ІНДЫ́ГА (ісп. indigo ад грэч. indikos індыйскі),

арганічнае злучэнне, вытворнае індолу; кубавы фарбавальнік сіняга колеру. Крышталі цёмна-сіняга колеру з медным адценнем, плавяцца з раскладаннем, tпл 390—392 °C. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры, раствараецца ў аніліне, нітрабензоле, ледзяной воцатнай кіслаце. Натуральны І. вядомы з глыбокай старажытнасці. Атрымлівалі з трапічных раслін роду Indigofera і інш. індыганосаў. У 16 ст. завезены ў Еўропу. У канцы 19 ст. распачалі вытв-сць сінт. І., больш таннага і чыстага. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі тэкст. матэрыялаў (у асн. джынсавай тканіны), у вытв-сці чарніла, фарбаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)