успамі́н, ‑у, м.

1. Узнаўленне ў думках таго, што захавалася ў памяці. Вярнуўшыся ў купэ, Рыта зноў падсела да акна і аддалася ўспамінам аб сваіх нядаўніх універсітэцкіх сябрах. Васілевіч.

2. толькі мн. (успамі́ны, ‑аў). Запіскі, расказы аб мінулым, перажытым. Пісаць успаміны. Вечар успамінаў. □ Усе слухалі ўспаміны старога, нібы казку, — жывы летапіс сваіх мясцін. Новікаў. — Ну, калі на тое пайшло, што заняліся ўспамінамі, — усміхнуўшыся, загаварыў Катлярэвіч, — то і мне ёсць пра што сказаць. Гурскі.

•••

Лёгкі на ўспамін гл. лёгкі.

На ўспамін — для таго, каб доўга помнілі, не забывалі каго‑, чаго‑н. (даць, падарыць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хараство́, ‑а, н.

1. Сукупнасць якасцей, якія прыносяць задавальненне, асалоду зроку, слыху; усё прыгожае і прыемнае. Хараство беларускай прыроды. Хараство мора. □ Здаецца, дзеля таго толькі і сходзяць.. [летнія ночы] на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсць і паэзія і хараство. Колас. Жніво для.. [Зіны] — гэта нават і не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Кулакоўскі.

2. Краса, прыгажосць, чароўнасць. Хараства такога ў свеце Не было, не будзе; Аб ёй [Бандароўне] людзі гаварылі, Як аб нейкім цудзе. Купала.

•••

Не з хараства ваду піць гл. піць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штурва́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да штурвала, які з’яўляецца штурвалам. Штурвальны трос. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак. // Які ажыццяўляецца з дапамогай штурвала. Штурвальнае кіраванне. // Прызначаны для штурвала; звязаны з месцам, дзе размешчаны штурвал. Штурвальная калонка. Штурвальная рубка. Штурвальны мосцік.

2. у знач. наз. штурва́льны, ‑ага, м. Асоба, якая кіруе штурвалам (судна, камбайна); рулявы (у 2 знач.). — Поўны наперад! — Ёсць поўны наперад! — чуецца голас штурвальнага. Бяганская. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў.. Амархан. Другі тыдзень ён працаваў памочнікам штурвальнага. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калгатня́ ’непарадак, шум’ (Шат.), колготня ’мітусня, бегатня, трывога, клопат, штурханіна’, варонеж. ’непаседа’, колгота ’тс’. колготать ’несці лухту’ (смал.), колготиться ’шумець’ і інш. Што датычыць бел. слова, то тут можна бачыць архаізм усх.-слав. перыяду. Паводле Фасмера, 2, 287, колгота — «темное слово». Трубачоў (Дапаўненні, 2, 287) мяркуе, што хутчэй за ўсё ўтворана ад *коголта, як колдоба*кодолба. Ён звязвае гэты архетып з коранем, прадстаўленым у рус. о‑голтелый. Такую версію прымае 1 Шанскі (2, К, 195–196) і прыводзіць зафіксаванае Далем дыял. оголтеть ’ашалець’. Нягледзячы на трапнасць данай этымалогіі, нельга не ўбачыць, што фармальнае супадзенне з рус. колдоба мяркуемай Трубачовым праформы не пацвярджаецца семантыкай. Рус. оголтелый, не вельмі яснае, можа і не адносіцца сюды, неабходны спецыяльны аналіз, каб давесці роднаснасць з колгота. Паводле Шанскага, рус. слова ўтворана метатэзай ад голкота (рэальна засведчана голкотня), якое з’яўляецца вытворным ад голк ’шум, крык, стук, аддалены гук і да т. п.’ (голк‑от‑а > колгота). Метатэза, відаць, параўнальна позняя, магчыма, усх.-слав. перыяду (бел. слова з’яўляецца архаізмам). Што датычыць утваральнай асновы, бел. адпаведнікі ёсць у ст.-бел. мове (XV ст.): голка ’шум’ (гл. Карскі, Труды, 371), рус. вядомае на перыферыі паўн. гаворак, адносна ўкр. матэрыялу нічога пэўнага нельга сказаць. Далей можна прывесці в.-луж. hołk ’шум, гул’, славен. gôlk ’грук, гром’, балг. глък ’шум’, ёсць і многа інш. форм, на аснове якіх узнаўляецца прасл. *gъlkъ/*gъlka, гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 191. Лічыцца гукапераймальным, што даказваецца структурай лексемы. Гл. аб іншых паралелях і формах Фасмер, 1, 428–429, дзе і літ-ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бог, -а, мн. багі́, -о́ў, м.

1. Паводле рэлігійных уяўленняў — вярхоўная ўсемагутная істота, якая стварыла свет і кіруе ім.

Старажытнарымскія багі.

2. (з вялікай літары). У хрысціянстве: трыадзінае бажаство, творца і ўсеагульны сусветны пачатак — Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы.

3. перан. Выдатны спецыяліст у якой-н. справе.

Б. электразваркі.

Божа збаў (разм.) — ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах.

Дай (не дай) бог (божа; разм.) — пра пажаданні чаго-н.

Крый бог (разм.) — ужыв. як засцярога ад чаго-н., як забарона рабіць што-н. небяспечнае.

Напрамілы бог (разм.) — што ёсць сілы, вельмі прасіць аб чым-н.

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) (разм.) — ужыв. як пажаданне пазбаўлення ад чаго-н. непрыемнага.

Памагай бог (разм.) — пажаданне поспеху, удачы ў працы, добрай справе.

Як бог дасць (разм.) — як прыйдзецца.

Як у бога за пазухай (разм.) — без асаблівага клопату, пры поўным забеспячэнні.

|| прым. бо́жы, -ая, -ае і бо́жы, -ая, -ае, бо́скі, -ая, -ае і бо́скі, -ая, -ае.

Боскае стварэнне.

Божая кароўка — жучок чырвонай або жоўтай афарбоўкі з чорнымі кропкамі.

Кожны божы дзень — штодзённа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

а², злуч.

1. Злучае сказы і члены сказа са знач. супрацьпастаўлення, супастаўлення.

Ён паехаў, а я застаўся.

Гэта ж не восень, а ранняя вясна.

Яна пачала суцяшаць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю.

Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам.

2. Далучае сказы або члены сказа са знач. дабаўлення чаго-н. пры паслядоўным апісанні, паяснення, узмацнення, пярэчання, пераходу да другой думкі.

Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра.

Навокал лес, а за лесам — балота, а за балотам — рэчка.

А тозлуч.

1) Іначай, у адваротным выпадку.

Бяжы, сынок, а то спознішся;

2) Аказваецца, а на самай справе.

Каб хоць рэчка была, а то ручаёк нейкі;

3) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку.

Змрокам, а то і пазней, людзі ішлі дадому;

4) Ужыв. пры ўгаворванні, пажаданні.

Пабудзьце яшчэ.

А то пераначавалі б;

5) Або, ці.

Хлопчык бегаў, смяяўся, а то хаваўся за дзеда.

А не то (дык)злуч. Тое, што і «а то» (у 1 знач.).

Дапамажыце, а не то я скардзіцца буду.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

self [self] n. (pl. selves)

1. сам; ула́сная асо́ба;

my own/very self я сам;

have no thought of self не ду́маць пра сябе́;

one’s better self ле́пшае, што ёсць у асо́бе;

She is her old self. Яна такая, як і была раней;

the conscious self усведамле́нне

2. fml = myself, himself, yourself, etc.;

a cheque payable to self чэк, вы́пісаны на сябе́;

Mr. Jones, your good self and I… Містар Джоўнз, Вы і я…

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

there1 [ðeə] adv.

1. там, туды́;

from there адту́ль;

up to there да таго́ ме́сца;

there is, there are ёсць, ма́ецца;

There is no time. Няма часу.

There are a lot of flowers in the garden. У садзе багата кветак.

2. вось;

there he is вось і ён;

there and back туды́ і наза́д

there and then адра́зу, зра́зу, тут жа;

there you are/there you go infml вось вазьмі́; вось ба́чыш

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

who [hu:, hu] pron.

1. хто; які́;

Who is absent? Хто адсутнічае?;

The man who was here is an artist. Чалавек, які тут быў, – мастак;

Who on earth is it? І хто б гэта мог быць?;

Who am I to tell you that? І хто я такі, каб табе гэта гаварыць?

2. infml каго́, каму́, кім;

Who is the money for? Для каго гэтыя грошы?

know/learn who’s who ве́даць/даве́дацца, хто ёсць хто

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

БЕЛАРУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай беларускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Склаўся на аснове кірыліцы. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары кірыліцы. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах (о — ω, ф — ѳ, і — и — ү, з — ѕ, е — ѥ — ѣ, ꙗ — ѧ, у — ꙋ — ѫ, ѱ — пс, ѯ — кс), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных. Развіццё старабел. графікі было звязана з пошукам найб. зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцяў жывой мовы. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі графемы «э» (канец 15 ст.) і «й» (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца знакі і, ѵ, ѯ, ψ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў трапляліся радзей. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне Ф.​Скарынам друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства, якое з ростам школ і асветы, пашырэннем грамадскіх функцый пісьмовай мовы паступова перастала быць манаполіяй царкоўнікаў і стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадства. Аднак удасканаленне графікі адбывалася стыхійна, не было праведзена ніводнай рэформы, таму дублетныя літары былі абмежаваны ва ўжытку, але не адкінуты. У сувязі з заняпадам старабел. пісьменства ў 18 — пач. 20 ст. на Беларусі пашырылася лацінскае пісьмо (лацінка), якое дагэтуль служыла толькі для афармлення польск. і лац. тэкстаў. Лацінкаю былі надрукаваны творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча і інш. пісьменнікаў. З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Як адзіны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы беларускі алфавіт канчаткова замацаваўся пасля 1917. Сучасны беларускі алфавіт складаецца з 32 літар: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд (Дждж, Дздз), Ее, Ёё, Жж, Зз, Іі, Йй, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Ыы, Ьь, Ээ, Юю, Яя (пра кожную літару гл. асобны арт.). У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў jо («ё») і спецыфічна бел. гука ў («ў»), афрыкаты «дж» і «дз» перадаюцца дыграфамі. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой. Яны могуць выкарыстоўвацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і радковую форму. Ёсць спец. знак — апостраф.

А.​М.​Булыка.

т. 2, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)