ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ РАЎНІ́НА (нізіна),

у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, адна з самых вял. нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары. Размешчана паміж Карскім м. на Пн, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на Пд, Уральскімі гарамі на З і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на У. Працягнулася з Пн на Пд на 2500 км, з З на У ад 1000 км (на Пн) да 1900 км (на Пд). Пл. каля 3 млн. км².

З.р. прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на Пн), алювіяльныя і азёрныя (на Пд) пароды. Карысныя выкапні: нафта і газ (гл. Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жал. руда, торф, буд. матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на Пн (выш. 50—150 м), уздоўж зах., паўд. і ўсх. ускраін невял. (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на Пн) або пясчанымі грывамі (на Пд). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэпы. У сярэдняй ч. раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на Пн да -16 °C на Пд, ліп. ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной. На тэр. раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўж. 250 тыс. км). Гал. рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т. л. салёных і горка-салёных (на Пд). У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўн. ч. занята тундрай (глебы глеевыя і глеявата-падзолістыя) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (глебы падзоліста-глеевыя), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая ч. раўніны належыць да лясной зоны (глебы падзолістыя), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сіб. лістоўніца). На Пд лесастэп (глебы чарназёмныя) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (глебы чарназёмныя і каштанавыя), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэр. лясной зоны забалочана), якія на Пд змяняюцца саланцамі і саланчакамі. Жывёльны свет разнастайны: паўн. алень, пясец, лемінг, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сіб. казуля.

Ландшафт Заходне-Сібірскай раўніны.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),

штат на З ЗША, мяжуе з Мексікай. Уваходзіць у групу Ціхаакіянскіх штатаў. Пл. 411,5 тыс. км². 31878,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц.г. Сакрамента. Гар. насельніцтва 91%. Найбуйнейшыя гарады (тыс. ж., 1994): Лос-Анджэлес — 3449 (з прыгарадамі 12410), Сан-Дыега — 1152, Сан-Хасэ — 817, Сан-Францыска — 735, Фрэсна — 387, Окленд — 367.

З Пн на Пд цягнуцца горныя сістэмы: Берагавыя хрыбты і Сьера-Невада (выш. 4418 м, г. Уітні), паміж імі Каліфарнійская даліна. На ПдУ пустыня Махаве і глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Даліна Смерці — 85 м ніжэй узр. м). Частыя землетрасенні. Клімат на ПнУ і ў гарах умераны, на ўзбярэжжы міжземнаморскага тыпу, на ПдУ гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра ліп. 24 °C, студз. 7 °C. Гал. рэкі: Сакрамента, Сан-Хаакін і Каларада. Расліннасць прадстаўлена горнымі хваёвымі лясамі і вечназялёнымі хмызнякамі, б.ч. даліны ўзараная. Нац. паркі: Іасеміцкі (занесены ў Спіс сусв. спадчыны ЮНЕСКА), Ласен-Волканік, Секвоя і Кінгс-Каньён. К. — адзін з самых эканамічна развітых штатаў. Здабыча нафты, прыроднага газу, золата, ртуці, жал. руды. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996 склала 109,8 млрд. кВт-гадз. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: авіяракетная, вытв-сць касм. лятальных апаратаў, радыёэлектронная (у т. л. ЭВМ і інш. абсталяванне для ваен. мэт), аўта- і суднабуд., нафтаперапр., хім., паліграф., харч., тэкст., чорная і каляровая металургія. Кінапрамысловасць (гл. Галівуд). Індустрыя забаў. К. — буйнейшы штат па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць бавоўнік, вінаград, цытрусавыя, міндаль, абрыкосы, персікі, фінікі, аліўкі, гранаты, агародніну, кветкі. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,7, свіней — 0,26, авечак — 0,52, бройлерных куранят — 31,5. Развіта рыбалоўства. Аўтамаб., чыг. і марскі транспарт. Буйнейшыя парты: Лонг-Біч, Лос-Анджэлес, Сан-Дыега, Окленд, Сан-Францыска. 6 міжнар. аэрапортаў. Турызм прыносіць да 50% даходаў штата (58,3 млрд. дол., 1996).

Найбольш стараж. мясц. насельніцтва — індзейцы. У 1540 з’явіліся першыя перасяленцы з Іспаніі; з 1769 яе калонія. З 1821 правінцыя Мексікі. У выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 Верхняя К. далучана да ЗША, з 1850 штат. У грамадз. вайну 1861—65 на баку Поўначы. Хуткаму эканам. развіццю К. спрыяла адкрыццё радовішчаў золата (1848, раён Сакрамента), нафты (1895, Лос-Анджэлес — Лонг-Біч), буд-ва ў 2-й пал. 19 ст. транскантынентальнай чыгункі. У час 1-й сусв. вайны актывізавалася індустрыялізацыя. пасля 2-й сусв. вайны штат ЗША, які развіваецца найб. дынамічна.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка).

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паго́ня1 ’праследаванне таго, хто ўцякае, і тыя, хто праследуе’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Яруш.), паго́н (Нас.), паго́нь (ТС) ’тс’. Рус. пого́ня, укр. пого́ня, пого́нь, ст.-рус. погон, погоня, погона (13 ст.), польск. pogoń ’тс’, серб.-харв. погон ’рухаючая сіла цягі’, славен. pogon ’пагоня’. Ад pogъnati (гл. гнаць) з рознымі суф.: ъ, ja, . Праславянская мадэль з іншай аналагічнай ступенню ў назоўніку.

Паго́ня2 ’невялікае балота’ (Шатал.), пого́ня ’невялікае балота, заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), пого́ня ’месца, якое заліваецца вадой у час паводкі або пасля дажджу; сена, якое скошана на такіх месцах’ (Клім., 58), ’нізіна, балоцістая даліна’ (ТС), ’вузкая лагчына, месца сцёку вод пры вясновым раставанні і атмасферных ападках’, ’вузкая і доўгая нізінная мясцовасць сярод больш узвышанай’, ’вельмі густыя зараснікі, якія цягнуцца больш на балоце і нізкіх месцах’ (Талстой, Геогр., 196). Палескі геаграфічны тэрмін. Ад pogъnati з суф. ‑ja: утворана па праславянскай мадэлі з унутранай формай ’месца, дзе гоніць ваду’ (гл. Талстой, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тралява́ць1 ’транжырыць’ (Ласт.), тролёва́ць ’раздаваць, разбазарваць’ (ТС). Утворана ад гукапераймання тра-ля-ля ’весела спяваць’ > ’весела бавячыся, растранжырваць (грошы, маёмасць)’. Аналагічна ням. trällern ’весела напяваць’, літ. traliúoti ’спяваць тра-ля-ля’. Параўн. траляля́каць ’тс’ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 73), трэ́ляць ’сноўдацца без пэўных заняткаў’: месец тролю́е чоловек у Сочах (ТС).

Тралява́ць2 ’падцягваць драўніну з лесу да сплаву’, ’ісці, рухацца’, ’пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Адм., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’перавозіць з месца на месца’ (Чуд.), ’таптаць пасевы, ходзячы ўздоўж палос’ (Шат.), трылява́ць ’выводзіць бярвенні з лесасекі на чыстае, больш прасторнае месца’ (падзе., Нар. сл.; Буз.); тролева́ць, тролёва́ць, тралёва́ць, трэ́ляць ’выносіць, выцягваць з цяжкадаступных месцаў нарыхтоўкі (пра лес, ягады і інш.)’ (ТС), тра́ліць ’траляваць’ (брагін., Мат. Гом.). Выводзіцца з польск. trelować ’выцягваць бярвенні з вады на склад’, ’цягнуць плуг’, ’бурлачыць, цягнуць судна людзьмі або коньмі’, што да англ. trailцягнуцца, валачыцца’, ’буксіраваць’, ’таптаць траву’. Сюды ж тралява́нне ’дастаўка лесу на прыстань’ (Некр.), траля́р ’тралёўшчык’ (Мат. Гом.), тралёўка ’вывазка’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трындзе́ць ‘многа гаварыць аб чымсьці нязначным; хлусіць’ (Мілк. Сл., Аляхн.), трындзе́ць, трындзі́ць ‘вярзці, гаварыць глупствы’ (Васільковая сп., Вушац. сл.), трындзі́ць ‘хутка гаварыць абы-што’ (Сцяшк. Сл.), ‘вярзці’ (слонім., Жыв. НС), трындзі́ць, тырындзі́ць ‘пустасловіць, гаварыць абы-што’ (Скарбы), трыньді́ты ‘многа гаварыць, балбатаць’ (Клундук), сюды ж дэвербатывы трында́ ‘пустамалот, балбатун’, ‘балбатлівы чалавек’ (там жа), тры́нда ‘хлус, падманшчык’ (Аляхн.). Параўн. укр. дыял. три́ндати ‘трасці адзенне на сабе, ісці трасучыся’, рус. тры́ндить ‘гаварыць, навязліва паўтараць, балбатаць; распускаць плёткі’, польск. дыял. tryndać ‘круціцца, не сядзець на месцы, блытацца пад нагамі’, каш. trińdać ‘таптаць’, ‘збіваць масла’. Утворана на базе гукапераймальнага тры́нды (прыпеў), параўн.: Tryndy baba, tryndy dzied, / Zdochla baba, zdochnie dzied! (Федар., 6, 64), гл. трынды, трынды-рынды. Параўн. меркаванне пра паралельныя «звонкія» варыянты дрындаць (гл. дрындушка), польск. dryndaćцягнуцца, трасціся на возе’, славац. дыял. drindať ‘бегчы, тупацець’ (SEK, 5, 169). Гл. Брукнер, 99 (памылкова звязвае з tryny ‘апілкі’), ЕСУМ, 5, 639; Арол, 4, 110. Параўн. таксама трандзіць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

trail2 [treɪl] v.

1. цягну́ць; цягну́цца

2. валачы́; валачы́ся;

She trailed five children after her. Яна цягнула за сабою пяцярых дзяцей.

3. сла́цца; абвіва́ць, абвіва́цца; пле́сціся (пра расліны);

Creepers trailed over roofs and walls. Паўзучыя расліны абвівалі дахі і сцены.

4. infml зама́ньваць; падма́нваць; рэкламава́ць (па радыё)

5. сачы́ць, высо́чваць;

trail a wild animal высо́чваць дзі́кую жывёліну

trail away [ˌtreɪləˈweɪ] phr. v. =

trail offtrail off [ˌtreɪlˈɒf] phr. v. заціха́ць, заміра́ць (асабліва пра размову);

The discussion trailed off into futilities. Абмеркаванне было марным.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

drag

[dræg]

1.

v.t. (-gg-)

1) цягну́ць, валачы́

to drag away — адцягну́ць, адвалачы́

to drag in — уцягну́ць

2) драгава́ць

3) баранава́ць

2.

v.i.

валачы́ся, пле́сьціся, цягну́цца

to drag oneself behind — су́нуцца за кім

3.

n.

1) дра́га f.

2) перашко́да, замі́нка f.

3) ні́зкія мо́цныя са́ні

4) цяжка́я барана́

5) то́рмаз -у m

6) ну́дная асо́ба

- drag on

- drag out

- drag one’s feet

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

сезо́н, ‑а, м.

1. Адна з чатырох пор года. Летні сезон. □ Што ні кажы, на дварэ трыццаць градусаў, а касцюм у хлопца яўна не па сезону. Беразняк. Як ніткі — тоненькія бровы, і кудзерцы — бялюткі лён. Пашые дзяўчына абновы На ўсю вясну, на ўвесь сезон. Пысін.

2. Частка года, найбольш прыдатная для якіх‑н. работ, адпачынку і пад. Будаўнічы сезон. Купальны сезон. □ Ці ж гэта жарт — бесперабойна працаваць увесь сезон, захаваць у спраўнасці ўсе машыны і ўвосень на іх даваць па дзве — дзве з палавінай нормы. Хадкевіч. На Чорным моры ў верасні сама што сезон. Васілёнак. Кожны з тэатраў рэспублікі за сезон ужо ставіць па некалькі арыгінальных твораў. «Полымя». Дачакаліся мы паляўнічага сезона палявання на птушак. Ведаеце, рукі самі так і цягнуцца да стрэльбы. Грамовіч. // Час выспявання якіх‑н. пладоў і пад. Вінаградны сезон.

•••

Бархатны сезон — асеннія месяцы (верасень, кастрычнік) на поўдні.

Мёртвы сезон — перыяд застою ў прамысловасць гандлі (у капіталістычных краінах).

[Фр. saison.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

sweep

[swi:p]

1.

v.t. swept, sweeping

1)

а) замята́ць, падмята́ць; ме́сьці

б) чы́сьціць

to sweep a chimney — чы́сьціць ко́мін

2) ме́сьці (пра завіру́ху)

3) зьмята́ць, зрыва́ць, зно́сіць

A flood swept away the bridge — Паво́дка сарва́ла мост

4) цягну́цца па падло́зе (пра до́ўгую суке́нку)

5) ахапля́ць, апано́ўваць

The idea of independence swept the country — Ідэ́я незале́жнасьці ахапі́ла краі́ну

2.

v.i.

распасьціра́цца, цягну́цца

The shore sweeps for miles — Бе́раг ця́гнецца мі́лямі

3.

n.

1) вымята́ньне, падмята́ньне n.

2) паве́ў -ву m.

3) плынь f.

4) узма́х -у m.

He cut the grass with strong sweeps of his scythe — Ён касі́ў траву́ мо́цнымі ўзма́хамі касы́

5) прасто́ра, паласа́ f. (зямлі́)

6) каміна́р -а m.

7) падмята́йла -ы m. & f.

8) во́чап -а m. (кало́дзежнага жураўля́)

9) канчатко́вая перамо́га, по́ўны вы́йгрыш (у спо́рце)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Ве́сці ’накіроўваць рух каго- або чаго-небудзь’; ’будуючы, пракладваць у пэўным парадку’; ’мець пэўны напрамак’; ’хіліць на што-небудзь, адольваць’; ’хіліць убок ад хваробы, ап’янення’ (КТС, БРС, Касп.); ’цягнуць’ (БРС); ’валаводзіць’, весьці брэдню ’трызніць’ (Касп.), вясьці злосьць ’доўгі час злавацца, гневацца, помсціцца’ (КЭС, лаг.), навагр. весьці дзіця ’нарадзіць дзіцё’ (Кл., КТС). Ужываецца таксама з прэфіксамі: аб‑, вы‑, да‑, з‑, на-, пера-, пры‑, раз-, у‑ і інш. у розных значэннях. Сюды ж весціся ’адбывацца, ажыццяўляцца, праводзіцца’; ’жыць, пладзіцца’; ’быць звычаем, падтрымлівацца’; ’цягнуцца кім- або чым-небудзь’ (КТС, БРС); ’цягнуцца патроху’; ’шанцаваць у жыцці’ (КЭС). Прасл.: укр. вести ’весці; спяваць, цягнуць голасам; размаўляць; прасці, выводзіць нітку; камандаваць, распараджацца’, вестися ’весціся’, рус. вести ’весці, суправаджаць, памагаць ісці; рабіць, здзяйсняць; кіраваць, быць загадчыкам’, арханг. ’дзьмуць, пранікаць усюды (аб ветры)’, валаг. ’раставаць (аб снезе); уздымацца (аб цесце)’, арханг. вести свадьбу ’спраўляць вяселле’, польск. wieść ’весці, быць на чале; быць уваходам куды-небудзь’, wieść się ’шанцаваць, паходзіць’, каш. vjesc, в.-луж. wjesć ’весці’, wjésć so ’паводзіць сябе; мецца’, чэш. vésti ’суправаджаць, паказваць дарогу; кіраваць, быць загадчыкам, быць на чале; мець кірунак’, vésti se ’мецца, шанцаваць’, славац. viesť ’даваць кірунак, накіроўваць’; ’суправаджаць, прыводзіць’; ’весці эскортам’; ’весці каналам (ваду, нафту)’; ’кіраваць (машынай, караблём)’; ’пракладваць’ і ’кіраваць, весці дзейнасць’; ’выконваць пэўную работу’; ’праводзіць (цяпло, электрычнасць)’; ’весці размову, дэбаты’ і інш., viesť sa ’мецца, шанцаваць’, славен. vȇsti ’весці; дапамагаць; служыць чаму-небудзь’; ’выгадна прадаць’, vȇsti se ’трымаць, паводзіць сябе’, серб.-харв. во̀дити ’весці’, макед. води, балг. водя, ст.-слав. ведѫ, вести ’тс’. Выступае ў асновах *ved‑/*vod‑ і *vad‑. Мае адпаведнікі ў балтыйскіх мовах: літ. vèsti, vedù ’весці; кіраваць, быць на чале чаго-небудзь; жаніцца з кім-небудзь; прыносіць, нараджаць’, лат. vest, vedu ’весці’; ’вадзіць (машыну)’, vesties ’шанцаваць, добра ісці (аб рабоце)’, ст.-прус. weddē ’вяду’, а таксама ў ірл. fedid ’вядзе’, ст.-перс. vādajeiti ’вядзе, цягне’. Такім чынам, прасл. vedti (dt > tt > st) утворана пры дапамозе суф. ‑ti ад асновы ved‑, якая ўзыходзіць да і.-е. кораня *u̯edh‑ (Фік, 1, 4, 129; Уленбек, 269). Гл. таксама Фасмер, 1, 284; ЭСРЯ, 1, В, 74–75; Голуб-Копечны, 413; Брукнер, 619; Махэк₂, 685; БЕР, 1, 170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)