мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, якая дазваляе яму атрымліваць інфармацыю аб навакольным свеце; у шырокім сэнсе — спосаб пазнання свету. З ускладненнем сац. рэчаіснасці і прац. аперацый Н. вылучаецца ў адносна самаст. аспект дзейнасці (навук. Н., успрыманне інфармацыі на прыборах, Н. як частка працэсу маст. творчасці і інш.). Навук. Н. накіравана на дасягненне пэўнай навук. мэты і характарызуецца сістэматычнасцю, планамернасцю, магчымасцю ажыццяўлення кантролю шляхам паўторнага Н. або выкарыстання інш. метадаў Н., напр., эксперыменту. У некаторых сац. навуках (эканам. статыстыка, дэмаграфія) пад Н. разумеюць любую палявую працэдуру (апытанне, збор звестак, візуальнае Н.), проціпастаўляючы яго ўскоснаму атрыманню звестак з літ. крыніц. Н. ў сацыялогіі — метад збору сац. інфармацыі праз прамую, непасрэдную фіксацыю падзей і з’яў. Паводле ступені фармалізацыі працэдуры адрозніваюць Н.: стандартызаванае, або кантрольнае (назіральнік працуе па папярэдне вызначанай Праграме), і нестандартызаванае (этапы і фазы даследавання папярэдне не вызначаюцца). У залежнасці ад становішча назіральніка вылучаюць Н. ўключанае (прадугледжвае інтэграцыю назіральніка ў падзеі і працэсы, што даследуюцца, і іх аналіз «знутры») і неўключанае (без мэтанакіраванага ўмяшання даследчыка ў з’явы, што вывучаюцца). Паводле ўмоў арганізацыі адрозніваюць Н. палявыя (праводзяцца ў натуральных умовах) і лабараторныя; паводле рэгулярнасці правядзення — сістэматычныя, эпізадычныя і выпадковыя (праграма не распрацоўваецца і стадыі Н. папярэдне не вызначаюцца). Н. ў псіхалогіі — адзін з асн. эмпірычных метадаў даследавання, які заключаецца ў наўмысным, сістэматычным і мэтанакіраваным успрыманні псіхічных з’яў з мэтай вывучэння іх спецыфічных змен у пэўных умовах; як адзін з псіхал. метадаў выкарыстоўваецца саманазіранне. Вынікі Н. ў значнай ступені залежаць ад асобы даследчыка, яго ўстановак і адносін да працэсаў і з’яў, што назіраюцца, ад яго стэрэатыпаў і каштоўнасных арыентацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЫ́,
1) прадстаўнікі вышэйшых пластоў феадалаў у Чэхіі і Польшчы ў 13—14 ст.Лац. адпаведнік у афіц. граматах — «barones». У 14—15 ст. у Польшчы тэрмін «П.» ўсё больш замяняўся тэрмінам «можнаўладцы» або «магнаты».
2) У ВКЛ у 15—16 ст., у час юрыд. афармлення шляхецкага саслоўя, другая пасля князёў група феадалаў, нашчадкі знатных і заможных баяр, якія мелі буйныя маёнткі. Землі належалі П. паводле вотчыннага права («з поўным правам і панствам»). У дакументах 16 ст. згаданы розныя групы П.: П. радныя (паны-рада) — найб. буйныя свецкія і духоўныя землеўласнікі, якія адпаведна сваім дзярж. пасадам засядалі ў Радзе ВКЛ; П. (панове) харугоўныя — буйныя землеўласнікі, якія выходзілі на вайну не ў складзе павятовай шляхты, асобна са сваімі атрадамі васалаў; проста П. (паняты) — заможныя землеўласнікі, якія ў войску выступалі асобнай харугвай. У 2-й пал. 16 ст. паны-рада і князі (княжаты) складалі вышэйшую групу феадалаў ВКЛ — магнатаў. Астатнія П. зліліся з асн. масай шляхецкага саслоўя, якое стала юрыдычна аднастайным. Словам «пан» пры прозвішчы ці імю пачалі называць не толькі шляхціцаў-землеўласнікаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шляхецтва. Паступова гэта слова набыло значэнне, адпаведнае рус. слову «господин» — спачатку толькі як абазначэнне гаспадара, валадара, а пазней і як ветлівы зварот да мужчын, незалежна ад іх паходжання і сац.становішча. У апошнім значэнні слова «пан» пры прозвішчы шырока ўжываецца ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве і на Украіне. Для Беларусі больш характэрна слова «спадар».
Літ.:
Грицкевич А.П. Формирование феодального сословия в Великом княжестве Литовском и его правовые основы (XV—XVI) // Первый Литовский Статут 1529 г. Вильнюс, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЬГРЫМО́ЎСКІ (Гальяш) (сярэдзіна 16 ст. — пасля 17.8.1604),
грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік. Вучыўся ў кальвінісцкай школе. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. У 1581 пад камандаваннем К.Радзівіла прымаў удзел разам з Ф.К.Чарнабыльскім і А.Рымшай у паходзе ў Расію. Сакратар польск. караля Стафана Баторыя, у 1583 па яго даручэнні ездзіў у Маскву да Івана IV Грознага. З 1586 пісар ВКЛ, з 1600 сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у Маскве на чале з Л.Сапегам, з 1602 выконваў абавязкі маршалка Літоўскага трыбунала. Літ. дзейнасць пачаў у 1583. Пісаў на бел., лац. і польск. мовах. Аўтар паэт. і празаічных панегірыкаў на лац. мове, празаічнага дыярыуша на польскай мове «Пасольства Льва Сапегі ў 1600 годзе ў Маскву паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага, Уладзіславам Трэмбіцкім апісанае» (надрук. ў 1846, Гродна). У дыярыушы былі тэксты і на бел. мове: праект дагавора паміж Польшчай і Маскоўскай Руссю, пералік падарункаў рус. цару і яго сыну, выступленні Л.Сапегі і П. ў прысутнасці цара. Гэтаму падарожжу П. прысвяціў і вершаваны твор на польскай мове. Ля вытокаў бел. паэзіі знаходзіцца яго паэма на бел. і польскай мовах «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601», у якой аўтар раскрывае сістэму поглядаў на міжнар. адносіны і становішча, справы рэлігіі, свабоды сумлення і інш. На сучасную бел. мову паэму П. пераклаў М.Танк.
Тв.:
Бел.пер. — Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601 // Полымя. 1994. № 7.
Літ.:
Казбярук У. Мастацкі дакумент сярэднявечча // Спадчына. 1992. №4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.
Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.
На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругістановішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАЛАМЕ́І (грэч. Ptolemaioi),
Лагіды, грэка-македонская дынастыя цароў эліністычнага Егіпта ў 3—1 ст. да н.э.Найб. значныя прадстаўнікі: П. I Сатэр («выратавальнік»; каля 366—283 да н.э.), цар у 305—283 да н.э. Адзін з палкаводцаў Аляксандра Македонскага. З 323 да н.э. сатрап. Ператварыў Егіпет у арганізаваную і цэнтралізаваную дзяржаву. Пры ім сталіца Александрыя стала гасп. і духоўным цэнтрам Егіпта (засн.Александрыйскі мусеян, б-ку). Аўтар гісторыі паходаў Аляксандра Македонскага (не захавалася). П. II Філадэльф («які любіць сястру»; 308—246 да н.э.), цар у 285—246 да н.э. Стварыў моцны флот, далучыў шэраг тэр., умацаваў паліт. і эканам.становішча Егіпта. У адпаведнасці з егіп. традыцыямі ўзяў шлюб з уласнай сястрой. П. III Евергет («дабрадзей»; каля 284—221 да н.э.), цар у 246—221 да н.э. Пры ім Егіпет дасягнуў найб. памераў і валодаў найвыш. аўтарытэтам сярод эліністычных дзяржаў. У час праўлення П. VI Філаметара («які любіць маці»), цара ў 180—145 да н.э., пачаліся працяглыя дынастычныя войны. Пры яго пераемніках Егіпет (з 168 да н.э.) трапіў пад рым. ўплыў.
Стаўленік Рыма П. XI Аляксандр II [80 да н.э.] забіты паўстаўшымі александрыйцамі. П. XII Філапатар Новы Дыяніс [80—51 да н.э.] вярнуўся на прастол з дапамогай рым. легіянераў. Цэзар падтрымаў Клеапатру VII у барацьбе за трон з яе братам і мужам П. XIV. У 30 да н.э. праўленне П. скончылася, Егіпет стаў рым. правінцыяй.
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,
комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.
У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц.харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1922, савецка-германскі дагавор 1922,
падпісаны паміж РСФСР (Г.В.Чычэрын) і Германіяй (К.І.Вірт і В.Ратэнаў) у г. Рапала (Італія) 16 крас. ў час Генуэзскай канферэнцыі 1922. Заключэнню дагавора папярэднічалі двухбаковыя перагаворы ў Маскве ў 1921 і ў Берліне ў крас. 1922. Паводле дагавора аднаўляліся дыпламат. і консульскія адносіны паміж абедзвюма дзяржавамі (былі разарваны пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі), бакі адмаўляліся ад узаемных фін. прэтэнзій (Сав. Расія — ад кампенсацыі ваен. і неваен. страт, нанесеных 1-й сусв. вайной, Германія — ад выплаты ёй даўгоў царскага ўрада і пакрыцця кошту нацыяналізаваных сав. ўладамі герм. прадпрыемстваў), надаваўся статус найб. спрыяння двухбаковым гандл.-эканам. адносінам. Дадатковае сакрэтнае пагадненне да дагавора прадугледжвала супрацоўніцтва герм.узбр. сіл (рэйхсвера) з Чырв. Арміяй (у т. л.вытв-сць і выпрабаванне ў Сав. Расіі ням. зброі), што парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дагавор ратыфікаваны ВЦВК РСФСР 16 мая, герм. рэйхстагам — 4 ліп.; 5.11.1922 яго дзеянне пашырана на інш.сав. рэспублікі, у т. л.БССР. Р.д. стварыў дагаворна-прававую аснову для развіцця паліт., эканам. і культ. сувязей паміж Сав. Расіяй і Германіяй, значна ўмацаваў міжнар.становішча бакоў, у т. л. прарваў іх знешнепаліт. ізаляцыю. Страціў сілу пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР (чэрв. 1941).
Публ.: Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора. Т. 2. (1919—1922). М., 1971.
Літ.:
Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг). Мн., 1979;
Космач В.А., Романовский Д.В. Советская Беларусь и Германия в 1917—1932 гг.: кампании солидарности, торговля, культурный обмен (уроки истории для современности). Витебск, 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІЯ ПРАВІ́НЦЫІ,
заваяваныя Рымам па-за межамі Італіі тэрыторыі, якімі кіравалі рымскія намеснікі. Пасля 1-й Пунічнай вайны першымі Р.п. сталі Сіцылія (з 241 да н.э.), Корсіка і Сардзінія (з 227 да н.э.). У канцы эпохі рэспублікі іх было каля 20, у эпоху імперыі — каля 50. У эпоху рэспублікі Р.п. лічыліся ўласнасцю рым. народа. Значная ч. зямлі адбіралася ў мясц. насельніцтва і перадавалася ў надзелы рым. каланістам (гл.Агер публікус). Жыхары Р.п. павінны былі ўтрымліваць рым. намеснікаў і войска. Кіравалі правінцыямі былыя консулы (праконсулы) і б. прэтары (прапрэтары). У 27 да н.э.Р.п. падзелены на сенацкія і імператарскія. Сенацкую звычайна ўзначальваў праконсул са штогадовым тэрмінам замяшчэння, імператарскую, дзе знаходзіліся рым. войскі, — легат консульскага (Р.п. з 2 і больш легіёнамі) ці прэтарскага рангу, а таксама прэфект з коннікаў (пазней, акрамя Егіпта, наз. пракуратар). З сярэдзіны 2 ст.н.э. неафіцыйна ўзнік тытул «прэзес» (praeses), які на працягу 3 ст. ператварыўся ў афіц. тытул намесніка Р.п. з коннікаў ці сенатараў. Даходы з Р.п. складалі асн. крыніцу багацця рым. дзяржавы. Іх спагнанне ў перыяд рэспублікі знаходзілася ў руках прыватных адкупшчыкаў (публіканаў), ад якіх вельмі пакутавала насельніцтва Р.п. У імператарскую эпоху ўведзена дзярж. кіраванне фінансамі, што крыху палегчыла становішча насельніцтва. У 212 большасць жыхароў Р.п. атрымала правы рым. грамадзян. Паводле рэформ Дыяклектыяна і Канстанціна IР.п. былі разбуйнены, іх колькасць патроілася, асобныя правінцыі былі аб’яднаны па 12—15 у дыяцэзы пад уладай аднаго вікарыя. Межы новага адм.-тэр. падзелу не супадалі з межамі Р.п.
Літ.:
Кудрявцев О.В. Эллинские провинции Балканского полуострова во 11 в.н. э. М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКІ,
нябесныя целы, якія самі свецяцца; складаюцца з распаленых газаў (плазмы). Найб. распаўсюджаныя аб’екты ў Сусвеце — змяшчаюць больш за 98% масы ўсяго касм. рэчыва. Знаходзяцца ў стане цеплавой і гідрастатычнай раўнавагі, што забяспечваецца балансам паміж сілай гравітацыі і ціскам гарачага рэчыва і выпрамянення. Усе З., акрамя Сонца, відаць з Зямлі як святлівыя пункты. Яркасць З. характарызуюць зорнай велічынёй. Бачнае становішча на небасхіле вызначаюць дзвюма вуглавымі пераменнымі — схіленнем і прамым узыходжаннем (гл.Нябесныя каардынаты).
З. існуюць дзесяткі мільярдаў гадоў. У іх ядрах увесь час адбываюцца тэрмаядзерныя рэакцыі — асн. крыніца энергіі і выпрамянення. Фіз. характарыстыкі і працягласць існавання З. вызначаюцца масай і хім. складам, якія З. мела ў момант утварэння. Адрозніваюць З.: гіганты, звышгіганты, карлікі, новыя зоркі, звышновыя зоркі, пераменныя зоркі, падвойныя зоркі. Хім. склад большасці З.: 75% вадароду, 23% гелію, 2% інш. элементаў. Дыяпазон магчымых мас — 10−2—102 масы Сонца. Радыусы самых вял. З. — чырвоных звышгігантаў — у 102—103 разоў большыя, а самых малых — белых карлікаў і нейтронных З. — у 102—104 разоў меншыя за радыус Сонца. Сярэдняя шчыльнасць чырвоных звышгігантаў 10‘3кг/м³, нейтронных З. больш за 1017кг/мЗ. Свяцільнасць блакітных гігантаў і чырвоных звышгігантаў складае 8∙105, а чырвоных карлікаў 10−4 свяцільнасці Сонца. З. ўтвараюць у прасторы вял. зорныя сістэмы — галактыкі. Вывучэнне будовы нашай Галактыкі паказвае, што многія З. групуюцца ў зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі і інш. З. вывучаюцца зорнай астраноміяй і астрафізікай.
Літ.:
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Звезды и звездные системы. М., 1981;
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Спіс сузор’яў
Беларуская назва
Лацінская назва
Становішча на зорным небе
1
2
3
Авен
Aries
Пн
Аднарог
Monoceros
Э
Актант
Ostans
Пд
Андрамеда
Andromeda
Пн
Арол
Aquila
Э
Арыён
Orion
Э
Ахвярнік
Ara
Пд
Блізняты
Gemini
Пн
Вадаліў
Aquarius
Пд
Валапас
Bootes
Пн
Валасы Веранікі
Coma Berenices
Пн
Ветразі
Vela
Пд
Вознік
Auriga
Пн
Воран
Corvus
Пд
Воўк
Lupus
Пд
Вялікая Мядзведзіца (нар. назва Вялікі Воз)
Ursa Major
Пн
Вялікі Пёс
Canis Major
Пд
Гадзіннік
Horologium
Пд
Геркулес
Hercules
Пн
Гідра
Hydra
Э
Голуб
Columba
Пд
Гончыя Псы
Canes Venatici
Пн
Дзева
Virgo
Э
Дракон
Draco
Пн
Дэльфін
Delphinus
Пн
Журавель
Crus
Пд
Жывапісец
Pictor
Пд
Жырафа
Camelopardalis
Пн
Залатая Рыба
Dorado
Пд
Заяц
Lepus
Пд
Змеяносец
Ophiuchus
Э
Змяя
Serpens
Э
Індзеец
Indus
Пд
Казярог
Capricornus
Пд
Карма
Puppis
Пд
Касіяпея (нар. назва Касцы)
Cassiopeia
Пн
Кіль
Carina
Пд
Кіт
Cetus
Э
Компас
Pyxis
Пд
Крыж
Crux
Пд
Лебедзь
Cygnus
Пн
Леў
Leo
Пн
Ліра
Lyra
Пн
Лісічка
Vulpecula
Пн
Лятучая Рыба
Volans
Пд
Малая Мядзведзіца (нар. назва Малы Воз)
Ursa Minor
Пн
Малы Конь
Equuleus
Пн
Малы Леў
Leo Minor
Пн
Малы Пёс
Canis Minor
Пн
Мікраскоп
Microscopium
Пд
Муха
Musca
Пд
Навугольнік
Norma
Пд
Насос
Antlia
Пд
Паўднёвая Гідра
Hydrus
Пд
Паўднёвая Карона
Corona Austrina
Пд
Паўднёвая Рыба
Piscis Austrinus
Пд
Паўднёвы Трыкутнік
Triangulum Australe
Пд
Паўлін
Pavo
Пд
Паўночная Карона
Corona Borealis
Пн
Пегас
Pegasus
Пн
Персей
Perseus
Пн
Печ
Fornax
Пд
Разец
Caelum
Пд
Райскі Птах
Apus
Пд
Рак
Cancer
Пн
Рыбы
Pisces
Э
Рысь
Lynx
Пн
Секстант
Sextans
Э
Сетка
Reticulum
Пд
Скарпіён
Scorpius
Пд
Скульптар
Sculptor
Пд
Сталовая Гара
Mensa
Пд
Страла
Sagitta
Пн
Стралец
Sagittarius
Пд
Трыкутнік
Triangulum
Пн
Тукан
Tucana
Пд
Тэлескоп
Telescopium
Пд
Фенікс
Phoenix
Пд
Хамелеон
Chamaeleon
Пд
Цыркуль
Circinus
Пд
Цэнтаўр
Centaurus
Пд
Цэфей
Cepheus
Пн
Цялец
Taurus
Пн
Чаша
Crater
Пд
Шалі
Libra
Пд
Шчыт
Scutum
Э
Эрыдан
Eridanus
Пд
Яшчарка
Lacerta
Пн
Абазначэнні: Пн — Паўн. паўшар’е неба, Пд — Паўд. паўшар’е неба, Э — экватарыяльны пояс
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАГРАФІ́ЧНЫЯ ПРАЕ́КЦЫІ,
матэматычныя спосабы адлюстравання паверхні зямнога шара (эліпсоіда) або інш. нябеснага цела падобнай формы на плоскасці. К.п. ўстанаўліваюць аналітычную залежнасць (адпаведнасць) паміж геагр. каардынатамі пунктаў зямнога эліпсоіда і прамавугольнымі каардынатамі тых жа пунктаў на плоскасці. Вывучэннем К.п. займаецца картаграфія. Праекцыі, як правіла, маюць скажэнні даўжынь ліній, плошчаў, вуглоў і форм (існуюць праекцыі, у якіх адсутнічаюць скажэнні вуглоў ці плошчаў). Агульную характарыстыку скажэнняў дае эліпс скажэнняў (адлюстроўвае на плоскасці бясконца малыя акружнасці, узятыя ў розных месцах эліпсоіда). На карце адрозніваюць маштабы гал. (роўны маштабу мадэлі зямнога эліпсоіда, паменшанаму ў зададзеных адносінах) і прыватны (адносіны бясконца малога адрэзка, узятага ў дадзеным месцы карты па дадзеным напрамку, да адпаведнага адрэзка на паверхні эліпсоіда). Адносіны прыватнага маштабу да гал. характарызуюць скажэнне даўжынь. Паводле характару скажэнняў К.п. падзяляюцца на роўнавугольныя (перадаюць вуглы без скажэнняў), роўнавялікія (перадаюць плошчы без скажэнняў) і адвольныя (скажаюцца і вуглы і плошчы). Сярод адвольных вылучаюцца роўнапрамежкавыя (скажаюцца вуглы і плошчы ў аднолькавых прапорцыях). У залежнасці ад становішча восі сферычных каардынат (арыенціроўка дапаможнай паверхні адносна палярнай восі) вылучаюць К.п.: нармальныя (вось каардынат супадае з воссю вярчэння зямлі), папярочныя (вось каардынат ляжыць у плоскасці экватара), косыя (вось каардынат размяшчаецца пад вуглом да зямной восі).
Паводле віду дапаможнай паверхні для праектавання вылучаюць некалькі тыпаў праекцый. У азімутальных К.п. паверхня зямнога эліпсоіда праектуецца на датычную або сякучую плоскасць. У нармальных азімутальных праекцыях мерыдыяны паказваюцца прамымі, якія сыходзяцца ў адзін пункт (полюс), а паралелі — канцэнтрычнымі акружнасцямі, якія праводзяцца з агульнага цэнтра (полюса). У косых і большасці папярочных азімутальных праекцыях мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі — крывыя лініі; экватар у папярочных праекцыях — прамая лінія. У цыліндрычных К.п. дапаможнай паверхняй служыць бакавая паверхня цыліндра, што датыкаецца да эліпсоіда або перасякае яго. У нармальных цыліндрычных праекцыях мерыдыяны і паралелі — прамыя лініі, у папярочных і косых праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У канічных К.п. паверхня эліпсоіда праектуецца на бакавую паверхню конуса, што датыкаецца да эліпсоіда ці перасякае яго. У нармальных канічных праекцыях мерыдыяны — прамыя лініі, якія сыходзяцца ў полюсе, а паралелі — дугі канцэнтрычных акружнасцей з цэнтрам у полюсе. У косых і папярочных канічных праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У поліканічных К.п. сетка мерыдыянаў і паралелей праектуецца на некалькі конусаў, кожны з якіх разгортваецца ў плоскасць. Паралелі (за выключэннем прамалінейнага экватара) — дугі эксцэнтрычных акружнасцей, цэнтры якіх ляжаць на прадаўжэнні сярэдняга мерыдыяна, што мае выгляд прамой лініі. Астатнія мерыдыяны — крывыя, сіметрычныя да сярэдняга. Псеўдаазімутальныя К.п. маюць паралелі нармальнай сеткі ў выглядзе канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя, якія сыходзяцца ў полюсе і сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Трапляюцца сеткі, пабудаваныя ў косым і папярочным варыянтах, дзе паралелі і мерыдыяны — крывыя лініі. Псеўдаканічныя К.п. маюць паралелі ў выглядзе дуг канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Псеўдацыліндрычныя К.п. маюць прамыя паралелі, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Кругавыя К.п. маюць мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі (за выключэннем экватара) у выглядзе эксцэнтрычных акружнасцей; сярэдні мерыдыян і экватар — прамыя. Пры пабудове ўмоўных К.п. не карыстаюцца дапаможнай геам. паверхняй.
Выбар К.п. залежыць ад прызначэння і тэматыкі карты, маштабу і геагр.становішча тэрыторыі, яе канфігурацыі і памераў, спецыфічных патрабаванняў да карты і інш. Прызначэнне карты вызначае характар скажэнняў (даўжынь, плошчаў, вуглоў). Напр., для карт, прызначаных для вымярэння плошчаў, выбіраюць роўнавялікія праекцыі, для вымярэння вуглоў і азімутаў — роўнавугольныя, для сусв. карт — поліканічныя, нармальныя цыліндрычныя, псеўдацыліндрычныя і інш., для карт паўшар’яў, мацерыкоў і частак свету — папярочныя і косыя азімутальныя і інш.