КАФЕРМЕ́НТЫ [ад лац. co (cum) разам + ферменты], каэнзімы,

арганічныя злучэнні небялковай прыроды, якія ўваходзяць у склад ферментаў. Неабходныя для многіх складаных ферментатыўных рэакцый (сувязное звяно паміж 2 рознымі ферментамі). Пры злучэнні з апаферментам К. ўтвараюць каталітычна актыўны комплекс (холафермент). Могуць аддзяляцца ад бялковай часткі ферменту і пераносіць атамы ці групы атамаў, што адшчэпліваюцца ферментам ад субстрату. Трывала звязаныя з бялком К. наз. прастэтычнай групай. Большасць К. — вытворныя вітамінаў, адсутнасць якіх у ежы чалавека і жывёл прыводзіць да недастатковай актыўнасці некат. ферментаў і выклікае парушэнні абмену рэчываў.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЖАЧО́К,

аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл. гл. да арт. Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см²), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1501.

Выдадзены 25.10.1501 новаабраным каралём польскім Аляксандрам (вял. князь ВКЛ з 1492) у г. Мельнік (Падляшскае ваяв. ВКЛ, цяпер у Польшчы). Быў вымушанай уступкай Аляксандра польскай магнацкай алігархіі пры заключэнні уніі ВКЛ і Польшчы (гл. Мельніцкі акт 1501). Паводле М.п. без згоды сената дзеянні караля не мелі юрыд. сілы. Пры парушэнні дзярж. актаў каралём сенат меў права яго дэтранізаваць і абраць новага. Шырокае супраціўленне шляхты Польшчы і ВКЛ устанаўленню магнацкай алігархіі дазволіла каралю не выконваць палажэнні М.п. Скасаваны ў 1504—05.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАВА Маіна Пятроўна (н. 29.4.1929, в. Падмішнёўе Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі і гематалогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1976). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1953) і працавала ў ім у 1959—97. Навук. працы па праблемах абмену мікраэлементаў у арганізме, ролі радыеактыўных элементаў у парушэнні метабалізму і развіцці лейкозаў у дзяцей.

Тв.:

Калий-40 в органах больных острым лейкозом // Актуальные проблемы теоретической и клинической медицины. Мн., 1973;

Лейкозы у детей. Мн., 1981;

Руководство по гематологическим болезням у детей. Мн., 1988.

т. 12, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДПУХЛІ́ННЫЯ ЗАХВО́РВАННІ,

перадпухлінныя станы, паталагічныя працэсы і хваробы, якія папярэднічаюць развіццю рака. Падзяляюць на 2 групы: аблігатныя і факультатыўныя. Аблігатныя (пігментная ксерадэрма, прыроджаны паліпоз тоўстай кішкі) абавязкова з цягам часу пераходзяць у рак. Умоўна да аблігатных П.з. адносяць нейрафібраматоз, які таксама пераходзіць у злаякасную пухліну — нейрафібрасаркому. Факультатыўныя П.з. (захворванні з гіперпластычнымі і дыспластычнымі працэсамі, прыроджаныя парушэнні структуры тканак) не абавязкова пераходзяць у ракавую пухліну. Многія органы могуць мець факультатыўныя П.з., напр., страўнік — хранічную язву, атрафічны гастрыт, залозісты паліп; малочная залоза — фібраадэному, кістозна-фіброзную мастапатыю; печань — цырозы і інш.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСЬ, віціліга (лац. vitiligo хвароба скуры, лішай),

набытая хвароба скуры чалавека, якая выяўляецца дысхраміяй (дэпігментаваныя плямы розных памераў і формы). Узнікненню П. садзейнічаюць нервова-эндакрынныя парушэнні, хранічныя запаленчыя захворванні ўнутр. органаў, інтаксікацыя са зніжэннем забяспечанасці арганізма меддзю, цынкам і інш. Складае 3—4% ад усіх дэрматозаў. Прыкметы: асобныя ці множныя плямы колеру алебастру або слановай косці, схільныя да павелічэння, пры пашыраных формах скура набывае снежна-белы колер, валасы на плямах абясколерваюцца. П. можа спалучацца са склерадэрміяй, колападобным аблысеннем і інш. Лячэнне комплекснае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДААХО́ЎНЫЯ НО́РМЫ,

эколага-прававыя патрабаванні да прыродакарыстальнікаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Накіраваны на задавальненне патрэб грамадства ў ахове прыроды і забеспячэнні аптымальнай якасці навакольнага асяроддзя. Замацаваны ў прыродаахоўным заканадаўстве, дапаўняюцца экалагізаванымі нормамі гасп., адм., грамадз., крымін. і інш. заканадаўстваў, якія канкрэтызуюць матэрыяльныя, арганізац. і прававыя гарантыі выканання П.н. У адпаведнасці з імі ўстанаўліваюцца ліміты здабычы прыродных рэсурсаў або нормы выкідаў у навакольнае асяроддзе забруджвальнікаў. Пры парушэнні П.н. ужываюцца пэўныя санкцыі (штрафы, прыпыненне ці забарона эксплуатацыі абсталявання, цэхаў, вытв-сцей і інш.).

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМА́ГА,

агульнае пачуццё, якое развіваецца пры абядненні арганізма вадой або пры парушэнні ў крыві нармальных суадносін паміж вадой і мінер., а таксама арган. рэчывамі. Узнікае пры павышэнні асматычнага і анкатычнага ціску крыві і спіннамазгавой вадкасці, што звязана з павелічэннем у іх саставе канцэнтрацыі іонаў натрыю. У выніку ў галаўным мозгу ўзбуджаецца пітны цэнтр і адбываецца перабудова нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае захаванне водных рэсурсаў арганізма, а таксама выклікае паводзінскія рэакцыі, звязаныя з пошукамі і ўжываннем вады. Фізіял. С. выклікаецца стратай прыблізна 350 мл вады ў чалавека масай 70 кг.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУСКАВЕ́Ц,

горад на Украіне, у Львоўскай вобл., у перадгор’ях Карпат. Вядомы з 1462, горад з 1948. Каля 40 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. З-д па разліве мінер. вады. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Бальнеалагічны курорт. Засн. ў 1827 (першая бальнеалячэбніца). Клімат умерана кантынентальны. Асн. прыродны лек. фактар — мінер. крыніцы з хларыдна-сульфатнанатрыевымі водамі на піццё, ванны, інгаляцыі. Найб. вядомая вада «Нафтуся» (гідракарбанатна-кальцыева-магніевая слабамінералізаваная з высокім утрыманнем арган. рэчываў). Лечаць хваробы нырак, страўніка, печані і жоўцевых шляхоў, парушэнні абмену рэчываў. Санаторыі, пансіянаты, курортная паліклініка.

т. 15, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІЗА́ЦЫЯ,

кірунак навукова-тэхн. прагрэсу ў нар. гаспадарцы, які характарызуецца ўкараненнем хім. матэрыялаў і метадаў апрацоўкі ў вытв-сць і побыт. Дае магчымасць павышаць эфектыўнасць вытв-сці, удасканальваць тэхналогію, паляпшаць якасць прадукцыі, эканоміць прыродную сыравіну і інш. Матэрыяльная база Х. — хімічная прамысловасць. Найб. інтэнсіўна ідзе ў прам-сці і буд-ве (выкарыстанне пластмас і сінт. смол, хім. ваклонаў, лакаў, фарбаў і інш.) сельскай і лясной гаспадарцы (гл. Хімізацыя сельскай гаспадаркі). Парушэнні правіл транспарціроўкі. захоўвання і выкарыстання хім. сродкаў вядуць да хімічнага забруджвання навакольнага асяроддзя.

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)