Пяршы́ць ’казытаць, скрэбці, раздражняць (у горле)’ (ТСБМ; астрав., Сл. ПЗБ), ’пячы, свярбець’ (паст., брасл., Сл. ПЗБ), ’пыліць’ (Ласт.), пяршэ́ць ’казытаць, непакоіць (у горле)’ (Шат.), рус. перши́ть ’тс’, польск. pierszeć ’сыпацца, парашыць (пра снег, іскры, пыл)’, pierszyć ’тс’, чэш. pršeti ’імжэць, сыпацца (пра дождж, снег і інш.)’, славац. pršať ’тс’, славен. pršẹ́ti ’тс’, серб.-харв. pr̀šiti ’тс’, балг. пършо́ли (< *пърши, гл. БЕР, 6, 114) ’тс’. Прасл. *pьršeti, *pьršiti ’сыпаць, рассыпаць’ (Махэк₂, 487; Сной₂, 589; Банькоўскі, 2, 559 — без усходнеславянскіх слоў). Да семантыкі параўн. папярэдняе слова (гл.), а таксама літ. peršė́ti ’шчымець, свярбець’, per̃ši gérklę ’пяршыць у горле’, якія разам з perštė́ti ’тс’ лічаць (гл. Сл. ПЗБ) крыніцай запазычання беларускіх слоў, што па лінгвагеаграфічных прычынах цяжка давесці; паралелі, хутчэй за ўсё, сведчаць пра гукапераймальны (імітацыйны) характар слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казю́лькі1 ’козлы для пілавання дроў’ (Бяльк.). Рус. пск., асташ., цвяр. козюльки ’тс’; гэта ж структура з тыповым для семемы ’козлы’ развіццём значэнняў сустракаецца і ў іншых рус. гаворках. Лінгвагеаграфічна — утварэнне ў гаворках усходу Беларусі і роднасных ім рус.; усх.-слав. статуса, відаць, няма. Утворана суфіксальным спосабам ад каза1 (хоць гэта не адзіны варыянт тлумачэння, параўн. інш. роднасныя назвы), матывацыя зразумелая — наяўнасць зааморфнай прыкметы.

Казю́лькі2 ’падстаўкі з бервяна з ножкамі пад пасцельны насціл’ (Касп.). У рус. гаворках Літвы казюльки ’тс’ статус няясны. Паколькі ножкі ў падстаўцы збіваюцца крыж-накрыж, можна думаць, што тут рэалізацыя тэрміна козлы, параўн. папярэдняе слова. Менш верагодна думаць, што назва датычыцца бервяна і тут назіраецца субстытуцыя тэрмінаў са значэннямі ’перакладзіна’, ’падстаўка’, як гэта ў выпадках тыпу каза (гл.). Да разглядаемага слова адносіцца, відаць, і адзначанае ДАБМ казю́лькі ’падстаўкі пад стог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смарка́ч1 ‘ёрш’ (Мат. Гом.), сморка́ч ‘тс’ (Крыв.). Да смаркаць (гл.), г. зн. слізкая або пакрытая сліззю рыба; параўн. таксама палескія сінонімы: сопе́ль, соплі́вец, слі́нявец, слізуне́ц; гл. Крывіцкі, Зб. Крапіве, 200 і наст.

Смарка́ч2 ‘грыб масляк’ (узд., Нар. словатв.). Да смаркаць (гл.). Таксама як і ў дачыненні да рыб (гл. папярэдняе слова) назва слізкіх грыбоў; гл. Мяркулава, Очерки, 156, 181 і наст.

Смарка́ч3 ‘маленькая лямпа без шкла, газніца, капцілка’ (Шат.; воран., бярэз., Сл. ПЗБ), смарка́чка ‘тс’ (Касп.; в.-дзв., глыб, Сл. ПЗБ), смырька́чык ‘тс’ (Бяльк.), смарка́чык (сморка́чикъ) ‘маленькая свечка, зробленая з рэштак свечачнага лою шляхам макання, якую яўрэі ўжывалі падчас шабасу’ (Нас., Сержп. Прымхі), смарка́чык ‘газніца’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Польск. smarkaczka ‘свечка з благога лою, якая хутка тоне ў ім’. Усё да смаркаць (гл.).

*Смаркач, сморка́ч ‘невылегчаны баран’ (драг., З нар. сл.). Гл. маркач.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нура́1 ’маркота; знясіленне’ (Нас., Касп.), ну́ра ’знясіленне’ (Яруш., Гарэц.), нуря́ ’мучэнне’ (Бяльк.), нуры́ць ’марыць, мардаваць; падаць тварам на зямлю’, нуры́цца ’маркоціцца, мардавацца’ (Нас.), параўн. рус. ну́ра ’маўклівы, пануры чалавек’ (пск., цвяр.), ну́рить ’прымушаць; знясільваць, мучыць; маркоціцца, бедаваць; гнаць, паганяць’, польск. nurzyć ’апускаць (у ваду)’, у тым ліку nurzyć oczy w ziemie ’быць панурым, апускаць галаву’. Параўноўваюць са ст.-слав. изноурити ’грабіць, нападаць’, изноурение ’здабыча’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай; больш блізкае балг. дыял. нюрим ’заўсёды маўчаць, нават калі пытаюць’, што адпавядае літ. niū́roti ’глядзець з-пад ілба, панура стаяць’. Звязана чаргаваннем з *noriti, гл. нор, нурэц, ныра́ць, пануры. Змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар. Да семантыкі параўн. фразеалагізм як у ваду апушчаны ’сумны, маркотны, маўклівы’.

Ну́ра2 ’ніцма’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, да нур! — выклічнік, што імітуе раптоўнае заглыбленне ў ваду, параўн. рус. нуром ’уніз, уперад галавой упасць’. Гл. папярэдняе слова і нуры́ць ’падаць уніз тварам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сварыбаба ‘расліна дзераза, Lycopodium’ (Бес.). Польск. swarzybaba ‘тс’, таксама morzybaba, babimor; у чэшскіх гаворках rimbaha, ст.-чэш. rimbaba, але абазначаюць яны адзін з відаў рамонка (Махэк, Jména, 247 і наст.). Відавочна, звязана з баба, але канкрэтныя матывы намінацыі няясныя. Махэк (там жа) мяркуе, што расліна магла мець нейкае лекавае ўздзеянне на “бабу”, г. зн. была лекам пры жаночых хваробах. Аднак беларускае і польскае словы, відаць, ад сварыцца і баба, параўн. сварыбаба ‘непамяркоўны чалавек’ (Сцяш. Сл.) і сведчанне Пяткевіча: Joj ŭsio adno z kim swarycsa <…> jeje za toje nazvali “Swarỳ-Bàba” (Пятк. 2, 261), а таксама ўкр. сварка, сварнік для называння розных раслін, у тым ліку Licopodium clavatum L., вядомага як дзераза (ад *derti, гл.). Украінскія назвы тлумачаць павер’ем, нібыта прысутнасць расліны ў хаце выклікае сварку (ЕСУМ, 5, 186), што, магчыма, грунтуецца на народна-этымалагічным успрыманні назвы дзераза ці тлумачыцца збліжэннем з сва́рба́ ‘сварка’ (гл. папярэдняе слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праго́н1 ’дзеянне паводле дзеяслова прагнаць’ (ТСБМ), ’абгароджаная з двух бакоў дарога, па якой ганяюць жывёлу’ (ТСБМ), ’праход (для жывёлы)’, ’равок для сцёку вады’, ’пратаптаная сцежка’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС), ’сцежка ў лесе, вытаптаная жывёлай’ (Шатал.), ’дарога за гумном’ (Сцяшк. Сл.), ’бэлька, ачэп’ (Мат. Гом.), прого́ны ’падоўжанае тоўстае бервяно, на якое насцілаюць мост’ (лун., Шатал.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прагнаць < гнаць. Аналагічныя дэрываты ва ўсіх славян у розных значэннях: рус. прого́н, укр. прогі́н, польск. przegon. чэш. průhon, славац. priehon, серб.-харв. прогон, славен. progòn. У значэнні ’дарога для прагона жывёлы’, адзначаным ва ўсходнеславянскіх, заходнеславянскіх і сербска-харвацкай мовах, магчыма, прасл. *progonъ. Гл. яшчэ Куркіна, Этымалогія–1968, 97.

Праго́н2 ’ачэп’, ’кладзь, якая служыла апорай страхі на сохах’ (брэсц., кобр., Нар. сл.). Рус. прого́н ’кладзь, ляжачая частка рыштавання вакол будоўлі’, ’палка ў невада, якой ён прапускаецца пад лёд’, укр. прогін ’палка ў невада, якой ён прапускаецца пад лёд’. Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапка́ч ’махры ў ручніку’ (Доўн.-Зап., Пін.), ’канцы асновы (пасля датыкання кроснаў)’ (рагач., ЛА, 4), ’ніткі, адрэзаныя ад кроснаў пасля выткання палатна’ (бярэз., Жд. 1), ’трапкач, ручнік з доўгімі недатканымі канцамі’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Некр., Уладз., Мат. Маг., ТС; бых., Янк. Мат.; паўн.-зах.-бел., Сл. ПЗБ), ’ручнік, у якім насілі гаршкі ў поле’ (Касп.), трэпка́ч ’тс’ (івац., Нар. сл.; ТС, ПСл), ’ануча’ (Сл. Брэс., Доўн.-Зап., Пін.), ’ануча, якой бяруць гаршкі, чыгуны’ (Мат. Маг.; ветк., ельск., ЛА, 4), страпка́ч ’тс’ (стол., там жа), ’невялікі льняны ручнік’ (пін., Сл. Брэс.), тръпка́ч ’канцы асновы’, тропка́ч, страпка́ч ’тс’ (круп., ганц., калінк., ЛА, 4), трэпка́ч ’рэшта палатнянай асновы’ (Мат. Гом.), трапкачы́ ’махры ў палатне’ (Сцяшк. Сл., Ян.), трапкачэ́ ’махры вакол хусткі’ (гродз., ЛА, 4). Вытворныя ад трапаць (гл.), узыходзяць да прасл. *(s)trap‑ > *(s)trapъk‑ъ (гл. страпкі, стрэпкі) і суф. *‑ačь; паводле Борыся (Czak. stud., 84), утвораны непасрэдна ад трапкі ’махры’, гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труць1, труц ‘труціць’ (воран., ашм., смарг., гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трути, струти ‘атручваць’ (Гарб.). З польск. truć ‘тс’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 134). Аналагічна тру́цца ‘атручвацца’ < польск. truć się ‘тс’, ‘мучыцца, пакутаваць’. Польск. truć (się) узыходзіць да прасл. *truti, 1 ас. trovǫ ‘спажываць, вытрачаць, ператраўліваць’, звязанага чаргаваннем галосных асновы з ітэратывам *traviti і назоўнікам трава́, трова́ (гл.). Прасл. лексема *truti роднасная літ. trūnýti ‘парахнець, тлець, гнісці’, вал. toraw ‘таўчы’, ‘біць, разбіваць’, ст.-грэч. τρύω ‘быць стомленым, замучаным’, ‘прыціскаю, прыгнятаю, раню’, ст.-англ.-сакс. dˊrōwigean ‘цярпець’, ст.-нарв. þrá ‘сум’, ‘моцнае жаданне’ < і.-е. *treu̯‑ ‘церці, расціраць’ (Борысь, 644; Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650; Чарных, 2, 255; Скок, 3, 507–508; Брукнер, 575, 577; ЕСУМ, 5, 656; Бязлай, 4, 234–235).

Труць2 ‘яд, атрута’ (Некр. і Байк., Ласт.). Магчыма, з польск. truć ‘расліна, сокам якой змазвалі стрэлы, палюючы на аленяў’ (Варш. сл.), параўн. trut, truta, trutka ‘атрута (як прынада)’ і папярэдняе слова (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́нды-ры́нды ‘лахманы (?)’: Pawiesiła tryndy ryndy / Nad akoniceju (свісл., Федар., 6). Параўн. укр. тринди‑ри́нди (перадача пустой, бессэнсоўнай гаворкі), рус. дыял. три́нды‑бри́нды ‘бяспутны чалавек’, польск. дыял. tryndy ryndy (прыпеў). Рыфмаванае спалучэнне слоў, першае з якіх з’яўляецца імітатывам, заснаваным на гукаперайманні тры́нды (гл. трындзець), параўн. укр. три́нды (прыпеў), рус. тры́нды‑тры́нды (імітацыя ігры на балалайцы), што могуць выводзіцца з больш простых гукаперайманняў, напрыклад, з трын, дын, гл. папярэдняе слова. Адносна ўкр. тринды Смаль-Стоцкі (Приміт., 178) мяркуе пра кантамінацыю ў межах ти́нди‑ри́нди (пустая гаворка), параўн. ти‑ди‑ди́ (прыпеў з песні) з першаснымі элементамі (ЕСУМ, 5, 569). Другая частка спалучэння, якая рыфмуецца з першай, можа суадносіцца з ры́нда ‘бяспутная, бадзячая без працы жанчына’ (Растарг.), ‘лянота, бесклапотнасць, неахайнасць’ (Жарт. песні), параўн. укр. палес. ри́нды ‘лахманы’, рус. дыял. ры́нда ‘лаянка на чалавека’, адносна паходжання якіх выказваюцца розныя версіі: гл. рында1 (< літ. rindà ‘няўклюда’), запазычанне з венг. rondy ‘лахманы’ (ЕСУМ, 5, 24), запазычанне з фін. ryntty ‘абарванец’ (Феакцістава, Номинативное воплощение абстрактной идеи: аўтарэф. канд. дыс., Екатеринбург, 2003, 21).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пле́ва1, пле́вы, пле́ўкі ’высеўкі з грэчкі’ (смарг., ЛА, 4), ’мякіна, адходы пры паланні’ (ЛА, 2), пле́ўкі ’высеўкі’ (Сл. ПЗБ). Рус. пле́ва, пле́вы́ ’мякіна’, польск. plewa ’мякіна’, plewy ’пустазелле, смецце’, палаб. plåvoj, н.-луж. plowy, plowky, в.-луж. pluwy ’мякіна, адходы’, чэш. pleva, славац. pleva, славен. plẹ́va, серб.-харв. пле̏ва, макед. плева, балг. плява, плевица, ст.-слав. плѣва ’тс’. Прасл. *pelva роднаснае лат. pęlus, pęl(a)vas, ст.-прус. pelwo, літ. pẽlūs, pelaĩ ’мякіна’, лац. palea ’тс’, ’высеўкі’ (Траўтман, 213; Мюленбах-Эндзелін, 3, 198; Махэк₂, 459; Варш. сл., 4, 235; Бязлай, 3, 57). Апрача гэтай лексемы на ўсх.-слав. тэрыторыі пашырана полова, палова (гл.), якія адносяцца да прасл. *polva, у той час як у зах.- і паўн.-славянскіх пераважае *pelva (Банькоўскі, 2, 608).

Пле́ва2 ’перхаць’ (гарад., ЛА, 1; Касп.; гарад., віл., ЛА, 3), ’шалупінне скуры’ (гарад., віц., ЛА, 3), рус. пск., цвяр., наўг., калуж. пле́ва, плева́ ’перхаць’. Паводле Мяркулавай (Этимология–1970, 175) — да прасл. *pleva, роднаснага літ. plėvė̃ ’скурка, тонкая абалонка’ (Буга, Rinkt., 2, 302). Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)