штаб, ‑а; мн. штабы, ‑оў; м.

1. Орган кіравання войскам у часцях, злучэннях усіх відаў узброеных сіл, а таксама асобы, якія ўваходзяць у склад гэтага органа. Здаралася, што на адным дні штаб атрада мяняў некалькі месц. Кулакоўскі. Старыцу Паходня ўяўляў — ён разы два — тры быў у ёй, палі тут адзін час стаяў штаб партызанскай брыгады. Хадкевіч. // Памяшканне, збудаванне, у якім размяшчаецца такі орган. Новы камісар палка Яфім Фамін жыў тым летам у крэпасці. Начаваў у штабе. Кухараў.

2. перан. Кіруючы орган чаго‑н. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас.

•••

Генеральны штаб — цэнтральны орган кіравання ўзброенымі сіламі.

[Ням. Stab.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кале́нік ’расліна ляскаўка, Silene cucubalus’ (віц., Кіс.). У іншых мовах адпаведнікаў як быццам няма. Не вельмі яснае паходжанне, магчыма, да калоць, параўн. рус. алан. колетуха ’расліна Cirsium, чартапалох’. Што датычыць семантыкі, падставы для такога меркавання ёсць — у некаторых відаў Silene як лісце, так і плады пакрыты восцю. Параўн. яшчэ рус. дыял. колкий у назвах раслін, у якіх ёсць калючкі, рожкі і да т. п., гл. СРНГ, 14, 137. Не выключана таксама, што тут утварэнне ад калоць ’расшчапляць і да т. п.’; семантыку тлумачаць нар. сінонімы: бел. ляскаўка. лускаецца, луснец, рус. хлопушка і да т. п. Гэтыя супастаўленні, аднак, не вельмі дакладныя. Магчыма, неабходна меркаваць аб утварэнні ад калець (Сколеть), параўн. калелая як назва хваробы (гл. ніжэй). Словаўтваральна гэта было б больш надзейна (*колетная трава), параўн. зах.-сіб. каленная ’расліна Dracoccphalum thymiflorum, змеегалоўнік’ — лекавы сродак ад радзімае, прыладка (хваробы ў маленькіх дзяцей), які суправаджаецца сутаргамі. Аднак рускі прыклад двухсэнсоўны, паколькі семантыка лацінскай назвы сведчыць хутчэй на карысць першай прапанаванай версіі. Магчымая сувязь з каляя не пераконвае па семантычных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАШЭ́РЫЯ (Vaucheria),

род ніткаватых жоўта-зялёных водарасцей сям. вашэрыевых. Больш за 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Жывуць у прэсных і марскіх вадаёмах, на вільготнай глебе ўтвараюць зялёныя аксамітныя дзернавінкі. На Беларусі ў азёрах і невял. вадаёмах трапляецца 1 таксанамічна не вызначаны від.

Ніткі тонкія, трубчастыя, слабаразгалінаваныя, зялёныя або жоўта-зялёныя, без перагародак (уяўляюць сабой адну вял. шмат’ядравую клетку), прымацаваныя да субстрату рызоідамі. У цэнтр. ч. вакуоля з клетачным сокам. Хларапласт дыскападобны, без пірэноіда. Запасное рэчыва — алей. Бясполае размнажэнне апланаспорамі, зааспорамі і цыстамі, палавое — аагамія. Палавыя органы — аагоніі і антэрыдыі (асн. сістэматычная прыкмета роду), утвараюцца на бакавых галінках. Вегетатыўнае размнажэнне бывае рэдка.

Вашэрыя.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАВАНО́СЕЦ (Corynephorus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я: На Беларусі трапляецца атлантычна-еўрап. від — булаваносец сіваваты (C. canescens;). Расце на пясчаных мясцінах, узлесках сухіх хваёвых лясоў у паўд. і зах. раёнах на паўн.-ўсх. мяжы арэалу.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі полымі сцёбламі (саломінамі) выш. 10—35 см і каранёвым валасніком. Лісце сівое, шчацінкападобнае, згорнутае, тонказавостранае, цвёрдае, шурпатае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя ў кароткай раскідзістай або сціснутай мяцёлцы з нешматлікіх маленькіх каласкоў. Ніжняя кветкавая лускавінка з членістым булавападобным асцюком (адсюль назва). Плод — зярняўка. Дэкар. і кармавыя расліны, замацавальнікі пяскоў (утвараюць шчыльную дзярніну).

Булаваносец сіваваты.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЫКІ́»,

валуны, помнік прыроды на Беларусі. 2 блокі чырвонага буйназярністага граніту за 4 км на Пн ад в. Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на З ад дарогі Зембін—Бягомль. Даўж. паўн. блока 3 м, шыр. 1,8 м, паўд. — адпаведна 2,5 м і 1,4 м, выш. да 2,1 м, агульны абвод 14,3 м. Аб’ём 17 м³, маса каля 50 т. Прынесены са Скандынавіі каля 200 тыс. гадоў назад. На паверхні «быкоў» расце 21 від лішайнікаў і 8 відаў імхоў, сярод якіх ёсць рэдкія. Назва «быкоў» звязана з легендай, паводле якой Бог ператварыў у камяні быкоў і аратага, што працаваў на Вялікдзень.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДРЫ́НЕЦ (Pimpinella),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі звычайна трапляецца бядрынец каменяломнікавы (P. saxifraga), які расце ў светлых лясах, на ўзлесках, каля дарог, а таксама вельмі рэдка ў хмызняках і на ўзлесках. Бядрынец вялікі (P. major) занесены ў Чырв. кнігу.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце няпарнаперыстае, чаргаванае, ніжняе звычайна ў разетцы. Кветкі дробныя, белыя ці ружовыя, у складаных парасонах. Плод — віслаплоднік. Лек., харч., меданосныя і кармавыя расліны; карані і насенне маюць эфірны алей, дубільныя рэчывы, сапаніны, гліказід пімпінелін.

Бядрынец: 1 — каменяломнікавы; 2 — вялікі.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗКА (Convolvulus),

род кветкавых раслін сям. бярозкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца дзікарослая бярозка палявая (C. arvensis). Расце як пустазелле, а таксама ўздоўж дарог, на пустках і травяных схілах. Як дэкар. вырошчваецца бярозка трохкаляровая, або дзённая прыгажуня (C. tricolor).

Шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны з павойным галінастым або сцелістым ці прамастойным сцяблом, радзей паўкусты і кусты. Лісце суцэльнае, доўгачаранковае. Кветкі званочкавыя ці лейкападобныя, белыя або ружовыя, часам з палосамі і рознакаляровыя (у садовых форм), па 1—3 у пазухах лісця або сабраныя ў суквецці. Плод — каробачка. Лек., дэкар., меданосныя, некаторыя — кармавыя і ядавітыя расліны.

Бярозка палявая.

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСАЕ́ДЫ (Trichodectidae),

сямейства насякомых атр. пухаедаў. Больш за 200 відаў. Пашыраны ўсюды. Многія — вонкавыя паразіты млекакормячых: буйн. раг. жывёлы — Bovicola bovis, коней — B. equi, козаў — B. caprae, сабак — Trichodectes canis, катоў — T. subrostratus.

Даўж. 0,5—11 мм. Цела плоскае, шчаціністае, без крылаў. Галава шырокая. Ротавыя органы грызучыя. Ногі хапальнага тыпу. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самка адкладае яйцы каля асновы валасоў і прыклейвае сакрэтам матачных залоз. Кормяцца эпідэрмальнымі клеткамі, выдзяленнямі тлушчавых залоз, крывёй гаспадара. Выклікаюць хваробу трыхадэктыдоз. Некат. валасаеды — прамежкавыя гаспадары гельмінта (цэпня) — паразіта сабак, катоў, пераносчыкі інфекц. і інвазійных хвароб жывёл.

Валасаеды: 1 — сабачы; 2 — каня; 3 — буйной рагатай жывёлы.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛЫ (Mantoptera, Mantodea),

атрад драпежных насякомых. Больш за 2000 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Найчасцей трапляецца багамол звычайны (Mantis religiosa). Вядомы таксама багамол дрэвавы (Hierodula tenuidentata), рывеціны (Rivetima), багамолы-малышкі (Armene), эмпузы (Empusidae).

Даўж. да 11 см. Цела падоўжанае, галава рухомая трохвугольная, ногі добра развітыя, на пярэдняй пары шыпы, якія ўтвараюць пры складванні моцны хапальны апарат. Ротавыя органы грызучыя. Пярэднія крылы вузкія, заднія складаюцца веерападобна (ёсць бяскрылыя). Яйцы адкладваюць на расліны, камяні; звычайна зімуюць. Драпежнікі, сядзяць у малітоўнай позе (адсюль назва), кормяцца насякомымі, некат. трапічныя віды нападаюць на дробных яшчарак, птушак. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу СССР.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ [ад бактэрыі + ...цыд(ы)],

бактэрыцыдныя рэчывы, рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)