паказа́цца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; зак.

1. З’явіцца, стаць бачным. З суседніх двароў паказаліся зацікаўленыя людзі. Бядуля. Пакуль.. [Язэп і Кастусь] збіраліся, на дарозе паказаліся першыя сялянскія фурманкі. Якімовіч. Хмары спаўзлі за гарызонт, і на халодным небе паказаўся сярпок месяца. Алешка. // Прасачыўшыся знутры, выступіць на паверхні чаго‑н. Паказаліся на вачах слёзы. // Абазначыцца. Паказаліся ўсходы жыта. // перан. Адбіцца, выявіцца (пра якія‑н. пачуцці). Мука тугі нязмернае паказалася на твары ў Агапы. Мурашка.

2. Прыйсці, з’явіцца дзе‑н., выйсці куды‑н., да каго‑н. Лазавенка паказаўся [на полі] толькі адзін раз, — у першы дзень дапамогі. Шамякін. Я ўвесь час прабыў за перагародкаю і не паказаўся на кухню. М. Стральцоў.

3. Даць каму‑н. паглядзець на сябе, агледзець сябе. У пісьме маці.. пісала, каб.. [Лёдзя], калі можна, падышла да акна — хоць бы паказалася. Карпаў. // Прыйсці для агляду. Паказацца неўрапатолагу.

4. Здацца, уявіцца. Не такое ўжо вялікае мястэчка Рудня, як яно паказалася мне тады, калі мы з бацькам ездзілі ў млын. Жычка. / у безас. ужыв. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. // Паўстаць у якім‑н. выглядзе, стварыць пэўнае ўражанне. Гофман паказаўся Фелістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. Хлопец паказаўся мне вельмі прыгожым, нават падумалася, што кожнаму ён можа кінуцца ў вочы. Кулакоўскі.

5. Аказацца на самай справе. А ён [Мамаеў курган] паказаўся на яве Такім, як усе курганы. Калачынскі.

•••

Паказацца на вочы — з’явіцца перад кім‑н., у каго‑н.

Паказацца (з’явіцца) на гарызонце — выявіцца ў якой‑н. сферы дзейнасці, аказацца ў коле якіх‑н. людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Уступіць у спрэчку з кім‑н. Злосць следчага выклікала ў Сяргея не страх, а жаданне паспрачацца і даказаць сваё. Машара. [Лемяшэвічу] прыемна было пабыць некалькі гадзін у прыгожых утульных пакоях з мяккай мэбляй, з’есці смачны дамашні абед, выпіць чаю, пагутарыць і нават паспрачацца з гаспадаром. Шамякін. // Пабіцца аб заклад. Проста паспрачаўся [Андрэй] з хлопцамі, што з’есць камяк снегу і нічога яму не будзе. Васілевіч. Яшчэ ў дарозе Том паспрачаўся, што зводзіць усіх у Мурманску ў кіно, і яны сядуць там побач з рускімі. Шамякін. // Пасварыцца, палаяцца. [Галя:] — Чаму не прывёў яго [Змітрака]. — А-ат, — зморшчыўся Іван. — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Учора былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў.

2. Спрачацца некаторы час. Пакуль яшчэ трохі паспрачаліся пасля галасавання, пакуль усе разышліся, на вуліцы сцямнела. Кулакоўскі. Прапанова сустрэць новы год разам — спадабалася [хлопцам і дзяўчатам].. Крыху паспрачаўшыся, вырашылі: дзе большы пакой, там і быць вечару. Шахавец.

3. перан. Пазмагацца, паспаборнічаць з кім‑, чым‑н. Вось побач з поездам ляціць варона, нібы ёй хочацца паспрачацца ў быстрыні з ім. Колас. Ты крычыш, мора, а я Не магу паспрачацца з табою, Ты завеш, мора, а я Тваіх даляглядаў баюся. Кірэенка. І кожны, хто бачыў Клумава, верыў: такі чалавек можа паспрачацца са смерцю. Новікаў. // Зраўняцца, стаць нароўні з кім‑, чым‑н. Па мяккасці гумару, па зайздросным пачуцці мастацкай меры, уменні дасканала стварыць вобраз .. песня можа паспрачацца і з лепшымі паэтычнымі ўзорамі фальклору. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.

1. Лецячы, перамясціцца. З рэзкім посвістам крылаў праляцела чародка качак. Асіпенка. Міма нас са звонам праляцела пчала. Пестрак. // што. Лецячы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Самалёт праляцеў тысячу кіламетраў. □ Птушка з часу кальцавання да таго моманту, калі яе злавілі на судне.. праляцела звыш 16000 кіламетраў. Матрунёнак. // Пранесціся ў паветры (аб прадметах). Над галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі. Калі ж яго кульба часам з посвістам праляціць каля маіх вушэй, не пацэліўшы, тады гаспадар давяршае справу папружкай. Бажко. // перан. Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, чуткі і пад.). Шум праляцеў ад сцяны да сцяны, і клас затоена прыціх. Гамолка. І ўсе ў вёсцы жахнуліся і насцярожыліся, калі маланкаю праляцела чутка, што цётка Хрысціна адмовілася карміць немцаў. Шамякін. // Лецячы, прайсці, пранікнуць куды‑н. Камень праляцеў у акно. □ І бачу між платоў закутак, Дзе нават чмель не праляціць. Пысін.

2. Хутка праехаць, прайсці, прамчацца. Па шашы праляцела адна за адной некалькі легкавых машын. Хомчанка. Як віхор, праляцела па двары Алеся. Васілевіч.

3. перан. Мільгануць, пранесціся (пра думкі, меркаванні і пад.). За гэтае імгненне ў галаве Андрэя праляцела столькі думак і здагадак. «Беларусь». Усе гэтыя меркаванні праляцелі ў Сымонавай галаве за адну хвіліну. Чарнышэвіч.

4. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). У клопатах і працы шпарка праляцелі пяць дзён. Маўр. Час, які аставаўся да заканчэння школы, праляцеў як у сне. Вітка. У размове, у чаканні Мішэля мы і не заўважылі, як прамільгнула, праляцела не такая ўжо і кароткая маёвая ноч. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́ды, ‑ая, ‑ае; рад, ‑а.

1. Які перажывае пачуццё радасці, задавальнення. Радая, поўная шчасця, Наталля гаварыла: — Я нават не ўяўляю, як гэта магла б жыць без цябе. Скрыган. Лабановіч шпарка пайшоў .. [Садовічу] насустрач, незвычайна рады нечаканаму спатканню. Колас. І агародаў няма ў гэтых жыльцоў. Пасее сабе пад вокнамі градку [а]гуркоў і рад. Навуменка.

2. у знач. вык. (звычайна кароткая ф.), каму-чаму, з дадан. сказам і без дап. Пра пачуццё радасці, задавальнення, якое перажывае хто‑н. Стол устаўлены багата, Госцю я сардэчна рад. Бялевіч. Дамоў і палацаў кварталы Ўзняліся да самых нябёс. Я рады, што гэткаю стала, Зямля, куды сонца я нёс. Прыходзька. Ён быў страшэнна рад, гэты дзівак Пацяроб, і не мог схаваць свае нядобрае злоснае радасці. Зарэцкі. [Шафёр] рад быў, што памог чалавеку ў бядзе. Да таго ж ён бачыў, што з дзяўчынай нічога небяспечнага няма. Грамовіч.

3. у знач. вык., з інф. Пра жаданне, гатоўнасць зрабіць што‑н. Косця рад быў выканаць дзедава даручэнне. Якімовіч. Спевы, грукат перуновы Слухаць буду рад, Толькі не грымі ты, лесе, Грукатам гармат. Русак.

•••

Рад бачыць вас гл. бачыць.

І не рад(ы); (і) сам не рад(ы) — пра чый‑н. жаль, шкадаванне з прычыны таго, што адбылося па яго ініцыятыве, пры яго ўдзеле.

Рад (ці) не рад — паняволі, хочаш не хочаш.

Рад старацца! — а) у дарэвалюцыйнай арміі — салдацкі адказ на пахвалу начальства; б) пра гатоўнасць каго‑н. рабіць што‑н.

Чым багаты, тым і рады гл. багаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагна́ць, разганю, разгоніш, разгоніць; заг. разгані; зак., каго-што.

1. Прымусіць разбегчыся, разысціся, разляцецца ў розныя бакі. З месца, дзе я ляжаў, можна было нават адной аўтаматычнай чаргой разагнаць немцаў і паліцаяў. Карпюк. Паліцыя разагнала дэманстрантаў. «Звязда». Валерык разагнаў малых, што лавілі паблізу печкуроў, вярнуўся на вуліцу і пеўнем прайшоўся з канца ў канец вёскі. Шашкоў. // Разм. Выгнаць, звольніць (усіх, многіх) адкуль‑н. [Маша:] «Трэба сказаць [Максіму], што дарэмна ён разагнаў рабочых». Шамякін. [Башлыкоў] сцвярджаў, што праз год-два мадэльны цэх разваліцца, не будзе даваць плана, і адміністрацыю разгоняць. Мыслівец. // Разм. Ліквідаваць, спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Разагнаць Дзяржаўную думу. □ [Базылюк:] — Паліцыі загадана разагнаць канферэнцыю. А ёй толькі скажы — і яна накінецца, нібы гайня шалёных сабак. Машара.

2. Рассеяць, развеяць. Па трэці дзень паўднёвы вецер разагнаў хмары, і выглянула вясёлае, ласкавае сонца. Шамякін. Скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем, разагнаў цемень. Колас. // Прымусіць прайсці, мінуць (пра настрой, пачуццё, стан). Разагнаць смутак. □ Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Колас. Санітара марыў сон, і ён рознымі спосабамі стараўся разагнаць яго. Чорны.

3. і без дап. Паскорыць ход, рух каго‑, чаго‑н. Разагнаць каня. □ Энергічнымі рухамі .. [Алесь] так разагнаў лодку, што толькі хвалі разляталіся ў бакі. Ваданосаў.

4. Разрэзаць удоўж. Разагнаць калоду.

5. Разараць (барозны). Разагнаць загон бульбы.

6. Размясціць на якой‑н. паверхні, займаючы як можна больш месца. Разагнаць друкарскі набор на дзве паласы.

•••

Разагнаць кроў — якімі‑н. рухамі ўзмацніць кровазварот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сро́дак, ‑дку, м.

1. Прыём, спосаб дзеяння, захады для ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца .. прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. Пратэст .. выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам. Брыль. Нават перад ворагам бараніцца не ўсякімі сродкамі можна рэвалюцыянеру. Машара.

2. Тое, што служыць якой‑н. мэце, неабходнае для дасягнення, ажыццяўлення чаго‑н. Вельмі важным сродкам палітычнай работы сярод насельніцтва ў тыле ворага быў падпольны бальшавіцкі друк. Залескі. Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння, О грымучы, бязлітасны кат — вадарод! Караткевіч. // Прадмет, прыстасаванне і пад. або сукупнасць іх, неабходныя для ажыццяўлення якой‑н. дзейнасці. Сродкі сувязі. Транспартныя сродкі. □ Сацыялізм назаўсёды палажыў канец панаванню прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, гэтай крыніцы расколу грамадства на варагуючыя класы. Праграма КПСС. // Лекі, медыцынскія прэпараты або медыкаменты, неабходныя для лячэння. Лячэбныя сродкі. □ [Вейс:] — Хвораму арганізму патрэбна ў першую чаргу кровапусканне.., Яно вылечвае ад усіх хвароб. Гэта выдатнейшы сродак,.. ён варты ўсёй вялікай медыцына. Лынькоў. // перан. Магчымасці, рэальныя ўмовы. Мастацкія пераклады .. — верны шлях узаемаўзбагачэння літаратур, моцны сродак умацавання ўзаемадавер’я паміж народамі. Палітыка.

3. толькі мн. (сро́дкі, ‑аў). Грошы, капітал, матэрыяльныя каштоўнасці. Сродкі існавання. Жыць не па сродках. □ Савецкая дзяржава адпускае на асвету вялікія сродкі. «Беларусь». Старшыня абяцаў: сродкаў, кажа, калгас не пашкадуе на бібліятэку. Васілевіч. Васіль надзвычай асцярожна выдаткаваў сродкі, лічачы кожную капейку. Шамякін.

•••

Агнявыя сродкі — агнястрэльная зброя, якая знаходзіцца ў распараджэнні пэўнага вайсковага падраздзялення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцягну́ць, уцягну, уцягнеш, уцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, завалачы, увалачы каго‑, што‑н. у што‑н. Уцягнуць сані ў вазоўню. □ Абедзвюма рукамі Аўгіння падхапіла цяжкае цела і ўцягнула ў хату. Дзятлаў. // Сілаю ўвесці ў якое‑н. памяшканне, унутр чаго‑н. — Біттэ, біттэ, — зноў запрасіў.. немец у акулярах, а другі, у жоўтых скураных пальчатках, узяў Раю за руку і сілаю ўцягнуў у машыну. Арабей.

2. Усунуць у якую‑н. адтуліну што‑н. Уцягнуць нітку ў іголку. □ І ніхто нават не згледзеў, як уцягнула.. [бабіна дачка] ў чар[а]ціну моцны сталёвы прут. — Ідзі, — кажа ўдовінаму сыну. Ён і пайшоў па чар[а]ціне. Якімовіч. // Зашнураваць. Уцягнуць шнуркі ў чаравікі.

3. Удыхнуць. Пярэдні мамант падняў угару хобат, з шумам уцягнуў паветра і затрубіў. В. Вольскі. Нос казытала свежая, толькі што скошаная трава, якая пачынала ўжо набываць пах сена. Міхась уцягнуў у лёгкія саладкаваты ап’яняючы водар. Дамашэвіч.

4. Утуліць, увабраць унутр (галаву, шчокі, жывот і пад.). Паліводскі ўцягнуў ніжнюю губу ў рот і сціснуў яе. Чорны. [Алег] скурчыўся, уцягнуў шыю ў плечы, але не пакідаў сачыць за ракой. Гамолка. Сотнікаў ўцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да.. спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Быкаў. // безас. Запасці. Яму ўцягнула жывот. Шчокі ўцягнула.

5. перан. Угаварыць, схіліць каго‑н. уступіць у што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Уцягнуць таварыша ў драмгурток. Уцягнуць у спрэчку. □ Як хлопцы ні стараліся ўцягнуць мяне зноў у сваю кампанію, я не паддаваўся. Сабаленка. На кавалкі разрывалася Дуня, каб стварыць атмасферу весялосці і ўцягнуць у яе малазнаёмага тут новага настаўніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́рба, ‑ы, ж.

1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або пасылае. На моцных «пульманах» У фарбе свежай Мільгаюць самазвалы, Трактары. Астрэйка. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбай. Шамякін. [Данік] кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай... Брыль. // Слой такога рэчыва на якім‑н. прадмеце. Насупраць вялікага дома Крушынскіх, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Бядуля. // Разм. Памада, туш і інш. касметычныя сродкі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. [Дзяўчына] плакала і разам са слязамі абцірала з твару сляды фарбы. Мікуліч.

2. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў). Барва, колер, тон. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвіліну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Адамовіч. За акном набірала фарбы вераснёвая раніца. Карпаў.

3. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў); перан. Выразныя сродкі мовы, музыкі, сцэнічнага мастацтва і пад.; яркасць апісання ўяўленняў. Багдановіч.. узбагаціў беларускую паэзію новымі матывамі і фарбамі. Гіст. бел. сав. літ. Мікіта падрабязна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарбаў, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі. Колас.

4. Румянец; прыліў крыві. На.. твары [Рыгора] грала чырвоная фарба здароўя. Гартны. Гарачая фарба заліла твар дзяўчыны. Бажко. Раптам твар .. [Лены] пачаў траціць сваю фарбу. Ваданосаў.

•••

Згусціць фарбы гл. згусціць.

[Ням. Farbe — фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэсць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць маральных прынцыпаў, якімі чалавек кіруецца ў сваіх грамадскіх і асабістых паводзінах. — Збірайся ў паход, Беларускі народ, За чэсць і свабоду радзімы. Глебка. Нас гэткай раскошай не песціць эпоха, І чэсці вышэйшай не знае пясняр Як тая, калі яго мужная песня Па ворагу трапны наносіць удар. Гілевіч. // Грамадская, прафесійная і інш. годнасць чалавека. Хто ж здрадзіць народу ў святой барацьбе, Прадаўшы чэсць і сумленне, Няхай той павесіцца сам на вярбе! Колас. [Перагуд:] Цяпер ты [смерць] толькі жыццё маё можаш узяць, часць я ўратаваў. Крапіва. У якім кутку Радзімы — На палях ці ля станка — Чэсць трымаеш нашай роты, чэсць палка І ўсёй пяхоты. Жычка. Пакуль здужаю падняць руку я, — Вораг маёй чэсці не спаганіць. Панчанка.

2. Аўтарытэт, незаплямленая рэпутацыя чалавека, яго чэснае, добрае імя. Працоўны чалавек павінен усімі сродкамі, нават фізічнаю сілай, бараніць чэсць свайго імя, чэсць класа і народа. У. Калеснік.

3. Цнота, нявіннасць (пра жанчыну). Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала.

4. Слава, павага, пашана каму‑н. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана. Скрыган. Госці не ведалі, каму аказваць чэсць: пісару ці памочніку-паэту. Колас.

•••

Аддаць чэсць каму — прывітаць каго‑н. па-ваеннаму, прыклаўшы руку да галаўнога ўбору.

Пара і чэсць знаць — дастаткова, пара перастаць, закончыць што‑н. [Адзін з гасцей:] Пара нам чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАМЯСТВО́,

рамяство і промысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац. вытв. традыцыі народа.

У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст. вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц. нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.

У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел. нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.

В.​С.​Цітоў.

Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..

т. 13, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)