СПАДАРО́ЖНІКІ ПЛАНЕ́Т,
целы Сонечнай сістэмы, якія абарачаюцца вакол вял. планет пад дзеяннем іх прыцягнення. Першыя адкрыцці С.п. (акрамя Месяца) адносяцца да пач. 17 ст. (4 спадарожнікі Юпітэра; 1610, Г.Галілей). У тым жа стагоддзі выяўлены 5 спадарожнікаў Сатурна, у 18 ст. — па 2 спадарожнікі Урана і Сатурна, у 19 ст. — па 1 у Нептуна і Юпітэра, па 2 у Марса, Сатурна і Урана. У 1-й пал. 20 ст. адкрыты 6 спадарожнікаў Юпітэра, па 1 — Урана і Нептуна. Да 1979 былі вядомы 34 С.п. Спрыяльныя ўмовы для назірання Сатурна з Зямлі, а таксама палёты касм. апаратаў «Піянер» і «Вояджэр» прывялі да адкрыцця новых С.п. Усяго вядомы 91 С.п. (2001); 66 маюць уласныя назвы, астатнія — часовыя абазначэнні.
У Меркурыя і Венеры (бліжэйшыя да Сонца планеты) няма прыродных спадарожнікаў; у Зямлі 1 — Месяц; у Марса 2 — Фобас і Дэймас. У Юпітэра 28 спадарожнікаў (16 з уласнымі назвамі. 12 з часовымі абазначэннямі). Спадарожнікі з уласнымі назвамі падзяляюцца на 4 групы: Галілеевы спадарожнікі, — Іо, Еўропа, Ганімед, Каліста і 3 групы малых — 4 унутр. спадарожнікі (Адрастэя, Амальтэя, Метыда, Тэба) знаходзяцца бліжэй да планеты, чым Іо, і ўтвараюць кальцавую сістэму Юпітэра; 4 знешнія (Гімалія, Леда, Лісітэя, Элара) — з прамым рухам (напрамак супадае з напрамкам руху планеты) на адлегласці каля 11 млн. км; 4 знешнія (Ананке, Карме, Пасіфе, Сінопе) — з адваротным напрамкам руху на адлегласці каля 22 млн. км. Галілеевы і ўнутраныя спадарожнікі рухаюцца ў плоскасці экватара Юпітэра па амаль кругавых арбітах (рэгулярныя С.п.), астатнія — па эксцэнтрычных вельмі нахіленых арбітах (нерэгулярныя С.п.). У Сатурна 30 спадарожнікаў (18 з уласнымі назвамі, 12 з часовымі абазначэннямі): Тытан (самы вялікі), Атлас, Гіперыён, Дыёна, Елена, Каліпса, Мімас, Пан, Пандора, Праметэй, Рэя, Тэлеста, Тэфія, Феба, Энцэлад, Эпіметэй, Янус, Япет. Уран мае 21 спадарожнік: 15 рэгулярных (Аберон, Арыэль, Міранда, Тытанія, Умбрыэль і інш.), 5 нерэгулярных, 1 адкрыты ў 1999 (арбіта не вызначана). У Нептуна 8 спадарожнікаў, 2 з якіх (Нерэіда і Трытон) адкрыты наземнымі метадамі, 6 — пры пралёце «Вояджэра» паблізу планеты. Плутон мае 1 спадарожнік — Харон.
Літ.:
Гл. да арт. Сонечная сістэма.
А.А.Шымбалёў.
т. 15, с. 93