ЛАМНІ́ЦКІ ((Łomnicki) Тадэвуш) (18.7. 1927, г. Падгайцы, Украіна — 22.2.1992),
польскі акцёр. Скончыў студыю пры т-ры «Стары» ў Кракаве (1947). Вучыўся ў Вышэйшай школе тэатр. і кінамастацтва ў Варшаве (1951—53), з 1969 выкладаў у гэтай школе (у 1971—81 рэктар, з 1974 праф.). З 1947 у т-рах, у т. л. варшаўскіх: «Вспулчэсны», «Нарадовы», «На Волі» і інш. Характарны акцёр. Выконваў драм. і камед. ролі: Кардыян («Кардыян» Ю.Славацкага), Ян («Першы дзень свабоды» Л. Кручкоўскага), Глумаў [«На ўсякага мудраца хапае прастаты» (на польск. сцэне — «Запіскі падлюгі») А. Астроўскага], Прысыпкін («Клоп» У.Маякоўскага), Артура Уі («Кар’ера Артура Уі» Б. Брэхта) і інш. Ставіў спектаклі. З 1946 здымаўся ў кіно: «Пакаленне» (1955), «Пан Валадыеўскі» (1969; Залаты медаль на Міжнар. кінафестывалі ў Маскве), «Чалавек з мармуру» (1977), «Дом вар’ятаў» (1984) і інш. Аўтар п’ес «Ной і яго звярынец» (1948), «Пустазелле і пшаніца» (1951), кінасцэнарыяў, успамінаў «Тэатральныя сустрэчы» (1984). Дзярж. прэмія Польшчы 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАКО́Л,
судна, якое пракладвае шлях іншым суднам у льдах замярзаючых басейнаў і служыць для падтрымання навігацыі. Ламае лёд масай свайго корпуса пры напаўзанні нахіленай насавой ч. на край ільдзіны. Ахова корпуса ад бакавога сціскання забяспечваецца яго спец. формай і павышанай трываласцю, засцярога вінтоў і рулёў — вял. асадкай.
Л. бываюць марскія, у т. л. лінейныя (для далёкіх пераходаў у арктычных морах, даўж. да 150 м, водазмяшчэнне да 23,5 тыс.т), азёрныя і рачныя. Першы ў свеце арктычны Л. «Ермак» пабудаваны ў 1899 пад кіраўніцтвам С.В.Макарава. Найб. магутныя сучасныя Л. — атамныя ледаколы. Ледакольныя флаты маюць Расія, ЗША, Канада, Швецыя, Фінляндыя.
Літ.:
Белкин С.И. Сокрушающие лед. М., 1983;
Безопасность плавания во льдах. М., 1993.
Спосабы разбурэння ледзянога покрыва ледаколам: 1, 2 — з дапамогай крэну корпуса; 3, 4 — з дапамогай насавой баластнай цыстэрны (у яе перапампоўваецца паліва з кармавой цыстэрны пасля насоўвання носа карабля на лёд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУПА́Н ((Lupan) Андрэй Паўлавіч) (15.2. 1912, в. Мігулены Рэзінскага р-на, Малдова — 27.8.1992),
малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). Акад.АН Малдовы (1961). Герой Сац. Працы (1982). Брат Г.П.Лупан. Скончыў Кішынёўскі с.-г.ін-т (1941). Друкаваўся з 1932. Першызб. «Вершы» (1947) пра жыццё малд. вёскі, падзеі ваен. гадоў. У кнігах вершаў «Уступ у баладу» (1954), «Майстар-стваральнік» (1958), «Брат зямлі» (1959), «Закон гасціннасці» (1966, Дзярж. прэмія Малдовы 1967), «Магістралі» (1976) і інш. паглыбленае філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці. Аўтар п’есы «Святло» (1948), зб.літ.-крытычных, публіцыстычных артыкулаў «Кнігі і гады» (1969). Пераклаў на малд. мову творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Р.Барадулін, П.Броўка, М.Калачынскі. Дзярж. прэмія СССР 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.
Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст.Міжнар. лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.
На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Валерый Якаўлевіч) (н. 19.3.1949, с. Усць-Уса, Рэспубліка Комі),
расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар.арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш. кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н (Святлана Лаўрэнцьеўна) (н. 27.12.1949, в. Рыжкаўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. баяністка, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Солапава), з 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1980 салістка і канцэртмайстар групы баянаў Дзярж.акад.нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Яе творчасці характэрны віртуознасць, эмацыянальнасць, своеасаблівая інтэрпрэтацыя твораў розных эпох, стыляў і жанраў. Аўтар рэдакцый для баяна з аркестрам і першы выканаўца канцэртаў Р.Шчадрына (фінал 1-га фп. канцэрта), А.Мдывані, А.Клеванца, Э.Наско, С.Хвашчынскага, твораў малой формы Я.Глебава, В.Малых, А.Рашчынскага, М.Сіраты, у т. л. напісаных спецыяльна для яе. Выступае ў складзе дуэта і трыо баяністаў. Запісала на Бел. радыё праграмы апрацовак для баяна бел. і рус.нар. музыкі, творы муз. класікі. Лаўрэат I Рэсп. (Мінск) і V Усесаюзнага (Масква) конкурсаў артыстаў эстрады (абодва 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКІЯ ЦЭ́РКВЫ,
помнікі архітэктуры 19 ст. ў Магілёве. Комплекс складаецца з 2 цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў 17 ст. як жылы дом, у 19 ст. перабудаваны пад царкву (у л-ры вядомы як Барысаглебская, на самай справе наз. Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. У 19 ст. палавіна ўсх. сцяны перароблена ў 3-гранную апсіду, да зах. сцяны прыбудавана 2-ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку ўзведзены гал. драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова надала будынку рысы псеўдарус. стылю. Другая царква пабудавана ў 1869. 6-стаўповы 3-нефавы крыжова-купальны храм. У арх.-стылявой трактоўцы спалучаны рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асн. аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства 17 ст. (5-купалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
дзярж. прадпрыемства, якое займаецца чаканкай манет, вырабам ордэнаў, медалёў і інш.дзярж.метал. знакаў адрознення. М.д. ўзнікалі з утварэннем нац. дзяржаў, калі чаканка манет станавілася дзярж. манаполіяй. У Расіі першы М.д. узнік у 1534 у Маскве. У 1724 М.д. заснаваны ў Пецярбургу; з 1876 ён стаў адзіным у краіне. У Англіі М.д. створаны ў канцы 12 ст. ў Лондане, у ЗША у 1792 — у Філадэльфіі. На тэр. Беларусі дзейнічалі з 1665 Брэсцкі манетны двор, з 1706 Гродзенскі манетны двор, у 1796 запланавана адкрыццё Полацкага манетнага двара. Найб. вядомыя ў абарачэнні на тэр. Беларусі манеты выпускалі Віленскі манетны двор, М.д. Рэчы Паспалітай (16—18 ст., у т. л. ў Коўне, 1665—67), Саксоніі (1697—1763), Расійскай імперыі (18 ст. — 1917), СССР (1917—91). У Рэспубліцы Беларусь выраб бел.дзярж. узнагарод з каштоўных металаў ажыццяўляе падраздзяленне «Ювелір» Гомельскага вытв. аб’яднання «Крышталь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХЛЕ́ЎСКІ ((Marchlewski) Юльян Балтазар) (17.5.1866, г. Улацлавак, Польшча — 22.3.1925),
дзеяч польскага і міжнар.сацыяліст. руху, эканаміст, публіцыст. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1895). Адзін з заснавальнікаў Саюза польскіх рабочых (1889), Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага (1893; з 1900 — Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). У 1893—1904 і з 1908 у эміграцыі. У 1-ю сусв. вайну адзін з заснавальнікаў (1916) «Спартака саюза» ў Германіі. З 1918 у Сав. Расіі, чл.ВЦВК. Удзельнічаў у стварэнні Камуніст. Інтэрнацыянала. У 1920 узначальваў Часовы польскі рэв.к-т у Беластоку. Адзін з заснавальнікаў (1922) і рэктар Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду, першы старшыня ЦКМіжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (1923). Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, агр. пытанні: «Фізіякратызм у даўняй Польшчы» (1897), «Польскія буржуазныя праграмы па аграрным пытанні» (1908), «Антысемітызм і рабочыя» (1913) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАДО́ЎСКІ (Фларыян Станіслаў) (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),
кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.Мендэльсонам, Ф.Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп. трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.
Літ.:
Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.