КРЫВАШЭ́ІН (Сямён Майсеевіч) (28.11.1899, г. Варонеж, Расія — 16.9.1978),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-лейт. танкавых войск (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, вайны ў Іспаніі ў 1936—37, баёў каля воз. Хасан (1938), вызваленчага паходу ў Зах.Беларусь 1939 (прымаў разам з ген. Г.Гудэрыянам сумесны развітальны сав.-герм. парад у Брэсце), сав.-фінл. вайны 1939—40. З 1941 на Цэнтр., Калінінскім, 1-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Часці корпуса пад яго камандаваннем вызначыліся пры фарсіраванні р. Шчара, вызваленні Слоніма, Брэста, Варшавы, штурме Берліна. Да 1953 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін Брэста (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНТУ́Ш,
верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаў традыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л.слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст. стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЬКО́ (Хрысціна Аляксееўна) (н. 30.3.1956, в. Хадзюкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1979). З 1979 працавала ў Літ. музеі Я.Купалы, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1984 у час. «Беларусь». З 1996 гал. рэдактар штоквартальніка «Наша вера». Дэбютавала вершамі ў 1971. У апавяданнях і аповесцях (зб-кі «Дарога пад гару», 1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986; «Світанак над бярозамі», 1989) — жыццё сучаснікаў, маральна-этычныя праблемы, роздум над складанымі пытаннямі часу, каларытная мова. Апрацоўвае бел.нар. казкі («Залатое пяро», 1990; «Хітрэй свету не будзеш», 1991). На бел. мову пераклала нарыс І.Сыракомлі «Мінск» (1992), кнігі А.Зубербера «Ці ведаю, у што веру», папы рымскага Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі» (абедзве 1997), «Дар і Таямніца» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЮХО́Ў (Ігар Гаўрылавіч) (н. 28.4.1957, г. Магнітагорск, Расія),
бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1981). З 1981 кіраўнік хар. капэлы БДУ, адначасова ў 1983—88 (з перапынкамі) — хору хлопчыкаў Муз. ліцэя пры Бел. кансерваторыі. Арганізатар (1988) і маст. кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь. Яго ўдумлівыя адносіны да хар. партытур, эмацыянальнасць, гукавы сінтэз усх.- і зах.-еўрап.вак. школ дазваляюць хору выконваць творы кампазітараў розных эпох, стыляў і жанраў. Пад яго кіраўніцтвам хор выканаў прэм’еры буйных твораў бел. кампазітараў С.Бельцюкова, У.Дарохіна, А.Залётнева, Ш.Ісхакбаевай і В.Шлеянкова, В.Капыцько, С.Картэса, І.Лучанка і інш., запісаў першы ў свеце кампакт-дыск з творамі бел. духоўнай музыкі (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛ, крэйда,
асадкавая горная парода, мяккі белы вапняк, складзены пераважна з карбанатных (CaCO3 90—98%) арг. рэшткаў (какалітафарыдаў, фарамініфер, абломкаў ракавін інацэрамаў і інш.) і нерастваральных у кіслаце мінералаў. М. намнажаўся ў познамелавых эпікантынентальных басейнах пераважна на глыб. 150—200 м (Дняпроўска-Данецкая ўпадзіна), да 400—500 м. Трапляецца ў адкладах мелавой сістэмы (перыяду). Выкарыстоўваецца ў вапнавай, цэментнай, шкляной, цукр., гумавай, папяровай, парфумернай, металургічнай, хім. прам-сці, у сельскай гаспадарцы і інш. На 1.1.1999 у баланс Рэспублікі Беларусь уключаны 32 радовішчы М., з разведанымі прамысл. запасамі — 207,6 мн. т (для вапны) і 360,6 млн.т (для цэменту). На базе радовішчаў М. працуюць Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў (буд. вапна), «Ваўкавыскцэментнашыфер», Клімавіцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, «Крычаўцэментнашыфер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІК (Уладзімір Андрэевіч) (н. 15.5.1945, в. Ляды Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. філосаф і палітолаг. Канд.філас.н. (1979), праф. (1996). Віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі паліт. навук (з 1993). Скончыў БДУ (1969). З 1980 у Акадэміі МУС Беларусі (з 1995 нач. кафедры). Навук. працы па праблемах фарміравання дзярж. ідэалогіі, станаўлення і развіцця паліт. сістэмы, удасканалення механізма дзярж. улады, ўнутр. і знешняй палітыкі Беларусі. Аўтар падручнікаў па паліталогіі.
Тв.:
Мировоззренческая культура личности сотрудника органов внутренних дел и пути ее формирования. Мн., 1992 (у сааўт.). Основы политологии. Мн., 1992;
Об идеологии белорусской государственности // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе XX ст.Мн., 1998;
Политология. 3 изд. Мн., 1999;
Республика Беларусь: власть, политика, идеология. 2 изд. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫНО́СЫ (ісп. merinos),
пароды танкарунных авечак з вельмі тонкай белай воўнаю найвышэйшай якасці. Радзіма — Зах. Азія (вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э). Гадуюць у большасці краін свету, найб. у Аўстраліі. На Беларусь завезены ў канцы 18 ст.
Па памерах належаць да сярэдніх і буйных парод. Маса бараноў 80—100 (да 180) кг, матак 40—60 (да 100) кг. Скура са складкамі на шыі. У самцоў большасці М. добра развітыя рогі. Руно штапельнай будовы. Воўна аднародная, з мяккіх пуховых валокнаў таўшчынёй 15—25 мкм (60—80-й якасці) з характэрнай звілістасцю. Кірункі прадукцыйнасці: воўнавы (сучасныя высокапрадукцыйныя пароды: азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская і інш.) і воўнава-мясны (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, каўказская, якіх абмежавана гадуюць на Беларусі, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН (Руслан Яўгенавіч) (н. 16.5.1974, г. Львоў, Украіна),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1991, педагог А.Калядэнка). З 1992 саліст Нац.акад.т-ра балета Рэспублікі Беларусь. Яго творчасці ўласцівы тэхнічнасць, схільнасць да выразнай выяўл. пластыкі. Сярод партый: Князь Уладзімір («Страсці» А.Мдывані), Зігфрыд і Ротбарт, Прынц і Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Конрад і Ланкедэм («Карсар» А.Адана), Актэон («Эсмеральда» Ц.Пуні), Юнак («Балеро» М.Равеля), Кашчэй, Юнак («Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Спартак і Крас («Спартак» А.Хачатурана), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Тэрэніо («Ундзіна» Г.Генцэ), Хазэ і Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Д’ябал («Стварэнне свету» А.Пятрова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл.арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.Слабодчыкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎЧАН Міхаіл Аляксеевіч, (н. 7.4.1925, в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). Выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1962—74). Працуе ў станковай графіцы і жывапісе. Сярод твораў графічныя серыі «На варце міру» (1964), «Трактаразаводцы» (1967), лісты «Святлана» (1969), «Партрэт жонкі» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў В.Тарасава, С.Картэса, Н.Гайды, М.Яроменкі (усе 1983), З.Бабія, Т.Шымко, Л.Крывёнак (усе 1984), С.Грахоўскага, М.Танка, Р.Янкоўскага (усе 1985), Т.Шаметавец (1986), С.Станюты, В.Быкава (абодва 1987), Н.Гілевіча (1988), І.Чыгрынава (1989) і інш. Творам уласцівы выяўл. дакладнасць, сакавітасць колераў, кампазіцыйная завершанасць. Выканаў дэкар. пано «Беларусь» для сусв. выстаўкі «ЭКСПО-67» у Манрэалі (1967).