АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),

навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.

Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.​Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.​Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.

Літ.:

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.

В.​І.​Бернік.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮКАКАРТЫКО́ІДЫ,

лекавыя прэпараты гармонаў кары наднырачнікаў. У мед. практыцы выкарыстоўваюць натуральны гідракартызон, прэднізалон, дэксаметазон, трыамцыналон, сінафлан, флуметазону півалат. Глюкакартыкоіды ўздзейнічаюць на вугляводны, тлушчавы і бялковы абмен. Маюць процізапаленчае, проціалергічнае і дэсенсібілізуючае дзеянне; выкарыстоўваюцца пры калагенозах, рэўматызме, запаленчых хваробах скуры, алергіі, пры лячэнні вострых лейкозаў, шокавым стане, перасадцы органаў і тканак, пры вострай і хранічнай недастатковасці наднырачнікаў. Пры працяглым ужыванні глюкакартыкоідаў у арганізме развіваецца адмоўны азоцісты баланс, запавольваецца загойванне ран, язваў і інш.; у дзяцей затрымліваецца развіццё і спыняецца рост. Некаторыя глюкакартыкоіды і іх сінт. вытворныя маюць уласцівасці мінералакартыкоідаў, выклікаюць затрымку натрыю ў тканках, гіпакаліямію.

А.​С.​Захарэўскі.

т. 5, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ГА (ісп. indigo ад грэч. indikos індыйскі),

арганічнае злучэнне, вытворнае індолу; кубавы фарбавальнік сіняга колеру. Крышталі цёмна-сіняга колеру з медным адценнем, плавяцца з раскладаннем, tпл 390—392 °C. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры, раствараецца ў аніліне, нітрабензоле, ледзяной воцатнай кіслаце. Натуральны І. вядомы з глыбокай старажытнасці. Атрымлівалі з трапічных раслін роду Indigofera і інш. індыганосаў. У 16 ст. завезены ў Еўропу. У канцы 19 ст. распачалі вытв-сць сінт. І., больш таннага і чыстага. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі тэкст. матэрыялаў (у асн. джынсавай тканіны), у вытв-сці чарніла, фарбаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́Р (італьян. minore ад лац. minor меншы; таксама moll ад лац. mollis мяккі),

музычны лад, у аснове якога ляжыць малое (мінорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае цёмную афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мажору (выяўляецца паняццем мінорнасці), што складае адзін з найб. важных эстэт. кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны і меладычны. Ускладненне 7-ступеннага гукарада М. звязана з вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з найб. пашыраных ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.

Літ.:

Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972.

Т.​С.​Ляшчэня.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ ТЭО́РЫІ,

эканамічныя тэорыі, якія разглядаюць узаемадзеянне паміж вытв-сцю і размеркаваннем яе вынікаў сярод удзельнікаў вытв-сці. Першапачаткова П.т. выступала ў выглядзе тэорыі фактараў вытв-сці (Ж.​Б.​Сей, К.​Ф.​Бастыя і інш), паводле якой кожны фактар вытв-сці (праца, капітал, зямля) удзельнічае ў стварэнні вартасці грамадскага прадукту і атрымлівае адпаведны даход у форме заработнай платы, прыбытку, рэнты. У канцы 19 ст. Дж.​Б.​Кларк распрацаваў тэорыю гранічнай прадукцыйнасці, у якой пад гранічным прадуктам разумеўся натуральны ўзровень даходу, што выплачваецца кожнаму з фактараў вытв-сці. П.т. цесна звязаны з гранічнай карыснасці тэорыяй.

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крыні́ца, -ы, мн. -ы, -ні́ц, ж.

1. Натуральны выхад падземных вод на паверхню зямлі, а таксама вадаём, які ўтварыўся на месцы выхаду падземных натуральных вод.

Прынесці вады з крыніцы.

2. перан., чаго. Тое, што дае пачатак чаму-н., служыць асновай для чаго-н.

К. святла.

К. дабра.

3. Пісьмовыя помнікі, дакументы, на аснове якіх пішуцца навуковыя даследаванні (спец.).

Мовазнаўчыя крыніцы.

Біць крыніцай — бурна развівацца, квітнець.

Жывая крыніца — пра тое, што існуе ў сваім першапачатковым, натуральным стане.

|| прым. крыні́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

real [ˈri:əl,ˈrɪəl] adj.

1. які́ рэальна існуе́; сапра́ўдны, рэа́льны;

real events рэа́льныя падзе́і;

in real life у рэа́льным жыцці́

2. натура́льны;

real silk натура́льны шоўк

3. непадро́блены, непрытво́рны, шчы́ры;

a real friend сапра́ўдны ся́бар;

He has a real interest in art. Ён па-сапраўднаму цікавіцца мастацтвам;

She is such a real person. У ёй няма ні кроплі прытворства.

for real не на жарт;

the real thing сапра́ўдная рэч; першакла́сны твор; то́е, што трэ́ба

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

неприкра́шенный непадфарбава́ны; непрыаздо́блены; (неподдельный) непадро́блены; (естественный) натура́льны; (голый) го́лы;

неприкра́шенная и́стина го́лая пра́ўда (пра́ўда без перабо́льшання);

в неприкра́шенном ви́де у непадфарбава́ным (непрыаздо́бленым) вы́глядзе (у вы́глядзе без прыхаро́швання).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

selection

[səˈlekʃən]

n.

1) выбіра́ньне n., вы́бар, падбо́р -у m.

a good selection of hats — вялі́кі вы́бар капелюшо́ў

2) Biol., natural selectionнатура́льны адбо́р

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ВІДАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс узнікнення новых біял. відаў і змяненне іх з цягам часу. Аснова відаўтварэння — спадчынная зменлівасць арганізмаў і натуральны адбор. Часта віды ўтвараюцца з продкавай формы шляхам яе раздзялення на некалькі новых. Адрозніваюць відаўтварэнне шляхам алапатрыі, сімпатрыі, скачкападобнае (выбуховае), звязанае з адаптыўнай радыяцыяй, і інш. яго формы. Прычыны, механізмы і скорасці відаўтварэння недастаткова высветлены.

Першую тэорыю відаўтварэння распрацаваў Ж.Б.Ламарк (1809). Заснавальнікам матэрыяліст. тэорыі відаўтварэння з’яўляецца Ч.​Дарвін (1859), які распрацаваў канцэпцыю дывергенцыі. Паводле сучаснага эвалюцыйнага вучэння (гл. Эвалюцыі сінтэтычная тэорыя) відаўтварэнне звычайна адбываецца пад кантролем дызруптыўнага адбору (спрыяе захоўванню крайніх фенатыпаў і элімінацыі прамежкавых) і не патрабуе вострай унутрывідавой канкурэнцыі як абавязковай умовы.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)