ПАДГО́Н,

1) слабаразвітыя парасткі збожжавых культур (жыта, пшаніцы, ячменю і інш.), якія ўтвараюцца з вузла кушчэння пазней за асн. парасткі. Адстае ў развіцці, выспявае пазней, дае дробнае зерне або зусім не ўтварае суквеццяў (недагон або падсед); узнікае двух’яруснасць пасеваў. Гэта абцяжарвае збор ураджаю, зніжае яго якасць.

2) Ніжні ярус травастою на лугах і пашах, пустазелля збожжавых культур.

3) Сукупнасць дрэвавых і кустовых раслін, якія ўводзяць у дрэвастой лесу для паскарэння росту ў вышыню і паляпшэння формы ствалоў асн. пароды. На П. выкарыстоўваюць хуткарослыя расліны (бярозу, ляшчыну і інш.).

У.​П.​Пярэднеў.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РНАВЫЯ КЛЯШЧЫ́,

надсямейства кляшчоў сям. акарыд. Жывуць у глебе, гніючых расл. рэштках, актыўна размнажаюцца ў збожжасховішчах, сырах, скурах і інш., пераносчыкі спор цвёрдай галаўні пшаніцы і бульбяной палачкі. Зрэдку ў цяпліцах пашкоджваюць агуркі і інш. расліны. Пашыраны паўсюдна, найб. мучны клешч, валасаты звычайны, падоўжаны кляшчы.

Цела даўж. 0,2—0,5 мм, паўпразрыстае, шклопадобнае, з мяккім покрывам, доўгімі шчацінкамі. Ротавы апарат грызучы. Пры спрыяльных т-рах размнажаюцца бесперапынна круглы год. Большасць відаў утварае гіпопус — стадыю, неабходную для рассялення і перажывання неспрыяльных умоў асяроддзя.

Свірнавыя кляшчы: 1 — звычайны валасаты; 2 — падоўжаны.

т. 14, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свірэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

Тое, што і свірэпа. [Маша], як і ўсе, палала лён, які зарастаў свірэпкай і пырнікам. Гроднеў. Івана Іванавіча Сашка ведаў. То быў старшыня калгаса. Неяк ён дзякаваў Сашкавай маці, што яна хадзіла дапамагаць жанчынам выполваць свірэпку з пшаніцы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пласкуга́, плашчуга́, пло́ска ’пырнік з мяцёлкай’ (іўеў., дзятл., Сцяшк. Сл.), ’пустазелле (макрыца, крапіва) — корм свінням’ (Скарбы), плашчу́га ’брыца, Echinochloa crus gaili Roem.’ (гродз., мін., кобр., ЛА, 1), плашчыца ’тс’ (рас., тамсама). Польск. płoskur, płaskur, płoskurnica ’сорт пшаніцы, Tnticum squairrosum, ’ячмень-пласкун’, płascucha’пэўнае агароднае пустазелле’. Да плоскі (гл.). Названы паводле плоскай формы сцябла расліны (альбо коласа збожжавых).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́пша ’сумесь збожжа, мукі’ (Мат. Гом.). Архаізм, утвораны пры дапамозе прэфікса су- і элемента ‑пша, што атаясамліваецца з пачаткам слова пшаніца, параўн. падобныя ўтварэнні суржык (< рож ’жыта’), су́ярак, гл. (< яр ’яравое збожжа’). Выводзіцца з *pьx‑ja ад *pьxati ’таўчы’, прадстаўленага ў непша ’прымесь у просе’ (гл.), польск. samopsza ’гатунак пшаніцы’ (< *samo‑pьx‑ja, гл. Слупскі, Зб. Слаўскаму, 350).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЛЕЙРО́НАВЫЯ ЗЯРНЯ́ТЫ (ад грэч. aleuron мука),

пратэінавыя зярняты, бясколерныя невял. круглаватыя адкладанні запасных бялкоў у клетках тканак раслін, пераважна ў насенні. Пажыўнымі рэчывамі алейронавых зярнят жывіцца зародак пры прарастанні насення. Утвараюцца пры выспяванні насення з высыхаючых вакуолей. Адрозніваюць алейронавыя зярняты простыя (дробныя зярняткі аднароднай структуры) і складаныя, у якіх знаходзяцца бялковыя крышталі і мінер. ўключэнні — глабоіды. Простыя алейронавыя зярняты ёсць у клетках мучністых (пшаніцы, жыта, кукурузы і інш.), складаныя — у алеістым насенні (клешчавіны, тунгу, крыжакветных і інш.) раслін.

Да арт. Алейронавыя зярняты. Алейронавы слой: 1 — просты ў жытнёвым зярняці; 2 — просты ў семядолях гароху; 3 — складаны ў эндасперме клешчавіны.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНБРЫ́ДЗІНГ (англ. inbreeding ад in у, унутры + breeding развядзенне),

скрыжаванне блізкароднасных паводле паходжання арганізмаў. Адна з найб. цесных форм І. — самаапладненне, уласцівае прыблізна ​1/3 усіх культ. раслін (пшаніцы, ячменю, цытрусавым і інш.). У жывёл і перакрыжаванаапыляльных раслін працяглы І. вядзе да павелічэння гомазіготнасці патомства ў папуляцыі, генет. дыферэнцыяцыі зыходнага матэрыялу, зніжэння жыццяздольнасці і прадукцыйнасці; магчыма ўзнікненне выродстваў або гібель патомства. У раслінаводстве І. наз. інцухтам. У селекцыі І. выкарыстоўваюць для атрымання самаапыляльных (інбрэдных), ці інцухтліній, стварэння роднасных форм, гомазіготных па адной або некалькіх каштоўных прыкметах, як этап селекцыі на гетэрозіс. Процілегласць І. — аўтбрыдзінг.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЖА́ РАСЛІ́Н,

хвароба, якая выклікаецца іржаўнымі грыбамі. Характарызуецца ўтварэннем на надземных органах раслін пустул рознай формы і велічыні, з якіх пры растрэскванні высыпаюцца іржава-бурыя, аранжава-жоўтыя або цёмна-карычневыя споры грыба. Пашкоджвае збожжавыя, тэхн., дэкар., лясныя культуры, дзікарослыя травы. У хворых раслін парушаюцца абмен рэчываў, водны баланс, зніжаюцца фотасінтэз, зіма- і засухаўстойлівасць, устойлівасць да палягання, затрымліваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць. Інфекцыя захоўваецца ў раслінных рэштках і насенні, разносіцца спорамі грыба. На Беларусі найб. шкодзіць І.р.: сцябловая (лінейная) злакаў, бурая (лісцевая) жыта і пшаніцы, карончатая аўса, гароху і лубіну, канюшыны, лёну, яблыні, ігліцы, бакальчатая парэчак і агрэсту.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫ́ЦЫЯ НАСЕ́ННЯ,

паказчык якасці насення. Залежыць ад чысціні, усходжасці, энергіі прарастання, вільготнасці, абс. масы, ступені адходаў, пашкоджанасці хваробамі, шкоднікамі і інш. Паводле гэтых паказчыкаў насенне збожжавых, зернебабовых і алейных культур падзяляюць на I, II і III класы, напр. усходжасць і чысціня насення мяккай азімай пшаніцы 1 кл. — 95 і 99%, II кл. адпаведна 92 і 98,5%. Якасць насення вызначаюць дзярж. насенныя інспекцыі. Не дапускаецца да сяўбы насенне пры выяўленні ў ім зерня каранціннага і ядавітага пустазелля, галаў пшанічнай нематоды, жывых шкоднікаў, іх лічынак і інш. Насенне, якое не адпавядае нормам якасці хоць бы па аднаму паказчыку, наз. некандыцыйным.

т. 7, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫ́ПАЎ (Анварбек Закіравіч) (н. 28.8.1927, г. Петрапаўлаўск, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі раслін. Д-р с.-г. н. (1977), праф. (1978). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1995). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1951). З 1955 у БСГА (у 1962—67 і ў 1977—83 прарэктар, з 1967 заг. кафедры). Навук. працы па генетыцы і селекцыі збожжавых культур (пшаніца, трыцікале).

Тв.:

Биология цветения, опыления и оплодотворения видов пшеницы. Горки, 1971 (у сааўт.);

Біятыповы састаў сартоў пшаніцы і іх генетычныя формулы (разам з І.​К.​Копцікам) // Весці Акадэміі аграрных навук Беларусі. 1995. № 4.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)