БА́ЙРАН ((Byron) Джордж Ноэл Гордан) (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),
англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц.бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, Г.Дубянецкая, Е.Лось, М.Лужанін, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1963;
Лірыка. Мн., 1989;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1987;
На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.
Літ.:
Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;
Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;
Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;
Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ГРАТЭ́СК (франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),
1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл.Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.
У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар.карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.
У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.Босх, П.Брэйгель, Ж.Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.Гоі, А.Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.Мунк, М.Шагал), сюррэалізму (С.Далі, П.Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.Бідструпа). У бел.нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.Бахматовіча, Я.Горыда, Я.Драздовіча, К.Кукевіча, М.Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.Вішнеўскі, А.Волкаў, Р.Грамыка, В.Губараў, М.Гурло, А.Карповіч, М.Пушкар, С.Раманаў, В.Славук, В.Ціхановіч, Л.Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.
Г.Я.Адамовіч (гратэск у літаратуры).
Да арт.Гратэск. Ф.Гоя. Ты, які не можаш. З серыі афортаў «Капрычас». 1797—98.Да арт.Гратэск. В.Губараў. Мірная ініцыятыва. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ШЧАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (31.8.1749, Масква — 24.9.1802),
рускі пісьменнік, мысліцель. Вучыўся ў Пецярбургскім пажскім корпусе (1762—66), Лейпцыгскім ун-це (1766—71). У 1771—75 працаваў ў Сенаце, у штабе фінл. дывізіі, з 1777 у Камерц-калегіі (з 1790 кіраўнік Пецярбургскай мытні). У 1790 за выпуск у свет свайго філас.-публіцыст. трактата «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай на 10 гадоў ва ўсх.-сібірскі Ілімскі астрог. У 1797 пераведзены пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі Нямцова Калужскай губ. У 1801 вярнуўся ў Пецярбург, удзельнічаў у рабоце Імператарскай камісіі па складанні законаў, але яго праекты былі адхілены як небяспечныя для дзяржавы. Як пратэст на пагрозу новай ссылкі скончыў самагубствам. На светапогляд Р. паўплывалі паўстанне Е.Пугачова, погляды Г.Лейбніца, І.Гердэра, К.Гельвецыя, Д.Дзідро, І.Канта, Ж.Ж.Русо і інш. У ім арганічна спалучаліся ідэі зах.-еўрап. асветніцтва з айч. духоўнай традыцыяй. Р. сцвярджаў новую свецкую ідэалогію, гуманізм, вальнадумства, каштоўнасць розуму, свабоды асобы, прагрэсу, нар. дабрабыту. Гэта выявілася ў яго творах: «Слова пра Ламаносава» (1780), «Ліст да сябра...» (1782), ода «Вольнасць» (1783, распаўсюджвалася ў спісах, выд. 1906), аповесць «Жыціе Фёдара Васілевіча Ушакова» (1789). Гал. праца — кн. «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» (забаронена, б.ч. тыражу знішчана, распаўсюджвалася ў спісах; выд. 1858 у Лондане, у Расіі з цэнзурнымі папраўкамі ў 1868, поўн. выд. 1905). У ёй узнята шырокае кола ідэй рас. асветніцтва, паказана жыццё народа, рэзкае выкрыццё прыгонніцтва і самадзяржаўя, тэмы нар. бунту і неабходнасці грамадскіх пераўтварэнняў. Аўтар паэм «Бава» (нясконч., канец 1790-х г.), «Песні, што праспяваны на спаборніцтвах у гонар старажытным славянскім бажаствам» (не завершана), «Песня гістарычная» (усе выд. 1807), твораў філас.-публіцыст. «Гутарка пра тое, што ёсць сын айчыны» (1789), «Пра чалавека, пра яго смяротнасць і бессмяротнасць» (1792, выд. 1809), літ.-крыт. «Помнік дактылахарэічнаму віцязю...» (1801, выд. 1811), дзённікаў («Запіскі падарожжа ў Сібір», выд. 1906; «Запіскі падарожжа з Сібіры», выд. 1907) і інш. Як філосаф Р. прызнаваў рэальнасць матэрыяльнага, рэчыўнага. У яго разуменні, калі Бог — духоўны абсалют, усёмагутны ўладкавальнік свету, тады Бог — гэта Прырода, якая ўсёмагутная, абсалютная. Людзі — блізкія ўсяму прыроднаму. Адначасова падкрэсліваў асаблівасці чалавека — розум, распазнавальнасць дабра і зла, бязмежная здольнасць да ўдасканалення, мова, здольнасць да прац. дзейнасці; чалавек фарміруецца ў грамадстве пад уплывам выхавання, прыроды, рэчаў. Грамадскі дабрабыт, паводле Р., звязаны з рэалізацыяй натуральных правоў, у якіх адлюстраваны натуральныя імкненні чалавека, а шлях прагрэсу ён бачыў праз радыкальнае пераўтварэнне грамадства. Ідэі Р. значна паўплывалі на А.Пушкіна, дзекабрыстаў, рус. паэзію і развіццё рэалізму ў рус. л-ры.
Тв.:
Полное собр. соч. Т. 1—3. М.; Л., 1938—52;
Стихотворения. Л., 1975;
Избр. Куйбышев, 1982.
Літ.:
Шторм Г. Потаенный Радищев. М., 1974;
Кулакова Л.И., Западов В.А. А.Н.Радищев «Путешествие из Петербурга в Москву»;
Коммент. Л., 1974;
А.Н.Радищев и литература его времени: Сб. ст.Л., 1977;
Шкуринов П.С. А.Н.Радищев: Философия человека. М., 1988;
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 1, ч. 1. С. 96—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́ДЫЯ (ад грэч. parōdia літар. спевы навыварат),
жанр сатырычнай літаратуры (гл.Сатыра). Заснавана на камічным перайманні стылю асобнага пісьменніка, пэўнага жанру ці літ. кірунку, што знарок скажае, акарыкатурвае тыя ці інш. рысы арыгінала з мэтай высмеяць іх. П. — своеасаблівая з дапамогай імітацыі крытыка літ., навук. ці публіцыст. прац з пункту погляду ідэйнага ці стылістычнага напаўнення твора, маст. канцэпцыі аўтара, яго паліт. ці грамадз. пазіцый. Пераймаючы жанравую форму арыгінала (вершаванага ці празаічнага твора), П., як правіла, захоўвае яго фармальныя прыкметы (стыль, кампазіцыю і інш.). Супярэчнасць, што ўзнікае паміж зместам П. і формай арыгінала, спрыяе зусім інш. сэнсаваму напаўненню, адваротнаму тлумачэнню асн. думкі арыгінала. Чым выразней пазнаецца ў П. арыгінал, тым мацнейшая яна па сваёй маст. вартасці. Вылучаюць П.: гумарыстычную, якая завастрае слабыя бакі арыгінала, але не адмаўляе іх («Паэтычныя залёты» П.Сушко); сатырычную якая скіравана супраць арыгінала («Бойся Бога» П.Марціновіча). Паводле зместу П. падзяляюць на сацыяльна-бытавыя («З Уладзіміра Скарынкіна» Г.Юрчанкі), палітычныя («Малебен» Я.Коласа), літаратурныя («Літаратурная пародыя» Ц.Дзеразы). Існуюць П. і ў форме перафразавання вядомага выказвання. П. выкарыстоўваюць у цырку, лялечным тэатры, на эстрадзе.
П. — адзін з найстаражытнейшых жанраў. Вядомы парадыйныя раман («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле), памфлет (Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Вальтэр і інш.), ода (А.Сумарокаў), трагедыя («Падшчыпа» І.Крылова). У рус. л-ры пач. 19 ст. часцей сустракалася гумарыст. П. (А.Пушкін, І.Дзмітрыеў, А.Шахаўской). З сярэдзіны 19 ст. пачалося сатыр. напаўненне П. («Гісторыя аднаго горада» М.Салтыкова-Шчадрына, «Лісты да вучонага суседа» А.Чэхава). Сатыр. П. пісалі У.Маякоўскі, Дз.Бедны і інш.
У бел. л-ры элементы парадыйнага жанру сустракаюцца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 ст. Як найб. завершаны жанр П. склалася да сярэдзіны 19 ст. (ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»). Блізкія да сац.-быт. і паліт. П. «Калыханка» Ф.Багушэвіча, «Янка і свабода», «Ісцінна чорнае трыо» Я.Купалы, «Пратэст» Ядвігіна Ш. Вызначаюцца актуальнасцю пародыі К.Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску», «Нібы сатыра на Нібы паэму М.Грамыкі «Гвалт над формай»). У 1920—30-я г. П. пісалі Я.Купала, Я.Колас, А.Александровіч, П.Трус, М.Хведаровіч. П. сустракаецца ў Р.Барадуліна, В.Віткі, А.Вольскага, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, С.Дзяргая, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, П.Макаля, М.Мятліцкага, М.Скрыпкі, Я.Таўшчэзнага і інш. У пач. 1970-х г. з’явілася ананімная паэма Ведзьмака Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», якая стала П. на многія перыпетыі жыцця пісьменніцкага гурту і тагачаснага літ. працэсу. Элементы парадыйнага жанру знаходзяцца ў празаічных творах М.Адамчыка, П.Васючэнкі, А.Вырвіча, А.Глобуса, у п’есах А.Ждана, С.Кавалёва, А.Петрашкевіча і інш. Існуе П. на прамову, рэпартаж, некат. дэтэктыўныя, паэт., празаічныя і драм. творы, крытычныя працы і інш.
Публ.: Барадулін Р. Дойны конь. Мн., 1965; Юрчанка Г. Немеладычныя мелодыі. Мн., 1974; Яго ж. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979; Скрыпка М. І з перцам і з сэрцам. Мн., 1977; Вітка В. Для дома, для альбома і трохі для эпохі. Мн., 1983; Адамчык М. Забойства на Каляды: Аповесць. Апавяданні. Мн., 1994; Глобус А. Новы дамавікамерон. Мн., 1998; Васючэнка П., Вырвіч А. Прыгоды аднаго губашлёпа. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ, грамадскія аб’яднанні,
недзяржаўныя формы грамадз. самавыяўлення, самакіравання і самадзейнасці. У залежнасці ад мэт і маштабаў дзейнасці аб’ядноўваюць грамадзян на добраахвотнай аснове для сумеснай абароны і развіцця разнастайных інтарэсаў і патрэб (сац., эканам., паліт., культ., навук., рэлігійных і інш.). Масавыя грамадскія арганізацыі і рухі фарміруюцца і дзейнічаюць пераважна на аснове прынцыпаў агульнаграмадскай карысці і сац. справядлівасці, нац.-патрыятычных, дэмакр., прававых ідэй, што дазваляе ім укараніцца ў грамадскім жыцці, уплываць на грамадскую свядомасць, а ў пэўных выпадках мабілізаваць грамадства на сумеснае пераадоленне перашкод і пагроз яго існаванню. Прататыпы грамадскіх арганізацый вядомы з глыбокай старажытнасці, напр. Акадэмія Платона ў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. Паступовыя змены ў грамадстве абумовілі яго больш складаны характар, што выявілася ў росце колькасці грамадскіх арганізацый і актывізацыі іх дзейнасці ў перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе. Неабходную прастору для ўзнікнення шматлікіх грамадскіх арганізацый адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў; права на сац.пратэст супраць прыгнёту і інш. Сфарміраваліся і сталі традыцыйнымі для зах. грамадства асн. ідэйна-паліт. плыні — сацыялістычная (камуністычная), сацыял-дэмакр., ліберальная і кансерватыўная. Яны з’явіліся падставай для ўзнікнення і дзейнасці шматлікіх грамадскіх арганізацый, найперш паліт. партый і саюзаў, эканам. аб’яднанняў і інш. Пастаяннае месца ў грамадскім жыцці займаюць прафсаюзы, якія ў 2-й пал. 20 ст. значна пашырылі свой уплыў на заканадаўства і сац. палітыку дзяржаў. У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. ўзмацняецца паліт. значэнне і ўплыў экалаг. партый і арг-цый («зялёных»), а таксама аб’яднанняў і арг-цый, якія сваёй гал. мэтай лічаць садзейнічанне развіццю грамадскай самадзейнасці на рэгіянальным узроўні. Значна павялічваецца ў грамадскім жыцці роля навук., культ., асв. і інш. арг-цый, якія імкнуцца актыўна ўплываць на дзярж. палітыку ў сваіх галінах. Развіваюцца і пашыраюцца міжнар. кантакты і супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый асобных краін. Пэўнаму развіццю ў гэтым кірунку спрыяла прыняцце ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948) і міжнар. Пактаў аб правах (1966), ратыфікаваных шматлікімі краінамі свету, у т. л. Беларуссю. Асн. палажэнні гэтых дакументаў знайшлі сваё замацаванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994.
У БССР існавалі такія масавыя грамадскія арганізацыі, як КПБ, ЛКСМБ, прафсаюзы, аб’яднанні пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, архітэктараў, т-ва «Веды» і інш. У Зах. Беларусі дзейнічалі грамадскія арганізацыі рэв.-дэмакратычныя (Беларуская сялянска-работніцкая грамада, «Змаганне»), культ.-асветныя (Таварыства беларускай школы), навуковыя (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні), дабрачынныя (Чырвоная дапамога), рэлігійныя і інш. Змены ў паліт. і грамадскім жыцці з пач. 1990-х г. знайшлі адлюстраванне ў шырокім плюралізме грамадскіх арганізацый рознага характару і накіраванасці. Арганізацыйна аформіліся Беларускі народны фронт «Адраджэнне», паліт. партыі, аб’яднанні і саюзы, якія прадстаўляюць практычна ўсе спектры грамадскага жыцця. Сярод іх Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Бел.к-т абароны міру, Бел. асацыяцыя садзейнічання ААН, Беларускі фонд культуры, Бел.патрыят. саюз моладзі, Беларускае таварыства аховы прыроды, т-ва «Экалагічная культура», жаночыя аб’яднанні і інш. Пашыраецца актыўнасць рэліг. арг-цый, у т. л. традыцыйных і нетрадыцыйных сектаў. Неабходнасць дапамогі дзяржаве ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986 прывяла да ўзнікнення шэрагу грамадскіх арганізацый («Ахвяры Чарнобыля», «Дзеці Чарнобыля», «Дзецям Чарнобыля» і інш.), якія садзейнічаюць станоўчаму вырашэнню гэтай балючай для бел. народа праблемы. На 1.10.1997 зарэгістравана 2002 грамадскія арганіхацыі, з іх 855 рэспубліканскіх, 119 міжнародных, 952 мясцовыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
чад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Удушлівы атрутны газ, які ўтвараецца пры няпоўным згаранні вугалю ва ўмовах недастатковага прытоку паветра. Пакой дыхнуў цеплынёю і чадам, толькі што юшку закрылі, мусіць.Галавач.У хаце не было цяпла, хаця Волька зачыніла юшку яшчэ разам з чадам, і ці не ад таго ў Аркадзя пачынала балець галава.Пташнікаў.
2. Едкі, удушлівы дым, які ўзнікае пры гарэнні чаго‑н. (звычайна тлушчу). На кухні быў чад і прагорклы смурод апаленага пер’я і перасмажанага тлушчу.Самуйлёнак.//перан.; які або чаго. Моцны, насычаны пах чаго‑н. Расы хараство і на вейках, Узятае ў волкіх раслін, У руж, у альшэўнікаў клейкіх І хмелю, што чад свой разліў.Калачынскі.Ад канаплянага чаду баліць галава.Навуменка.
3.перан. Тое, што моцна ўздзейнічае на псіхіку чалавека, на яго свядомасць. Брыль вельмі праўдзіва і канкрэтна-гістарычна паказаў, як фашысцкі нацыяналістычны чад адурманьваў усё больш шырокія пласты нямецкага насельніцтва.Дзюбайла.Алесь бачыў усё гэта на свае вочы — і разгул расізму, і пратэст супроць шавіністычнага чаду.Юрэвіч.// Пра стан самазабыцця, захаплення. Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування.Зарэцкі.Маладзейшыя за яго [Віктара] хлопцы.. шчыра зайздросцілі Віктараваму шчасцю, дзяўчаты наперабой загаварвалі з ім, а Цімохава дачка Фруза ўвесь час тулілася да яго.. У нейкім чадзе мінула тры дні.Асіпенка.// Хмель. Калі выйшаў вінны чад, Ной устаў, судзіць пачаў.Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сро́дак, ‑дку, м.
1. Прыём, спосаб дзеяння, захады для ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца .. прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага.Колас.Пратэст .. выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам.Брыль.Нават перад ворагам бараніцца не ўсякімі сродкамі можна рэвалюцыянеру.Машара.
2. Тое, што служыць якой‑н. мэце, неабходнае для дасягнення, ажыццяўлення чаго‑н. Вельмі важным сродкам палітычнай работы сярод насельніцтва ў тыле ворага быў падпольны бальшавіцкі друк.Залескі.Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння, О грымучы, бязлітасны кат — вадарод!Караткевіч.// Прадмет, прыстасаванне і пад. або сукупнасць іх, неабходныя для ажыццяўлення якой‑н. дзейнасці. Сродкі сувязі. Транспартныя сродкі. □ Сацыялізм назаўсёды палажыў канец панаванню прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, гэтай крыніцы расколу грамадства на варагуючыя класы.Праграма КПСС.// Лекі, медыцынскія прэпараты або медыкаменты, неабходныя для лячэння. Лячэбныя сродкі. □ [Вейс:] — Хвораму арганізму патрэбна ў першую чаргу кровапусканне.., Яно вылечвае ад усіх хвароб. Гэта выдатнейшы сродак,.. ён варты ўсёй вялікай медыцына.Лынькоў.//перан. Магчымасці, рэальныя ўмовы. Мастацкія пераклады .. — верны шлях узаемаўзбагачэння літаратур, моцны сродак умацавання ўзаемадавер’я паміж народамі.Палітыка.
3.толькімн. (сро́дкі, ‑аў). Грошы, капітал, матэрыяльныя каштоўнасці. Сродкі існавання. Жыць не па сродках. □ Савецкая дзяржава адпускае на асвету вялікія сродкі.«Беларусь».Старшыня абяцаў: сродкаў, кажа, калгас не пашкадуе на бібліятэку.Васілевіч.Васіль надзвычай асцярожна выдаткаваў сродкі, лічачы кожную капейку.Шамякін.
•••
Агнявыя сродкі — агнястрэльная зброя, якая знаходзіцца ў распараджэнні пэўнага вайсковага падраздзялення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
СКУЛЬПТУ́РА ДРАЎЛЯ́НАЯ Вядома ў мастацтве многіх народаў з глыбокай старажытнасці. На тэр. Беларусі самыя раннія ўзоры вядомыя з эпохі неаліту
(статуэтка мужчыны са стаянкі Асавец). З 14 ст. развівалася пераважна ў рэліг. мастацтве. С.д. размяшчалася ў касцёлах у алтарах храмаў і характарызавалася цеснай узаемасувяззю з архітэктурай і пануючымі маст. стылямі. З канца 14 — пач. 15 ст. ўзмацніліся зах.-еўрап. ўплывы. Рысы раманскага стылю ўласцівы «Укрыжаванню» з в. Галубічы Глыбоцкага р-на, выявам Міколы Мажайскага і Параскевы Пятніцы (16 ст). Маст. каштоўнасцю вылучаецца разны абраз пінскага разьбяра Ананія «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1459—1525). У познегатычных традыцыях выкананы алтарныя кампазіцыі 15 ст. «Марыя з дзіцем» (г.п. Рось Ваўкавыскага р-на, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на),
выявы пач. 16 ст. Марыі і Іаана Багаслова (в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на) з характэрнымі напружанымі позамі, парывістымі паваротамі, выцягнутымі прапорцыямі. Рысы позняй готыкі і Адраджэння прасочваюцца ў С.д. 16 — пач. 17 ст.: «Гжэгаж» (Полацк), Ганна і Іаакім (в. Здзітава Жабінкаўскага р-на). Уплывы рэнесансу праяўляюцца ў выбары тыпажу, індывідуалізацыі вобразаў, імкненні выявіць формы чалавечай фігуры; Кацярына, Лізавета (г.п. Шарашова Пружанскага р-на), Марыя з дзіцем (Нясвіж), алтарная скульптура касцёлаў у в. Будслаў Мядзельскага р-на і Воўпа Ваўкавыскага р-на (17 ст.). У С.д. праваслаўных храмаў была пашырана рэльефная разьба ў афармленні іканастасаў, царскіх варот. У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. разьбяроў працавалі ў Расіі (гл.Беларуская рэзь). Вядомы скульптуры «Укрыжаванне» і «Мікола Мажайскі», выкананыя старцам Іпалітам. Пад уплывам барока ў С.д. павысіліся эмацыянальнасць, пачуццёвасць, кантрасты маштабаў, святлоценявыя эфекты. Яна арганічна звязваецца з прасторавай кампазіцыяй інтэр’ера, утвараючы разам з інш. элементамі дэкору цэласны ансамбль (алтары касцёлаў і кляштараў езуітаў у Гродне, францысканцаў у Пінску, 18 ст.), асобныя скульптуры, што ўваходзілі ў алтарныя ансамблі (Пётр і Павел у в. Дварэц Дзятлаўскага р-на, Хрыстос ля слупа ў в. Сакалова Бярозаўскага р-на). З 2-й пал. 18 ст. С.д. набыла рысы ракако (выявы евангелістаў з в. Нягневічы Навагрудскага р-на, Іосіф з дзіцем з в. Правыя Масты Мастоўскага р-на і інш.). Творы канца 18—19 ст. з прыкметамі класіцызму вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў (Маці Божая з в. Ганута Вілейскага р-на і інш.). У нар. С.д. гэтага перыяду таксама панавала рэліг. тэматыка. Зробленыя нар. майстрамі выявы святых ставілі ў невял. храмах, капліцах, на крыжах, мемарыяльных слупах і інш. Своеасаблівасць пласт. мовы нар. С.д. — статычнасць, франтальнасць поз, выразнасць сілуэта, непрапарцыянальная ўзбуйненасць галавы і рук, паліхромная размалёўка, у якой пераважалі насычаныя чырвоны, сіні, белы, зялёны колеры. Вобразы святых вызначаюцца жыццёвасцю, непасрэднасцю і шчырасцю пачуццяў: выявы архістратэга Міхаіла, Ядвігі, Іосіфа з дзіцем з в. Забалаць Воранаўскага р-на, «Укрыжаванне» з Брэстчыны і інш. Сярод найб. вядомых разьбяроў 18—19 ст. І.Астапчык, Булоўскі, І.Гарбацэвіч, А.Занеўскі, А.Івашкевіч, Каліноўскі, А.Малышэвіч, В.Пікулік, П.Якавіцкі.
У 1930—50-я г. ў самадзейнай творчасці сярод вобразаў пераважалі дзярж. і паліт. дзеячы, сюжэтныя кампазіцыі на тэмы працы і ваен. падзей. Сярод майстроў С.д. — М.Астроўскі, А.Бялоў, С.Бык, С.Вольскі, М.Івінскі, У.Мацюк, Г.Паварыч і інш. Уплыў нар. мастацтва, лаканізм, унутр. напружанасць вылучаюць творы прафес. скульптара А.Грубэ. У 1970—90-я г. самадзейныя майстры (Г.Асіпкова, Б.Васількоў, А.Міхеенка, А.Пупка, С Шаўроў) побач з сюжэтна-тэматычнымі і партрэтнымі кампазіцыямі працавалі ў пластыцы малых форм (гл.Скульптура малых форм), звярталіся да анімалістычнага, быт. і гіст. жанраў, багатай фалькл. і культ. спадчыны. Традыцыі нар. С.д. працягвалі П.Зяляўскі (культавая скульптура), Ф.Максімаў (сатыр. кампазіцыі, работы на тэмы нар. казак, легенд і інш.), М.Рышкевіч (быт. тэматыка), І.Супрунчык (кампазіцыі на тэмы нар. свят, сельскага побыту, вобразы дзеячаў бел. гісторыі). Прафес. скульптары шмат увагі аддаюць стварэнню партрэтных вобразаў герояў Вял.Айч. вайны, гіст., культ., грамадскіх і паліт. дзеячаў (С.Вакар, А.Глебаў, Л.Гумілеўскі, Г.Мурамцаў). Пратэст супраць вайны і гераізм народа ў творах А.Бачкарова, Л.Давідзенкі, Л.Зільбера, У.Церабуна. У пошуках эмацыянальна напоўненай выразнай формы скульптары выкарыстоўваюць сімвалы і алегорыі (Г.Буралкін, Г.Гаравая, У.Слабодчыкаў, А.Фінскі і інш.). Самадзейныя скульптары ўдзельнічаюць у стварэнні мемарыяльных помнікаў-комплексаў: «Коласаўскі шлях» (1991; скульптары У.Балдоўскі, У.Ганчарук, Т.Дзялендзік, М.Корабаў, М.Скляр, Супрунчык), святах-конкурсах («Дрэва жыцця» ў г.п. Мір Карэліцкага р-на, 1999; В.Казлоў, А.Маголін, А.Пагажэльскі, В.Пятровіч, В.Сілкоў, Скляр, У.Яленскі).
Літ.:
Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;
Да арт.Скульптура драўляная. Невядомы мастак. Разныя царскія вароты. 16 ст.Да арт.Скульптура драўляная. Пётр. Вёска Нягневічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Скульптура драўляная. Іосіф. Скульптура алтара касцёла ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1633—44.Да арт.Скульптура драўляная. П.Зяляўскі. Маці Божая. 1980—90-я г.Да арт.Скульптура драўляная. У.Слабодчыкаў. Спелыя яблыкі. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАІ́ЦІ (Haïti),
Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,9 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).
Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1 км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс.ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс.ж., Ганаіў — 63 тыс.ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.
Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр.з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш.с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.
Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах.ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх.ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.К.Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.Б.Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыяАмер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.Прэваль. Гаіці — чл.ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер.эканам. супольнасці. Найб.паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.