АБАГАЧЭ́ННЕ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,

сукупнасць працэсаў і метадаў канцэнтрацыі мінералаў пры пач. перапрацоўцы цвёрдых карысных выкапняў. Праводзіцца пры малой колькасці каштоўных кампанентаў у сыравіне або наяўнасці ў ёй шкодных прымесяў. Пры абагачэнні адбываецца мех. раздзяленне мінералаў, атрыманне канчатковых прадуктаў (напр., сільвініту, азбесту, графіту і інш.), канцэнтратаў, прыдатных на металургічную, хім. і інш. перапрацоўку і адходы. Пры абагачэнні карысных выкапняў з руд вылучаюць ад 60 да 95% карысных кампанентаў (з малібдэнавых руд з 0,1% Мо атрымліваюць 50%-ны канцэнтрат). Асн. метады абагачэння — флатацыя, гравітацыйнае абагачэнне, магнітная і эл. сепарацыя. Практыкуецца таксама абагачэнне па вонкавых прыкметах (сартаванне мінералаў па колеры і бляску), радыеметрычнае (па прыроднай ці наведзенай радыеактыўнасці), на ліпкіх паверхнях (наліпанне алмазаў з пульпы на паверхню са слоем тлушчу) і інш. Метады абагачэння карысных выкапняў выкарыстоўваюцца паасобку або ў розных спалучэннях. Флатацыяй вылучаюць хлорысты калій з сільвінітавай руды на калійных камбінатах Беларусі. Пры гравітацыйным абагачэнні выкарыстоўваюць розную шчыльнасць мінералаў. Магнітнай сепарацыяй раздзяляюць матэрыялы рознай магнітнай успрымальнасці (напр., жал. руду). Эл. метады заснаваны на неаднолькавай электраправоднасці часцінак і рознай іх здольнасці набываць эл. зарады. Абагачэнне карысных выкапняў павялічвае прадукцыйнасць і эфектыўнасць металург. і хім. працэсаў.

М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,

прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл. Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.

Л.​В.​Калядзінскі.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шалупі́нне, ‑я, н., зб.

1. Шалупіны. Проста на стол была насыпана бульба ў шалупінні, ад якой ішла пара. Арабей. // Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы і пад. Кожную суботу на ішаку.. [гаспадар] прыязджаў па шалупінне да нашай кухні. Даніленка. Як і на вялікдзень, на Юр’я фарбуюць яйкі. У адным чыгунку Ганьчына маці парыць шалупінне ад цыбулі. Васілевіч.

2. перан.; чаго або якое. Што‑н. непатрэбнае, лішняе, што не мае ніякага значэння, з’яўляецца знешнім прыкрыццём чаго‑н. [Міцкевіч] адкідаў бруд і шалупінне папоўскіх нагавораў. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тры́на, тры́ны мн. л. ‘ільняная і канаплёвая траста, кастрыца’ (Уладз., Мат. Гом.; люб., ЛА, 4), ‘дробныя часткі валакна пры трапанні’, ‘цвёрдыя адходы пры апрацоўцы валакна’ (жытк., лельч., Трух.). Укр. три́на ‘апілкі’, три́ня ‘пацёртая салома’, три́ни ‘труха сена’, польск. tryna ‘апілкі’, trynia ‘адходы пры малацьбе’, tryny ‘тс’, ст.-польск. tryna ‘апілкі’, серб. три̏ње, три̏ња ‘сенная труха’, ‘адзенне, пагрызенае моллю’, балг. три́на ‘мякіна’, ‘пацяруха’, макед. трина ‘труха’, триње ‘апілкі, парахня’. Прасл. *tьrina вытворная ад *terti (гл. церці), параўн. роднасныя літ. trynė́, trỹnę ‘мазоль’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 48), trínti ‘церці, пілаваць, расціраць’, лат. trīt ‘церці’, ‘тачыць (нож)’, trinimas ‘пілаванне пільшчыкаў’, trìnka ‘адпілаваная калода, кавалак дрэва’, trỹnios ‘гадавіны’ — trin‑ з’яўляецца новай асновай, якая ўзнікла ў выніку перастаноўкі ir > ri (з tirn‑, параўн. і.-е. *tr‑n‑h₁‑é) (Смачынскі, 689; Фрэнкель, 2, 1124). Гл. Брукнер, 579; Скок, 3, 512; Куркіна, Этимология–1976, 28; ЕСУМ, 5, 638.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́пы 1 ’вусны’, ’вялікія непрыгожыя губы’ (Касп., Шат., Сцяшк., Жд.; віц., мін., шчуч., навагр., КЭС; полацк., Нар. лекс.), польск. паўн.-усх. («z Litwy») łupy ’тс’, ’губы жывёл’. Да лупа 1 (гл.), якое, з’яўляючыся балтызмам, звязана з с.-н.-ням., н.-ням. lobbe, lubbe ’тоўстая, абвіслая губа’ (Слаўскі, 5, 347).

Лу́пы́ 2 мн. ’адходы пры шатраванні круп’ (стол., Выг. дыс.). Да лупа́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ворс, ворса (БРС, КТС, Нас., Касп.) ’адходы воўны пры часанні ў выглядзе асобных кароткіх валокнаў’ (Влад.); ’мяккая воўна’ (Мядзв.). Рус. ворс, укр. ворс. Відавочна, сумеснае ўсходнеславянскае запазычанне са ст.-перс. vars ’волас’; параўн. таксама авест. varǝsa ’волас’, н.-перс. gars ’тс’, роднаснае рус. волос (Фасмер, 1, 355; Шанскі, 1, В, 169; Брукнер, 627). З слав. запазычана літ. varsà ’жмут шэрсці, валасоў’ (Буга, KS, 199; Скарджус, Slav., 233).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лускаві́цінь ’мяшок, у якім адцэджваюць тварог’ (Бяльк.), рус. бран. лускави́тень ’тс’. З пчалярскай лексікі: гл. васкавень. Відавочна, спачатку было ⁺васкавіт ’мяшок, які робіць воск’, але таму, што ва ўсх.-бел. гаворках дэрываты з суфіксам ‑іт азначаюць асоб па іх занятку (барацьбі́т, сяўбі́т), да васкавіт быў далучаны суфікс ‑ень (як берасцень ’збанок, гаршчок, аплеценыя бяростай’). Пры ад’ідэацыі лексемы луска ’адходы’ в‑ было заменена ў л‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́трыны, вотрана ’адходы пры ачыстцы зерня’ (Яруш., Касп., Бяльк., Мядзв., Шн., Жд., 1, Шатал.), во́трына ’пустыя каласы і дробная салома, якія застаюцца пасля малацьбы’ (Нік., Оч., 102), Рус. во́тря, во́трина ’тс’, укр. три́ни ’перацёртая салома’, польск. trzyny ’апілкі’, чэш. oteřiný, tříny (sena) ’дробныя рэшткі сена, якія рассыпаліся’, славац. oteriny ’апілкі’, серб.-харв. три̏не ’мякіна’, славен. trica ’адходы пры ачыстцы льну’, балг. три́ци ’мякіна’. Прасл. trina, trini (параўн. літ. trinù, trìnti ’праціраць, пілаваць, зношваць адзежу’, лат. trinu, trît ’тс’. Да terti (гл. цярэць) (Праабражэнскі, 2, 167; Фасмер, 3, 172; Брукнер, 579; Махэк₂, 658 і наст.). Семантыка і словаўтварэнне іншаславянскіх адпаведнікаў сведчаць супраць гіпотэзы Тапарова (Прус., 174) аб магчымасці аднясення рус. і бел. слоў да кораня *vě(ja)ti (г. зн. вотрыны ’тое, што адвеяна’; параўн. рус. отве́й, отве́в ’дробнае шалупінне, якое атрымліваецца пры веянні’) і выдзялення тут суф. ‑tr‑. Да кораня ter‑, як мяркуе Кошалеў, адносіцца рус. трын-трава (ЕіЛ, 19, 4, 105). Адносна форм без ‑ін‑ гл. атора.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кала́шня ’прыбудова да сенцаў’ (іван. Жыв. сл.), ’вузкі закутак у гумне, адгароджаны ўздоўж падоўжанай сцяны’, калашня (дзярж., Нар. сл.). Зыходная структура — каласня, як для калашнік — каласнік, параўн. рус. дыял. колосник ’пабудова для саломы, мякіны’. Адносна семантыкі зыходнага колас (гл.) параўн. рус. дыял. колос ’калоссе, якое аддзяляецца ад саломы пры малацьбе’, ’калоссе, якое патрабуе дадатковага абмалоту’, ’адходы, якія ўтвараюцца пры абмалоце зерневага збожжа (дробная салома, рэшткі каласоў і да т. п.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́паць 1 ‘абставіны, адходы пры трапанні лёну, з якіх прадуць альбо шыюць коўдру’ (Жд. 1). Назоўнік са значэннем зборнасці ад трапа́ць 1, гл.

Трэ́паць 2 ‘трапаць’ (ПСл). Гл. тропаць, трапа́ць 2. Сюды ж таксама трэ́пліць ‘стрыжэ вушамі (пра каня)’ (хопім., ЛА, 1), стрэ́пая ‘тс’ з s‑mobile (іўеў, там жа), тро́пае ‘тс’ (бялын., чач., там жа), тро́пая ‘тс’ (бых., там жа), трёпъіць ‘тс’ (касцюк., там жа) з другой ступенню чаргавання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)