эма́ль, ‑і, ж.

1. Непразрыстая шклопадобная маса для пакрыцця металічных прадметаў з мэтай захавання іх ад акіслення, а таксама глазура для пакрыцця мастацкіх вырабаў. У невялічкім.. [пакоі] з мяккай мэбляю і сінімі сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі і ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Караткевіч. // Паверхня з такога рэчыва ці слой яго на чым‑н. Цяпер палавіна вучняў нашай школы носіць гэтыя значкі з чырвоным крыжам на белай эмалі. Жычка. // перан. Пра гладкую бліскучую паверхню, якая нагадвае такую масу. У шырокім марскім прасторы белымі чайкамі плавалі яхты. Сярод ярка-зялёных далін былі відаць белыя будынкі сядзіб і санаторыяў; кудлатыя, як авечкі, хмаркі беглі па ўступах гор. Усё нібы ззяла золатам, зялёнай, блакітнай і белай эмаллю. Рамановіч.

2. Мастацкі выраб, пакрыты такой масай. Калекцыі эмалей.

3. Цвёрдае бліскучае рэчыва, якое пакрывае знешнюю частку зубоў.

4. Разм. Эмалевая фарба.

[Фр. émail.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

газ¹, -у, мн. га́зы, -аў, м.

1. Рэчыва, малекулы якога не звязаны паміж сабой і якое здольна распаўсюджвацца па ўсёй даступнай яму прасторы, раўнамерна яе запаўняючы.

Кісларод — гэта г.

2. Газападобнае паліва, а таксама абагравальныя, асвятляльныя прыборы, якія працуюць на такім паліве.

Кватэра з газам.

Выключыць г.

3. мн. Газападобныя страўнікавыя выдзяленні.

4. звычайна мн. Баявыя атрутныя газападобныя рэчывы.

◊

Даць газ(у) (разм.) — паскорыць рух, павялічыць паступленне гаручага.

На поўным газе — на самай вялікай скорасці.

|| прым. га́завы, -ая, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

Газавая пліта.

Газавая атака (з прымяненнем атрутных газаў). Г. рухавік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ву́галь, -ю, мн. вуглі́, вуглёў і вугалі́, вугалёў, м.

1. (мн. вуглі́). Цвёрдае гаручае выкапнёвае рэчыва арганічнага паходжання.

Каменны в.

Буры в.

2. (мн. вуглі́ і вугалі́). Рэшткі няпоўнага згарання драўніны; кавалак абгарэлага дрэва.

Драўнінны в.

Выграбі вугалі з печы.

○

Белы вугаль — пра рухаючую сілу вады.

Блакітны вугаль — пра рухаючую сілу ветру.

|| памянш. вугалёк, -лька́, мн. -лькі́, -лько́ў, м. (да 1 і 2 знач.), вуге́льчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.) і вуго́льчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

|| зб. вуго́лле, -я, н. (да 2 знач.).

|| прым. ву́гальны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

по́рах, -у, м.

1. Выбуховае рэчыва для вырабу зарадаў агнястрэльнай зброі.

Бяздымны п.

Трымаць п. сухім (таксама перан.: быць заўсёды гатовым да абароны). Пахне порахам (перан.: набліжаецца вайна). Пораху не выдумае (перан.: пра недалёкага чалавека; разм.).

2. перан. Пра запальчывага ці вельмі жвавага чалавека (разм.). Такі нецярплівы чалавек, словам — п.

○

Бочка з порахам — пра неадступную пагрозу, вялікую небяспеку.

Не нюхаць пораху (разм.) — не быць у баях.

Не хапае пораху (разм.) — недастаткова сіл, настойлівасці для чаго-н.

Порах дарэмна траціць (разм.) — дзейнічаць або гаварыць упустую.

|| прым. парахавы́, -а́я, -о́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

саста́ў, -у, М -е, мн. -ы, -аў, м.

1. Сукупнасць частак, прадметаў, якія складаюць адно цэлае; склад.

Ахарактарызаваць лічэбнікі па саставе.

2. Сукупнасць элементаў, якія ўваходзяць у хімічнае злучэнне рэчыва і пад.; сумесь, раствор.

С. глебы.

С. крыві.

Лекавы с.

3. чаго або які. Сукупнасць людзей, з якіх складаецца які-н. калектыў, арганізацыя (з колькаснага або якаснага боку).

С. выканаўцаў спектакля.

4. Асобы, якія складаюць якую-н. катэгорыю (па родзе службы, прафесіі і пад.).

Камандны с.

Выкладчыцкі с.

Лётны с.

5. Рад счэпленых разам чыгуначных вагонаў; цягнік.

Таварны с.

Пасажырскі с.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

соль¹, -і, мн. со́лі, -ей, ж.

1. адз. Белае крышталічнае рэчыва з вострым характэрным смакам, ужыв. як прыправа да стравы.

Сталовая с.

2. перан., адз. Тое, што надае асаблівы інтарэс, вастрыню чаму-н.

У гэтым якраз і ўся с. паэмы.

3. Хімічнае злучэнне, прадукт поўнага або частковага замяшчэння вадароду кіслаты металам (спец.).

Берталетава с.

◊

Падсыпаць солі — добра даняць, дапячы каму-н. іроніяй, едкім словам.

Пуд солі з’есці з кім-н. — добра і даўно ведаць каго-н. (разм.).

|| прым. салявы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.) і саляны́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цвёрды, -ая, -ае.

1. Які складаецца са шчыльна прылеглых частак, не мяккі, стабільны па форме пры нармальных умовах, у адрозненне ад вадкага і газападобнага.

Цвёрдае паліва.

Цвёрдае рэчыва.

2. Які з цяжкасцю паддаецца сцісканню, згінанню, рэзанню і пад.

Цвёрдая драўніна.

Цвёрдая зямля.

3. перан. Стойкі ў сваіх перакананнях, непахісны.

Ц. намер.

Цвёрдае рашэнне.

4. Устойлівы, трывалы, стабільны.

Цвёрдыя цэны.

Цвёрдая зарплата.

5. Добра засвоены, трывалы, грунтоўны.

Цвёрдае веданне прадмета.

○ Цвёрды знак — назва літары «ъ» у рускай азбуцы.

Цвёрдыя зычныя — зычныя гукі, якія вымаўляюцца без набліжэння сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення.

|| наз. цвёрдасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.

Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт. рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны ​10B — паглынальнік нейтронаў. Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700 °C да 50—25 °C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал. працэсаў; растворанае мінер. рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.

Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКАВА́ЛЬНАЯ ПРЫЛА́ДА ў вылічальнай тэхніцы,

перыферыйная прылада для пераўтварэння выхадных даных ЭВМ, лічбавых вымяральных або інш. прылад і іх аўтам. друку на носьбіце інфармацыі (пераважна на паперы) у выглядзе літар, лічбаў і інш. сімвалаў. Забяспечвае атрыманне дакументаў з вынікамі апрацоўкі даных у форме, зручнай для ўспрымання чалавекам: тэкст, табліцы, графікі і інш.

Работа Д.п. заснавана на мех. (ударны запіс на носьбіце з дапамогай фарбавальнага элемента) і немех. (з дапамогай светлавога промня, імпульсаў эл. току, струменяў фарбавальнага рэчыва і інш.) спосабах рэгістрацыі інфармацыі. Д.п. бываюць знакадрукавальныя (напр., алфавітна-лічбавыя) і знакасінтэзавальныя (прынтэры, знакі фарміруюцца з асобных элементаў — кропак, рысак і інш.; даюць магчымасць выводзіць любыя сімвалы і графічную інфармацыю); пасімвальныя (знакі выводзяцца паасобку, як у пішучай машынцы), парадковыя (знакі аднаго радка друкуюцца адначасова) і пастаронкавыя (друкуецца цалкам старонка); аркушавыя (інфармацыя запісваецца на асобныя аркушы паперы) і рулонныя (на рулон паперы, які потым разразаецца на аркушы).

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)