Пух 1 ’мяккія варсінкі; падсцілка шэрсці, поўсць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Бес., Сл. ПЗБ; ельск., Мат. Гом.), ’пер’е наогул’: гэто пух, у нас пе́рʼе не кажуць (ТС), ’пер’е (гусінае)’ (гом., Мат. Гом.), ’адходы пры паланні, мякіна’ (Нас.; ЛА, 2; Выг.; петрык., лун., брагін., Шатал.), ’абдзіркі ад круп, высеўкі’ (ПСл; ветк., Мат. Гом.), ’пушны хлеб’ (Нас. Сб.), мн. л. пу́шʼе ’пер’е’ (ТС), параўн. укр. пух ’пух, дробныя валаскі’, рус. пух ’пух; шалупінне з проса, мякіна’, польск. puch ’мяккае, дробнае пер’е, валаскі’, чэш. puch ’дробнае пер’е’, славен. puh ’пух, пушок; галаўня ў збожжы’, балг. пух ’пух’, макед. пувка ’чубок’. Прасл. *puxъ — аддзеяслоўны назоўнік, семантыка зыходнага дзеяслова ’дуць, дзьмуць’, параўн. пу́хаць ’выпускаць паветра; ферментаваць’ (гл.), польск. puchać ’пыхаць, пускаць дух’, харв. púhati ’тс’, славен. pūhati ’пыхаць, дуць, дымець’ (< *puxati); літаральна ’тое, што адлятае пры подыху (дыхання, ветру)’. Узводзяць да і.-е. *p(h)eu̯s‑ ’пыхаць, пухкаць’ імітатыўнага паходжання (Бязлай, 3, 134; Скок, 3, 70), параўн. санскр. púšyati ’паспяваць’, грэч. φῦσα ’пухір’, лац. pussula, pustula ’тс’; параўнанне з літ. paustìs ’шэрсць жывёлы’, зафіксаваным на Віленшчыне (гл. Фасмер, 3, 414; Сной, 514 і інш.), сумнеўнае, паколькі апошняе хутчэй за ўсё запазычана з бел. поўсць ’тс’ (< прасл. *pьlstь або *pl̥stь).

Пух 2 ’агаткі, Antennaria dioica Gaertn.’ (віц., Кіс.). Да пух 1, параўн. укр. пух ’расліна Eriophorum vaginatum L.’ і чэш. дыял. peři ’тс’, названых так з-за знешняга выгляду пладоў.

Пух 3 — выклічнік, імітуе лопанне, стрэл і пад. (ТСБМ, ЭШ, Сл. ПЗБ; полац., мсцісл., Нар. лекс.). Гл. пу́хаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́гчы ‘зразаць, падрэзваць ножніцамі, машынкай (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат.; ашм., Стан.; Сцяшк., Бяльк.), стрыгчы́ ‘тс’ (Ласт.), стры́хчы, стры́кчы, стры́хці ‘тс’, ‘рэзаць ножніцамі; кроіць’ (Сл. ПЗБ), стры́гці ‘тс’ (Сержп. Прымхі), стрыгці́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. с​ѕтрычи ‘тс’ (XVI ст., Карскі 2–3, 277); сюды ж стры́гчы вуша́мі ‘паводзіць вушамі, прыслухоўвацца’ (ТСБМ), стры́гці вуша́мі ‘тс’ (Сержп. Прымхі, ЛА, 1). Укр. стри́гти, рус. стричь, стараж.-рус. стричи, польск. strzyc, в.-луж. třihać, н.-луж. stśigaś, чэш. střihati, славац. strihať, серб.-харв. стри̏ћи, славен. stříči, балг. стрига́, макед. стриже ‘тс’, ст.-слав. стришти. Прасл. *strigti звязана чаргаваннем галосных з рус.-ц.-слав. стрѣгъ ‘стрыжка’, стрѣжьць ‘той, хто стрыжэ’, суадноснымі з с.-в.-ням. streich ‘удар, замах’ і роднаснае ст.-прус. strigli ‘чартапалох’, ст.-в.-ням. strîhhan ‘гладзіць, церці’, гоц. striks ‘паласа’, ст.-англ. strican ‘мазаць; праводзіць’, лац. stringere ‘дакранацца; здзіраць’, strigilis ‘скрабок’ (гл. Траўтман, 289; Мікала, Ursl. Gr., 3, 77; Фасмер, 3, 778), што ўзыходзіць да і.-е. *streig‑ ‘удараць’, з далейшай спецыялізацыяй ‘апрацоўваць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 329; Борысь, 584). Махэк₂ (588) параўноўвае з літ. riẽkti, riekaù ‘рэзаць’, riekė̃ ‘луста хлеба’, дапускаючы рухомае s‑. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1546; ЕСУМ, 5, 440. Параўн. стругаць. Сюды ж стры́жава ‘воўна, састрыжаная з авечкі (авечак) за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), стрыгу́н, стрыгуно́к ‘аднагадовае жарабя, якому звычайна падстрыгаюць грыву’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ЛА, 1), ‘конь ва ўзросце двух год’ (Ян.; віц., Жыв. НС). Гл. таксама стрыгнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во́лос м.

1. во́лас, -са м., мн. валасы́, -со́ў, собир. вало́ссе, -сся ср.;

2. собир. во́лас, -су м.; (шерсть) шэрсць, род. шэ́рсці ж.; (свиной) шчаці́нне, -ння ср.; (овечий) во́ўна, -ны ж.;

◊

красне́ть до корне́й воло́с чырване́ць да са́мых вушэ́й;

ша́пка воло́с ша́пка валасо́ў;

(дожи́ть) до седы́х воло́с (дажы́ць) да сівы́х валасо́ў;

во́лосы ста́ли ды́бом валасы́ ста́лі ды́бам (ды́барам, дубка́);

ни на во́лос ні на во́лас;

во́лосы рвать на себе́ валасы́ рваць на сабе́;

притяну́ть за во́лосы прыцягну́ць за валасы́;

сня́вши го́лову, по волоса́м не пла́чут посл. зня́ўшы галаву́, па валаса́х не пла́чуць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

гру́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, тоўсты. Лавы з грубых дошак. □ Калі ўспыхвае пражэктар і ярка асвятляе яе твар, людзі бачаць, што левая шчака яе зрэзана грубымі шрамамі. Шчарбатаў. // Які складаецца з асобных частак, элементаў вялікага памеру. Бубновіч была ўжо сталая жанчына з грубым тварам і вялікімі рукамі. Карпюк.

2. Цвёрды, каляны, шурпаты на дотык. Грубая шэрсць. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. Рукі [Мікодым] меў вузлаватыя і грубыя, рукі чалавека, які працаваў некалі на цяжкай працы. Машара.

3. Проста зроблены, недасканала або няўмела апрацаваны. Грубая мэбля. □ Я прывык пісаць і есці За сталом бацькоўскім, грубым. Панчанка. // Недастаткова тонкі, няўмелы. Грубая работа.

4. Няветлівы, некультурны, рэзкі. Грубае абыходжанне. Грубае слова. □ [Гарлахвацкі:] Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Крапіва. Гарасім думаў, што Андрэй не такі ўжо закаранелы грэшнік, якім ён лічыў яго дагэтуль, толькі грубы, рэзкі. Чарнышэвіч.

5. Рэзкі, непрыемны на слых (пра гукі, голас і пад.). Тады пачуўся сярдзіты, грубы голас: — Ну хто там яшчэ? Мікуліч.

6. Не зусім дакладны, прыблізны. Грубы падлік. Грубая ацэнка магчымасцей.

7. Які выходзіць за межы элементарных правіл, заслугоўвае асуджэння. Грубая памылка. Грубае парушэнне законнасці.

8. ‑ая. Абл. Цяжарная (пра жанчыну). — Нікому ж толькі не кажы .. Яна ж ужо грубая. Баранавых.

•••

Грубая ежа гл. ежа.

Грубыя кармы гл. корм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туры́ца 1 ‘дзікая карова’; ‘рослая, дужая дамашняя карова’, перан. ‘мажная, здаровая жанчына’ (Нас.), ту́рыца ‘карова’: пайду́ ту́рыцу заганяць (Рэг. сл. Віц.), туры́ця фалькл. ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ). Насовіч (644) лічыў назву вытворнай ад тур ‘дзікі вол’ (гл. тур 1), параўн. укр. тури́ца ‘самка тура’, рус. фалькл. тури́ца ‘эпітэт свахі’, польск. turzyca ‘шэрсць на некаторых жывёлах’, ‘вясенняя ўрачыстасць’, харв. дубр. ту̀рица ‘карнавальная маска на Грамніцы’, адносна апошняга Вук Караджыч дапускае сувязь з назвай бога вайны Тура (Сабр. дела, 17, 166); славац. Turice ‘Сёмуха’ Вайтыла-Свяжоўска (Зб. Слаўскаму, 481) лічыць плюралізаванай формай з суф. ‑ica ад прыметніка *turьjь ‘тураў, які датычыць тура’; паводле Краліка (634), назва паганскага свята прыходу вясны або лета, прысвечанага зверу, які сімвалізуе сілы прыроды.

Туры́ца 2 ‘шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (бяроз., Нар. лекс.), туры́ця ‘тс’ (драг., Бел. дыял. 1), туры́ца ‘шляз, Aithaea officinalis L.’ (лун., Арх. Вяр.), туры́ца (травы) (Сержп. Грам.): ад крываўкі добрэ піць настой у гарэлцы карэння турыцы (Сержп. Прымхі), туры́ца, туры́ця ‘вадаперыца, вадзяны кураслеп, Hottonia palustris L.’ (ганц., драг., Сл. ПЗБ). Няясна; назва аб’ядноўвае розныя расліны, пераважна балотныя, фармальна звязаныя з тур 1, турыца 1, аднак матывацыя застаецца да канца не высветленай, параўн. укр. тури́ця ‘асака, Carex L.’, польск. turzyca ‘тс’, серб., харв. ту́рица ‘павіліца, Galium L.; панікніца, Geum L.’. Аўтары ЕСУМ (5, 680–681), спасылаючыся на польск. turza trawa, turzowa trawa ‘асака’, лічаць, што з-за сваёй жорсткасці яна магла быць кормам толькі для такіх буйных жывёл, як тур або зубр, параўн. польск. turówka ‘зуброўка’; перанос назвы на іншыя расліны мае іншую матывацыю (магчыма, колер травы, падобны да поўсці звяроў, як паказчык эфектыўнасці ўздзеяння пры лячэнні і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казі́нец 1 ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’ (ТСБМ; полац., КЭС; Сержп. Грам.), ’падагра’ (БРС; полац., Суднік, вусн. паведамл.) ’хвароба, калі калені не згінаюцца’ (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.), ’дрыжанне ног (хвароба)’ (Байк. і Некр.), ’сутарга’ (Федар. Рук.), казініц ’хвароба ног, калі яны слабеюць’ (КЭС, лаг.). Укр. мірт. козинець ’хвароба калень пярэдніх ног каня’, рус. скап., раз., калуж., кемер. козинец ’крывізна, скрыўленне пярэдніх ног у коней, калі нага нагадвае казіную’ зафіксавана і Далем, але без геаграфіі. Усх.-слав. інавацыя. Матывацыя празрыстая (гл. дэфініцыі). Па словаўтварэнню гэта семантычны кандэнсат або адпрыметнікавы (ад асновы казін‑) дэрыват з суфіксам ‑ец, аб тыпах утварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 100–102, дзе і літ-ра.

Казі́нец 2 ’казялец, Ranunculus acris’ (Мат. Гом.). Дакладных адпаведнікаў няма. Статус слова няясны, магчыма, рэгіянальны наватвор, а магчыма, і старое ўтварэнне, паралельнае да казелец (гл.), параўн. серб.-харв. kozinac ’Astragalus onobrychis’; нягледзячы на тое што бел. і серб.-харв. словы называюць розныя расліны, матывацыя, відаць, аднолькавая. Параўн. бел. гарох воўчы, гарох авечы, віхрава трава (для віду Astragalus glycyphyllus), укр. горох гадючий, горох кошачий (для віду A. onobrychis), горох вовчий, горох заячий, вовча ступа і інш. для віду А. glycyphyllus. Словаўтварэнне, як у выпадку з казінец 1; з прыведзеных намі сінонімаў можна бачыць тут семантычны кандэнсат. Аб матывацыі (сувязь з назвай жывёлы) гл. казелец.

Казі́нец 3 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэліц., Жыв. сл.), казіняц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.). Сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. каза ’Nardus stricta’ (ТСБМ). Аб словаўтварэнні гл. казінец 1.

Казі́нец 4 ’неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава’ (Прышч. дыс.). Відаць, да папярэдняга слова.

*Казі́нец 5, козінец ’грыб пеўнік стракаты’ (лельч., Жыв. сл.). Матывацыя зразумелая з ілюстрацыі: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (Жыв. сл., 211). Аб словаўтв. параўн. казінец 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

увалі́цца ​1, увалюся, увалішся, уваліцца; зак.

1. Упасці, праваліцца куды‑н. Каб не ўваліцца ўпоцемках у якую-небудзь яму, Пераход увесь час глядзеў сабе пад ногі. Кулакоўскі. Зімою, у самыя маразы .. гусак у калодзеж уваліўся. Лобан. // Укуліцца, з ходу сесці (у вазок, калёсы, кузаў машыны і пад.). Калі .. [Сотнікаў] неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Быкаў. [Вугальнік] адразу, выйшаўшы ад дырэктара, уваліўся ў сані .. і пагнаў каня. Пташнікаў.

2. Стаць упалым. Уваліліся грудзі. У казы бакі ўваліліся. □ Вочы [палкоўніка] пачырванелі ад бяссонных начэй, шчокі ўваліліся. Шамякін. І Нюра вельмі пахудзела, пахудзела і пастарэла. Шчокі ўваліліся, каля губ маршчыны. Вочы сумныя. Арабей. Рыгор Данілавіч пахудзеў, вочы глыбока ўваліліся, на твары .. жоўтыя плямы. Хведаровіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Праваліцца, абваліцца; абрушыцца ўнутр чаго‑н. Увалілася страха гумна на ток. // Асесці. [Загароўская:] — Увесну сорак пятага года я з дзецьмі прыйшла, каб прыбраць магілу салдата. За зіму магіла ўвалілася. Я сказала, што трэба падсыпаць зямлі, а сама з групай дзяцей пайшла ў лес, каб зрабіць вянок. Гурскі.

4. Разм. Цяжка, з шумам, грукатам увайсці куды‑н.; уварвацца няпрошаным. Тое, што столькі мужчын увалілася адразу ў хату, мусіць, спалохала гаспадыню. Сабаленка. Многія пачалі развітаецца з маладажонамі, і тады ў залу ўваліўся Ігар Раеўскі. Даніленка. // перан. Нечакана ўзнікнуць; укінуцца. У вёску ўваліўся тыфус, перахварэлі ім усе і ў нашай сям’і. Хадкевіч. Быў выпадак, калі ўзвод напаткала вельмі цяжкая бяда — уваліўся сыпняк. Кулакоўскі.

увалі́цца ​2, уваліцца; зак.

Стаць цвёрдым, ушчыльніцца ў працэсе валення (пра сукно, шэрсць). Сукно добра ўвалілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела. Якімовіч. Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава. Пташнікаў. // Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц. Колас.

2. што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат. Чорны. Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей. Новікаў.

3. што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад. Крапіва.

4. што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы. Бядуля.

5. што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася. Мурашка. [Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы. Быкаў. // Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй. Галавач. Хіб наставіў звер калматы. Вітка.

6. што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў. Зарэцкі.

7. чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. □ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў. М. Ткачоў.

8. што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук. Лобан.

•••

Акуляры наставіць каму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.

Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.

Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.

Наставіць рогі каму — а) здрадзіць мужу; б) стаць палюбоўнікам чыёй‑н. жонкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валі́ць, валю́, ва́ліш, ва́ліць; незак.

1. каго-што. Прымушаць упасці; абарочваць, перакульваць. Бура валіць лес. □ Лявон хапае Ганецкага за плечы і валіць на зямлю. Козел. // што. Сячы, пілаваць (лес, дрэвы). Прыйшлі туды лесарубы і пачалі без разбору валіць дуб, граб, ясень і іншыя каштоўныя пароды дрэў. Гурскі. // перан.; каго. Разм. Губіць у мностве (пра хваробы).

2. што. Кідаць, скідаць што‑н. у вялікай колькасці; складаць без разбору. Валіць зямлю. □ Самалёты ўсё валілі і валілі бомбы на Ласіны брод. Асіпенка.

3. што на каго. Разм. Перакладаць (работу, адказнасць, віну і пад.) на каго‑н. Валіць віну на другіх. □ [Міхась:] — Ты ж сама такую гамонку павяла. А цяпер на мяне валіш. Б. Стральцоў.

4. Разм. Імкліва ісці, рухацца натоўпам, патокам. Сёння нават у царкву мала хто ішоў, валілі да Канцавога. Карпюк. Фурманкі баляць. Пыл-завея Курыць, бы ўзрушыўся віхор. Колас. // Паднімацца, падаць у вялікай колькасці. З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Гурскі. З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам. Карпюк. Снег валіць такі, што фарамі правіць нельга. Кулакоўскі.

5. заг. валі́(це). Разм. Ужываецца ў сэнсе: ідзі(це). Стараста.. зашпіліў пад расхрыстаным кажухом камізэльку верхнім гузікам на ніжнюю дзірку і перабягаў з-пад акна да акна... — Мацвей, вечарам, на сход валі! Чорны.

6. што. Качаючы, размінаючы, рабіць шэрсць, сукно больш шчыльным, цвёрдым. З суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

•••

Валам валіць — ісці, рухацца натоўпам, суцэльнай плынню. Валам валіў народ да нас [у тэатр]. Вярцінскі.

Валіць з хворай галавы на здаровую — сваю віну перакладваць на таго, хто не мае ніякіх адносін да яе. [Моцкін:] Таварыш Гарошка, не валіце з хворай галавы на здаровую. Такі нумар не пройдзе. Макаёнак.

Валіць (усё) у адну кучу — змешваць неаднолькавыя рэчы, з’явы, не бачыць розніцы паміж імі.

Валіць цераз пень калоду — рабіць што‑н. абы-як, як папала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бара́н 1 ’баран’. Рус. бара́н (ст. таксама бора́н), укр. бара́н, польск. baran, чэш. beran (дыял. baran), славац. baran, в.-луж. boran, н.-луж. baran. Прасл. форма няясная (*boranъ, *beranъ, *baranъ?). Старое еўрапейскае слова цёмнага паходжання. Звычайна лічыцца альпійскім словам, звязаным з выклічнікам ber‑. Гл. Бернекер, 43; Мейе, RS, 2, 69–70; Фасмер, RS, 3, 256; гл. яшчэ Слаўскі, 1, 27; Махэк₂, 51. Параўн. грэч. βάριον ’авечка’, алб. berr ’тс’, італ. bero ’баран’, bera ’авечка’, франц. berri ’баран’. Параўн. і выклічнікі для падзывання (укр. бирь, рус. бар, бырбы́р; Коржынэк, LF, 58, 430; Фасмер, 1, 123–124). Няпэўна Машынскі, JP, 33, 365–366 (ад і.-е. *u̯er‑ ’авечка, шэрсць’; сюды параўн. і Трубачоў, Происх., 74–75). Таксама няпэўная версія пра запазычанне з цюрк. (тат.) bärän (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 83; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18–19). Брукнер (15) думаў пра сувязь з *borvъ ’вяпрук і г. д.’ (гэту версію падтрымлівае Шанскі, 1, Б, 39). Няпэўна таксама Трубачоў, Происх., 73–76, які, зыходзячы з словаўтваральнай няяснасці слова і адсутнасці яго ў паўд.-слав. мовах, думае пра запазычанне з цюрк. *baran ’той, які ідзе’. Гл. яшчэ Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Бара́н 2 баранок (Інстр. II), бара́нчык, баранэ́ць ’птушка бакас’ (КЭС, Лысенка, ССП). Параўн. рус. бара́шек, укр. баране́ць, баранчик, бара́нок (апошняе з польск. baranek ’тс’), польск. baranek ’бакас’. Гл. Фасмер, 1, 125. Параўн. яго назвы ў іншых мовах: франц. chevrelle, chèvre céleste, ням. Нimmelsgeiß, Himmelsziege.

Бара́н 3 ’вялікая рыбацкая лодка’ (палес., Маслен.). Бясспрэчна, да бара́н 1. Вельмі вялікія прадметы, прылады часта носяць назву бара́н (параўн. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23).

Бара́н 4 ’прылада для сушкі сена’ (Влад.). Да бара́н 1. Розныя драўляныя збудаванні, прылады, асабліва вялікія, часта называюць імёнамі жывёлін: часцей бара́н (так і ў іншых слав. мовах). Параўн. яшчэ казёл (у розных значэннях). Адносна ўжывання слова бара́н як тэхнічнага тэрміна (рычаг, брус і г. д.’, падрабязна гл. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23. Параўн. яшчэ бара́н ’баба для забівання паляў’ (Нас.).

Бара́н 5 ’рубанак з дзвюма ручкамі’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, Касп.), ’фуганак’ (Янк. Мат.). Рус. бара́нок, укр. баранок ’тс’. З слова руба́нок (< ням. Rauhbank) перастаноўкай гукаў спачатку атрымалася бара́нок (Фасмер, 1, 124). Гэта форма ўспрымалася як памяншальная і было створана новае слова («непамяншальная» форма) бара́н.

Бара́н 6 грыб ваўнянка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. укр. баранячка ’ваўнянка’. Мабыць, па знешняму падабенству ад бара́н 1 (шапка грыба пакрыта валаскамі). Параўн. і франц. назву ваўнянкі — mouton‑zoné (да mouton ’баран’). Да матывацыі гл. яшчэ Мяркулава, Очерки, 172–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)