)