Пры́ступ1 ’доступ (да чаго-небудзь)’ (Яруш., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб.), ’атака, штурм’ (ТСБМ), ’запал, заўзятасць’ (Сл. ПЗБ), ’магчымасць набліжэння да каго-небудзь, звычайна з адмаўленнем’ (ашм., Стан.), ані прыступу ’немагчыма падысці, звярнуцца да каго-небудзь’ (ТСБМ). Нулявы дэрыват ад прыступі́ць (гл.). Аналагічна ў іншых славянскіх мовах: рус. при́ступ, укр. при́ступ, чэш. přístup і г. д.

Пры́ступ2 ’момант абвастрэння, узмацнення хваробы, хваравітай з’явы; рэзкае, вострае праяўленне душэўнага стану, пачуцця’ (ТСБМ; віл., Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе. Але спецыялізацыя значэння ’прыступ хваробы’ адбылася ў рус., укр. при́ступ і польск. przystęp ’прыступ гневу, ярасці і да т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)