вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.
Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАД ДЗЕЯСЛО́ВА,
граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; грамат. спосаб выражэння мадальнасці. Грамат. значэнне форм Л.дз. выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць (піша) і маўленне якога перадае суб’ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць да дзеяння (ацэнка дзеяння як жадаемага, магчымага, мяркуемага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм Л.дз. Адрозніваюць 2 тыпы Л.дз.: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны Л.дз.), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных Л.дз. адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага, што і вызначае разнастайнасць парадыгмаў ускосных Л.дз. ў розных мовах.
У бел. мове 3 Л.дз.: абвесны, загадны і ўмоўны. Абвесны Л.дз. абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: «піша», «пісала», «будуць пісаць», «напішу», «не пісаў». Загадны Л.дз. выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да інш. асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя (можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду). Асн. яго формы — 2-я асоба адзіночнага («ідзі») або мн. л. («ідзіце»), 1-я асоба мн. л. («ідзём»), апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і мн. л. з загаднай часціцай «няхай» («хай»): «няхай ідзе», «хай ідуць». Умоўны Л.дз. абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай «бы» («б»): «спявалі б».
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),
бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд.філал.н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял.Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар.мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р.Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.Агняцвет) «У людзях» М.Горкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЯ КНІ́ГІ»,
штомесячны бібліягр. бюлетэнь. Выдаецца з 1960 у Мінску Нац. б-кай Беларусі. Да 1991 наз. «Новыя кнігі БССР...», у 1992—95 — «Новыя кнігі Беларусі». Прызначаны работнікам бібліятэк, асв. устаноў і ўсім, хто цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай. Уключае пераважна л-ру на бел. і рус. мовах. У раздзеле «Навінкі бел. друку» інфармуе пра кнігі бел. выдавецтваў, у т. л. недзяржаўных, што паступілі ў Нац. б-ку Беларусі, знаёміць з найб. значнымі артыкуламі з рэсп. часопісаў і газет. Матэрыялы раздзела прадстаўлены ў 5 частках. У асноўнай — «Пра Беларусь і яе жыхароў» — падборка беларусазнаўчых кніг і артыкулаў, якія сабраны ў падраздзелах: «Мінулае далёкае і блізкае», «Этнаграфія. Фальклор, фалькларыстыка», «Дзень сённяшні», «Ураджэнцы Беларусі за яе межамі», «Гісторыя, культура і сучаснае Жыццё іншых народаў Беларусі», «Культура Беларусі ўчора і сёння», «Наша родная мова», «Рэлігія: ад старажытнасці да нашых дзён», «Прырода. Экалогія», «Спорт». Калі назва публікацыі не раскрывае яе змест, ён удакладняецца анатацыяй. Назва наступных 4 частак — «Папулярна аб усім» (л-ра ў дапамогу прадпрымальнікам, абітурыентам, настаўнікам і інш.), «Мастацкая літаратура» (творы, выдадзеныя асобна і надрук. ў бел. часопісах), «Кнігі і публікацыі — дзецям» (навук.-папулярныя выданні, творы маст. л-ры, казкі), «У полі зроку рэцэнзента» (рэцэнзіі з бел. перыядычнага друку на бел. выданні). Кожны нумар выходзіць пад адной вокладкай з дадаткам. У адным з іх (звычайна ў 2-м паўгоддзі) — спіс памятных дат бел. календара на наступны год. Тры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найб. значных дат (біягр. ці гіст. даведкі і спіс л-ры пра асобу ці падзею), у 8 іншых — бібліягр. спісы ці агляды (пераважна беларусазнаўчай тэматыкі), якія можна выкарыстоўваць як самаст.бібліягр. дапаможнікі.
2./сре́дства(деньги, капитал, материальные ценности) гро́шы, -шай ед. нет, сро́дкі, -каў мн., ед. сро́дак, -дку м.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
БЕРМУ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bermuda),
уладанне Вялікабрытаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак. (900 км на У ад Паўн. Амерыкі). Пл. 53,3 км². Нас. 60,7 тыс.чал. (1993), каля 60% — негры, астатнія пераважна англічане і амерыканцы. Адм. ц. і порт — г.Гамільтан (на найб. в-ве Бермуда). Афіц.мова англійская. Большасць вернікаў англікане і метадысты. Астравы каралавыя, складзены з вапнякоў, размешчаны на вяршыні патухлага падводнага вулкана. Выш. да 79 м. Клімат трапічны, умерана вільготны. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (сак.) 16,7 °C, самага цёплага (жн.) 26,7 °C. Ападкаў да 1350 мм за год. Аснова гаспадаркі (занята палавіна самадзейнага насельніцтва) — курортная справа і абслугоўванне турыстаў (больш за 500 тыс.чал. за год). Вырошчванне кветак (вывозяцца ў ЗША), агародніцтва (ранняя агародніна і бульба) і пладаводства (бананы, цытрусавыя). Прам-сць: нафтаперапр., фармацэўтычная, хім., харч., у т. л. рыбаперапрацоўчая; суднабудаванне (спарт. судны, яхты) і суднарамонт; здабыча і перапрацоўка вапняку. Транспарт аўтамаб. (7 астравоў злучаны дамбамі і мастамі). Міжнар. аэрапорт (в-аў Бермуда). Гандл. сувязі пераважна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай. Грашовая адзінка — бермудскі долар.
Гісторыя. Адкрыты ў 1522 ісп. мараходам Х.Бермудасам. У 1609 тут з’явіліся першыя англ. пасяленцы, з 1684 Бермудскія астравы — калонія Вялікабрытаніі. Да 1862 важны ваенна-марскі порт і месца ссылкі. У час 2-й сусв. вайны мелі стратэг. значэнне як брыт. марская авіябаза. З 1941 арандаваны ЗША (ваен. базы).
З 1968 унутр. самакіраванне (у 1973 пашырана). Дзеянні брыт. і мясц. адміністрацыі з мэтай атрымання Бермудскімі астравамі незалежнасці (канец 1970-х г.) не падтрыманы насельніцтвам. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (са зменамі 1973 і 1979). Брыт. манарх прадстаўлены ген.-губернатарам. Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэм’ер-міністр. Паліт. партыі: Аб’яднаная бермудская партыя, Прагрэс. лейбарысцкая партыя, Нац. ліберальная партыя. Прафсаюзы: Бермудскі саюз прамысл. працоўных, Бермудская асацыяцыя дзярж. служачых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЦКАЕ ПІСЬМО́, крыта-мікенскае пісьмо,
сістэма пісьменства эпохі бронзы, выяўленая на в-ве Крыт і ў мацерыковай Грэцыі; адно з сведчанняў крыта-мікенскай культуры, якая папярэднічала класічнай культуры Грэцыі. Вылучаюць 2 ступені яго развіцця: малюнкавае (іерагліфічнае) і лінейнае пісьмо.
Малюнкавае (2100—1900 да н.э.; каля 150 ідэаграм — выяў чалавека, жывёл, раслін, прадметаў) 2 тыпаў: ранняе (на пячатках) і больш позняе (1900—1700 да н.э., на пячатках і гліняных таблічках). Кірунак пісьма злева направа, справа налева і бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.). Выкарыстоўвалася для гасп запісаў. Падобнае да егіпецкага пісьма. Лінейнае пісьмо падзяляюць на лінейнае пісьмо А і лінейнае пісьмо Б. Лінейнае пісьмо А (1700—1550 да н.э.; 77—100 знакаў) зафіксавана на пячатках, прыладах. гліняных таблічках. Мяркуецца, што яно насіла складовы характар, мова, якая выкарыстоўвала яго, умоўна можа быць аднесена да міжземнаморскіх моў. На яго аснове склалася лінейнае пісьмо Б (каля 1450—1200 да н.э.), засведчанае на некалькіх тысячах гліняных таблічак рознага прызначэння, для яго ўстаноўлена 88 складовых знакаў і шэраг лагаграм (слоўных знакаў). Яно дэшыфравана М.Вентрысам і Дж.Чэдвікам і даказана яго выкарыстанне для архаічнай грэч. мовы. У лінейнае пісьмо абодвух тыпаў уваходзяць складовыя знакі для абазначэння паслядоўнасці «галосны + зычны» і лагаграмы. Характэрна адсутнасць адрозненняў пры перадачы доўгіх і кароткіх, звонкіх і глухіх, падвоеных зычных, плаўных г, 1; у канцы склада не абазначаюцца l, m, n, r, s. Адзін з варыянтаў К.п. — недэшыфраванае кіпра-мінойскае пісьмо, папярэднік кіпрскага пісьма.
Літ.:
Лурье С.Я. Язык и культура микенской Греции. М.; Л., 1957;
Чэдуик Дж. Дешифровка линейного письма Б: Пер. с англ. // Тайны древних письмен: Сб. ст.М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКАЯ МУ́ЗЫКА,
умоўная назва шырокай сферы муз. жанраў, прызначаных пераважна для развесялення. Лёгкадаступная для ўспрымання шырокімі масамі слухачоў. Для яе характэрны дэмакр. інтанацыйная мова, прастата муз. формы, рэльефнасць вобразна-эмацыянальнага зместу. Л.м. звычайна проціпастаўляюць «сур’ёзнай», класічна арыентаванай музыцы. Узоры Л.м. ў розны час стварылі І.Ланер, бацька і сын Штраусы, Ж.Афенбах, І.Дунаеўскі і інш. Са сферай Л.м. перакрыжоўваюцца традыц.муз. жанры: ад масава-быт. песні да аркестравых сюіт, фантазій, папуры, аперэт і нават опер («Маленькая начная серэнада» В.А.Моцарта, фп. рапсодыі Ф.Ліста, вальсы з балетаў і арыі з опер П.Чайкоўскага, «Рэгтайм» І.Стравінскага, «Пушкінскія вальсы» С.Пракоф’ева, «Святочная уверцюра» Дз.Шастаковіча, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў Г.Свірыдава і інш.). У муз. культуры 2-й пал. 20 ст. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з эстраднай музыкай (джаз, рок, біт і інш.), часам яе атаясамліваюць з поп-музыкай. Л.м. выкарыстоўваецца як аптымізуючы псіхал. фактар у вытворчасці (функцыян. музыка) і ў мед. мэтах (псіх. рэлаксацыя, муз. тэрапія). У апошні час сфера Л.м. імкліва пашыраецца, істотна ўплывае на фарміраванне муз.-эстэт. густаў слухачоў. На Беларусі ў галіне Л.м. працуюць кампазітары У.Буднік, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Лучанок, У.Мулявін, В.Раінчык, Э.Ханок і інш. Да Л.м. можна аднесці шэраг п’ес бел. кампазітараў, якія не задуманы як масавыя, але сталі імі дзякуючы яркай вобразнасці, меладызму, рэльефнасці муз. формы (сімф. мініяцюры «Мушкецёры» і «Сувеніры», фрагменты з балетаў Я.Глебава, вальсы і мазурка з музыкі А.Багатырова да драмы М.Лермантава «Маскарад», фрагменты з балетаў Г.Вагнера, праграмныя п’есы, у т. л. для аркестра нар. інструментаў А.Мдывані і інш.).
Літ.:
Сохор А.Н. О массовой музыке // Сохор АН. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРЭАЛІ́ЗМ (ад неа... + рэалізм),
кірунак у італьян. л-ры і мастацтве 1940—50-х г.; рэалізм новага часу, які новымі выяўл. сродкамі адлюстраваў тагачасную рэчаіснасць з яе супярэчнасцямі. Неарэалісты ставілі сац. праблемы ў іх нац. аспекце, імкнуліся праўдзіва апісаць сац.-гіст. зрухі, якія паўплывалі на лёс Італіі. У цэнтры іх твораў — выкрыццё сац. несправядлівасці, апісанне руху Супраціўлення, праблемы нар. жыцця. Яны звярталіся да новага кола герояў, не характэрных для л-ры «чорнага дваццацігоддзя» (просты чалавек-працаўнік пададзены не з жалем да яго горкага лёсу, а з верай і надзеяй у яго сілы і магчымасці), верылі ў высокія духоўныя якасці чалавека, засяроджвалі ўвагу на адказнасці л-ры за яго маральнае аблічча. Н. ўласцівы гуманізм і аптымізм у раскрыцці канфліктаў пасляваен. эпохі. Вытокі Н. — у рэаліст. традыцыях італьян. л-ры, у творчасці пісьменнікаў-верыстаў (гл.Верызм). Пэўны ўплыў на пісьменнікаў-неарэалістаў зрабіла сав. проза (М.Горкі, А.Фадзееў) і рэаліст.амер. проза 1930-х г. (Э.Хемінгуэй, Дж.Стэйнбек). Асн. жанр Н. — «лірычны дакумент» — спалучэнне мемуарнага аўтабіягр. матэрыялу з маст. вымыслам, дакумент. апісанне рэальных падзей і гісторыі духоўнага росту героя. Стыль і мова неарэалістаў простыя, лаканічныя, стрыманыя, шырока выкарыстоўваецца нар. лексіка. Н. у л-ры прадстаўлены творамі В.Праталіні, Э.Вітарыні, П.Пазаліні, Р.Вігано, А.Маравія, Л.Біджарэці і інш.Найб. поўна выявіўся ў італьян. кіно (фільм «Рым — адкрыты горад» рэж. Р.Раселіні) і паўплываў на творчасць А.Вісконці, Ч.Дзаваціні, П.Джэрмі, В. Дэ Сікі, Дж. Дэ Сантыса. Заснаваныя на дакумент. фактах фільмы рэжысёраў-неарэалістаў здымаліся пераважна на натуры з непрафес. выканаўцамі. Спад Н. ў сярэдзіне 1950-х г. абумоўлены няздольнасцю гэтай маст. сістэмы раскрыць складаныя супярэчнасці рэчаіснасці. У 1960-я г. на змену яму прыйшлі авангардныя плыні і кірункі.
Літ.:
Потапова З.М. Неореализм в итальянской литературе. М., 1961;
История итальянской литературы XIX—XX вв. М., 1990.