ЛАПЦІ́НСКІ Ігар Васілевіч (н. 11.1. 1930, г. Магілёў),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1951). З 1951 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. У 1963—94 рэжысёр (1975—80 гал. рэжысёр), з 1994 на студыі літ.-драм. праграм Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод роляў: Гільём («Салавей» З.​Бядулі), Брыгадзір Янка («Крылы» А.​Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К.​Губарэвіча), Пракурор (1000 франкаў узнагароды» В.​Гюго), Пэра («Пані міністэрша» Б.​Нушыча). Яго пастаноўкі радыёспектакляў вылучаюцца глыбокім зместам, жыццёвай пераканаўчасцю, эмацыянальнай насычанасцю: «Спартак» паводле Р.​Джаваньёлі (1987), «Палескія рабінзоны» паводле Я.​Маўра (1989), «Дарога на дваіх» (1996), «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» (усе паводле М.​Калошкі), «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А.​Сыскаўца, «Лівень» паводле А.​Жука (усе 1997), «Час дыназаўра» паводле Л.​Шчэрбача (1998). Паставіў лірычна-дакумент. радыёаповесць Г.​Пашкова «Палескія вандроўнікі» (1998; Дзярж. прэмія Беларусі 1998).

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУ́ЧАК Валянцін Мікалаевіч (н. 4.9.1909, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў акцёрскі (1929) і рэжысёрскі (1932) факультэты Дзярж. тэатр. эксперым. майстэрні пад кіраўніцтвам У.​Меерхольда. З 1929 акцёр у Т-ры імя Меерхольда. Адзін з заснавальнікаў Дзярж. тэатр. маскоўскай студыі (1940; з 1941 франтавы т-р).

З 1942 узначальваў Т-р Паўн. флоту, з 1945 Маскоўскі гастрольны т-р. З 1950 рэжысёр, у 1957—2000 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра Сатыры. Пастаноўкам характэрны публіцыстычная вастрыня, дынамічныя мажорныя вырашэнні, схільнасць да гіпербалы, сатыры і гратэску: «А ці быў Іван Іванавіч?» Назыма Хікмета, «Містэрыя-Буф» У.​Маякоўскага (абедзве 1957), «Цёркін на тым свеце» А.​Твардоўскага (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.​Гогаля (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка (1973), «Самазабойца» М.​Эрдмана (1981), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1983) і інш. Аўтар кн. «На сцэне — Маякоўскі» (1962).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕ́ЛЬНІКАЎ Мікалай Мікалаевіч (12.2.1855, г. Харкаў, Украіна — 19.4.1939),

расійскі і ўкраінскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. Украіны (1934). Нар. арт. Расіі (1934). З 1873 акцёр, пазней і рэжысёр у т-рах Харкава, Мікалаева, Казані і інш. У 1900—09 гал. рэжысёр Т-ра Корша ў Маскве, у 1910—13 трымаў антрэпрызу ў Харкаве і Кіеве. Рэфарматар правінцыяльнай сцэны, вял. ўвагу аддаваў акцёрскаму ансамблю. Увёў сістэму абанементаў і спектакляў для моладзі па зніжаных цэнах. Пасля 1917 у т-рах Саратава, Растова-на-Доне, з 1933 у Харкаўскім рус. драм. т-ры. Сярод лепшых пастановак: «Плады асветы» Л.​Талстога (1893), «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава (1897), «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава (1901), «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1934), «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага (1935) і інш. Выкладаў у Харкаўскім тэатр. вучылішчы.

Тв.:

Шестьдесят лет на сцене. Харьков, 1935.

Літ.:

Слонова Н. Н.​Н.​Синельников. М., 1956.

т. 14, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЖАНЦАЎ Юрый Парыгоравіч (24.2.1928, г. Табольск, Расія — 10.11.1979),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1953). З 1955 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1958 выкладчык Бел. кансерваторыі, з 1965 гал. рэжысёр Бел. філармоніі. Сярод пастановак: оперы «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ (1956), «Манон» (1958) і «Вертэр» (1959) Ж.​Маснэ, «Калючая ружа» Ю.​Семянякі (з В.​Броўкіным, 1960), «Церам-церамок» І.​Польскага (1961), «Кето і Катэ» В.​Далідзе (з Дз.​Смолічам, 1962), «Рафаэль» А.​Арэнскага (1963), «Трубадур» (1964) і «Рыгалета» (1968) Дж.​Вердзі, «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці (1965), «Андрэй Касценя» М.​Аладава (з А.​Маралёвым, 1970); аперэты «Карневільскія званы» Р.​Планкета (1.959) і «Цыганскі барон» І.​Штрауса (1960); у опернай студыі Бел. кансерваторыі — «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага, «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта, «Травіята» Вердзі, «Павел Карчагін» П.​Падкавырава.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 16, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯСЛЮ́К Уладзімір Паўлавіч (25.10.1913, Мінск — 22.1.1977),

бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Маскоўскі тэхнікум цыркавога мастацтва (1932). З 1933 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, з 1935 на Мінскай студыі кінахронікі. У Вял. Айч. вайну франтавы аператар: удзельнічаў у здымках фільмаў «Дзень вайны» (1942), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944) і інш.; яго кадры выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З 1946 на кінастудыі «Беларусьфільм». Здымаў хроніку, дакумент. і навук.-папулярныя фільмы. Аператар фільмаў «Шчасце народа» (1949), «Народны паэт» (1952), «Кастусь Каліноўскі», «Магілы не маўчаць» (абодва 1963), «Птушка «ікс» (1972) і інш. Выступаў як рэжысёр: «Сустрэча герояў Брэста» (1961, з У.​Шэлегам), «Штрыхі да партрэта» (1968, з І.​Пікманам і Р.​Ясінскім), «Край крынічны» (1972). Рэжысёр-аператар фільмаў «Балгарскія сустрэчы» (1961), «Па дарогах Беларусі» (1967), «У добры шлях» (1969), «Паўстагоддзя ў кіно» (1971) і інш.

В.​І.​Смаль.

т. 17, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІСЕ́НКА Валерый Данілавіч (н. 5.6.1944, г. Талачын),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965), Вышэйшыя рэжысёрскія тэатр. курсы пры Ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1978). У 1965—67 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, у 1969—77 у т-ры Я.​Купалы. У 1960—70-я г. займаўся канцэртнай дзейнасцю як чытальнік. З 1979 гал. рэжысёр Бел. рэсп. т-ра юнага гледача, Тэатра-студыі кінаакцёра, Бел. радыё. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫЧЫ́НСКІ Якуб Побуг, рэжысёр і акцёр 18 ст. Харунжы, камендант нясвіжскага кадэцкага корпуса кн. М.​К.​Радзівіла Рыбанькі. Акцёр-аматар і рэжысёр т-ра Ф.​У.​Радзівіл, у 1746—53 абавязковы ўдзельнік спектакляў у Нясвіжы і Альбе. У камедыі «Дасціпнае каханне» Ф.​У.​Радзівіл выканаў ролю Дзіяны. Навучаў кадэтаў сцэн. мастацтву, рыхтаваў іх да ўдзелу ў драм. і балетных спектаклях. У 1750 удзельнічаў у арганізацыі друкарні ў Нясвіжы. У 1754 у Жоўкве (г. Несцераў, Украіна) выдаў «Камедыі і трагедыі» Ф.​У.​Радзівіл.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РА (Jara) Віктар (1938, Чылі — 18.9.1973),

чылійскі спявак, кампазітар, паэт, рэжысёр, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Працаваў у Тэатр. ін-це (рэжысёр, педагог), тэатр. школе Чылійскага ун-та. У 1966—69 кіраўнік фалькл. вакальна-інстр. ансамбля «Кілапаюн». Даследаваў чылійскі муз. фальклор. Актыўны дзеяч грамадска-паліт. руху музыкантаў Лац. Амерыкі «Новая песня», прапагандыст лац.-амер. паліт. песні. Аўтар песень (тэкстаў і музыкі; больш за 50), музыкі да тэлефільмаў і драм. спектакляў. Забіты ваен. хунтай.

Літ.:

Хара Д. Виктор — прерванная песня: Пер. с англ. М., 1986.

т. 16, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЕ́ХІН Васіль Васілевіч (5.5.1906, Масква — 3.10.1963),

бел. рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыў эксперым. майстэрні пры Дзярж. т-ры імя У.​Меерхольда (1935). 1936 рэжысёр у БДТ-3, з 1937 маст. кіраўнік Мазырскага калг.-саўг., у 1938—41 і 1946 Палескага з 1946 гал. рэжысёр Пінскага абл. драм. т-раў, з 1952 рэжысёр Белдзяржэстрады, з 1955 Бел. т-ра юнага гледача. Творчасці ўласцівы ўменне ствараць спектаклі з нац. каларытам, выкарыстоўваць сродкі муз. выразнасці. Сярод работ у БДТ-3 — «Пушкінскі спектакль», «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава (абедзве 1937); у Мазырскім т-ры — «Партызаны» К.​Крапівы, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» і «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (усе 1938); у Палескім т-ры — «Хто смяецца апошнім» Крапівы, «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (абедзве 1939), «Любоў Яравая» К.​Транёва (1946); у Пінскім т-ры «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Несцерка» В.​Вольскага (абедзве 1947), «Гэта было ў Мінску» А.​Кучара (1948), «З народам» К.​Крапівы (1949), «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (абедзве 1952); у т-ры юнага гледача — «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага (1956), «Прыгоды Чыпаліна» Дж.​Радары (1957), «Не верце цішыні» І.​Шамякіна (1958, з. Л.​Мазалеўскай), «Авадзень» паводле Э.​Войніч (1961), «Пара любві» В.​Катаева (1963).

Літ.:

Стэльмах У. Васіль Пацехін // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982.

У.​І.​Няфёд.

В.В.Пацехін.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЫШКІЛІЯ́НІ Атар Міхайлавіч (н. 21.8.1923, г. Новачаркаск, Расія),

балетмайстар і оперны рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1961). Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1955). З 1955 балетмайстар у розных т-рах Расіі. З 1965 гал. балетмайстар, у 1972—76 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 гал. рэжысёр Ніжагародскага т-ра оперы і балета. Д.-балетмайстру ўласцівы сцвярджэнне рэаліст. вобразнасці, пошукі ў галіне сцэн. формы. Актыўна супрацоўнічаў з бел. кампазітарамі. Першы пастаноўшчык балетаў «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.​Глебава, «Пасля балю» Г.​Вагнера (1971). Сярод інш. пастановак на бел. сцэне: балеты «Спартак» А.​Хачатурана (1964), «Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга (1966), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1968), оперы «Хаваншчына» М.​Мусаргскага (1970), «Пікавая дама» (1972) і «Іаланта» (1975) П.​Чайкоўскага, «Дон Жуан» В.​А.​Моцарта (1973), «Русалка» А.​Даргамыжскага (1974). У Ніжагародскім т-ры паставіў балет «Маленькі прынц» Глебава (1982).

А.​І.​Калядэнка.

А.М.Дадышкіліяні.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)