рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіішляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.Бруна, Б.Спіноза, І.Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл.Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.Шэлінг і Г.Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ МАРФАЛО́ГІЯ ЖЫВЁЛ,
комплекс навук, якія шляхам параўнання розных сістэматычных груп жывёл вывучаюць форму і будову іх цела і органаў у індывід. (антагенез) і гіст. (філагенез) развіцці з мэтай пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету. Выяўляе эвалюц. заканамернасці формаўтварэння (асабліва гомалагічных органаў), кірункі эвалюц. развіцця арганізмаў. Раскрывае прычыны і шляхі пераўтварэння органаў і арганізмаў у сувязі са зменай умоў існавання, растлумачвае наяўнасць анамалій развіцця і рудыментарных органаў, тэарэт. абгрунтоўвае біял. асновы клінічнай медыцыны, заатэхніі і інш. Уключае параўнальную анатомію жывёл, параўнальныя гісталогію, цыталогію, эмбрыялогію, паталаг. анатомію, функцыян. і экалагічную марфалогію. Цесна звязана з заалогіяй, сістэматыкай жывёл і інш. навукамі.
Асновы П.м. закладзены Арыстоцелем. Працы К.Галена, А.Везалія, У.Гарвея, Леанарда да Вінчы сталі асновай сістэматыкі К.Лінея. У 18 ст. развіццё П.м. у працах Ж.Кюўе, Ж.Сент-Ілера, Ж.Б.Ламарка назапасіла матэрыял для стварэння эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. У 19 ст.ням. біёлаг К.Гегенбаўр увёў асн. паняцці П.м. — аналогію і гамалогію. У Расіі працы В.А.Догеля, М.А.Мензбіра, А.М.Северцава, І.І.Шмальгаўзена садзейнічалі стварэнню эвалюц. марфалогіі; А.А.Заварзіна, М.Р.Хлопіна — параўнальнай гісталогіі; К.М.Бэра, К.Ф.Вольфа, А.В.Іванова, А.А.Кавалеўскага, І.І.Мечнікава — параўнальнай эмбрыялогіі.
На Беларусі н.-д. работа па праблемах П.м. вядзецца ў ін-тах фізіялогіі і заалогіі Нац.АН Беларусі, БДУ, Мінскім мед. ін-це, Віцебскім мед. ун-це і інш. Значны ўклад зрабілі Д.М.Голуб, П.Я.Герке, С.І.Лябёдкін, П.А.Маўрадыядзі, М.Е.Макушок, М.П.Нікіценка, І.М.Сяржанін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНА́РНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў вырабу паўправадніковых прылад і інтэгральных схемшляхам фарміравання іх структур з аднаго боку монакрышт. паўправадніковай падложкі. Грунтуецца на стварэнні ў прыпаверхневым слоі падложкі абласцей з розным тыпам праводнасці або з рознай канцэнтрацыяй дамешкаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць структуру паўправадніковай прылады ці інтэгральнай схемы. Забяспечвае выраб у адзіным тэхнал. працэсе вял. колькасці ідэнтычных прылад з высокай узнаўляльнасцю параметраў, высокую прадукцыйнасць і інш.; займае вядучае месца ў тэхналогіі вырабаў мікраэлектронікі.
Асн. аперацыі: нанясенне тонкай дыэлектрычнай плёнкі (звычайна аксіду крэмнію SiO2) на паверхню крышт. паўправадніка (крэмнію, германію, арсеніду галію); выдаленне пры дапамозе фоталітаграфіі ці электроналітаграфіі пэўных абласцей гэтай плёнкі (стварэнне тэхнал. маскі); лакальнае ўвядзенне ў крышталь праз атрыманую маску донарных ці акцэптарных дамешкаў (легіраванне). Усе вобласці выходзяць на адзін (рабочы) бок падложкі, што дае магчымасць праз вокны ў SiO2 рабіць іх камутацыю ў адпаведнасці з зададзенай схемай пры дапамозе плёначных метал. праваднікоў. Адрозніваюць планарна-эпітаксіяльную тэхналогію (уключае аперацыю эпітаксіяльнага арыентаванага нарошчвання на паверхню монакрышт. падложкі тонкага слоя крэмнію) і яе ўдасканаленую разнавіднасць — ізапланарную тэхналогію (з павялічанай якасцю ізаляцыі абласцей).
На Беларусі распрацоўкамі ў галіне П.т. і выкарыстаннем яе ў вытв-сці займаюцца ў НВА«Інтэграл».
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ. К.Н. 1—2. М., 1986;
Сугано Т., Икома Т., Такэиси Ё. Введение в микроэлектронику: Пер. с яп.М., 1988;
Taur У. The incredible shrinking transistor // IEEE Spectrum. 1999. July.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн.т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн.т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн.т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, ўкрапанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
сацыяльная дзейнасць, накіраваная на атрыманне навук. абгрунтаванай інфармацыі аб развіцці сац. сістэм, шляхах і метадах дасягнення іх будучых станаў. У шырокім сэнсе П.с. — сістэмнае прадбачанне пераўтварэння сац. асяроддзя пад уплывам аб’ектыўных, а таксама пастаянна дзеючых і мэтанакіраваных суб’ектыўных фактараў. Уключае стварэнне прагнозаў асваення зямлі і космасу, узаемадзеянняў чалавека і прыроды, росту народанасельніцтва, паліт., эканам., сац., экалагічных і інш. адносін, сац. развіцця грамадства і яго розных сац. ін-таў. У вузкім сэнсе П.с. — прагназіраваннесац. сістэм, форм і відаў сац. адносін і працэсаў. Важным аб’ектам П.с. з’яўляецца грамадства як высокаарганізаваная сац. сістэма. П.с. вывучае заканамернасці развіцця сац. сістэм, дае навук. аналіз мінулага і сучаснага стану. П.с. ўласціва высокая эфектыўнасць адваротнай сувязі паміж прагназіраваннем і кіраваннем, паміж прадказаннем і сац. дзеяннямі. П.с. ўлічвае ўздзеянне сац. дзейнасці людзей на аб’екты прагназіравання, якое можа прыводзіць да «самарэалізацыі» або «самаразбурэння» сац. прагнозаў (т.зв. эфект Эдыпа). У П.с. найб. часта выкарыстоўваюць пошукавыя і нарматыўныя віды прагнозу. Першы вызначае магчымы стан сац. сістэм шляхам экстрапаляцыі ў будучае назіраемых тэндэнцый, другі апісвае пажаданы стан сац. сістэм на аснове раней зададзеных крытэрыяў, шляхі і метады яго дасягнення пры пэўных рэсурсах. Найб. эфект у П.с. дасягаецца пры аптымальным спалучэнні розных метадаў прагназіравання.
Літ.:
Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;
Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование... М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАВО́ДНЫЯ КНІ́ГІў Расіі,
рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем’яў свецкіх феадалаў Рас. дзяржавы, якія складаліся з 1540-х г. У 16—17 ст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзярж. і ваен. апараце. Найб. вядомы «Гасудараў радасловец» 1555—56. Пасля адмены месніцтва ў 1682 створана Палата радаводных спраў для складання Р.к. рас.дваранства. Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія сходы губерняў, у т. л. беларускіх, складалі Р.к. па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэр. губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні). Губ. Р.к. падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — стараж. дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685. З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі Р.к. рас. княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыц. Р.к. былі не справаводнымі дакументамі, а навук. даследаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСУАЛІ́ЗМ (франц. sensualisme ад лац. sensus успрыняцце, пачуццё, адчуванне),
кірунак у тэорыі пазнання, які прызнае адчуванне адзінай крыніцай аб’ектыўных ведаў. Змест пазнання і свядомасці імкнецца вывесці з дзейнасці органаў пачуццяў і іх сведчанняў. Элементы С. прысутнічаюць у філасофіі Стараж. Індыі (вучэнне чарвака), Стараж. Кітая (маізм), Стараж. Грэцыі (Геракліт, часткова Дэмакрыт і Арыстоцель). У гісторыі філасофіі сфарміраваліся 2 процілеглыя плыні С.: ідэаліст. і матэрыялістычная. Ідэалістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як самаст. і самадастатковую сферу свядомасці. Яго вытокі ў вучэнні Пратагора, які абвяшчаў пачуццёвае ўспрыманне адзінай крыніцай ведаў аб уласным стане чалавека; пазнанне знешніх прычын гэтых станаў ён лічыў немагчымым. Матэрыялістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як сувязь яго свядомасці са знешнім светам, а сведчанні органаў пачуццяў — адлюстраваннем навакольнага асяроддзя. Асновы паслядоўнага матэрыяліст. С. сфармуляваны Эпікурам. Асноўны прынцып С. стоікаў — «няма нічога ў розуме, чаго б раней не было ў пачуццях». Прадстаўнікі матэрыяліст. С. 17 ст. — П.Гасендзі, Т.Гобс, Дж.Лок, ідэаліст. С. — Дж.Берклі. Сенсуалісты матэрыяліст. кірунку 18 ст. сцвярджалі, што крыніцай ведаў служаць адчуванні, якія параджаюцца шляхам уздзеяння матэрыяльных прадметаў на органы пачуццяў чалавека (франц. матэрыялісты Ж.Ламетры, К.Гельвецый, Д.Дзідро, П.Гольбах). Ням. філосаф Л.Феербах лічыў, што адчуванні маюць суб’ектыўны характар, але іх аснова аб’ектыўная, заключана ў матэрыяльным свеце. Сучасныя тэорыі пазнання спалучаюць С. і рацыяналізм і аналізуюць іх узаемасувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯНАФІ́ЛЫ,
прадстаўнікі аднаго з кірункаў рас. грамадскай і філас. думкі 1840—50-х г., якія выступалі з абгрунтаваннем ідэі асаблівага, адметнага ад зах.-еўрап. шляху гіст. развіцця Расіі. Ідэйна супрацьстаялі заходнікам, якія сцвярджалі, што Расія павінна развівацца шляхам засвойвання зах.-еўрап.паліт. сістэмы, сац. ін-таў і эканам. ладу. Філас. канцэпцыю С., якая ўяўляла сабой рэліг.-філас. вучэнне, распрацоўвалі А.С.Хамякоў, Х.В.Кірэеўскі, К.С.Аксакаў, Ю.Ф.Самарын і інш. У аснове ідэй С. — гістарыясофскае абгрунтаванне самабытнасці Расіі і яе сац.-эканам. ўкладу, абвяшчэнне праваслаўя адзіна сапраўдным хрысціянствам. Паводле С., сапраўдная вера, што прыйшла на Русь з усх. царквы, абумовіла асаблівую гіст. місію рус. народа. С. ідэалізавалі дапятроўскую Русь, якая ўяўлялася ім гарманічным грамадствам без супярэчнасцей і ўнутр. канфліктаў, арган. адзінствам народа і ўлады. Паводле С., Пётр I парушыў гарманічнае развіццё Расіі, у выніку чаго дзяржава прэваліруе над народам, а інтэлігенцыя і дваранства пад уплывам зах.-еўрап. культуры адарваліся ад нар. жыцця. С. заклікалі інтэлігенцыю да збліжэння з народам, вывучэння яго жыцця, традыцый і культуры. Для эстэт. і літ.-крытычных поглядаў С. характэрна крытыка «чыстага мастацтва» і абгрунтаванне неабходнасці ўласнага шляху развіцця рус.маст. культуры. С. лічылі, што маст. творчасць павінна адлюстроўваць абшчыннасць, патрыярхальную ўпарадкаванасць нар. быту, рэлігійнасць рус. чалавека. Ідэі С. паўплывалі на развіццё рус.філас. і рэліг.-містычнай думкі.