вы́макнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. вымак, ‑кла; зак.

1. Стаць вымаклым; змяніцца якасна ў выніку вымочвання ў вадзе. Іржышча выгарала, адлежалася пад сонцам, вымакла, як каноплі ў вадзе, а цяпер зноў узнялося шчоткай. Пташнікаў.

2. Загінуць, прапасці ад празмернай вільгаці (пра пасевы). [Рыгорыха:] — А як жыта? [Загароўская:] — Так, нічога, а туды пад Ганчароўку ці не ўзышло ці вымакла. Гурскі.

3. Стаць зусім мокрым; прамокнуць. Вымакнуць па пояс. Вымакнуць да ніткі. □ Аднаго дня быў дождж і мы вымаклі на полі, прыбеглі да гаспадыні ў хату і распалілі грубку. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́йнасць, ‑і, ж.

1. Празмернае праяўленне чаго‑н., крайняя ступень чаго‑н. Крайнасці ў поглядах. □ — У цябе, брат, усё крайнасці, няхай ты згары, — заўважыў са смехам Садовіч. Колас.

2. перан. Што‑н. зусім непадобнае на іншае, процілеглае іншаму. Кідацца з адной крайнасці ў другую. □ Нездарма кажуць, што крайнасці сходзяцца, розныя полюсы прыцягваюць адзін другі. Кучар.

3. Вельмі цяжкае і небяспечнае становішча. Давесці да крайнасці.

•••

Да крайнасці — вельмі, надзвычайна, у вышэйшай ступені. Брыгада знаходзілася ў бесперапынных баях і паходах і сілы яе былі напружаны да крайнасці. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калясі́ць, каляшу, калясіш, калясіць; незак.

Разм. Хадзіць або ездзіць пятляючы, робячы кругі. Тыдзень ужо, як Піня не мог упарадкаваць як след коней, а калясіў па паляўнічай сцежцы Крайскім бокам. Пташнікаў. [Раманенка і шафёр] калясілі па гарадку, шукаючы патрэбную вуліцу. Шамякін. // Шмат ездзіць або хадзіць на розных мясцінах, у розных напрамках. Калясіць па свеце. □ Лявон Свірыдовіч, шафёр першага класа, адчуваў стомленасць. Паездка была нялёгкай. Чацвёра сутак калясілі яны па дарогах вобласці. Корбан. Шмат калясіў ты, разведчык, Многім няўдачам па зло, Там, дзе нагі чалавечай Можа зусім не было. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

быстрыня́, ‑і; мн. быстрыні, ‑рынь; ж.

1. Імклівая бурная з вірамі плынь у рацэ. [Толя] сеў на лавачку кармы, адапхнуўся ад берага на быстрыню і пачаў працаваць шастом. Брыль. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспявай кіраваць вяслом. Гамолка.

2. Вялікая хуткасць, імклівасць. І раптам, падкраўшыся зусім блізка, [воўк] маланкаю кідаецца на вепра і хватае яго зубамі за чэрава знізу і з такою ж быстрынёю адскоквае ад яго. Колас. Чуткі аб тым, што на праўленні будуць абмяркоўвацца паводзіны Змітрака Кастрыцы, абляцелі ўвесь калгас з выключнае, быстрынёй. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ляскаць.

2. каго і па чым. Нанесці ўдар рукой па твары, целе. Ступіўшы крок наперад, Лена раптам штосілы ляснула Віктара па шчацэ. Ваданосаў.

3. перан. Разм. Прапасці марна; загінуць, згінуць. [Рахункавод:] — Дарэмная праца — усё пойдзе ў кастрыцу.. Столькі дабра і працы ляснула! Столькі надзей! Васілевіч. Дарма немцы спраўлялі ўрачыстасць.. Чыгуначны мост .. зноў узляцеў у паветра. Ды так, што ляснуў цэлы эшалон з жывой сілай і ўзбраеннем. Сабаленка. — Скора [зімняя] дарога зусім лясне, калі мароз не падхопіцца, — зазначыў Андрэй. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.

2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звы́чай, ‑ю, м.

1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.

2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́чыць, мучу, мучыш, мучыць; незак., каго.

Прычыняць мукі, пакуты каму‑н. [Мільгун:] — Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў.. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Колас. «Як гэта я не ўбярог бацькі?!» — мучыў сябе папрокамі Валодзя. Новікаў. // Быць прычынай мукі. У цяжкія дні блакады, калі прадукты ў нас выйшлі зусім, мяне, больш чым каго, пачаў мучыць голад. Карпюк. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не даваць спакою, хваляваць, непакоіць. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напярэ́дадні, прысл. і прыназ.

1. прысл. Непасрэдна перад якім‑н. днём, перад якой‑н. падзеяй. Гарачыня пачала спадаць. Напярэдадні прайшоў дождж, прыбіў пыл, паветра было чыстым і свежым. Шахавец.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «напярэдадні» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на перыяд, з’яву, падзею, у неакрэслены прамежак часу перад якімі што‑н. адбываецца. Аднойчы, ужо зусім напярэдадні вызвалення, Толя заехаў у сямейны лагер брыгады і прывязаў.. [каня] каля зямлянкі Нагорных. Брыль. Напярэдадні майскага свята механічны цэх зноў узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памылі́цца, ‑мылюся, ‑мылішся, ‑моліцца; зак.

Зрабіць памылку. [Мяснікоў] можа памыліцца, але здольны прызнаць памылку і хутка яе выправіць. Гурскі. Хто можа з.. [Аленаю] справіцца. Не толькі на полі.. А пасадзі яе за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! А яна не памыліцца, не зблытае. Чарнышэвіч. — Можа, мы памыліліся? — выказаў меркаванне Валодзя. — Можа, гэта зусім не конь іржаў, а птушка якая? Курто. // у кім. Скласці пра каго‑н. няправільнае ўяўленне. Каб не памыліцца ў чалавеку на вайне, трэба ўбачыць яго ў небяспецы. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)