1.Дзеяннепаводледзеясл. рассыпа́ць — рассы́паць (у 1 знач.).
2.Разм. Пра што‑н. рассыпанае ў вялікай колькасці. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення.Брыль.//перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н., быццам бы рассыпанага на паверхні. Мацвей Сымонавіч за якія два дзесяткі метраў убачыў россып лісічак.Мяжэвіч.На траве ляжаў бліскучы россып вадзяных кропель.Савіцкі.Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор на Млечным шляху, аж пакуль стамляюцца вочы.Галавач.
3.Спец. Лес, які сплаўляецца асобнымі бярвеннямі, а не плытамі.
4.Спец. Страты пры пагрузцы і перавозцы сыпкіх рэчываў.
5.Спец. Адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў (золата, плаціны і пад.). Алмазны россып.
6.Спец. Вялікая колькасць каменных глыб рознай велічыні і формы, якія ўтвараюцца пры выветрыванні горных парод. Пароды, якія выветрываюцца, утвараюць вялікія каменныя россыпы.
7.узнач.прысл.ро́ссыпам. Хто куды, у розныя бакі; урассыпную. Зноў пачуўся ўсё большы і большы гул матораў. Людзі кінуліся россыпам.Гурскі.
8.узнач.прысл.ро́ссыпам. У рассыпаным, разрозненым стане. Лес сплаўляюць россыпам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экра́н, ‑а, м.
1. Перасоўны шчыт для аховы ад гарачыні ці святла. Паставіць экран ля каліна.
2.Спец. Прыстасаванне з паверхняй, якая адбівае, паглынае ці пераўтварае выпраменьванне розных відаў энергіі з мэтай аховы ад выпраменьвання ці яго выкарыстання. Экран плаціны. Экран паравога катла. □ Упершыню экраны ў дамбах зроблены з торфу і пяску.Галавач.// Паверхня для ўзнаўлення светлавых адбіткаў, сігналаў і пад. Экран радара. □ Павел зірнуў на экран тэлевізара, які паказваў падземную залу ракетадрома, дзе сабраліся ўсе, хто праводзіў іх, хацеў знайсці Валю ў натоўпе, ды не паспеў.Шыцік.
3. Нацягнутая на раму белая тканіна для дэманстрацыя фільмаў, дыяпазітываў і пад. На сцэне — столік, пакрыты чырвоным, крэслы і нават трыбуна. Там вісела ўжо не раз палотнішча экрана.Брыль.У класе ўжо вісіць экран, некалькі хлапчукоў дапамагаюць кінамеханіку перамотваць стужкі.Жычка.
4.перан. Кінамастацтва. Дык дзякуй за тое, мой дружа, Што ты вось ад гэтых бяроз Любоў нашу, вернасць і мужнасць — Усё да экрана данёс.Прыходзька.
•••
Шырокі экран — кінаэкран з павялічаным полем агляду, які набліжае ўспрыйманне фільма да ўмоў рэальнага бачання.
[Фр. écran.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
А́НДЫ, Андыйскія Кардыльеры (Andres, Cordillera de los Andes),
горная сістэма на Пн і ЗПаўн. АмерыкіПаўд. Амерыкі, выцягнутая ў мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. на тэр. Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціны. Самая доўгая (9000 км) і адна з самых высокіх (6980 м, г. Аканкагуа) горных сістэм зямнога шара. З’яўляецца кліматападзелам паміж паветранымі масамі Атлантычнага і Ціхага акіянаў, важны гідраграфічны вузел мацерыка. Складаюцца пераважна з субмерыдыянальных паралельных хрыбтоў — Усходнія Кардыльеры Андаў, Цэнтральныя Кардыльеры Андаў, Заходняя Кардыльера Андаў, Берагавыя Кардыльеры Андаў, паміж якімі ўнутр. пласкагор’і і плато (Пуна, Альтыплана) ці ўпадзіны. Па сукупнасці прыродных асаблівасцяў і араграфіі вылучаюць Анды Паўн., Цэнтр. і Паўднёвыя. Паўночныя Анды падзяляюцца на Карыбскія Анды, Паўн.-Зах. Анды, якія прадстаўлены 3 асн. Кардыльерамі (Усходняя, Заходняя і Цэнтральная), і Экватарыяльныя Анды (складаюцца з 2 Кардыльераў — Заходняй і Усходняй). Цэнтральныя Анды (да 28°паўд. ш.) уключаюць Перуанскія Анды і ўласна Цэнтр. Анды, ці Цэнтральнаандыйскае нагор’е. У Паўднёвых Андах вылучаюць Чылійска-Аргенцінскія (Субтрапічныя Анды) і Патагонскія Анды. Паводле будовы Анды — адроджаныя герцынскія структуры, узнесеныя навейшымі падняццямі альпійскай складкавасці на месцы Андыйскага (Кардыльерскага) геасінклінальнага складкавага пояса; зона землетрасенняў і актыўнага сучаснага вулканізму: 70 вулканаў, у т. л. 30 дзеючых (Катапахі, Льюльяйльяка, Сангай, Сан-Педра і інш.). Карысныя выкапні: руды волава («алавяны пояс» Балівіі), медзі («медны пояс» Чылі і Перу), вальфраму, сурмы, вісмуту, селену, серабра, свінцу, цынку, жалеза, золата, плаціны; у перадгор’ях, міжгорных прагінах і ўпадзінах (Маракайба, Магдалены) радовішчы нафты. У Андах пачынаюцца вытокі і прытокі Амазонкі, Арынока, Парагвая, Параны і рэкі Патагоніі, знаходзяцца вял. азёры: Маракайба, Тытыкака, Паапо і інш. Значныя вышыня і працягласць Андаў з Пн на Пд, кантрасты ва ўвільгатненні (на зах., наветраных, схілах да 5000—8000 мм ападкаў за год — на З Калумбіі і Пд Чылі, на ўсх., падветраных, каля 3000 мм — экватарыяльная паласа, вельмі сухія ўзбярэжжы — да 100 мм за год у Перу і Чылі), наяўнасць зледзяненняў (найб. значнае ў Патагонскіх Андах, больш за 20 тыс.км²), узровень снегавой лініі ад 4200—4900 м каля экватара да 6300 м у Перу абумовілі рэзка выяўленую пояснасць і вял. разнастайнасць ландшафтаў. Наветраныя вільготныя схілы ад Паўн.-Зах. Андаў да ПдЦэнтр. Андаў укрыты горнымі вільготнымі экватарыяльнымі і трапічнымі лясамі (горныя гілеі), у якіх вылучаюць З вышынныя паясы: т’ера-кальентэ (гарачая зямля), т’ера-тэмплада (умераная зямля) і т’ера-фрыз (халодная зямля). У Субтрапічных Андах вечназялёныя сухія лясы і хмызнякі, на Пд ад 38°паўд. ш. вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы. Расліннасць высакагорных плато мае шэраг асаблівасцяў: на Пн горныя экватарыяльныя лугі парамас, у Перуанскіх Андах і на ПнУ Пуны сухі высакагорны стэп халка, на ПдЗ Пуны і ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы паміж 5—28°паўд. ш. пустынныя тыпы расліннасці. Жывёльны свет: шыраканосыя малпы, непаўназубыя (мурашкаед, браняносец, лянівец), ягуар, пума, лама, гуанака, алені уэмул і пуду, грызуны тука-тука і шыншыла; з птушак — кондар, тукан, калібры і інш. Анды — радзіма хіннага дрэва, кокі, батату, лімскай фасолі і інш. каштоўных раслін. Даследаваў Анды бел. геолаг І.І.Дамейка, у гонар якога названы хрыбет.
М.В.Лаўрыновіч.
Паўночныя Анды. Высакагорны рэльеф.Анды на граніцы Чылі і Аргенціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вір1 ’глыбокае месца ў рацэ ці возеры, дзе вада завівае, закручваецца’ (БРС, КТС; барыс., гродз., Нас.; Мал., Яруш., Нас. Сб., Мядзв., Грыг., Шат., Сцяшк. МГ, Касп., Бяльк.; бых., Янк. Мат.; слаўг., лёзн., Яшк.; КЭС, лаг.); ’любое небяспечнае і невядомае месца’ (Нас., гродз., Шн., 2); ’акно ў дрыгве’ (КЭС); ’хуткі ручай’ (Нас., віц.; Яшк.); ’рух, плынь ракі’ (Яруш., Нас.); ’невялікая травяная яма з вадой на сухім месцы’ (палес., Яшк.). Укр.вир ’вір’, паўн., зах., с.-рус.вир ’вір, яма’; ’дрыгва, вакно ў дрыгве’, перм., калін. ’месца на млыне, куды падае вада з плаціны’, цвяр.выр ’хуткая плынь’; ’яма з вірам’, алан. ’лінія (пры гульні ў лункі)’, польск.wir ’віхор, вір’; ’юрок для матання нітак’, чэш.vír ’вір, віхар, рух’; ’зарубка на дрэве сякерай ці пілой пры вырубцы’; ’касмык шэрсці на персях каня, які служыць характарыстыкай пароды каня’, славац.vír ’вір, віхор’, славен.vȋr ’крыніца, вір’, серб.-харв.ви̑р ’тс’, макед.вир ’лужына, сажалка, вадаём’, балг.вир ’глыбокае месца ў рацэ’; ’затока, сажалка’; ’небяспечнае месца ў рацэ’, ст.-слав.виръ ’вір’. Прасл.virъ. Утворана ад дзеяслова vьrěti (як і жыр, мір і інш.). Параўн. яшчэ літ.vỹrius ’вір’, лат.virags ’вір, віхар’, грэч.βιρός ’дрыгва’, арам.viró ’глыбокае месца ў вадзе’ (Фасмер, 1, 318; Махэк₂, 690; Брукнер, 623, БЕР, 1, 150; Рудніцкі, 1, 393; Мартынаў, Зб. Аванесаву, 189–190).
Вір2 ’вір вадзяніка’ (барыс., Шн., 2), віры́ ’д’яблы’ (Нас. Сб.); ’нячысцікі, што жывуць у вадзяных прорвах, бяздонні’ (Нас.). Бел. лексема ўзнікла шляхам пераносу значэння.
Вір3 ’вірок, прылада для звівання нітак у клубок’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑rъ ад vi‑ti. Гл. яшчэ вірак, вірок, юрок.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГІДРАТЭ́ХНІКА (ад гідра... + тэхніка),
галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем водных рэсурсаў, іх выкарыстаннем у нар. гаспадарцы, барацьбой са шкодным уздзеяннем вод, буд-вам і эксплуатацыяй гідратэхнічных збудаванняў (ГТЗ). Цесна звязана з гідраўлікай, гідрамеханікай, гідралогіяй, геалогіяй, гідрагеалогіяй, будаўнічай механікай, механікай грунтоў і інш.
Гідратэхніка вывучае ўплыў вадзяных патокаў на ГТЗ і рэчышчы, распрацоўвае тэорыю ўстойлівасці ГТЗ і іх асноў, метады рэгулявання рачнога сцёку. Даследуе фільтрацыю вады праз грунты, стварае метады разліку і канструявання ГТЗ і іх асноў, спосабы іх буд-ва і эксплуатацыі (гл.Гідратэхнічнае будаўніцтва). Асн. кірункі практычнай гідратэхнікі: выкарыстанне воднай энергіі (гл.Гідраэнергетыка); абвадненне, арашэнне і асушэнне с.-г. зямель (гл.Меліярацыя, Меліярацыйная навука); водазабеспячэнне населеных пунктаў і прамысл. прадпрыемстваў, ачыстка сцёкавых вод і іх адвядзенне (гл.Каналізацыя); забеспячэнне суднаходства і лесасплаву па водных шляхах, неабходных умоў для рыбнай гаспадаркі; ахова населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, ліній электраперадачы і сувязі, трансп. збудаванняў, с.-г. угоддзяў ад шкоднага ўздзеяння воднай стыхіі (наваднення, паводкі, апаўзання берагоў, утварэння яроў і інш.); ахова водных рэсурсаў ад забруджвання і вычарпання (гл.Ахова вод).
Гідратэхніка — адна з найб. старажытных галін навукі і тэхнікі. Яшчэ за 4400 г. да н.э. ў Стараж. Егіпце ствараліся каналы для арашэння зямель у даліне р. Ніл, будаваліся земляныя плаціны. У Вавілоне за 4—3 тыс.г. да н.э. ў гарадах працавалі водаправоды і артэзіянскія калодзежы. У перыяд росквіту Стараж. Грэцыі і Рыма пабудаваны водаправод у Карфагене, каналізацыя ў Рыме, пачалося асушэнне Пантыйскіх балот. За 2 тыс.г. да н.э. на тэр. сучасных Нідэрландаў будаваліся дамбы для аховы прыбярэжных тэрыторый ад затаплення. За 500—400 г. да н.э. створаны першыя суднаходныя збудаванні (канал ад Ніла да Чырвонага мора). У сярэднія вякі пашырыліся вадзяныя млыны (прыводзіліся ў дзеянне вадзянымі коламі), будаваліся сістэмы водазабеспячэння гарадоў і замкаў, суднаходныя шлюзы і порты, вяліся работы па асушэнні і арашэнні зямель. У 17—18 ст. з развіццём мануфактур звязана буд-ва плацін і гідрасілавых установак. У 2-й пал. 19 ст. развіццё гідратэхнікі звязана з вынаходствам гідраўлічных турбін і буд-вам гідраэлектрычных станцый, стварэннем водных шляхоў, асушальных і арашальных сістэм і г.д. У Расіі гідратэхніка пачала развівацца з канца 16 ст. У СССР развіццё гідратэхнікі звязана з асваеннем рэк Сібіры, Сярэдняй Азіі і Д.Усходу, буд-вам буйных арашальных і асушальных сістэм, каскадаў ГЭС на Волзе і Каме, працяглых каналаў, з рэканструкцыяй і збудаваннем глыбакаводных шляхоў і інш. Значны ўклад у развіццё гідратэхнікі зрабілі М.Я.Жукоўскі, М.С.Ляляўскі, М.М.Паўлоўскі, Ф.Р.Зброжак, М.А.Веліканаў, П.Г.Аляксандраў, Б.Я.Ведзянееў, Б.Р.Галёркін, М.М.Герсяванаў, С.Я.Жук і інш.
На Беларусі развіццё гідратэхнікі звязана з выкарыстаннем млыноў вадзяных (вядомыя з часоў Кіеўскай Русі, пашырыліся ў 16—18 ст.), з буд-вам у 18—19 ст. Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага, Дняпроўска-Бугскага каналаў (гл. адпаведныя арт.), з дзейнасцю Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У 1940—50-я г. пабудаваны міжкалгасныя і калгасныя ГЭС (179), з 1960-х г. вяліся буйнамаштабныя работы па стварэнні асушальна-ўвільгатняльных сістэм, сажалкавых рыбаводных гаспадарак, водазабеспячэнні населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў і г.д. У 1976 уведзена Вілейска-Мінская водная сістэма, у 1988 — Сляпянская водная сістэма. Даследаванні ў галіне гідратэхнікі вядуцца ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац.буд-ва, БПА, Брэсцкім політэхн. ін-це, БСГА і інш. Падрыхтоўка спецыялістаў-гідратэхнікаў вядзецца на ф-це энергет.буд-ваБПА, у Пінскім і Лепельскім гідрамеліярац. тэхнікумах.
Літ.:
Правдивец Ю.П., Симаков Г.В. Введение в гидротехнику. М., 1995;
Субботин А.С. Основы гидротехники. Л., 1983;
Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;
Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАЯ́РСКІ КРАЙ.
У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 7.12.1934. Размешчаны пераважна ў межах Усх. Сібіры, у бас.р. Енісей; уключае таксама архіпелаг Паўн. Зямля і прылеглыя астравы. Пл. 2339,7 тыс.км². Нас. 3107 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 1,3 чал. на 1 км² (0,01 чал. на 1 км² на Пн, 25 чал. на 1 км² у паласе каля Транссібірскай магістралі). Жывуць рускія (87,6%), украінцы (3,5), татары (1,6), немцы (1,4), беларусы (1), чувашы (0,8), народы Поўначы (эвенкі, даўганы, ненцы, якуты, нганасаны, кеты — 0,5%) і інш. У складзе К.К. Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга, Эвенкійская аўтаномная акруга. Цэнтр — г.Краснаярск. Найб. гарады: Нарыльск, Ачынск, Канск, Жалезнагорск, Мінусінск, Лесасібірск, Назарава.
Прырода. Край прасціраецца ад берагоў Паўн. Ледавітага ак. да гор Паўд. Сібіры амаль на 3 тыс.км. На Пнп-аў Таймыр з гарамі Быранга (выш. да 1146 м), якія абрываюцца на Пд да забалочанай Паўн.-Сіб. нізіны. На З — усх. частка Зах.-Сіб. раўніны. У цэнтры Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), з найб. вышынямі на Енісейскім кражы (да 1104 м) і плато Путарана (да 1701 м). Паўд.ч. занята адгор’ямі Усх. Саяна (выш. да 2922 м) і Зах. Саяна (выш. да 2456 м) і Мінусінскай катлавінай. Край багаты карыснымі выкапнямі. Геал. запасы вугалю больш за 3 трлн. т. Распрацоўваецца Канска-Ачынскі вугальны басейн (638 млрд.т), перспектыўныя Тунгускі (2299 млрд.т) і Таймырскі (235 млрд.т) басейны. Буйныя радовішчы жал. (Ніжнеангарскае, Тагарскае), медна-нікелевых і спадарожных руд (малібдэн, кобальт, вальфрам, плаціна), металаў, баксітаў, золата, графіту, фасфарытаў, слюды, нафты і газу, кухоннай солі, паўкаштоўных камянёў. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -36 °C на Пн да -18 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 13 да 20 °C. Ападкаў ад 200—300 мм на Пн да 800—1200 мм за год у гарах Паўд. Сібіры. На Пн ад р. Ніжняя Тунгуска шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас.Паўн. Ледавітага ак. Найбольшая р. Енісей з прытокамі Ангара, Падкаменная і Ніжняя Тунгуска, Сым, Елагуй; рэкі Хатанга, Пясіна, Таймыра і прытокі Обі — Чулым і Кець. Рэкі багатыя гідраэнергіяй, суднаходныя. Азёры — Таймыр, Пясіна, Лама, Кета і інш. Краснаярскае вадасховішча. Глебы на Пн забалочаныя, тарфяныя, на Пд мярзлотна-таежныя, шэрыя лясныя, чарназёмныя і каштанавыя. На п-ве Таймыр пашырана мохава-лішайнікавая тундра. Пад лесам каля 150 млн.га. Пераважае тайга з лістоўніцы, піхты, хвоі, кедра. На Пд ад зоны тайгі паласа мяшаных і драбналістых лясоў. Астраўныя лесастэпы (Ачынскі, Краснаярскі, Канскі) пераходзяць у стэпы Мінусінскай катлавіны. Жывёльны свет разнастайны. У тундры водзяцца лемінг, пясец, заяц-бяляк, алень, у тайзе — лось, кабарга, вавёрка, бурундук, буры мядзведзь, расамаха, гарнастай, собаль, ліс і інш. Запаведнікі «Сталбы» і Таймырскі.
Гаспадарка. К.к. мае магутны эканам. патэнцыял. На долю прам-сці прыпадае 70% усёй прадукцыі, на сельскую гаспадарку — 12%. Асн. галіны: горназдабыўная, электраэнергет., металургічная, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лясная. Паліўна-энергет. комплекс фарміруецца на гідраэнергіі Енісея (Краснаярская, Усць-Хантайская ГЭС) і вугалі Канска-Ачынскага вугальнага басейна. Дзейнічаюць Бярозаўскі, Назараўскі і Ірша-Барадзінскі вугальны разрэзы. У 1996 здабыта 38,5 млн.т вугалю. Вытв-сць электраэнергіі 49 млрд.кВтгадз (1996). Вядзецца здабыча жал. руды (1,7 млн.т), каляровых і рэдкіх металаў, графіту, слюды, барыту, кааліну. Каляровая металургія спецыялізуецца на вытв-сці нікелю, медзі, кобальту, селену, золата, серабра, плаціны, паладыю, ірыдыю (Нарыльск), гліназёму (Ачынск), алюмінію (Краснаярск). Якасную сталь выплаўляе металургічны з-д «Сібэлектрасталь» у Краснаярску. Машынабудаванне і металаапрацоўка: з-ды па вытв-сці збожжаўборачных камбайнаў, электрарухавікоў, радыётэхнікі, тэлевізараў, халадзільнікаў, абсталявання для лясной і алюмініевай прам-сці (Краснаярск), аўтамаб. і трактарных прычэпаў (Сасноваборск), абсталявання для папяровай прам-сці (Канск), нізкавольтнай апаратуры (Дзіўнагорск), комплекс электратэхн. вытв-сці (кабель, высакавольтная апаратура, электранагравальныя прылады, Мінусінск). Суднабудаванне ў Краснаярску, суднаверф у Енісейску. Развіта лясная і дрэваапр.прам-сць. Лесапілаванне і дрэваапрацоўка ў Лесасібірску, Ачынску, Енісейску, Багучанах, Ігарцы; цэлюлозна-папяровая вытв-сць у Краснаярску; мэблевая ў Мінусінску, Назараве, Заазерным. Вытв-сць (1996): дзелавой драўніны 5.4 млн.м³, піламатэрыялаў 1,6 млн.м³, паперы 50,3 тыс.т, кардону 58,4 тыс.т. На аснове хім. перапрацоўкі драўніны развіта вытв-сцьсінт. каўчуку, хім. валакна, шын, гумава-тэхн. вырабаў (Краснаярск). У Ачынску нафтаперапр.з-д. Прам-сцьбуд. матэрыялаў у Краснаярску, Ачынску, Канску, Дзіўнагорску, Назараве. Лёгкая прам-сць: баваўняны камбінат у Канску, шаўковы ў Краснаярску, гарбарна-абутковыя ф-кі ў Краснаярску і Канску, швейныя ф-кі. Харч.прам-сць працуе на мясцовай с.-г. сыравіне. Рыбазаводы ў Дудзінцы і Ігарцы. Пл.с.-г. угоддзяў больш за 5 млн.га, у т. л. пад ворывам 3,3 млн.га, пад пашай 1,3 млн.га. Асн. ворныя землі ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Мінусінскай катлавіны. Сеюць яравую пшаніцу, жыта, авёс, проса, грэчку. Вырошчваюць бульбу, лён, сланечнік, цукр. буракі, агародніну. Збор (млн.т, 1995): збожжа — 2,2, бульбы — 1,1, агародніны — 0,2. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, коне- і авечкагадоўля, на Пн — аленегадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 944, 7, свіней — 655,2. Вял. значэнне маюць зверагадоўля і пушны промысел (Эвенкійская аўт. акруга). Пчалярства, збор кедравых арэхаў. Даўж. чыгункі 2,1 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 19,6 тыс.км. Гал. чыгунка — Транссібірская магістраль, самая паўн. чыгунка — Нарыльск—Дудзінка. Даўж. суднаходных шляхоў 6,2 тыс.км. Суднаходства па р. Енісей з выхадам да Паўн. марскога шляху. Парты — Дудзінка, Дыксан, Хатанга, Ігарка. Курорты Учум і Шыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІО́ПІЯ, Федэратыўная Дэмакратычная Рэспубліка Эфіопія,
дзяржава на У Афрыкі. Мяжуе на З з Суданам, на Пд з Кеніяй, на ПдУ і У з Самалі, на У з Джыбуці, на ПнУ з Эрытрэяй. Пл. 1127,1 тыс.км². Нас. 67 673 тыс.чал. (2002). Афіц. мова — амхарская. Сталіца — г.Адыс-Абеба. Кра ша падзяляецца на 9 штатаў і 2 прывілеяваныя гарады. Нац. свята — Дзень устанаўлення міру і дэмакратыі (28 мая).
Дзяржаўны лад. Э. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Надзелены прадстаўніцкімі функцыямі. Заканад. ўлада належыць ніжняй палаце парламента (Федэральнага сходу; выбіраецца на 5 гадоў), — Савету нар. дэпутатаў (548 дэпутатаў, выбраны на шматпартыйных выбарах). Верхняя палата — Савет федэрацыі (155 дэпутатаў, выбраны мясц. органамі ўлады). Парламент выбірае прэм’ер-міністра і зацвярджае склад урада.
Прырода. Большую ч.тэр. Э. займае Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн у гарах Сымен, выш. 4623 м — найвыш. пункт краіны), на ПдУ — Эфіопска-Самалійскае плато, якое аддзелена ад нагор’я Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай. Характэрна павышаная сейсмічнасць. Карысныя выкапні: каменная і калійная солі, плаціна, тантал, золата, медзь, азбест, сера, марганцавыя руды, нафта і прыродны газ. Клімат на Пн трапічны пустынны і паўпустынны, на астатняй ч. субэкватарыяльны, гарачы і сезонна вільготны. Для Эфіопскага нагор’я характэрна вышынная кліматычная пояснасць; сярэднямесячныя т-ры 15—26 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 150—600 мм на раўнінах да 1500—1800 мм у гарах. Дажджы выпадаюць з ліп. па верасень. Упадзіна Афар — адно з самых гарачых месц на Зямлі. Частыя засухі. Рачная сетка густая на Эфіопскім нагор’і (Блакітны Ніл з прытокамі, Ома і інш.), рэдкая на засушлівых плато (Вебі-Шэбелі). Шмат азёр; найб. — Тана (пл. больш за 3 тыс.км²). Пераважаюць чырвона-бурыя і чырвоныя глебы, у гарах — горна-лясныя карычневыя і горна-лугавыя. Каля 1/3тэр. занята хмызняковымі пустынямі і паўпустынямі, на У — апустыненыя саванны, на ПдЗ у далінах рэк і ў гарах на выш. 1700—1800 м дажджавыя трапічныя лясы з дзікарослымі кафейнымі дрэвамі. На зах. і паўд.-зах. схілах нагор’я — вышынная пояснасць ландшафтаў. Жывёльны свет багаты і разнастайны: антылопы, буйвалы, зебры, гіпапатамы, сланы, ільвы, леапарды, малпы, кракадзілы; шмат птушак, у т. л. страус. Нац. паркі Аваш, Сымен, Ома, Фасіл Гебі ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. У складзе насельніцтва каля 80 этн. груп. Асн. насельніцтва — арома (40%), амхара і тыгрэ (32%). Жывуць таксама сідама (9%), шанкела (6%), самалі (6%), афар (4%). Пашыраны семіта-хаміцкія мовы. У гарадах жывуць армяне, арабы, грэкі, індыйцы, пакістанцы. Сярод вернікаў мусульман 45—50%, хрысціян-монафізітаў 35—40%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 12%. Сярэднегадавы прырост 2,3%. Сярэдняя шчыльнасць 60 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены цэнтр. і ўсх. раёны Эфіопскага нагор’я. Гар. насельніцтва 17%. Найб. гарады (тыс.ж.): Адыс-Абеба (2753; 2002), Дырэ-Дауа (173,6), Харэр (162,6), Гондэр (146,8), Назрэт (131,6), Мэкэле (107,7; 1993). У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 8%, у сферы паслуг — 12%).
Гісторыя. На тэр. Э. знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека. Найб.стараж. насельніцтвам краіны былі кушыты — продкі сучасных народаў агаў, арома, самалі і інш. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачалося перасяленне з Паўд. Аравіі на Пн Э. плямён семітаў. ад назвы аднаго з якіх пайшла першапачатковая назва краіны — Хабаш. больш вядомая еўрапейцам у скажонай форме як Абісінія. Нашчадкі гэтых плямён у пач. 1-га тыс.н.э. стварылі Аксумскае царства. якое займала паўн.ч. Э. і тэр. сучаснай Эрытрэі. У 5 ст.дзярж. рэлігіяй Аксумскага царства (а надалей і яго пераемніцы — Эфіопскай дзяржавы) стала хрысціянства монафізіцкага кірунку (гл.Монафізіцтва). З пач.арабскіх заваяванняў у 7 ст. Аксумскае царства заняпала і распалася. Яго прыбярэжныя раёны былі захоплены арабамі. цэнтр эфіопскай дзяржаўнасці перамясціўся ва ўнутр. частку Эфіопскага нагор’я. На ўзбярэжжы Чырв. мора і ва ўнутр. раёнах краіны ўзніклі мусульм. султанаты Адал, Іфат, Хадзья і інш. Да канца 13 ст.хрысц. вобласці Э. былі аб’яднаны правіцелямі зямлі Шоа — прадстаўнікамі т. зв. Саламонавай дынастыі (прэтэндавалі на паходжанне ад яўр. цара Саламона і царыцы Саўскай). Утварылася Эфіопская дзяржава ў форме імперыі. якую аслабляла непадпарадкаванне цэнтр. уладзе мясц. правіцеляў; спробы ўзмацніць яе пры імператару (негусе негусаў) Зарэ-Якобе [1434—68] мелі толькі часовы поспех. Цяжкія наступствы мелі частыя войны з мусульм. султанатамі; у пач. 16 ст. ўзнікла пагроза з боку Турцыі, якая ўмацавалася на ўзбярэжжы сучаснай Эрытрэі. У 1530-я г. войскі султаната Адал захапілі б.ч. Эфіопскай дзяржавы. але з дапамогай партугальцаў былі выгнаны. З сярэдзіны 17 ст. пасля шэрагу міжусобных войнаў, у т. л. выкліканых спробамі пашырэння ў Э. каталіцтва. адбылася некат. стабілізацыя дзяржавы, але да канца 18 ст. яна зноў распалася на самаст. правінцыі пры захаванні у імператараў намінальнай улады. У сярэдзіне 19 ст. феадал Каса з вобл. Тыгрэ аб’яднаў дзяржаву і абвясціў сябе імператарам Тэадросам II [ 1855—68], але загінуў у вайне з англічанамі. Канчаткова аб’яднанне Э. завершана імператарам Менелікам II (1889—1913). Ён з дапамогай Расіі (сярод яе прадстаўнікоў у Э. важную ролю адыгралі беларусы па паходжанні А.К.Булатовіч і М.С.Лявонцьеў) перамог італьян. агрэсараў у італа-эфіопскай вайне 1895—96. задушыў феад. сепаратызм. правёў грашовую рэформу, распачаў буд-ватэлегр. ліній і чыгункі. У пач. 20 ст. Э. разам з Ліберыяй заставаліся адзінымі незалежнымі краінамі ў Афрыцы. У выніку барацьбы за ўладу пасля смерці Менеліка II у 1916 фактычным правіцелем (рэгентам) Э. стаў Тафары Маконен. які ў 1930 абвясціў сябе імператарам пад імем Хайле Селасіе I [1930—74). У 19.31 прынята першая канстытуцыя Э., якая пацвердзіла абсалютную ўладу імператара. У выніку італа-эфіопскай вайны 1935—36 урад Мусаліні абвясціў Э. часткай калоніі «Італьян.Усх. Афрыка». У 1940—41 Э. вызвалена брыт. войскамі і эфіопскімі партызанамі: у 1952 да яе далучана б.італьян. калонія Эрытрэя. Нягледзячы на пэўны рост эканомікі ў 1950—60-я г., захаванне абсалютысцкага рэжыму і многіх феад. перажыткаў выклікала незадаволенасць у грамадстве. 12.9.1974 ваенныя скінулі Хайле Селасіе I, а ў сак. 1975 скасавалі манархію. Улада перайшла да Часовага ваен.адм. савета. які ў лют. 1977 узначаліў палк. Менгісту Хайле Марыям. Быў абвешчаны курс на пабудову сацыялізму. у 1984 створана кіруючая Партыя працоўных Э. З дапамогай СССР рэжым Хайле Марыяма адбіў націск войск Самалі, якое імкнулася ў 1977—78 захапіць эфіопскую прав. Агадэн. але не здолеў вырашыць праблему Эрытрэі. дзе з пач. 1960-х г. сепаратысты вялі ўзбр. барацьбу за стварэнне незалежнай дзяржавы. У 1980-я г. ўрадавыя войскі Э. пацярпелі ў Эрытрэі шэраг паражэнняў. Пры падтрымцы эрытрэйцаў створаны шэраг сепаратысцкіх рухаў ва ўнутр. раёнах Э.: Нар. фронт вызвалення Тыгрэ. Фронт вызвалення Арома і інш., якія аб’ядналіся ў Эфіопскі нар.рэв.-дэмакр. фронт (ЭНРДФ). Пазіцыі сацыяліст. ўрада былі падарваны эканам. разрухай і сістэматычнымі неўраджаямі. якія сталі прычынай смерці ад голаду больш як 1 млн.чал. 28.5.1991 атрады ЭНРДФ занялі Адыс-Абебу. Падзенне рэжыму Хайле Марыяма адначасова азначала страту народам амхара пануючага становішча ў краіне. якім ён карыстаўся шмат стагоддзяў. Старшынёй Пераходнага ўрада і кіраўніком дзяржавы стаў старшыня ЭНРДФ Мелес Зенаўі. Адначасова Эрытрэя цалкам перайшла пад кантроль мясц. сепаратыстаў і ў 1993 абвешчана незалежнай дзяржавай. У снеж. 1994 прынята новая канстытуцыя Э., якая замацавала федэратыўнае (замест ранейшага унітарнага) уладкаванне дзяржавы. З мая 1995 прэм’ер-міністрам Э. з’яўляецца Мелес Зенаўі. Э. — чл.ААН (з 1945), Афр. саюза (з 2002). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.5.1994.
Гаспадарка. Э. — агр. краіна, адна з найбяднейшых у свеце. эканоміка якой залежыць ад замежнай дапамогі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 39,2 млрд.дол. (600 дол. на душу насельніцтва). Сельская гаспадарка дае 45% ВУП і больш за 80% экспарту. Выкарыстоўваецца 30,7 млн.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,5 млн.га. Земляробства — гал. галіна сельскай гаспадаркі. Зямлю апрацоўваюць плужным і матычным спосабам; ураджайнасць нізкая, існуе дэфіцыт харч. прадуктаў. Прыродным і сац. бедствам з’яўляюцца засухі. Каля пал. ворных зямель пад збожжавымі культурамі. Вырошчваюць (млн.т, 1999) кукурузу (2.8), тэф (2), пшаніцу (1,2), сорга (1,3), ячмень (1). Пашыраны бабовыя (гарох, фасоля, сачавіца, боб), алейныя (нут, кунжут, клешчавіна), цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь і інш.Гал. экспартная культура — кава (збор 232 тыс.т, 1999). Асн.ч. прадукцыі прыпадае на дзікарослыя кафейныя дрэвы на Пд і ПдЗ краіны. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, малапрадукцыйная, на У і ПдУ качавая і паўкачавая, у цэнтр.ч. — адгонна-пашавая. Пагалоўе (млн. галоў, 1999) буйн. раг жывёлы — 35,1, авечак — 22, коз — 16,9, аслоў — 5,2, коней — 2,7, вярблюдаў — 1,1, птушак — 56. Пчалярства. Рыбалоўства (10,4 тыс.т, 1999). Лесанарыхтоўкі. На долю прамысловасці прыпадае каля 10% ВУП. Старэйшая галіна — харчасмакавая (мясаперапр., мукамольная, цукр., алейная, кававая, вытв-сць напіткаў, цыгарэт). У лёгкай прам-сці развіта тэкст. (Адыс-Абеба, Дырэ-Дауа, Бахр-Дар) і гарбарна-абутковая (Адыс-Абеба, Моджа) галіны. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. цэменту, у Дырэ-Дауа, Адыс-Абебе, Мугэры. Дрэваапр.прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, піламатэрыялаў) сканцэнтравана ў Адыс-Абебе і яе наваколлях. Ёсць маш.-буд. (пераважна зборачныя) і металаапр. прадпрыемствы ў Адыс-Абебе і Назрэце. Здабыча золата, плаціны, марганцавай руды, калійнай солі, кварцавага пяску. Вытв-сць электраэнергіі 1,36 млрд.кВт∙гадз (1998), пераважна на ГЭС (89%). Большая ч. насельніцтва не мае доступу да электраэнергіі. Саматужныя промыслы (вышыўка. ткацтва, пляценне, апрацоўка скуры, металу, драўніны). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 28,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 4,3 тыс.км. Аўтапарк налічвае 66,1 тыс. аўтамашын. Даўж. чыгункі 681 км (чыг. лінія Адыс-Абеба — порт Джыбуці). Э. мае доступ да партоў Эрытрэі (Асэб і Масаўа). Суднаходства па воз. Тана. Міжнар. аэрапорты ў Адыс-Абебе і Бахр-Дары. Экспарт (460 млн.дол., 1999) кавы, золата, скур, алейных культур; імпарт (1,25 млрд.дол., 1999) харч. прадуктаў, нафты і нафтапрадуктаў, трансп. сродкаў, абсталявання, медыкаментаў. Асн.гандл. партнёры: Японія, Германія, Саудаўская Аравія, Італія, Джыбуці. Даход ад турызму 11 млн.дол. (1998). Грашовая адзінка — быр.
Літаратура. Раннія ўзоры пісьменства (надпісы-прысвячэнні на сабейскай мове) датуюцца першымі стагоддзямі н.э. Уласна л-ра зарадзілася ў час росквіту Аксумскага царства (4—7 ст.н.э.) і развівалася на стараж.-эфіопскай мове — гёэз (гыыз). Зберагліся тэксты пра дзеянні цара Эзана. Да канца 18 ст. аснову л-ры Э. складалі жыціі святых, гіст. хронікі і паэзія; развівалася перакладная л-ра, пераважна з араб. мовы. Сярод арыгінальных твораў гэтага перыяду — «Слава цароў» (14 ст.) і «Багацце цароў» (18 ст.), вядомасць набылі хронікі цароў Амдэ-Цыёна (14 ст.), Зар-Якаба I (15 ст.), Лебнэ Дынгэля (16 ст.). У паэзіі вылучаўся жанр кыне для царк. спеваў. З канца 19 ст.л-ра Э. пачала развівацца на амхарскай мове. Заснавальнік сучаснай л-ры Афэворк Гэбрэ Іесус (гіст. аповесць «Гісторыя, народжаная сэрцам», 1908). У пач. 20 ст. эфіопскія пісьменнікі адышлі ад канонаў сярэдневяковай кніжнасці, л-ра набыла свецкі характар. Найб. значны пісьменнік 1920—30-х г. — Хіруй Вольдэ Селасіе. Пасля італа-эфіопскай вайны 1935—41 развіццё нац. л-ры звязана з дзейнасцю пісьменнікаў-асветнікаў Кэбэдэ Мікаэля, Мэконына Эндалькачаў, Гырмачаў Тэкле Хаўар’ята і інш. У 1950—60-я г. з рэаліст. творамі выступілі празаікі Тадэсэ Лібэн, Бырхану Зэрыхун, Абэ Губэні, паэты і драматургі Мэнгысту Лема, Цэгае Гэбрэ Мэдхын. У 1970—90-я г. плённа працавалі Асэфа Гэбрэ Мар’ям Тэсэма, Аяльнэх Мулату, Бырхану Зэрыхун, Цэгае Гэбрэ Мэдхын і інш. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Э.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У стараж. мастацтве Э. спалучаліся традыцыі афр. культуры, стараж.-ўсх., пераасэнсаванне хрысц.арх. тыпаў і сюжэтаў і еўрап. ўплыву. Сярод найб. даўніх помнікаў каменныя стэлы са схематычнымі выявамі чалавека і сімвалічнымі знакамі (да 2-га тыс. да н.э.). На ПнУ адкрыты наскальныя размалёўкі, рэльефы з фігурамі быкоў і людзей. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. на горных плато квітнела мастацтва Сабейскага царства: пабудовы з часаных каменных пліт (храмы ў Хаўльты), плаціны, алтары і фрызы з выявай горнага казла (месяцавае бажаство Альмаках), скульптура [сядзячыя царскія фігуры, рэльефы, каменныя і тэракотавыя галовы, наскальныя выявы львоў (Габыдра каля Аксума), каменныя сфінксы, вотыўныя троны]. У перыяд узвышэння Аксумскага царства будавалі 2—3-павярховыя палацы з каменю і. дрэва з плоскім дахам на слупах, часам з унутр. дварамі (палац Такха-Мар’ям у Аксуме); каменныя стэлы (вышыня да 33 м), імітуючыя шмат’ярусныя вежы, троны на ступеньчатых фундаментах, жылыя дамы. Эліністычны ўплыў адбіўся ў разьбе па камені, кераміцы, залатых манетах. З сярэдзіны 4 ст. будавалі манастырскія комплексы і базілікальныя цэрквы (комплекс Дэбрэ-Дама). Пасля заняпаду Аксума традыцыі мастацтва Э. адрадзіліся ў 12—13 ст. на У ад воз. Тана. Сярод захаваных помнікаў цэрквы, высечаныя ў туфавых масівах. пячорныя ці пастаўленыя асобна. Скальныя храмы базілікальныя, часам крыжападобныя ў плане, з плоскімі дахамі; усе дэталі (з каменю) імітуюць скляпенні, драўляныя сувязі і ліштвы, раскрапоўкі, цягі. З копцкім і сірыйскім мастацтвам звязаны каменныя крыжы і аркады на дахах цэркваў, рэльефы на іх фасадах (цэрквы Бет-Мар’ям, Бет-Галгота ў Лалібэле). З’явіўся фрэскавы жывапіс: стылізаваныя плоскасныя фігуры святых, выявы жывёл і сцэн палявання (у царкве Медхане-Алем у Лілабэле), евангельскія сюжэты (у царкве Бет-Мар’ям). Адметныя тэмперныя абразы, у т. л. дыпціхі і трыпціхі, пано на палатне. У 14 ст. развівалася мініяцюра. У 15—17 ст. будаваліся гарады, палацы, багатыя цэрквы (Макана Селасіе ў гарах Уола — цэнтр. свяцілішча, абкружанае драўлянай каланадай). Каменныя замкі-палацы (з вуглавымі вежамі, аркадамі, зубчастымі парапетамі, багатым убраннем) спалучалі мясц. традыцыі з уздзеяннем еўрап. (пераважна партугальскага) мастацтва (палац Фасілідаса ў г. Гондар). У вазах з граніту, алебастру, мармуру адбіліся эліністычныя і візант. традыцыі, у ювелірных вырабах — сувязі з Егіптам, Аравіяй, Грэцыяй, Арменіяй, Індыяй. З 2-й пал. 19 ст. будавалі гарады (Адыс-Абеба) з хаатычнай планіроўкай, простыя жытлы, аб’екты сац. прызначэння. У жывапісе з’явіліся гіст. і батальныя тэмы. У 1-й пал. 20 ст. для буд-ва сталіцы запрашалі замежных архітэктараў, якія стваралі праекты ў духу сучаснай архітэктуры. З 2-й пал. 20 ст. фарміруецца прафес.выяўл. мастацтва. Жывапісец і скульптар Афеворк Тэкле, жывапісцы Але Фелеге Селам, Гебрэ-Крыстас Дэста, Абдэль Рахман Шэрыф, скульптар Тадэсе Белайнех і інш. звяртаюцца да стараж. і нар.маст. традыцый, вопыту еўрап. плыней. Традыц.нар. жытло — дамы круглыя ў плане, плеценыя, абмазаныя глінай з канічным дахам; прамавугольныя з каменю з глінай і друзам, маюць плоскі дах і навес. Сярод традыц. рамёстваў ганчарства, пляценне з саломы, апрацоўка металу (ажурныя, чаканеныя, філігранныя крыжы), вы шыўка, разьба па дрэве, цісненне на скуры.
Літ.:
Кацнельсон И., Терехова Г. По неизведанным землям Эфиопии. М., 1975;
Бартницкий А., Мантель-Нечко И. История Эфиопии: Пер. с пол. М., 1976;
Булатович А.К. С войсками Менелика II. М., 1971;
Яго ж. Третье путешествие по Эфиопии. М., 1987;
Ягья В.С. Эфиопия в новейшее время. М., 1978;
Литературы Африки. М., 1979;
Вольпе М.Л. Литература Эфиопии: Очерк. М., 1981.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Эфіопіі.Да арт.Эфіопія. Імператар Менелік II.Да арт.Эфіопія. Стэла ў г. Аксум. Каля 2—4 ст.Да арт.Эфіопія. Палац Фасілідаса ў г. Гондар. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ І ВАДАСХОВІШЧЫ
Азёры. На тэр. Беларусі больш за 10 000 азёр. Агульная іх плошча каля 2000 км², агульны аб’ём вады ў іх каля 6 км³. Азёр плошчай 0,1 км² і больш налічваецца 1072, плошчай больш за 10 км² — 20. Самае вял. па плошчы воз. Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Да найбольшых належаць азёры Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (43,8 км²). Лукомскае (36,7 км²), Дрывяты (36,1 км²) і інш. Найбольш азёр на Пн краіны — у Беларускім Паазер’і і на Пд — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10% тэрыторыі; у бас.р.Зах. Дзвіна і Нёман больш за 3,8 тыс. азёр. На Пд Беларусі шмат дробных азёр, у бас. рэк Дняпро і Прыпяць (разам са старыцамі) іх прыкладна 6500. Звесткі пра плошчы і глыбіні найбольшых азёр гл. ў табліцах 1 і 2.
Многія азёры ўтвараюць групы або ланцужкі, звязаныя невял. рэкамі і пратокамі, у іх ліку Ушацкая група, якая ўключае каля 40 азёр і аб’ядноўваецца р. Дзіва (бас.р.Зах. Дзвіна), і сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50), якую звязвае р. Друйка.
Катлавіны азёр найчасцей ледавіковага (пераважна на Пн), рачнога, карставага паходжання. Азёры паўн.ч. краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на выш. да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Тыпы ледавіковых катлавін: падпрудныя, што ўтварыліся ад расталых ледавіковых вод у паніжэннях паміж марэннымі градамі, іх форма круглаватая або лопасцевая, схілы асіметрычныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Дрывяты, Лукомскае і інш.); лагчынныя, што ўтварыліся ад ледавіковага выворвання вузкіх глыбокіх лагчын (глыб. да 80—100 м) і эварзійнай дзейнасці талых вод (Доўгае, Саро, Сянно, Балдук і інш.); эварзійныя, што ўзніклі ад разбуральнай дзейнасці вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка і выбівала невялікія, але глыбокія (25—30 м) чашы са стромкімі схіламі і акруглым малюнкам берагавой лініі (Рудакова, Вісяты, Варанец, Жэнна, Светлае і інш.); тэрмакарставыя, што ўзніклі на месцы раставання лінзаў лёду ў марэнных адкладах у час адступання ледавіка, малыя і неглыбокія, часам акруглыя прасадачнага паходжання (Лісіцкае, Усомля, Канашы). Найб. разнастайныя абрысы берагавой лініі ў складаных катлавінах азёр, утвораных у выніку ўзаемадзеяння некалькіх фактараў; у іх плане спалучэнне буйных мысаў і ўпадзін, высокіх паўастравоў і розных па форме заліваў (Крывое, Атолава, Лепельскае). Па ўсёй краіне, асабліва ў бас. рэк Дняпро і Прыпяць, шмат рачных азёр-старыц. Іх карставыя (Вулькаўскае, Свіцязь, Сомінскае, Лукаўскае і інш.) і суфазійныя катлавіны звязаны з вышчалочваннем вапнякоў, мелу, вымываннем гліністых часцінак і прасадкай грунту. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся мелкаводныя. Гэта азёры-разлівы, якія ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае і інш.). У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы сцёк і атмасферныя ападкі, роля падземных вод малазначная. Узровень вады ў азёрах на працягу года амаль пастаянны, звычайна вагаецца ад 1 да 1,5 м; вясной узровень вады павышаецца, зімой і летам паніжаецца.
Тэмпературны рэжым азёр абумоўлены ўплывам клімату зоны ўмеранага пояса (мяшаных лясоў зона). Вялікую ролю ў жыццядзейнасці жывёльных і раслінных арганізмаў адыгрывае вертыкальны рух вады — перамешванне. Летам мелкаводныя азёры пад уплывам ветру перамешваюцца да дна, т-ра вады 18—20 °C (гоматэрмія). У глыбокіх азёрах узнікае прамая тэмпературная стратыфікацыя: верхні слой вады (эпілімніён) добра награваецца і перамешваецца, у сярэднім (металімніёне — слой тэмпературнага скачка) т-ра паніжаецца на 3—5 °C на 1 м, у ніжнім слоі (гіпалімніёне) на працягу лета вада амаль нерухомая, т-ра каля 5—7 °C, нават пры значнай празрыстасці вады (5—8 м) тут пастаянна цёмна. Увосень у выніку выхалоджвання і вертыкальнага канвекцыйнага перамешвання ўзнікае асенняя гоматэрмія. Зімой азёры 4—5 месяцаў укрыты лёдам таўшчынёй 50—70 см, каля дна т-ра 3,5—4 °C, утвараецца адваротная стратыфікацыя. Вясной вада інтэнсіўна праграваецца і перамешваецца ў ходзе веснавой цыркуляцыі і гоматэрміі.
Газавы рэжым азёр вызначаецца колькасцю ў вадзе кіслароду, вуглякіслага газу, азоту і інш. Кіслародны рэжым звязаны з гадавым цыклам, залежыць ад т-ры і перамешвання вады. Летам кіслародам багаты верхні слой вады (кіслародная насычанасць больш за 100%), ніжні слой збеднены. Іншы раз у канцы лета кісларод каля дна знікае зусім, разам з павелічэннем колькасці вуглякіслага газу нярэдка паяўляецца серавадарод, і ўзнікае мёртвы слой вады. Зімой у некаторых азёрах кіслароду не хапае ва ўсёй воднай масе. У мелкаводных азёрах да канца зімы кісларод часам расходуецца цалкам, жывёлы задыхаюцца, настаюць заморы рыбы. Найбольш у вадзе азёр азоту (64%), які паступае з паветра. Ён захоўваецца амаль поўнасцю ў свабодным стане і толькі часткова спажываецца некаторымі бактэрыямі і мікраскапічнымі водарасцямі.
Гідрахімічныя асаблівасці азёр. Паводле хімічнага саставу азёры Беларусі належаць да прэсных, гідракарбанатна-кальцыевага тыпу. Агульная іх мінералізацыя 200—300 мг/л. Асноўныя складаючыя мінералізацыі — гідракарбанатны іон (HCO3−), іон Ca2+, Mg2+, SO42−, Cl−. Яны паступаюць у азёры з марэнных адкладаў, багатых вапнякамі і даламітамі. Хларыды (Cl−) і сульфаты (SO42−) трапляюцца ў невялікай колькасці і павялічваюцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці (унясенне на палі мінеральных угнаенняў, скід неачышчаных сцёкавых вод). Асноўных біягенных рэчываў (злучэнняў азоту, фосфару) у чыстай вадзе вельмі мала. Жалеза ў прыдонных слаях вады да 2—3 мг/л. Асноўны гідрахімічны паказчык — актыўная рэакцыя вады (pH) — у азёрах мяняецца ад слабакіслай (6—6,5) ва ўмовах балотнага жыўлення зімой да шчолачнай (8—8,5); у большасці выпадкаў pH роўная 7,5—8. Знешнімі прыкметамі стану возера, колькасці ў ім арганічных рэчываў і каламуці з’яўляюцца празрыстасць вады і колернасць. Найбольш празрыстыя глыбокія азёры: празрыстасць больш за 4—5 м (у Нарачы да 10 м); колернасць звычайна ніжэй 10—15°; найменш празрыстыя (<1 м) мелкаводныя і забруджаныя азёры з колернасцю вады 50—70°.
Раслінныя і жывёльныя арганізмы азёр. Азёрная расліннасць — мікрафіты і макрафіты. Да мікрафітаў належыць фітапланктон (больш за 500 відаў), прадстаўлены дыятомавымі водарасцямі (у глыбокіх халодных азёрах) і сіне-зялёнымі водарасцямі (у мелкаводных вадаёмах). Макрафіты ўтвараюць палосы расліннасці, найчасцей уздоўж берага. Жывёльны свет азёр прадстаўлены зоапланктонам і іхтыяфаунай. Прадстаўнікі зоапланктону займаюць сярод жывёльных арганізмаў самую нізкую ступень. Найбольш пашыраны галінаставусыя, весланогія рачкі (характэрныя для халодных азёр). Сярод насельнікаў дна (бентас) — малюскі, алігахеты, хіранаміды, ракападобныя. У азёрах Беларусі больш за 20 відаў прамысловых рыб, найбольш каштоўныя з іх лешч, сазан, шчупак, судак. Прамысловае значэнне маюць таксама віды, што ўзнаўляюцца або папаўняюцца штучна (напр., еўрапейскі вугор). У неглыбокіх азёрах акліматызаваны амурскі сазан і чудскі сіг, белы амур, таўсталобік. Паводле саставу іхтыяфауны азёры падзяляюць на рапушкава-сіговыя (найбольш глыбокія, празрыстыя і халодныя азёры), ляшчова-судаковыя і ляшчова-шчупаковыя (неглыбокія, высакакормныя азёры), сазанавыя (неглыбокія і мелкаводныя, высакакормныя), карасёва-лінёвыя (мелкаводныя, зарослыя, з недахопам кіслароду).
Азёрныя адклады. Тэрыгенныя адклады ўтвараюцца ў працэсе разбурэння берагоў. У выніку ў прыбярэжнай зоне намнажаюцца пяскі, гліны, валуны, галька. Хемагенныя — гэта прыбярэжныя адклады вапнякоў (азёрнага мергелю). Пашыраны і разнастайныя арганамінер. адклады (ілы, сапрапелі), якія ўзніклі ў выніку назапашвання адмерлых арганізмаў (пераважна раслінных) і дробных ілістых мінеральных часцінак. У іх састаў уваходзяць таксама злучэнні крэмнію, алюмінію, жалеза, кальцыю, магнію, серы, натрыю, шматлікія мікраэлементы (марганец, тытан, ёд). Адклады, у якіх арганічнага рэчыва больш за 50%, адносяць да арганічных тонка- або грубадэтрытавых сапрапеляў (у мелкаводных зарослых азёрах); у якіх 30—50% арганічнага рэчыва — да крэменязёмістых, карбанатных (вапняковістых), мяшаных сапрапеляў. Гліністыя або апясчаненыя ілы бедныя арганічным рэчывам. Для азёр Беларусі характэрны крэменязёмістыя адклады. На ПнЗ пашыраны азёры з карбанатнымі адкладамі на глыб. 1—7 м. Магутнасць сапрапеляў у азёрах каля 4 м, найб. — да 15—20 м; агульныя запасы — 1387 млн.м³. Самы ніжні пласт адкладаў у азёрах мае ўзрост каля 12—12,5 тыс. гадоў і прадстаўлены грубымі тэрыгеннымі адкладамі. Найбольш старажытныя разрэзы выяўлены ў азёрах Нарач, Глубелька, Вераб’і і інш. Узрост большасці азёр Паўн. Беларусі і Палесся складае 10—12 тыс. гадоў.
Паводле агульназанальных і азанальных фактараў (морфаметрычныя асаблівасці і ўзровень трофнасці), вылучаюць 4 асн. генетычныя тыпы азёр. Мезатрофныя з адзнакамі алігатрафіі, гэта глыбокія, невялікія азёры, яны празрыстыя, з выразнай стратыфікацыяй т-ры вады, магутным гіпалімніёнам; багатыя кіслародам, маюць нейтральную рэакцыю (pH) і сярэднія паказчыкі мінералізацыі. Адклады, мінеральныя і арганамінеральныя, маламагутныя. Іхтыяфауна сігова-снятковая. Да азёр такога тыпу належаць Балдук, Гінькава, Доўгае, Рудакова, Волас, Крывое і інш. За унікальныя прыродныя якасці некаторыя з такіх азёр ахоўваюць як заказнікі. Мезатрофныя, сярэднеглыбокія — гэта азёры са значнай плошчай, яны празрыстыя, багатыя кіслародам. Іх значная плошча спрыяе інтэнсіўнаму ветравому перамешванню вады, слаба развіты гіпалімніён. Рэакцыя вады і мінералізацыя раўнамерныя на працягу года. Адклады арганамінер. і мінеральныя. Іхтыяфауна рапушка-сіговая. Азёры такога тыпу — Нарач, Мядзел, Снуды, Рычы і інш. На Беларусі мезатрофныя азёры набываюць усё большае значэнне як месцы турызму і адпачынку. Эўтрофныя неглыбокія (слабаэўтрофныя) і мелкаводныя (моцнаэўтрофныя), з рознай плошчай — гэта азёры з багатым арганічным жыццём, са значнымі ваганнямі гідрахімічных паказчыкаў на працягу года. Іх водная маса летам інтэнсіўна перамешваецца пад уздзеяннем ветру, высокая насычанасць вады кіслародам, гіпалімніён амаль не выражаны. Зімой кіслароду дастаткова для рыбы. Пры малых глыбінях — кіслародны дэфіцыт, арганамінер. і арганічныя адклады магутныя. Іхтыяфауна ляшчова-судакова-шчупаковая. Да азёр такога тыпу належаць Дрывяты, Лукомскае, Мястра, Выганашчанскае, Арэхаўскае і інш. У дыстрафіруючых мелкаводных азёрах з рознай плошчай інтэнсіўнае ветравое перамешванне вады выклікае гоматэрмію, адсутнасць гіпалімніёну. Пры багатым грунтавым жыўленні яны моцна зарастаюць. Іх мінералізацыя і газавы рэжым вагаюцца. Амаль кожную зіму з-за недахопу кіслароду ўзнікаюць заморы рыбы. Арганічныя адклады магутныя. З прычыны недастатковага грунтавога жыўлення ў азёрах слаба развітыя макрафіты, пастаянна нізкая мінералізацыя і кіслая pH. Іхтыяфауна. карасёва-лінёвая, збедненая. Тыповыя азёры Жэрынскае, Ельня, Дабееўскае, Судабле, Чырвонае, Межужол.
На большасць азёр Беларусі ўплывае працэс антрапагеннага эўтрафіравання як вынік пашырэння прамысловай вытв-сці, інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. тэхнагенных пераўтварэнняў. У краіне ствараюцца асабліва ахоўныя тэрыторыі, якія ўключаюць унікальныя азёры.
В.П.Якушка.
Табліца 1 Азёры Беларусі з максімальнымі глыбінямі больш за 30 м
№ п/п
Возера
Макс. глыбіня, м
Плошча, км
Адміністрацыйны раён
1
Доўгае
53,6
2,6
Глыбоцкі
2
Рычы
51,9
12,84
Браслаўскі
3
Гінькава
43,3
0,51
Глыбоцкі
4
Воласа Паўд.
40,4
1,21
Браслаўскі
5
Балдук
39,7
0,76
Мядзельскі
6
Трошча
38,2
0,51
Ушацкі
7
Саро
36,3
5,31
Бешанковіцкі
8
Вячэлле
35,9
1,36
Ушацкі
9
Лепельскае
33,7
10,18
Лепельскі
10
Какісіна
33,5
0,78
Лепельскі
11
Сомінскае
33
0,41
Івацэвіцкі
12
Воўчын
32,9
0,53
Мядзельскі
13
Пліса
32,9
4,24
Глыбоцкі
14
Бабына
32,3
0,49
Полацкі
15
Полазна
32
0,15
Ушацкі
16
Круглік
31,5
0,4
Шумілінскі
17
Крывое
31,5
4,5
Ушацкі
18
Сянно
31,5
3,13
Сенненскі
19
Чорнае
31,5
0,36
Пастаўскі
20
Дрысвяты
31
44,5
Браслаўскі
21
Доўгае
31
1,87
Браслаўскі
22
Світа
31
0,82
Пастаўскі
23
Лясковічы
30,7
0,72
Шумілінскі
24
Замошша
30,7
0,33
Ушацкі
Табліца 2 Азёры Беларусі з пл. больш за 10 км²
№ п/п
Возера
Плошча, км²
Макс. глыбіня, м
Адміністрацыйны раён
1
Нарач
79,62
24,8
Мядзельскі
2
Асвейскае
52,8 (з в-вам)
7,5
Верхнядзвінскі
3
Дрысвяты
44,5
31
Браслаўскі
4
Чырвонае
43,79
4
Жыткавіцкі
5
Лукомскае
36,7
11,5
Чашніцкі
6
Дрывяты
36,14
12
Браслаўскі
7
Нешчарда
27,4
8,1
Расонскі
8
Выганашчанскае
26
2,5
Івацэвіцкі
9
Свір
22,28
8,7
Мядзельскі
10
Снуды
22
16,5
Браслаўскі
11
Чорнае
17,3
2,5
Бярозаўскі
12
Мядзел
16,2
24,6
Мядзельскі
13
Лісна
15,71
6,1
Верхнядзвінскі
14
Езярышча
15,39
11,5
Гарадоцкі
15
Сялява
15
17,6
Крупскі
16
Богінскае
13,23
15
Браслаўскі
17
Мястра
13,1
11,3
Мядзельскі
18
Струста
13
23
Браслаўскі
19
Рычы
12,84
51,9
Браслаўскі
20
Спораўскае
11,5
2,2
Бярозаўскі
21
Лосвіда
11,42
20,2
Гарадоцкі
22
Лепельскае
10,18
33,7
Лепельскі
Лукомскае возера.Возера Нарач.Браслаўская група азёр. Возера Струста.
Вадасховішчы. На тэр. Беларусі больш за 150 значных і каля 1,5 тыс. невялікіх вадасховішчаў — сажалак. Іх утвараюць шляхам падпруджвання ракі, возера ці групы азёр. Большасць іх размешчана на Пд Беларусі ў бас. рэк Дняпро (каля 50), Прыпяць (больш за 50), дзе мала азёр і адчуваецца недахоп водных рэсурсаў. Найбольшыя з вадасховішчаў Вілейскае (пл. 64,6 км², аб’ём 238 млн.м³) на р. Вілія, Заслаўскае (пл. 25,6 км², аб’ём больш за 100 млн.м³) на р. Свіслач, Чырвонаслабодскае (пл. 23,6 км², аб’ём 69,5 млн.м³) на р. Морач, Салігорскае (пл. 23,1 км², аб’ём 55,9 млн.м³) на р. Случ, Любанскае (пл. 22 км², аб’ём 39,5 млн.м³) на р. Арэса, Чыгірынскае (пл. 21,1 км², аб’ём 60 млн.м³) на р. Друць, Пагост (пл. 16,2 км², аб’ём 54,5 млн.м³) на месцы ч. Пагосцкага возера, Лактышы (пл. 15,9 км², аб’ём 50,2 млн.м³) на р. Лань, Асіповіцкае (пл. 11,9 км², аб’ём 17,5 млн.м³) на р. Свіслач і інш. Паводле характару ўтварэння і запаўнення вадой штучных чашаў вадасховішчы падзяляюць на рачныя (напр., Вілейскае, Асіповіцкае, Заслаўскае, Чыгірынскае), азёрныя (напр., Любанскае, Лукаўскае, Пагост, Гомельскай і Лепельскай ГЭС), кар’ерныя (на месцах б. здабычы нярудных карысных выкапняў; Гайдукоўка, Мароські, Крычаўскі). Паводле велічыні большасць вадаёмаў належыць да катэгорыі малых (76%; аб’ём вады 1—10 млн.м³), невялікіх (10—100) і сярэдніх (больш за 100 млн.м³; Вілейскае, Заслаўскае). Паводле відаў затрымання рачнога сцёку вадасховішчы бываюць дзённага, тыднёвага, гадавога і шматгадовага рэгулявання; пераважаюць вадасховішчы з гадавым рэгуляваннем сцёку. Паводле тыпу напаўнення адрозніваюць сцёкавыя, прыточна-сцёкавыя, прыточна-наліўныя і наліўныя вадасховішчы; наліўныя і прыточна-наліўныя вадасховішчы будуюць пераважна на Палессі. Паводле велічыні падпору (падняцця ўзроўню вады ракі ці возера) вадасховішчы падзяляюць на ўмерана-напорныя, сярэдненапорныя, нізканапорныя і вельмі нізканапорныя. Максімальная велічыня падняцця вады назіраецца на Вілейскім вадасховішчы (12 м). Большасць вадасховішчаў мае напор 2—3 м, што дазваляе пазбегнуць значных затапленняў сумежных зямель і парушэнняў экасістэм азёр. Раўнінны характар тэр. Беларусі не дазваляе будаваць вадасховішчы са значным аб’ёмам і напорам вады. Перспектыўным для краіны з’яўляецца будаўніцтва вадасховішчаў рэчышчавага тыпу, у якіх падняцце ўзроўню вады не перавышае ўзровень ракі ў паўнаводдзе (Гродзенскае, Віцебскае вадасховішчы — у перспектыве). Ад вярхоўяў да плаціны са зменай глыбінь і гідралагічных умоў у вадасховішчах фарміруюцца гідралагічныя зоны: прыплацінная (азёрная), сярэдняя пераходная (азёрна-рачная) і верхняя (рачная), а таксама ўчастак выкліньвання падпору. Вадасховішчы вельмі адрозніваюцца паводле велічыні каэфіцыента водаабмену (інтэнсіўнасці поўнага ўмоўнага абмену вады): да 25 разоў за год (праточныя), 25—75 разоў за год (добра праточныя) і больш за 75 разоў — моцна праточныя ці транзітныя. Паводле велічыні мінералізацыі вадасховішчы Беларусі належаць да сярэдне- і высокамінералізаваных (да 500 мг/л). Гідралагічны рэжым вадасховішчаў залежыць ад іх гасп. прызначэння, рэжыму выкарыстання, суадносін паміж паступленнем і расходам вады на гасп. патрэбы, характару рэгулявання.
Сучасныя вадасховішчы Беларусі фарміраваліся ў некалькі этапаў. Пасля 2-й сусв. вайны стваралі вадасховішчы з энергет. мэтамі. На рэках і азёрах будавалі міжкалгасныя і раённыя гідраэлектрастанцыі (ГЭС «Дружба народаў» на р. Дрысвята; Чыгірынская і Цяцерынская ГЭС на р. Друць; Заслаўская і Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач; Браслаўская ГЭС на р. Друйка; Ключагорская ГЭС на р. Обаль; Рачунская на р. Ашмянка; Лукомская на р. Лукомка; Войкаўская на р. Сэрвач і інш.). У канцы 1960-х г. невял. ГЭС закансерваваны ці дэманціраваны, аднак вадасховішчы пры большасці гідравузлоў захоўваюцца. Колькасць вадасховішчаў павялічылася ў час масавай меліярацыі зямель. Іх выкарыстоўваюць для водазабеспячэння прамысл. цэнтраў (Вілейскае, Салігорскае), для рэалізацыі схем комплекснага выкарыстання водных і зямельных рэсурсаў рэк Палесся.
Гаспадарчае выкарыстанне. Азёры і вадасховішчы выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, арашэння зямель, рэгулявання сцёку, добраўпарадкавання населеных пунктаў і стварэння водна-рэкрэацыйных сістэм, турызму, комплекснага іх выкарыстання галінамі нар. гаспадаркі. Азёры-вадасховішчы з’яўляюцца басейнамі-ахаладжальнікамі вады пры ДРЭС (воз. Лукомскае, Белае), у якіх ёсць спрыяльныя ўмовы для развядзення расліннаедных рыб. У складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы дзейнічаюць Вілейскае, Заслаўскае, Чыжоўскае і інш. вадасховішчы. З канца 1990-х г. у створы гал.плаціны Вілейскага вадасховішча будуюцца 2 гідраэлектрастанцыі. З будаўніцтвам вадасховішчаў Крыніца і Дразды на Беларусі створаны першы каскад вадасховішчаў на р. Свіслач. У перспектыве на Беларусі плануецца аднавіць будаўніцтва вадасховішчаў пры малых ГЭС рэчышчавага тыпу. Прамысл. лоўля рыбы вядзецца больш чым у 600 азёрах. Пры Любанскім, Чырвонаслабодскім, Лактышы і інш. вадасховішчах пабудаваны поўнасістэмныя рыбныя гаспадаркі. Азёрныя сапрапелі выкарыстоўваюць як угнаенне і на падкормку жывёле, у медыцыне, ветэрынарыі, буд. і хім. прамысловасці. Азёрнымі мергелямі вапнуюць кіслыя глебы. Зоны азёр і вадасховішчаў — месцы турызму і адпачынку насельніцтва. Толькі ў межах Беларускага Паазер’я створаны 24 ахоўныя тэрыторыі агульнай плошчай 4222 км², якія ўключаюць больш за 200 азёр. У іх ліку 2 нац. паркі (Нарачанскі і Браслаўскія азёры), Бярэзінскі біясферны запаведнік, 6 ландшафтных, 9 гідралагічных, 3 біялагічныя заказнікі і 3 гідралагічныя помнікі прыроды.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье. Мн., 1971;
Якушко О.Ф. Озероведение. Мн. 1981;
Водохранилища Белоруссии: Природн. особенности и взаимодействие с окружающей средой. Мн., 1991;
Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл.Мн., 1994;
Лопух П.С. Закономерности развития природы водоемов замедленного водообмена, их использование и охрана. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́Н, Сусветны акіян (ад грэч. Ōkeanos вялікая рака, якая абцякае Зямлю),
неперарыўная водная абалонка Зямлі, якая акружае мацерыкі і астравы, мае агульны салявы састаў. Пл. 361,06 млн.км². Акіян займае каля 70,8% зямной паверхні (60,7% Паўн., 80,9% Паўд. паўшар’яў). Сярэдняя глыб. 3795 м, макс. 11 022 м (Марыянскі жолаб у Ціхім ак.). Складае 94% гідрасферы. Змяшчае 1370 млн.км³ вады (гл.табл.), што складае 0,1% ад аб’ёму зямнога шара. Паводле фізіка-геагр. уласцівасцяў акваторыя акіяна падзяляецца на Ціхі акіян, Атлантычны акіян, Індыйскі акіян, Паўночны Ледавіты акіян. Умоўна вылучаецца Паўднёвы акіян вакол Антарктыды. Вывучае акіян акіяналогія.
Рэльеф і геалагічная будова дна. У рэльефе дна вылучаюцца 4 планетарныя морфаструктуры. Падводная ўскраіна мацерыкоў — затопленая частка мацерыковых платформаў з адносна спакойным тэктанічным рэжымам. Характарызуецца кантынентальным тыпам зямной кары магутнасцю да 35 км. Займае глыбіні да 1400—3200 м. Падзяляецца на шэльф, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. На большай частцы перыферыі Ціхага ак., на ПнУ Індыйскага, а таксама ў морах Карыбскім, Міжземным і Скоша (Скотыя) паміж мацерыковым падножжам і ложам акіяна выяўлена пераходная зона з геасінклінальным тыпам зямной кары (гл.Геасінкліналь), дзе адбываюцца сцісканне зямной кары, інтэнсіўныя вертыкальныя рухі, сейсмічнасць і вулканізм, якія па-рознаму праяўляюцца ў межах зоны. Да яе прымеркаваны глыбакаводныя жалабы. Адзін з гал. элементаў рэльефу і тэктанічных структур дна — ложа акіяна. Займае самыя глыбокія, акрамя глыбакаводных жалабоў, часткі (4000—7000 м). Яму ўласцівы тонкая (да 8 км) акіянская кара, асаблівы тып вулканізму і разломнай тэктонікі, слабая сейсмічнасць, запаволеныя адмоўныя рухі. Рэльеф дна ўтвораны чаргаваннем вял. катлавін і падняццяў. Над ложам акіяна на выш. 4—5 км, зрэдку да 10 км узнімаюцца сярэдзінна-акіянскія хрыбты. Яны распасціраюцца праз усе акіяны, маюць рыфтагенальны тып зямной кары, характарызуюцца лінейнымі магнітнымі анамаліямі, высокай сейсмічнасцю і вулканізмам. У рэльефе спалучаюцца рыфтавыя даліны і хрыбты, папярочныя разломы, вулканічныя масівы, плато, гаёты.
Паходжанне акіяна. Мяркуюць, што воды акіяна маглі ўтварыцца пры дэферэнцыяцыі мантыі Зямлі. Паводле тэорыі тэктонікі пліт, акіяны ўзніклі пры распадзе стараж. мацерыкоў, калі часткі мацерыкоў рассоўваліся ў процілеглыя бакі. Лічыцца, што Атлантычны ак. утварыўся каля 160—180 млн. гадоў назад (юрскі перыяд), Ціхі і Індыйскі ак. ўзніклі раней.
Донныя адклады. Магутнасць акіянскіх адкладаў вагаецца ад 2000—3000 м у прымацерыковых зонах да дзесяткаў метраў на сярэдзіннаакіянскіх хрыбтах. Адзначаны 3 зоны макс. магутнасці адкладаў: каля экватара, на Пн ад 40°паўн. ш. і на Пд ад 40°паўд. ш. Узрост асадкавай тоўшчы мяняецца ад восевай часткі сярэдзіннаакіянскіх хрыбтоў (пліяцэн-плейстацэн) да краявых частак акіяна, дзе яны больш старажытныя. Сярод донных адкладаў вылучаюць тэрыгенныя, якія ўтвараюцца ў выніку размывання сушы, біягенныя (карбанатныя і крамяністыя), вулканагенныя, палігенныя (змешанага паходжання) і аўтыгенныя (аалітавыя і жалеза-марганцавыя канкрэцыі). Найб. плошчы дна акіяна займаюць карбанатныя глеі (каля 150 млн.км²) і глыбакаводная чырвоная гліна (больш за 110 млн.км², гл.Марскія адклады).
Хімізм і салёнасць вады. У акіянскай вадзе растворана каля 80 хім. элементаў, сярэдняя канцэнтрацыя іх каля 35 г/л. Усяго ў акіяне растворана 5∙1022г соляў. Салёнасць вады выражаецца ў праміле, абазначаецца ‰ (1‰ адпавядае 1 г/1 кг). Сярэдняя салёнасць вады на паверхні 34,7‰, У адкрытым акіяне — ад 31,4‰ у Паўн. Ледавітым ак. да 37,25‰ у трапічных водах Атлантычнага ак., каля берагоў Антарктыды 33,93‰, на экватары 32—34‰. У Паўн. паўшар’і салёнасць акіяна ніжэйшая, чым у Паўднёвым. Пераважаюць солі хларыдаў, натрыю і магнію (88,7‰) і сульфатаў магнію, кальцыю і калію (10,9‰; гл. таксама Марская вада). У вадзе раствораны таксама кісларод (паступае з атмасферы і ўтвараецца зялёнымі водарасцямі), вуглякіслы газ і інш., ад якіх залежыць жыццё арганізмаў у акіяне. У халоднай вадзе растворанага кіслароду больш (у палярных шыротах у прыпаверхневых водах да 10 мл/л, у цёплых трапічных шыротах 4 мл/л). На глыб. 1000 м і глыбей растворанага ў вадзе кіслароду 2—3 мл/л. У маларухомых частках акіяна на глыбіні намнажаецца серавадарод ад перагнівання арган. рэшткаў.
Тэмпературны рэжым. Гал. крыніцай цяпла, што вызначае т-ру вады акіяна, з’яўляецца сонечная радыяцыя, 3—45% якой у залежнасці ад вышыні Сонца над гарызонтам і ад хвалявання адбіваецца ў сусветную прастору (гл.Альбеда). Больш за 99% сонечнай радыяцыі, якая ўвайшла ў ваду акіяна, паглынаецца ў яе верхніх слаях. Акіян з’яўляецца акумулятарам цяпла і моцна ўплывае на клімат Зямлі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні акіяна 17,5 °C (у Паўн. паўшар’і яна вышэй, чым у Паўд.). Самы цёплы Акіян — Ціхі (19,4 °C), самы халодны — Паўн. Ледавіты (-0,8 °C). Тэрмічны экватар у акіяне ссунуты на Пн ад геаграфічнага (сярэдняя т-ра вады складае 26—28 °C), у палярных шыротах яна блізкая да нуля або адмоўная (-1,5, -1,9 °C). З глыбінёй т-ра зніжаецца, на глыб. 1000 м яна ніжэй за 5 °C, у прыдоннай зоне складае 1,4—1,8 °C, у палярных абласцях ніжэй за 0 °C (-0,5, -1,5 °C).
Цыркуляцыя вады. У акіяне існуе адзіная сістэма ўстойлівых цячэнняў (гл.Марскія цячэнні), якая забяспечвае перанос і ўзаемадзеянне водаў. Асн. паверхневыя цячэнні ўзнікаюць пад уплывам пастаянных вятроў. Цячэнні захопліваюць масы вады да глыб. 150—200 м і ўтвараюць антыцыкланальныя кругавароты ў трапічных і субтрапічных шыротах (пасатныя цячэнні) і цыкланальныя ва ўмераных і палярных шыротах. Паверхневыя цячэнні, накіраваныя ад экватара да полюсаў, цёплыя, у адваротным напрамку — халодныя. Прынос да берагоў мацерыкоў цёплай вады цячэннямі і награванне паветр. масаў над імі моцна ўплываюць на клімат прыбярэжных і далёкіх ад акіяна краін (зімовыя адлігі на Беларусі тлумачацца прытокам цёплага паветра з Атлантычнага ак.). Каля ўзбярэжжаў мацерыкоў назіраецца выхад на паверхню глыбінных водаў акіяна (гл.Апвелінг), якія багатыя пажыўнымі рэчывамі і спрыяюць развіццю разнастайных арганізмаў. Падняцце водаў на паверхню ў адкрытым акіяне адбываецца ў месцах разыходжання цячэнняў (у зонах дывергенцыі) і ў цыкланальных кругаваротах. Апусканне водаў звязана з канвергентнымі зонамі, дзе сутыкаюцца цячэнні, і з антыцыкланальнымі кругаваротамі. Глыбінныя цячэнні ўзнікаюць ад рознай шчыльнасці вады. У прыдоннай зоне існуюць арктычныя і асабліва развітыя антарктычныя цячэнні, якія дасягаюць 30—40°паўн. ш.
Хвалі ў акіяне выклікаюцца вятрамі, хуткай зменай атм. ціску (гл.Сейшы), моратрасеннямі (гл.Цунамі). Прылівы (і адлівы) абумоўлены прыцяжэннем Месяца і Сонца (прыцяжэнне Месяца ўдвая большае за сонечнае). У адкрытым акіяне вышыня прыліваў каля 1—2 м, у залівах да 18 м (Фанды на Атлантычным узбярэжжы Канады).
Арганічны свет. Жывыя арганізмы насяляюць акіян ад паверхні да найбольшых глыбіняў. Паводле месцаў існавання адрозніваюць планктон (пасіўнаплаўныя), нектон (актыўнаплаўныя) і бентас (донныя арганізмы). Па экалагічных умовах вылучаюцца супольніцтвы літаралі і пелагіялі. У акіяне існуе каля 160 тыс. відаў жывёл: 80 тыс. малюскаў, больш за 20 тыс. ракападобных, 16 тыс. рыб, каля 15 тыс. прасцейшых і інш. З млекакормячых ёсць ластаногія і кітападобныя (самая буйная жывёла на Зямлі — сіні кіт). У акіяне і на яго ўзбярэжжах жывуць шматлікія віды птушак. З 15 тыс. відаў раслін найбольш аднаклетачных водарасцяў (да 80% фітамасы акіяна).
Прыродныя рэсурсы. Рэсурсы акіяна падзяляюцца на біялагічныя (харчовыя), сыравінныя (мінеральныя, хімічныя, водныя), энергетычныя і рэкрэацыйныя. Штогод у акіяне здабываюць каля 75—80 млн.т морапрадуктаў (84,5% складае рыба, 11,4% беспазваночныя, 4,1% водная расліннасць). Здабываюць (% ад сусветнай здабычы) нафты каля 30, газу 20, брому 90, ільменіту 80, магнію 60, цыркону і рутылу 50, касітэрытаў 40, шмат жал. руды, золата, плаціны, алмазаў і інш. Мае значную колькасць энергіі розных відаў: прыліваў (ацэньваецца ў 1 млрд.кВт), цячэнняў, хваляў, розніцы т-ры і салёнасці і інш., агульная магутнасць якой прыкладна 200 млрд.т умоўнага паліва, што ў 20 разоў перавышае гадавую патрэбу ў свеце. Пабудаваны прыліўныя (у Францыі, Расіі, Кітаі і інш.) і гідратэрмальная (у Кот-д’Івуары) электрастанцыі. Вял.гасп. значэнне мае марскі транспарт.
Ахова прыроднага асяроддзя. Рэгламентацыя дзейнасці чалавека ў акіяне прадугледжана шэрагам міжнар. пагадненняў і заканадаўствам асобных дзяржаў. Міжнар. права ўсталёўвае рэжым работы па некалькіх кірунках: рэжым акваторый; гандлёвае суднаходства; ваеннае мараплаванне; навук. даследаванні; дно і нетры; ахова асяроддзя (захаванне марскога асяроддзя і экалагічнай раўнавагі пры выкарыстанні рэсурсаў акіяна, прадухіленне забруджвання, асабліва радыенукліднага, падтрыманне біял., хім. і фіз. суадносін, недапушчальнасць прычынення шкоды фауне, флоры, дну, атмасферы і касм. прасторы над акіянам).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe), Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe),
краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс.км². Нас. 10,7 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.
Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн.га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.
Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс.ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд.ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах.ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт.паўд.-афр. кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд.ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.
У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр.гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр.вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр.нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыяафр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр.нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.
Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст.буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс.т), графіт (каля 20 тыс.т), руды нікелю (12—15 тыс.т металу), хрому (каля 0,5 млн.т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс.т), літыю (каля 20 тыс.т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст.прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш.буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр.з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн.прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс.га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс.т штогод), бавоўну (каля 250 тыс.т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн.т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн.м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км, аўтадарог 85 тыс.км, у т. л. каля 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс.чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.
Літ.:
Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;
Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Зімбабве.Да арт.Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.Да арт.Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.Да арт.Зімбабве. Сучасная разьба па косці.Да арт.Зімбабве. Сучасная вёска.