Кашмір, кашамі́р тонкая мяккая шарсцяная, напаўшарсцяная або баваўняная тканіна’, кашміро́ўка ’кашміравая хустка’ (ТСБМ, Касп.). Рус.кашми́р, кашеми́р ’тс’, укр.кашеми́р, польск.kaszmir, kaszemir і г. д. У рус. мове. паводле Фасмера, 2, 215, вядома з часоў Гогаля: паводле Шанскага, 2, К, 105, першая фіксацыя ў рус. мове адносіцца да 1847 г. У польск. мове гэта лексема з’явілася раней; Слаўскі (2, 97) адзначае, што наогул слова вядома з XIX ст., але ў другой палавіне XVIII ст. выступаюць варыянты тыпуkaźmirek (у Ліндэ). kaźmirz (дасюль і рус. старое казими́ровый ’кашміравы’ праз польск. формы з італ.casimiro: гл. Фасмер, 2, 160). Ад назвы вобласці Кашмір у Індыі (ст.-інд.Kāçmiras). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 496. Формы кашми́р, кашеми́р, паводле Фасмера, там жа, узяты з франц.cachemire
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ке́лзаць ’кілзаць, вуздаць’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Гарэц., Яруш., Бяльк.). З польск.kielzač ’тс’ (Слаўскі, 3, 148–149, Кюнэ, Poln., 64). Але польск.kielzač само не мае задавальняючага этымалагічнага тлумачэння. Слаўскі (2, 149) спрабуе звязаць яго з укр.ховстати ’тс’, аднак надзейных паралелей да гэтага ўкраінскага слова ў іншых славянскіх мовах ён не знаходзіць. Існуе іншая версія, згодна з якой келзаць (гл. таксама гелзаць і гельзаць) балтыйскага паходжання. Крыніцай магло быць слова geležunes ’конская хвароба, залазаванне’. Цікава, што другая літоўская назва залазавання pažandės узыходзіць да zäslai ’цуглі’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 102–103). Такім чынам, не выключана, што заходнебалтыйскае слова тыпу *ge/’z было крыніцай беларускіх і польскіх слоў. Трэба адзначыць, што балтыйскія формы насуперак Лаўчутэ (там жа, 103) не звязаны з балтыйскімі назвамі жалеза.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Басурма́н1 ’басурман’, ст.-бел.бесурман, бесурмянин, бусурмянин (Булыка, Запазыч.), рус.басурма́н, бусурма́н, ст.-рус.бесерменин, бесурменин, укр.басурма́н, бусурман. Запазычанне з цюрк. моў, дзе адпаведнае слова азначае ’мусульманін’. Параўн. тат., казах.musulman, тур.müslim, müslüman, müsürman, кірг., кумык., балкар.busurman (цюрк. словы з перс.). Меліаранскі, ИОРЯС, 10, 4, 113–116; Шэльд, Slavia, 2, 290; Фасмер, 1, 132; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19 (< тат.); Шанскі, 1, Б, 54 (падтрымлівае тат. версію); Рудніцкі, 270–271, гл. яшчэ Сольмсен, KZ, 37, 590. Варыянт тыпубесурман і пад. лічыцца запазычаннем з цюрк.дыял. варыянта (гл. Фасмер, 1, 160). Параўн. басурма́н2.
Басурма́н2 ’заняпалы чалавек’ (Касп.). Ужыванне ў якасці экспрэсіўнага слова басурма́н1 (гл.) ’мусульманін’. Таксама і ў іншых мовах. Параўн. рус.дыял.бусурма́н ’разбойнік’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зайздросціць ’перажываць раздражненне, выкліканае перавагай іншых’. Рус. беламор., арханг., пячор, за́здрить ’убачыць’, паўн.-дзвін.зазрить ’лічыць ганебным’, укр.за́здрити ’зайздросціць’, за́здріти ’пабачыць’, польск.zazdrościć ’зайздросціць’, чэш.zazřiti ’убачыць’, славац.zazrieť ’глянуць, убачыць; глянуць варожа’, дыял.zazrosť, zazdrost ’зайздрасць’, славен.zazréti ’ўбачыць’, серб.-харв.за̀зрети ’убачыць; спужацца; выказаць незадавальненне’; параўн. балг.за̀зор ’сорам, жах’, макед.зазор ’сорам’. Ст.-слав.зазьрѣти ’злавацца, дакараць, абурацца’. Ст.-рус.зазьрѣти ’убачыць’ (XI ст.), ’зайздросціць’ (XII ст.), ’дакараць’ (XI ст.), Бел. форма, відаць, з польск. з устаўным ‑й‑. У ст.-бел. з XVI ст.: зайздрость, заздрость (Крыўчык, Труды яз., 39). Польск.zazdrościć утворана ад наз. zazdrość, што ў сваю чаргу утвораны ад дзеясловаў, прадстаўленнях формамі тыпурус.дыял.зазрить, заздрить (дзе ‑д‑ устаўное), якія выніклі шляхам прэфіксацыі дзеяслова zьrěti ’глядзець’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ра́дзі прыназ. ’з-за’ (Ян., ТС), ра́дзі, ра́ді ’з прычыны, дзеля’ (Сл. ПЗБ). Архаізм, магчыма другаснае запазычанне з рус.ра́ди ’з-за’, ’з мэтай чаго-небудзь’. Укр.ра́ди, зара́ди, славен.zaradi, серб.ра̑ди, харв.rȁdi, балг.заради́, старое ради, макед.поради, заради, ст.-слав.ради. Да прасл.*radi, якое лічыцца прамым пранікненнем ст.-перс.rādiy ’тс’ (Мартынаў, Становление, 37); іншыя разглядаюць іх як акамянелыя формы лакатыва нейкага назоўніка з тым жа і.-е. коранем (Чарных, 2, 93); паводле Глухака (515), утварэнне ад асновы на iпрасл.*radь ж. р., суадноснага з прыметнікам *radъ (гл. рады) па тыпудзе́ля: дзе́ла (гл.), лац.causā: causa ’справа, праца’ і пад. Аўтары ESJSt (12, 744) схіляюцца да непасрэднай сувязі з *raditi/roditi ’дбаць, старацца’ (гл. рад2).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саба́чы, прым. ад сабака1; часта як састаўная частка назваў некаторых раслін і грыбоў: саба́ччая мята ’мята палявая’ (Шат.), саба́ча, саба́чая, саба́ччая, саба́чча мята, соба́ча мнята ’мята вадзяная і палявая’ (Сл. ПЗБ), саба́ча мята ’мята перцавая’ (Жыв. сл.), саба́чы рамон ’рамонак’ (Бяльк.), саба́чы рамонак, саба́чы румянак ’тс’ (Сл. ПЗБ), саба́чча мыла ’вятроўнік вязалісты’ (Жыв. сл.), саба́чы баравік ’воўчы грыб’ (Сл. ПЗБ), саба́чыя грыбы ’неядомыя грыбы’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.), саба́чы грыбок ’від грыба’ (Байк. і Некр.). Як заўважае Мяркулава (Очерки, 89), назвы такога тыпу існуюць у большасці індаеўрапейскіх моў. Значэнне прыметніка, утворанага ад назваў жывёл і птушак, звычайна выпустошана; ён указвае толькі на неядомасць або непрыдатнасць для чалавека гэтай расліны. Пра сінанімію сабачы — воўчы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 378–380.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суро́кі ’паводле забабонных уяўленняў — няшчасце, хвароба, пашкоджанне, прынесеныя каму-небудзь нядобрым вокам’ (ТСБМ; круп., докш., барыс., Сл. ПЗБ; усх.-маг., ЛА, 3; Растарг.), суро́цы ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шн. 3, Гарэц., Нік., Оч., Касп., Бяльк., Растарг., ЛА, 3), суро́чыць ’зракнуць’ (Касп., Некр. і Байк., Ласт., Шн. 3, Нас., ТС, ЛА, 3). Рус.смал.суро́к ’урокі’, изуро́к ’тс’. Ад *sǫ і *rokъ (гл. су- і рок); паводле Фасмера (3, 808), першаснае значэнне — ’пашкоджанне, няшчасце, прынесеныя нядобрым словам’, параўн. урок, уроцы (гл.). Хутчэй адваротны дэрыват ад прыставачнага сурочыць, гл. уракаць, уракці. Паводле Карскага (1, 365), формы на ‑цы — глыбокі архаізм з памякчэннем зыходнага заднеязычнага перад другасным і, якія пасля дээтымалагізаваліся пад уплывам назваў хвароб тыпусухоты, пранцы і пад., гл. Карскі 2–3, 136, 331.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАЯ́РЫ,
1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.
2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.
3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаўвял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.
4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.
5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРСТВА,
рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл.Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб.стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНДЛЯ́РНЯ,
устаноўка (печ, шафа, апарат, камера) для вэнджання мясных прадуктаў, сала, рыбы, сыру і інш. ўздзеяннем дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей. Прамысл. вяндлярні бываюць перыядычнага (камерныя, пралётныя) і неперарыўнага (тунэльныя, вежавыя, шахтавыя) дзеяння.
Дым атрымліваецца ў топцы печы або ў спец. дымагенератары (часцей размешчаны па-за печчу) пры няпоўным згаранні драўніны ці пілавіння пераважна лісцевых парод. Перад паступленнем у зону вэнджання дым праходзіць праз фільтры для ачысткі ад канцэрагенных рэчываў. Для цеплавой апрацоўкі выкарыстоўваюць дым у сумесі з паветрам або толькі паветра, якія награюцца ў каларыферах і перамяшчаюцца вентылятарамі. Выкарыстоўваюць і інфрачырвоныя прамяні. Вяндлярныя вадкасці (іх наносяць на прадукты, дадаюць у фарш або ў сумесь для салення) атрымліваюць у асн. дыстыляцыяй, перагонкай і адсорбцыяй з воднага канцэнтрату дыму. Эфектыўныя і эканамічныя эл. вяндлярні, напр. вертыкальнага тыпу з сістэмай шахтаў, канвеерам і эл. прыстасаваннямі. У іх падсушка і прапяканне (рыбы) робяцца інфрачырвоным выпрамяненнем, само вэнджанне — дымам ад дымагенератара (часцінкі дыму іанізуюцца ў эл. полі і асаджваюцца на паверхні прадукту).
На Беларусі здаўна былі пашыраны вежавыя пераважна двух’ярусныя вяндлярні. На іх 1-м ярусе распальвалі агонь, на 2-м на жэрдках падвешвалі прадукты. Палілі сырую яблыню, галлё ядлоўцу, граба, дуба, тырсу і інш. У апошні час будуюць цагляныя або каменныя кампактныя вяндлярні, выкарыстоўваюць міні-вяндлярні, заводскія і самаробныя, падручныя прыстасаванні (бочкі, бітоны, каністры, вёдры без дна, трубы, скрыні і г.д., апрача пакрытых лакам, палімернымі смоламі і зробленых з ДСП).
К.В.Фамічэнка.
Вяндлярня (прамысловая печ): 1 — рама; 2 — вентылятары; 3 — каларыферы; I — зона падсушкі; II — зона абсмажвання; III — зона варкі.Вяндлярні для невялікіх прадпрыемстваў: а — універсальная камера на 900 л; б — камера (6) з дымагенератарам (1), якія працуюць у замкнёным цыкле без забруджвання асяроддзя (2, 3 — дросельныя засаўкі, 4 — засаўка для рэгулявання выкіду дыму ў атмасферу, 5 — засаўка падачы свежага паветра).