ПРАГРЭ́С (ад лац. progressus рух наперад),
паступальнае развіццё ў грамадстве ад простага да складанага, ад менш дасканалага да лепшага, больш дасканалага стану. Ахоплівае ўсе сферы жыцця і дзейнасці людзей, увасабляецца ў навуцы і тэхніцы (гл. Навукова-тэхнічны прагрэс), у маралі, мастацтве і інш. грамадскіх з’явах; базіруецца на эканам. (вытворчых) адносінах. Можа закранаць сістэмы ў цэлым або іх кампаненты, структуры і інш. параметры ў стадыі развіцця. Паняцце, процілеглае П., — рэгрэс.
Уяўленне, што змены ў свеце, асабліва ў грамадстве, адбываюцца ў пэўным кірунку, узнікла яшчэ ў старажытнасці. Сцвярджэнні Сакрата, Платона аб гіст. тупіку сутыкнуліся з поглядамі Дэмакрыта, Геракліта, Лукрэцыя, Эпікура, якія развівалі ідэі паступальнага руху. У сярэднія вякі грамадскі П звязваўся з Богам. Сацыялісты-утапісты, асабліва А.Сен-Сімон, бачылі грамадскі П. у ліквідацыі прыватнай уласнасці і высокай тэхн. аснашчанасці вытв-сці. Рэвалюцыянеры-дэмакраты крыніцу грамадскага развіцця бачылі ў сял. рэвалюцыі, а потым у асвеце, навуцы, мастацтве, маралі.
У сучасных умовах асн. лінія грамадскага П. знаходзіць сваё выяўленне ў дэмакратызацыі і гуманізацыі ўсіх бакоў грамадскага жыцця і ва ўсебаковым развіцці асобы. Сац. П. мае месца ў сусветна-гіст. маштабе — пры змене цывілізацый і эпох, кожная з якіх прыносіла з сабой прагрэс. сац. перамены ў параўнанні з папярэдняй; ён характарызуецца пераадоленнем або змякчэннем сац. супярэчнасцей і канфліктаў, паляпшэннем умоў жыцця людзей. Развіццё грамадства не выключае момантаў рэгрэсу, руху назад у асобных сферах жыцця. Існуюць розныя канцэпцыі адносна П. Некаторым гісторыкі і сацыёлагі (А.Тойнбі, П.А.Сарокін) проціпастаўляюць сац. П. ідэю цыклічнага развіцця, кругавароту цывілізацый; іншыя ўяўляюць гібель цывілізацый як вынік навук.-тэхн. прагрэсу.
А.І.Галаўнёў.
т. 12, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)