Ве́расень. Ст.-бел. вресень, врешень ’верасень’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ве́ресень (ст.-укр. вресень). У Насовіча форма вресень (з заўвагай: «Употребляется шляхтою»). Усх.-слав. формы з паўнагалоссем з’явіліся даволі позна. Лічыцца, што вресеньве́расень, ве́ресень) — запазычанне з польск. (польск. wrzesień ’верасень’ ад назвы расліны верас: польск. wrzos, прасл. *versъ; гл. ве́рас). Гл. Галыньска–Баранова, Ukr. nazwy, 58–61 (падрабязна, з лінгвагеаграфіяй). Менш пераконвае думка, што вресень — гэта ўсх.-слав. слова, але толькі «славянізаванае». Рудніцкі (1, 353) усх.-слав. (укр.) ве́ресень выводзіць прама ад назвы расліны ве́рес, не закранаючы пытанне аб магчымасці запазычання. Качарган (Мовознавство, 1971, № 2, 88) форму вресень лічыць стараславянізмам. Неверагодна Дабрадомаў (РР, 1967, № 5, 57), які звязвае слав. *versьnь з дзеясловам тыпу рус. вереща́ть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вум ’розум’ (Грыг., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Жд., 3, КСТ, Нар. сл.), ум ’тс’ (ваўк., Федар., 4), укр. ум, рус. ум, вум (Растаргуеў, Бранск.), ст.-рус. умъ, польск. um, чэш. um, славац. um, славен. um, серб.-харв. у̑м, макед. ум, балг. ум, ст.-слав. оумъ. Роднаснае да літ. aumuõ ’розум’, omenìs, omena ’прытомнасць’, omė̃ ’звычка’ (Фасмер, 4, 161; Махэк₂, 669; Младэнаў, 651; Фрэнкель, 26). Фрэнкель (там жа) прыводзіць іншыя балт. паралелі і ўказвае на неабходнасць аддзяліць іх ад слоў, утвораных пры дапамозе розных прэфіксаў ад і.-е. кораня ‑men‑ (слав. *mьněti) тыпу aũmonis ’бессэнсоўны’ і пад. Параўн. таксама Атрэмбскі, Gramatyka, 180, які сцвярджае, што ўсе літ. словы на ‑monis працягваюць даўнія ўтварэнні з асновай ‑men‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ганабо́лі ’буякі’, ганабо́льнік ’дурнічнік’ (Шатал.). Параўн. яшчэ бел. назвы для Vaccinium uliginosum L.: п’яніцы, дурніцы, дурава, пʼянішніца, а галоўнае, галаваболь (гл. Кіс.). Ва ўкр. мове: безголов, буян, дурнопьян, дурниця, дурнина і, галоўнае, болиголов (гл. Макавецкі, Sł. botan.). Нягледзячы на тое што ў рус. мове дакладная адпаведнасць бел. слову — гонобо́ль (гл. Фасмер, 1, 437; варыянты: гонобо́бель, гоно́бель, гонобо́б, гонобо́й), якое Фасмер (там жа) лічыць магчымым табуістычным словам (’гонит боль’) з пазнейшымі эўфемістычнымі трансфармацыямі, зыходзіць, мяркуем, трэба з *головоболь: дысіміляцыяй плаўных лл і двух губных вб узнікла спачатку штосьці тыпу *гоновоболь, а потым гаплалогіяй *гоноболь. Іначай Махэк, Slavia, 23, 1954, 65. Не пераконвае Шанскі (1, Г, 127–128), які, прымаючы дысіміляцыйныя працэсы, зыходзіць ад прыметніка голубой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дада́так ’дадатак’. Укр. дода́ток, польск. dodatek, чэш. dodatek, балг. дода́тък і г. д. Слав. *dodatъkъ — утварэнне суфіксам ‑ъkъ ад дзеепрыметніка на ‑t‑, ад дзеяслова *dodati (*do‑dati); параўн. бел. дада́ць, укр. дода́ти, польск. dodać, чэш. dodati, балг. дода́м і г. д. Як дзеяслоў *dodati, так і вытворнае *dodatъkъ, бясспрэчна, маюць прасл. характар, прынамсі, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі. Дзіўна, што ў праславянскім слоўніку Трубачова (Трубачоў, Эт. сл.) няма ні *dodati, ні *dodatъkъ. Іншае пытанне, ці не запазычаны бел. дадатак, укр. додаток з польск. мовы. На гэта пытанне адказаць пакуль што вельмі цяжка, таму што няма дакладных даных аб гісторыі гэтых слоў. Калі нават гэта і запазычанне, то застаецца пытанне аб зах.-слав. дыялектызмах прасл. характару тыпу *dodati, *dodatъkъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Нататое, натотое ’наўмысна, назло’ (драг., З нар. сл.). Вынік замены другой часткі слова тыпу на-зло займеннікавым спалучэннем татое ’тое самае’ (рэдуплікацыя ўказальнага займенніка, гл. той), магчыма, з-за танізацыі. Параўн. падобныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: рус. нарастото (на‑рас‑тото) з на распустинку ’асаблівы спосаб завязвання хусцінкі на галаве ў жанчын’ (Фасмер, 3, 446), польск. nietota ’расліна Lycopodium’ з *nie to ta, «бо чараўнічых раслін нельга называць па імені» (Брукнер, 362), чэш. toten ’расліна Sanguisorba’ са спалучэння to ten ’гэта той’, сапраўдная назва табуізуецца, каб расліна не страціла сваіх магічных здольнасцей (Махэк₂, 648). Бел. тол ’рагулькі’, відаць, з * мацер божэй то е ’што належыць божай мацеры’, параўн. мацер божое слёзкі ’дрыгучка’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нахлабу́чыць (ныхлабу́чыць) ’сядзець як папала’ (чавус., Нар. сл.), сюды ж нахлабу́чка ’праборка, натацыя’ (Бяльк.), рус. нахлобу́чить ’накрыць чым-небудзь зверху; набіць, пакараць’, нахлобу́чка ’высокая шапка’ і інш. канкрэтныя значэнні, а таксама ’біццё’ (СРНГ). Рускія словы выводзяць са спалучэння на і клобук ’высокая шапка’ (Праабражэнскі, 1, 316, 596; Гараеў, 266) у якасці экспрэсіўнага ўтварэння пад уплывам хло́пать ’стукаць’ (Фасмер, 3, 50); беларускія словы, магчыма, арэальнае пранікненне на беларускую тэрыторыю з рускай, на іх экспрэсіўны характар і семантыку маглі ўплываць дзеясловы тыпу хлабыста́цца ’шлёпацца’ (рагач., Шатал.) і пад. Параўн., аднак, балгарскія паралелі нахлбу́ча, нахлбу́чвам ’нацягваць шапку і інш. нізка на лоб’, на якія звярнуў увагу Талстой (ZfSl, 1976, 6, 834 і інш.), што могуць сведчыць аб значнай старажытнасці слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барбо́с (БРС). Рус. барбо́с, укр. барбо́с. Не вельмі яснае слова. Праўдападобнай з’яўляецца думка, што яно было занесена ў Расію праз прыгодніцкія раманы (у якіх, у прыватнасці, выступае ісп. разбойнік Barbosa, літаральна ’барадаты’: Борбос, Барбосс, Барбос; Фран Барбоса, разбойник гишпанский > ’злосны чалавек’ > ’злосны сабака’). Аб такой магчымасці сведчыць і іншая назва сабакі — рус. Полка́н (< італ. Pulicane, пачвара ў прыгодніцкім рамане «Buovo d’ Antona»). Кіпарскі, ZfslPh, 27, 32–34; Штрыдтэр, ZfslPh, 28, 72–75; Унбегаун, ZfslPh, 28, 58–72. Іншая версія: запазычанне з цюрк. моў. Раней аб гэтай магчымасці Кузеля-Чайкоўскі, Словар, 37 (< тат.); цяпер падрабязна Райзензон (пісьм.). Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 42, які бачыць тут утварэнне ад дзеяслова тыпу ўкр. барабо́сити ’балбатаць і да т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэнь ’дрэнь, дрэнны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У дыял. і дрень (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Здаецца, можна лічыць, што яно роднаснае рус. дрянь ’тс’ (па адной версіі *дрань ад драть; па іншай з *дрябнь да дряблый; гл. Фасмер, 1, 546; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 198). Вакалізм у бел. слове не зыходны, а трансфармаваўся па тыпу барса́ць: бэ́рсаць, ва(д)зга́ць: вэ́дзгаць, даўжа́р: дэ́ўжар. Хутчэй, аднак, зыходным з’яўляецца тып рус. дрянно́й, бел. *дранны́, адкуль пасля перанясення націску на першы склад «аднавіўся» вакалізм «э»: *дранны́дрэ́нны; адсюль ужо дрэнь. Параўн. польск. drań (Слаўскі, 1, 161). Бел. словы могуць паходзіць і прама ад *dranь, *dranьnъ (*dьranъ, *dьranьnъ) без палаталізацыі (*r > ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заўча́сна, дыял. заўча́су (Сл. паўн.-зах.). Укр. завчасно, завчасу, польск. za wcześnie, zawczas(u), чэш. zavčasu ’заўчасна’, славац. zavčas(u) ’хутка’, н.-луж. zawcasa ’своечасова, рана’. Заўчасна ад прыметніка заўчасны, утворанага з прыслоўя (ці прыслоўнага выразу) заўчасу (za + vъ‑čas‑u) ці za + vъ‑časъ; параўн. у час ’своечасова’. Пашырэнне на зах.-слав., бел. і ўкр. тэрыторыях можа тлумачыцца ці як агульная інавацыя для моў, у якіх час (гл.) атрымала значэнне ’tempus’ у адрозненне ад моў, дзе гэту функцыю маюць словы тыпу рус. время (параўн. вовремя, заблаговременно), альбо як запазычанне ў бел. і ўкр. з польск., дзе зах.-слав. форма. У карысць апошняга можа сведчыць выкарыстанне за ў знач. ’надта’. Брукнер, 646, 73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́лымя ’агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць’ (ТСБМ), по́лымʼе, по́ломʼе ’тс’ (ТС), сюды ж по́лань (Сл. ПЗБ), по́лынь ’тс’ (Нар. сл.), ст.-бел. поломѧ (XVI ст.). Укр. по́лумʼя, рус. поломя, по́лымя, пламя, польск. płomień, н.-луж. płomje, в.-луж. płomjo, чэш. plamen, славац. plameň, славен. plámen, серб.-харв. пла̏мен, балг. пла́мен, пла́мък, плам, ст.-слав. пламы, пламень. Прасл. *polmy, *polmenь: аснова *polmen‑ (дзе ‑men‑ — суфікс, параўн. пол ’полымя’ (Сл. ПЗБ)), ад *polti, *polěti ’палаць’ (гл. пала́ць); роднаснае літ. pelenaĩ ’попел’, лат. pę́lni ’тс’, ст.-прус. pelanno, літ. pelẽnė ’ачаг’, магчыма, таксама алб. pjalmë ’слуп пылу’ (Фасмер, 3, 273). Паводле Карскага (1, 254), формы з ‑лы‑ другасныя, у выніку аналогіі да слоў тыпу блыха́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)