сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў складаных гнёздах (мурашнікі і інш.) ад некалькіх дзесяткаў да соцень тыс. асобін, ёсць вандроўныя (падсям. Dorylinae). На Беларусі больш за 50 відаў, найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў М. земляныя (Lasius), М.-мірмікі (Myrmica), М. сапраўдныя (Formica), М. фараонаў (Monomorium), М.-шашалі (Camponotus). У складзе сям’і — самкі-заснавальніцы («царыцы»), бяскрылыя працоўныя (самкі з недаразвітымі палавымі органамі) і крылатыя самцы (паяўляюцца на кароткі час і пасля спароўвання гінуць). Працоўныя М. выконваюць розныя функцыі: фуражыраў, якія забяспечваюць гняздо кормам; салдат, што ахоўваюць яго; асобін, якія з’яўляюцца рэзервуарамі для вадкага корму (т.зв. мядовыя бочкі) і інш. У аснове існавання цэласнай сям’і ляжыць абмен паміж асобінамі кормам, выдзяленнямі залоз (трофалаксіс) і цесныя ўзаемаадносіны паміж яйцакладучай самкай і працоўнымі гал. чынам праз пасрэдніцтва хім. пачуцця (нюх, смак). Жыццядзейнасць сям’і рэгулюецца пераважна ферамонамі.
Даўж. ад 0,8 да 30 мм (самкі-вытворніцы буйнейшыя). Грудзі злучаны з брушкам тонкай рухомай сцяблінкай (з 1—2 членікаў). Вусікі 4—13-членікавыя (звычайна 11—12), доўгія. Ротавыя органы жавальнага тыпу. Вочы фасетачныя. Кормяцца насякомымі, жывёльнымі рэшткамі, насеннем раслін, выдзяленнямі тлей і какцыд. Адна сярэдняя сям’я рыжых лясных М. за суткі спажывае да 20 тыс. насякомых. Раздзельнаполыя. Маюць залозы, у экскрэце якіх да 65% мурашынай кіслаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЫ́,
1) прадстаўнікі вышэйшых пластоў феадалаў у Чэхіі і Польшчы ў 13—14 ст.Лац. адпаведнік у афіц. граматах — «barones». У 14—15 ст. у Польшчы тэрмін «П.» ўсё больш замяняўся тэрмінам «можнаўладцы» або «магнаты».
2) У ВКЛ у 15—16 ст., у час юрыд. афармлення шляхецкага саслоўя, другая пасля князёў група феадалаў, нашчадкі знатных і заможных баяр, якія мелі буйныя маёнткі. Землі належалі П. паводле вотчыннага права («з поўным правам і панствам»). У дакументах 16 ст. згаданы розныя групы П.: П. радныя (паны-рада) — найб. буйныя свецкія і духоўныя землеўласнікі, якія адпаведна сваім дзярж. пасадам засядалі ў Радзе ВКЛ; П. (панове) харугоўныя — буйныя землеўласнікі, якія выходзілі на вайну не ў складзе павятовай шляхты, асобна са сваімі атрадамі васалаў; проста П. (паняты) — заможныя землеўласнікі, якія ў войску выступалі асобнай харугвай. У 2-й пал. 16 ст. паны-рада і князі (княжаты) складалі вышэйшую групу феадалаў ВКЛ — магнатаў. Астатнія П. зліліся з асн. масай шляхецкага саслоўя, якое стала юрыдычна аднастайным. Словам «пан» пры прозвішчы ці імю пачалі называць не толькі шляхціцаў-землеўласнікаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шляхецтва. Паступова гэта слова набыло значэнне, адпаведнае рус. слову «господин» — спачатку толькі як абазначэнне гаспадара, валадара, а пазней і як ветлівы зварот да мужчын, незалежна ад іх паходжання і сац. становішча. У апошнім значэнні слова «пан» пры прозвішчы шырока ўжываецца ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве і на Украіне. Для Беларусі больш характэрна слова «спадар».
Літ.:
Грицкевич А.П. Формирование феодального сословия в Великом княжестве Литовском и его правовые основы (XV—XVI) // Первый Литовский Статут 1529 г. Вильнюс, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЫФІ́ЗМ (ад лац. pacificus міратворчы),
антываенны міратворчы рух, які выступае супраць усіх войнаў, за раззбраенне. У аснове П. гуманіст. ідэя аб усеагульным братэрстве людзей. Асн. форма барацьбы за мір — перакананне і асабісты прыклад. Пацыфісты вядуць прапаганду, пераконваюць улады вырашаць ваен. праблемы шляхам перагавораў, адмаўляюцца ўдзельнічаць у любых насільных актах, арганізуюць масавыя акцыі, накіраваныя на мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. П., які зыходзіць не столькі з рэальнай паліт. практыкі, колькі з гуманіст. ідэалаў, нясе на сабе пэўны адбітак утапізму. Ен пашыраны ў розных пластах насельніцтва пераважна ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі: інтэлігенцыі, рэліг. настроеных міратворцаў, моладзі і інш. Першыя пацыфісцкія арг-цыі ўзніклі ў ЗША (1815) і Вялікабрытаніі (1816) як рэакцыя на напалеонаўскія і англа-амерыканскую (1812—14) войны. У 1848 адбыўся 1-ы міжнар. кангрэс пацыфістаў у Бруселі. Найб. развіцця П. дасягнуў у 1880—90-я г. Шматлікія міжнар. кангрэсы пацыфістаў заклікалі ўрады ўсіх краін да забароны войнаў, усеагульнага раззбраення і вырашэння міжнар. канфліктаў шляхам прымусовых трацейскіх судоў. Спробай увасобіць некаторыя ідэі П. стала дзейнасць Лігі Нацый (1919—46). Пасля 2-й сусв. вайны некаторыя пацыфісцкія арг-цыі ўключыліся ў Рух прыхільнікаў міру. У розныя часы віднымі дзеячамі П. былі або падзялялі яго ідэалы пісьменнікі Б. фон Зутнер, Л.М.Талстой, А.Барбюс, палітыкі М.К.Гандзі, М.Л.Кінг і інш.Гал. вынік дзейнасці П. да канца 20 ст. ў тым, што ідэя мірнага вырашэння паліт. праблем заняла трывалыя пазіцыі ў свеце, міратворчы рух, які ўключае П., аказвае значны ўплыў на глабальную палітыку.
Літ.:
Пацифизм в истории: Идеи и движения мира. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРЭ́С (ад лац. progressus рух наперад),
паступальнае развіццё ў грамадстве ад простага да складанага, ад менш дасканалага да лепшага, больш дасканалага стану. Ахоплівае ўсе сферы жыцця і дзейнасці людзей, увасабляецца ў навуцы і тэхніцы (гл.Навукова-тэхнічны прагрэс), у маралі, мастацтве і інш. грамадскіх з’явах; базіруецца на эканам. (вытворчых) адносінах. Можа закранаць сістэмы ў цэлым або іх кампаненты, структуры і інш. параметры ў стадыі развіцця. Паняцце, процілеглае П., — рэгрэс.
Уяўленне, што змены ў свеце, асабліва ў грамадстве, адбываюцца ў пэўным кірунку, узнікла яшчэ ў старажытнасці. Сцвярджэнні Сакрата, Платона аб гіст. тупіку сутыкнуліся з поглядамі Дэмакрыта, Геракліта, Лукрэцыя, Эпікура, якія развівалі ідэі паступальнага руху. У сярэднія вякі грамадскі П. звязваўся з Богам. Сацыялісты-утапісты, асабліва А.Сен-Сімон, бачылі грамадскі П. у ліквідацыі прыватнай уласнасці і высокай тэхн. аснашчанасці вытв-сці. Рэвалюцыянеры-дэмакраты крыніцу грамадскага развіцця бачылі ў сял. рэвалюцыі, а потым у асвеце, навуцы, мастацтве, маралі.
У сучасных умовах асн. лінія грамадскага П. знаходзіць сваё выяўленне ў дэмакратызацыі і гуманізацыі ўсіх бакоў грамадскага жыцця і ва ўсебаковым развіцці асобы. Сац. П. мае месца ў сусветна-гіст. маштабе — пры змене цывілізацый і эпох, кожная з якіх прыносіла з сабой прагрэс.сац. перамены ў параўнанні з папярэдняй; ён характарызуецца пераадоленнем або змякчэннем сац. супярэчнасцей і канфліктаў, паляпшэннем умоў жыцця людзей. Развіццё грамадства не выключае момантаў рэгрэсу, руху назад у асобных сферах жыцця. Існуюць розныя канцэпцыі адносна П. Некаторым гісторыкі і сацыёлагі (А.Тойнбі, П.А.Сарокін) проціпастаўляюць сац. П. ідэю цыклічнага развіцця, кругавароту цывілізацый; іншыя ўяўляюць гібель цывілізацый як вынік навук.-тэхн. прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́ННАСЦЬ,
сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр.тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныябіягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 1.2.1920 у Смаленску, з 15.8.1920 да 21.3.1933 у Мінску на бел. мове. Першыя 10 нумароў выдаваліся 2 разы на тыдзень Бел.рэд. калегіяй ЦК КП(б) Літвы і Беларусі як 2-тыднёвы часопіс. З 15.8.1920 орган Рэўкома БССР, з 19.12.1920 — ЦВКБССР, з 16.1.1930 — ЦВК і СНКБССР. Адказныя рэдактары ў розныя гады: С.Булат, З.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.Ігнатоўскі, М.Кудзелька (М.Чарот) і інш. Адлюстроўвала сац. і грамадска-паліт. працэсы, развіццё эканомікі, літ. руху і маст. культуры БССР у 1920 — пач. 1930-х г. Збірала вакол сябе раскіданыя па краіне літ. сілы, спрыяла творчаму супрацоўніцтву старэйшых і маладых пісьменнікаў. Друкавала творы А.Бабарэкі, Я.Бобрыка, П.Броўкі, З.Бядулі, А.Вечара, А.Вольнага, М.Гарэцкага, У.Дубоўкі, А.Дудара, М.Зарэцкага, Я.Коласа, К.Крапівы, А.Куляшова, Я.Купалы, М.Лынькова, Я.Пушчы, Л.Родзевіча, П.Труса, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, літ.-знаўцаў, публіцыстаў і краязнаўцаў. Наладжвала літ.-маст. вечары і дыскусіі (пра БДТ-1, творчасць Ц.Гартнага, М.Чарота, М.Грамыкі), асвятляла тэатр. і муз. жыццё рэспублікі. маст. і этнагр. выстаўкі, садзейнічала ахове помнікаў прыроды, гісторыі і культуры. У 1930—33 ва ўмовах рэпрэсій, пашырэння вульгарна-сацыялагічнай крытыкі са старонак газеты зніклі лірычныя вершы, апавяданні, аб’ектыўныя навук. і крытычныя матэрыялы пра бел.нац. культуру, партрэты пісьменнікаў і мастакоў. Публікаваліся пераважна юбілейныя творы, апавяданні і нарысы на вытв. тэму, вульгарна-сацыялагічныя артыкулы і інш. Выдавала літ. дадаткі-часопісы «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927, 1929), «Літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» (1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫВА́ЛАСЦЬматэрыялаў,
уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) супраціўляцца разбурэнню або неабарачальнай змене формы (пластычнай дэфармацыі) пад дзеяннем знешніх нагрузак. Абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж атамамі або іонамі, якія складаюць цела. У сістэме СІ вымяраецца ў Н∙м/кг.
У залежнасці ад матэрыялу, віду напружанага стану (расцяжэнне, сцісканне, выгін і інш.), умоў эксплуатацыі (т-ра, магн., эл. і інш. палі, нераўнамернае высыханне ці набраканне, нераўнамернае працяканне фіз.-хім. працэсаў у розных частках цела і інш.) прыняты розныя меры (крытэрыі) Т.: межы прапарцыянальнасці, цякучасці, паўзучасці, трываласці і інш. Адрозніваюць Т.: тэарэтычную, якую вылічваюць праз сілы міжатамнага счаплення (роўная прыкладна 1/6 модуля падоўжнай пругкасці; гл.Модулі пругкасці); тэхнічную — Т. рэальных матэрыялаў (меншая за 0,1 тэарэтычнай); канструкцыйную — Т. элементаў канструкцый, якая з-за шчылін, надрэзаў, драпін і інш. паверхневых дэфектаў, унутр. напружанняў, цяжкіх рэжымаў работы ніжэйшая за тэарэтычную; дынамічную, якая вызначае здольнасць матэрыялаў успрымаць без разбурэння дынамічныя нагрузкі; працяглую. калі разбурэнне матэрыялу адбываецца праз пэўны час пасля прыкладання нагрузкі (разбурэнню папярэднічае відавочная дэфармацыя матэрыялу). Удзельная Т. нітак, дроту, валокнаў і падобных матэрыялаў — велічыня, роўная адносінам разрыўнога намагання, прыкладзенага да матэрыялу, да яго лінейнай шчыльнасці. Імавернасць існавання ва ўзоры дэфекту тым большая, чым у тых жа ўзораў большых памераў (т.зв. маштабны эфект). Участкі з павышаным напружаннем, дзе найлягчэй з’яўляюцца мікрашчыліны. знаходзяцца каля паверхні (выступы. драпіны), таму паліроўка паверхні і ахоўныя пакрыцці павышаюць Т. У агрэсіўных асяроддзях Т. памяншаецца.
Літ.:
Клюшников В.Д. Физико-математические основы прочности и пластичности М., 1994;
Прочность и акустическая эмиссия материалов и элементов конструкций. Киев. 1991: Прочность, устойчивость и колебания термонапряженных оболочечных конструкций. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНЕ́ТЫКА (грэч. phonētikos гукавы),
раздзел мовазнаўства, які вывучае акустычныя і артыкуляцыйныя ўласцівасці гукаў мовы, спосабы ўтварэння гукаў, асаблівасці ўспрымання гукавой мовы чалавекам. У Ф. часта ўключаюць і вучэнне пра функцыянаванне гукаў (гл. Фаналогія).
Ф. падзяляецца на апісальную (агульную, прыватную і эксперыментальную) і гістарычную. Агульная Ф. вызначае магчымасці моўнага апарату чалавека, агульныя акустычныя ўласцівасці гукавой мовы і яе ўспрымання; распрацоўвае фанетычны алфавіт для запісу (транскрыпцыю) мовы, адназначны для ўсіх даследчыкаў. Прыватная Ф. апісвае гукавыя асаблівасці канкрэтнай мовы. У эксперыментальнай Ф. выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя (пераважна электронна-акустычныя) апараты. Гістарычная Ф. даследуе змены гукавога боку мовы на працягу яе гісторыі і прычыны гэтых змен. Ф. вывучае гукавую матэрыю мовы ў артыкуляцыйным, акустычным перцэптыўным і функцыянальным аспектах. Фанет. веды служаць таксама прыкладным мэтам: пры навучанні роднай і замежным мовам, пры лячэнні моўных расстройстваў, пры канструяванні сродкаў сувязі, пры аўтаматычным распазнаванні мовы і інш. Ф. бел. мовы распрацоўвалі Я.Ф.Карскі, Ц.П.Ломцеў, І.В.Воўк-Левановіч, М.В.Бірыла, Н.Т.Вайтовіч, Ф.М.Янкоўскі, П.Я.Юргелевіч, Л.Ц.Выгонная, А.А.Крывіцкі, А.І.Падлужны, В.М.Чэкман і інш.Фанет. даследаванні вядуцца ў Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі, Мінскім лінгвістычным ун-це і інш. Шэраг эксперыментальных прац па інтанацыі бел. мовы выкананы рус. (Т.М.Нікалаева) і ўкр. (А.І.Багмут) вучонымі.
Літ.:
Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Фанетыка. Арфаграфія. Лексікалогія. Мн., 1961;
Падлужны А.І. Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы. Мн., 1977;
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЯЛКО́ЎСКІ Канстанцін Эдуардавіч (17.9.1857, с. Іжэўскае Разанскай вобл., Расія — 19.9.1935),
расійскі вучоны і вынаходнік у галіне аэрадынамікі і ракетнай тэхнікі; заснавальнік касманаўтыкі. Адукацыю атрымаў самастойна.
Экстэрнам здаў экзамены на званне настаўніка (1879) і ўсё жыццё выкладаў фізіку і матэматыку (з 1892 у г. Калуга). Працаваў над стварэннем тэорыі і канструкцыі суцэльнаметал. кіравальнага дырыжабля, потым самалёта-манаплана з метал. каркасам (1885—94). Пабудаваў першую ў Расіі аэрадынамічную трубу (1897) і даследаваў на ёй простыя мадэлі (1900). У 1883 выказаў думку пра магчымасць выкарыстання рэактыўнага руху пры стварэнні міжпланетных лятальных апаратаў. У «Даследаванні сусветных прастораў рэактыўнымі прыладамі» (1903) Ц. ўпершыню ў свеце тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць міжпланетных зносін з дапамогай ракет, распрацаваў тэорыю палёту, вывеў законы руху ракеты як цела пераменнай масы. Даў інж. рашэнні канструкцыі ракет, асновы тэорыі вадкаснага ракетнага рухавіка і элементы яго канструкцыі, прапанаваў розныя віды паліва для ракетных рухавікоў. Упершыню абгрунтаваў неабходнасць выхаду чалавецтва ў космас для захавання і далейшага развіцця цывілізацыі; як першыя крокі ў гэтым кірунку яшчэ ў пач. 20 ст. прапанаваў стварэнне і выкарыстанне ШСЗ і арбітальных станцый. Ідэі Ц. выкарыстоўваюцца пры стварэнні сучасных ракетных рухавікоў, касм. ракет і апаратаў. АНСССР заснавала залаты медаль імя Ц. «За выдатныя заслугі ў галіне міжпланетных зносін» (1954). Імем Ц. названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ФРОНТ,
аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у Вял.Айч. вайну на зах. напрамку. Ц.ф. 1-га фарміравання створаны 24.7.1941 у выніку падзелу Зах. фронту. Яго ўпраўленне створана на базе ўпраўлення 4-й арміі. У склад фронту ўвайшлі 13-я, 21-я, 3-я арміі і група ВПС. 21-я армія працягвала пачатую 13.7.1941 Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, наносіла контрудары ў напрамку Бабруйска. З 24.7.1941 войскі фронту ўдзельнічалі ў Смаленскай бітве 1941. 8.8.1941 ням. войскі прарвалі Ц.ф. і выйшлі ў тыл. Паўд.-Зах. фронту. 25.8.1941 Ц.ф. скасаваны, яго палявое ўпраўленне перададзена Бранскаму фронту. Ц.ф. 2-га фарміравання створаны 15.2.1943 на базе скасаванага Данскога фронту. У яго склад увайшлі 21-я, 65-я, 70-я агульнавайск., 2-я танк. і 16-я паветр. арміі, якія разгарнуліся на ПнЗ ад г. Курск. Пазней у склад фронту ў розныя тэрміны ўваходзілі 3-я, 13-я, 45-я, 50-я, 60-я, 61-я, 63-я агульнавайск. і 3-я гвардз.танк. арміі. У лют.—сак. 1943 войскі фронту ўдзельнічалі ў зімовым наступленні, летам — у Курскай бітве 1943, Арлоўскай наступальнай аперацыі, сумесна з войскамі Бранскага і Зах. франтоў арміі Ц.ф. разграмілі арлоўскую групоўку праціўніка і ліквідавалі Арлоўскі выступ праціўніка. 26.8—30.9.1943 войскі фронту правялі Чарнігаўска-Прыпяцкую аперацыю 1943, у выніку якой выйшлі да Дняпра, Прыпяці, Сажа і стварылі спрыяльныя ўмовы для вызвалення Беларусі і Правабярэжнай Украіны. 20.10.1943 Ц.ф. перайменаваны ў Беларускі фронт. Камандуючыя Ц.ф.: ген.-палк. Ф.Л.Кузняцоў (ліп.—жн. 1941), ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў (жн. 1941); ген.-палк., з 28.4.1943 ген. арміі К.К.Ракасоўскі (люты—кастр. 1943).