падклас базідыяльных грыбоў. Аб’ядноўвае 2 парадкі: аўрыкулярыяльныя (Auriculariales) і дрыжалкавыя (Tremellales). Пашыраны пераважна ў тропіках, субтропіках і ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У Еўропе каля 100 відаў, з іх на Беларусі 20. Большасць сапратрофы (дакрыміцэс, калоцэра, дрыжалка і інш.), некат. паразіты (гелікабазідый, септабазідый). Есць ядомыя (аўрыкулярыя).
Характэрная асаблівасць гетэрабазідыяміцэтаў — складаныя, шматклетачныя або з вельмі буйнымі стэрыгмамі базідыі (гетэрабазідыі). Пладовыя целы ад 0,2 да 20 см, разнастайнай будовы і афарбоўкі, у асн. студзяністай кансістэнцыі. Гіменій размешчаны на ўнутр. паверхні пладовага цела або ўкрывае ўсю яго паверхню. Пры высыханні ўтвараюць рогападобныя плеўкі (скарыначкі), пры вільготным надвор’і прымаюць ранейшую форму. Базідыяспоры шматклетачныя, прарастаюць, утвараючы другасную спору або дробныя канідыі.
сіла супраціўлення руху цела ў вадкасці (газе); сіла супраціўлення руху вадкасці (газу), выкліканая ўплывам сценак труб, каналаў і інш.
Гідрадынамічнае супраціўленне ў выпадку руху цела ў газах наз. аэрадынамічным супраціўленнем, абумоўленае вязкасцю вадкасці — вязкасным супраціўленнем. На целы, што рухаюцца каля мяжы раздзелу вадкасць — газ, дадаткова ўздзейнічае хвалевае супраціўленне, абумоўленае стратамі энергіі на ўтварэнне хваль. Для змяншэння гідрадынамічнага супраціўлення целам надаюць абцякальную форму, выкарыстоўваюць метады ўздзеяння на пагранічны слой і інш. Гідрадынамічнае супраціўленне ўлічваюць пры праектаванні і буд-ве лятальных апаратаў, марскіх і рачных суднаў, розных гідратэхн. збудаванняў, установак, апаратаў (турбінныя ўстаноўкі, паветра- і газаачышчальныя апараты, газа-, нафта- і водаправодныя магістралі, кампрэсары, помпы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЯГА́ННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
прасторавае размяшчэнне, форма і ўзаемаадносіны геалагічных цел у зямной кары. Вызначаецца элементамі залягання (распасціранне, напрамак і вугал нахілу слаёў або пластоў), якія вымяраюцца горным компасам. Для асадкавых парод характэрна пластападобная форма, першапачаткова блізкая да гарыз. залягання. Вулканічныя пароды залягаюць у выглядзе пластоў патокавай і покрыўнай формы. Магматычныя інтрузіўныя пароды ўтвараюць геал.целы (баталіты, штокі, дайкі, лакаліты, сілы і інш.). Метамарфічныя пароды залягаюць масівамі на вял. плошчы, ахопленай працэсамі метамарфізму. Адрозніваюць непарушанае (нармальнае) і парушанае З.г.п., а таксама згоднае (калі слаі фарміраваліся ў нармальнай узроставай паслядоўнасці) і нязгоднае (стратыграфічны перарыў або размыў горных парод; вуглавая нязгоднасць — калі маладыя асадкі залягаюць над пародамі, змятымі ў складкі, ці манаклінальна нахіленымі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЦЫУМ (Calicium),
род парашкаплодных лішайнікаў сям. каліцыевых. 90 відаў. Пашыраны ў Галактыцы, трапічных і субтрапічных краінах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 8 відаў, найчасцей трапляюцца К.: піхтавы (C. abietinum), бэлечны (C. trabinellum), зялёны (C. viride) на кары хвойных і лісцевых дрэў, гнілой драўніне; К. усыпаны (C. adspeisum) занесены ў Чырв. кнігу.
Слаявіна накіпная, тоўстая, зярністая шэра-карычневага колеру, на ёй цвікападобныя пладовыя целы (апатэцыі), бывае малапрыкметная, паглыбленая ў драўніну, без пладовых цел. Апатэцыі на ножках выш. да 5 мм з шырокім выпуклым дыскам, на якім утвараецца спорападобная маса. Сумкі цыліндрычныя, споры 1—2-клетачныя, бываюць з перацяжкай пасярэдзіне. Водарасці (фікабіёнты) родаў Protococcus, Stichococcus, Trentepohlia.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДЗІ́НА (Cladina),
род кусцістых лішайнікаў сям. кладоніевых. 43 віды. Пашырана ў тундры, лесатундры, таежнай зоне. На Беларусі 6 відаў, найб. вядомыя К. аленевая (C. rangiferina), зорчатая (C. stellaris), лясная (C. arbuscula), мяккая (C. mitis). Растуць на пясчаных глебах у хваёвых лясах, утвараючы суцэльнае покрыва, трапляюцца на гнілой драўніне, купінах балот.
Першасная слаявіна — гарыз. непрыкметная бугрыстая скурачка, якая хутка знікае; другасная — верт. разгалінаваныя вырасты (падэцыі), утвараюць дзярнінкі выш. да 20 см. Пладовыя целы (апатэцыі) на канцах галінак, карычневыя, трапляюцца рэдка. У сумцы 8 спор. Споры бясколерныя 1—2—4-клетачныя. Фікабіёнт — зялёная водарасць Trebouxia. Корм для капытных жывёл (гл.Ягель), выкарыстоўваецца ў медыцыне; індыкатар забруджвання навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЯКІ́ (Suillus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. Каля 50 відаў, усе ядомыя. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 5 відаў М.: балотны (S. flavidus), летні, або зярністы (S. granulatus), лістоўнічны (S. grevillei), позні (S. luteus), шэры (S. aeruginascens). Трапляюцца пераважна ў хваёвых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца з мая па кастрычнік.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, гладкая, ліпка-слізкая, белаватая, шараватая, бурая, жоўтая, жоўта-бурая. Ножка суцэльная, цыліндрычная, часта з кольцам. Спараносны слой трубчасты, прырослы. Мякаць тоўстая, мяккая. з прыемным пахам і смакам. Споры эліпса-верацёнападобныя, гладкія, светлыя, жаўтавата-бураватыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАСФЕРЭ́ЛА (Mycosphaerella),
род сумчатых грыбоў сям. мікасферэлавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў, большасць якіх выклікаюць плямістасці раслін, асабліва лісця. Найб. вядомыя М.: кропкападобная (M. punctiformis), малінавая (M. rubi), парэчкавая (M. ribis), смуродная (M. sentina), суніцавая (M. fragariae) і інш.
Пладовыя целы (псеўдатэцыі) дыям. 0,5—0,8 мм, шарападобныя ці пляскатыя, паглыблены ў субстрат і маюць простую адтуліну (порус). Сумкі (ад 4—6 да 70—100) цыліндрычныя або булавападобныя ў псеўдатэцыях. Сумкаспоры (па 8—16) бясколерныя ці жаўтаватыя. Найб. актыўная канідыяльная стадыя (адносіцца да грыбоў родаў септорыя і цэркаспора). Сумчатая стадыя звычайна развіваецца на адмерлых і перазімавалых рэштках раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГНІЮ́ЧНІК (Marasmius),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі 16 відаў. Найб. вядомыя Н.: Бульяра (M. bulliardii), галінкавы (M. ramealis), лістападны (M. epiphyllus), лугавы, ці апенька лугавая, або варушка (M. oreades), тычынкападобны (M. androsaceus), часночны, або часночнік (M. scorodonius). Трапляюцца на глебе, лясным подсціле, пнях, ламаччы. Здольныя раскладаць найб. стойкія кампаненты ападу лісця і хвоі — лігнін і цэлюлозу. Пладовыя целы паяўляюцца ў чэрв. — верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы — пераважна дробнае, пры адміранні высыхае. Шапка рознай формы, цёмнаафарбаваная, радзей светлая. Пласціны прырослыя, свабодныя, рэдкія. Ножка цыліндрычная, жорсткая, гнуткая. Мякаць тонкая, шчыльная. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ёсць ядомыя (напр.. апенька лугавая, часночнік).