ФАНЕ́ТЫКА (грэч. phonētikos гукавы),

раздзел мовазнаўства, які вывучае акустычныя і артыкуляцыйныя ўласцівасці гукаў мовы, спосабы ўтварэння гукаў, асаблівасці ўспрымання гукавой мовы чалавекам. У Ф. часта ўключаюць і вучэнне пра функцыянаванне гукаў (гл. Фаналогія).

Ф. падзяляецца на апісальную (агульную, прыватную і эксперыментальную) і гістарычную. Агульная Ф. вызначае магчымасці моўнага апарату чалавека, агульныя акустычныя ўласцівасці гукавой мовы і яе ўспрымання; распрацоўвае фанетычны алфавіт для запісу (транскрыпцыю) мовы, адназначны для ўсіх даследчыкаў. Прыватная Ф. апісвае гукавыя асаблівасці канкрэтнай мовы. У эксперыментальнай Ф. выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя (пераважна электронна-акустычныя) апараты. Гістарычная Ф. даследуе змены гукавога боку мовы на працягу яе гісторыі і прычыны гэтых змен. Ф. вывучае гукавую матэрыю мовы ў артыкуляцыйным, акустычным перцэптыўным і функцыянальным аспектах. Фанет. веды служаць таксама прыкладным мэтам: пры навучанні роднай і замежным мовам, пры лячэнні моўных расстройстваў, пры канструяванні сродкаў сувязі, пры аўтаматычным распазнаванні мовы і інш. Ф. бел. мовы распрацоўвалі Я.​Ф.​Карскі, Ц.​П.​Ломцеў, І.​В.​Воўк-Левановіч, М.​В.​Бірыла, Н.​Т.​Вайтовіч, Ф.​М.​Янкоўскі, П.​Я.​Юргелевіч, Л.​Ц.​Выгонная, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны, В.​М.​Чэкман і інш. Фанет. даследаванні вядуцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі, Мінскім лінгвістычным ун-це і інш. Шэраг эксперыментальных прац па інтанацыі бел. мовы выкананы рус. (Т.​М.​Нікалаева) і ўкр. (А.​І.​Багмут) вучонымі.

Літ.:

Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Фанетыка. Арфаграфія. Лексікалогія. Мн., 1961;

Падлужны А.І. Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы. Мн., 1977;

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1983.

А.​І.​Падлужны.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)