ляка́рства, ‑а, н.

Рэчыва, прэпарат для лячэння ці папярэджання хваробы. Лякарства ад прастуды. □ [Доктар:] — Паправіцеся, нічога страшнага няма. Я выпішу лякарства. Асіпенка. // перан. Тое, што памагае перажыць якое‑н. няшчасце, забыць што‑н. непрыемнае і пад. І хоць .. спагада была выказана без асаблівай ласкі, для дзядзькі Харытона яна — самае неабходнае і пажаданае лякарства. Бажко. Шырокая музыка лесу, дарог, самалётаў — ад стомы, сумненняў заўжды для мяне як лякарства. Рудкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мачы́ць, мачу, мочыш, мочыць; незак., каго-што.

1. Рабіць мокрым, вільготным. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. [Чалавек] быў па пояс мокры: з ног мачыла збажына, а зверху адзежына правяла. Чорны.

2. Трымаць што‑н. у чым‑н. вадкім, прамочваць, насычаць вадкасцю, каб надаць адпаведныя якасці, уласцівасці. Ля дзвярэй — лаўка, а побач з ёю — цэбар. У ім мачылі дубцы. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мінулаго́дні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да мінулага года; леташні. Мінулагодні тэатральны сезон. Мінулагоднія моды. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. У затоне, паміж сухіх мінулагодніх чаротаў, раптам голасна закрычаў качур. Краўчанка. Гірляндамі вісяць на .. яловых лапках мінулагоднія шышкі. Зуб. // Зроблены, створаны ў мінулым годзе. Успомніўшы, відаць, мінулагодні праект моста, [дырэктар] махнуў рукой і сур’ёзна сказаў: — Добрую справу не забракуеш: яна праб’е сабе дарогу. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямо́жна, безас. у знач. вык.

1. Не дазваляецца, забаронена. Цішэй — не патрывожце сну, Ступайце асцярожна, Уголас гаварыць няможна. Колас. [Чырун:] — Вы спацелі, і доўга стаяць на марозе няможна. Корзун.

2. Разм. Немагчыма, няма магчымасці; нельга. Стрымаць няможна грамаду, Калі яна на ворага ўзнялася. Корбан. Начальнік заставы яшчэ ўважлівей зірнуў на дзеда Талаша, — Што прымусіла цябе, айцец, ісці да нас? — Няможна стала мне жыць дома. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пада́тлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе сваю форму. Напаленае жалеза падатлівае. □ Зямля была мяккая, падатлівая. Асіпенка.

2. Згаворлівы, уступчывы (пра чалавека). Астаповіч змалку і дагэтуль быў чалавек мяккі і падатлівы чужому слову. Чорны. А пакажацца яна, вабная, дзябёлая, падатлівая, — і хлопец зусім траціць розум. Сачанка. // Уласцівы такому чалавеку. Была ў майго сябра добрая душа, падатлівы характар і чулае сэрца. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падло́га, ‑і, ДМ ‑лозе, ж.

1. Насціл у памяшканні, па якім ходзяць. Паркетная падлога. □ Глеб Іванавіч устаў і захадзіў па цеснай хаце, прыслухоўваючыся, як рыпіць падлога пад нагамі. Дуброўскі. Млын калаціўся, скрыпеў падлогаю, гуў камянямі. Чорны.

2. Дол, ніз (пераважна ў жыллёвым памяшканні). Насцілу ў хаце яшчэ не было, падлога засталася земляная. Кавалёў. У зямлянку з дзвярэй прарвалася вада, яна залівала гліняную падлогу. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; зак.

1. Апынуцца ў залежнасці ад чаго‑н., падпарадкавацца чаму‑н.; стаць аб’ектам якога‑н. дзеяння. Падпасці пад шкодны ўплыў. Падпасці пад мабілізацыю. Падпасці пад падазрэнне. □ Гэты.. партызанскі генерал ваяваў на фронце барацьбы Заходняй Беларусі, калі яна падпала пад акупацыю панскай Польшчы. Пестрак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Нечакана ўзнікнуць. Падпала ахвота. // Падкінуцца, прыкінуцца (пра хваробу). Падпала гарачка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыве́тлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не праяўляе гасціннасць сардэчнасці. Непрыветлівы гаспадар. // Які выражае няветлівасць. Непрыветлівыя позіркі скрыжаваліся на Арэшкіну, і ён адчуваў сябе вінаватым. Шамякін.

2. Хмурны, пануры (аб з’явах прыроды і прадметах). Шэры, непрыветлівы дзень наганяў маркоту. Асіпенка. Усё, што ў .. [Луізы] засталося — гэта горад, Нью-Йорк. У ім яна нарадзілася, яго лічыла сваім, родным. І вось гэты горад ляжаў перад ёю чужы, непрыветлівы, страшны. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́шукі, ‑аў; адз. пошук, ‑а, м.

1. Адшукванне каго‑, чаго‑н. Доўгія пошукі сям’і не далі вынікаў, але .. [Апанас] знайшоў сястру і яна прыехала да яго. Дуброўскі. Па дарозена горад выцягнуўся абоз у пошуках новага прыстанішча. Лобан. Маладых пісьменнікаў захаплялі пошукі дынамічнага, эмацыянальнага стылю. Адамовіч. Але .. [карэкціроўшчык], выклікаўшы самалёт, згубіў пеленг, не давёў пошук да канца. Ваданосаў.

2. Разведачныя работы па адшуканню карысных выкапняў. Геалагічныя пошукі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Зрабіцца дзіравым ад агню. Страха можа прагарэць, агонь возьме яе з сярэдзіны, і яна загарыцца адразу ўся. Пташнікаў.

2. Згарэць зусім, ператварыцца ў вуглі. Дровы ў печы прагарэлі. // Скончыць гарэць, паліцца. Печ прагарэла.

3. перан. Разм. Пацярпець няўдачу, абанкруціцца, разарыцца. [Біржа] няспынна паведамляе, хто сёння нечакана разбагацеў, а хто прагарэў. «Звязда».

4. Гарэць некаторы час. Ліхтар прагарэў усю ноч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)