КУЛА́ЦТВА,

сялянская буржуазія, якая выкарыстоўвала наёмную працу парабкаў, сельскай беднаты, займалася ліхвярствам, гандлем, адначасова прымала непасрэдны ўдзел у с.-г. і прамысл. вытворчасці. Кулак выступаў і як прадпрымальнік-капіталіст, і як ліхвяр, гандляр. Ён спалучаў таварна-капіталіст. земляробства з аддачай зямлі ў кабальную арэнду, адработкамі, ліхвярствам, скупкай хлеба, лёну, пянькі і інш. Многія кулакі трымалі прамысл.-гандл. прадпрыемствы (млыны, крупадзёркі, алейні, крамы і інш.), дзе таксама шырока выкарыстоўвалі наёмную рабочую сілу. У Рас. імперыі перыяду феадалізму ва ўмовах запрыгоньвання пераважнай часткі сялянства і панавання натуральнай сял. гаспадаркі, нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці таварна-грашовых адносін, К як тып сял. насельніцтва не існавала. Яно пачало складвацца пасля сялянскай рэформы 1861. Да канца 19 ст. на Беларусі налічвалася прыблізна 50 тыс. (каля 8%) кулацкіх гаспадарак. Ва ўмовах капіталіст. развіцця К. паступова сканцэнтроўвала ў сваіх руках усё больш зямлі, рабочай і прадукцыйнай жывёлы, с.-г. машын, палепшаных прылад працы і ў выніку — с.-г. вытворчасці. Яно значна ўмацавалася пасля сталыпінскай аграрнай рэформы. У Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны К. складала каля 11% усіх сял. гаспадарак, валодала амаль 20% сял. надзельнай і больш як 80% купленай зямлі. вял. плошчай арандаваных зямель, 26,7% коней, 36,6% плошчы пасеваў. На яго долю прыпадала 37% сял. вытворчасці збожжа, 38,8% — бульбы. У Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, працэс фарміравання К. ў выніку расслаення сялянства быў далёка не завершаны.

У першыя гады пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 шырокія масы былі ўцягнуты ў бескампрамісную барацьбу з К. як «класавым ворагам». Вынікам яе стала аслабленне заможных груп сялянства, яго колькаснае змяншэнне. У 1920 К. складала не больш за 2% аднаасобных гаспадарак Віцебскай і Гомельскай губ. (супраць амаль 10% на Беларусі ў 1917). Кулак як самастойная сіла ці сельскі капіталіст, што жыў за кошт наёмнай працы, па сутнасці перастаў існаваць. Дзейснымі спосабамі барацьбы з ім былі адзяржаўленне сельскай гаспадаркі, раскулачванне, харчразвёрстка, абмежаванні ў правах (забарона арэнды і найму рабочай сілы, паліт. ізаляцыя і інш.). У гады новай эканамічнай палітыкі з правядзеннем курсу на абмежаванне і выцясненне К. рост яго аднавіўся. У 1927 удзельная вага кулацкіх гаспадарак сярод сял. гаспадарак БССР складала 4,1%. У 1928 з пачаткам пераходу да выцяснення К. гал. чынам адм.-паліт. метадамі пачалося яго эканам. аслабленне і адноснае скарачэнне (да 1929 да 2%). Гэтаму садзейнічалі таксама пашырэнне «самараскулачвання», абвастрэнне напружанасці ў вёсцы, акты тэрору. У канцы 1929—30 у сувязі з пераходам да палітыкі ліквідацыі К. як класа на базе суцэльнай калектывізацыі асн. метадам змагання з ім стала экспрапрыяцыя. Барацьба з К., паводле вызначэння некат. даследчыкаў, паставіла вёску на мяжу «сапраўднай (адкрытай) сялянскай вайны», «грамадзянскай вайны» ці «ўсеагульнага сялянскага паўстання».

Да 1933 К. як клас, паводле вызначэння І.​В.​Сталіна, было разгромлена, але не дабіта. У ходзе барацьбы з рэшткамі К., хутарской сістэмай і іншадумствам адначасова з поўнай ліквідацыяй К. практычна перастала існаваць аднаасобная гаспадарка. Паводле афіц. звестак, да сярэдзіны 1934 у БССР раскулачана 35 тыс. гаспадарак. У перыяд суцэльнай калектывізацыі (1929—32), згодна з ацэнкамі некат даследчыкаў, пад раскулачванне трапіла каля 48—64 тыс. гаспадарак. У Зах. Беларусі ліквідацыя К. пачалася пасля ўз’яднання яе з БССР, завяршылася ў пач. 1950-х г. З канца 1920-х да пач. 1940-х г. і ў пасляваен. гады ў бел. вёсцы пацярпелі як кулацкія каля 8% сял. гаспадарак, а сярод ліквідаваных — пераважная большасць. Барацьба з К. з’явілася эфектыўным спосабам паскарэння калектывізацыі, ліквідацыі традыцыйных форм гаспадарання, падпарадкавання сельскай эканомікі задачам парт.-дзярж. улады.

Літ.:

Ленін У.І. Развіццё капіталізма ў Расіі // Тв. Т. 3. (Полн. собр. соч. Т. 3);

Ковальченко И.Д. Некоторые вопросы генезиса капитализма в крестьянском хозяйстве России // История СССР. 1962. № 2;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;

Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990;

Сарокін АМ. На крутым павароце рэвалюцыйных і ваенных падзей на Беларусі, 1917—1921 гг. // Человек и экономика. 1997. № 5;

Яго ж. На перавале: (Некаторыя аспекты метадалогіі нэпа і яго супярэчнасцей) // Гуманітарна-экан. весн. 1998. № 2.

В.​П.​Панюціч (да 1917), А.​М.​Сарокін (1917—1950-я г.).

т. 8, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Торг ’здзелка, гандаль’, ’кірмаш’, ’базар, рынак, месца гандлю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Шат., ТС, АБ, 7, Скарбы; ашм., Стан.; воран., Сл. ПЗБ), таргі́ ’аўкцыён’ (ТСБМ), ’гандаль; пакупнікі’ (Ян.). Укр. торг ’здзелка’, ’дагавор аб куплі-продажы’, ’гандлёвая плошча’, рус. торг ’прывоз, рынак, месца куплі і продажу’, ’гандаль’, ’гартаванне’, стараж.-рус. търгъ, польск. targ ’продаж і купля тавараў’, ’гандлёвая плошча’, ’гандаль, абарот’, ’выручка’, старое н.-луж. terg ’месца гандлю’, в.-луж. torhošćo ’рынак’, чэш., славац. trh ’рынак’, ’базар, кірмаш’, славен. tȓg ’тс’, ’плошча’, ’сквер’; серб. тр̑г, харв. tȓg ’тавар, якім гандлююць’, ’гандлёвая плошча’, балг. търгови́я ’гандаль’, търг ’тс’, търгъ́т ’аўкцыён’, макед. тргови́ја ’гандаль’, ст.-слав. тръгъ ’гандлёвая плошча’. Прасл. *tъrgъ. Пэўным чынам знаходзіцца ў сувязі з алб. treg(ë) ’рынак’, ’базар’ (> Trst), ілір. tergitioгандляр, купец’, з венецкімі тапонімамі Tergeste > Trzst > Trst ’рынак’, Opitergium ’хлебны або таварны рынак’, лігур. terg‑ ’купец’, Tergolape, Tergilam і інш. Рыбеца (Archivio glottologico italiano, 35, 51) сцвярджае, што *terga, якое дало алб. tregë, з’яўляецца міжземнаморскім словам і яго можна звязаць генетычна з асір.-вавіл. tamgaru ’купец’ > арамей. taggara > араб. tadžir, з якога выйшлі tiġaret ’барыш, заробак’, tüccar ’купец’, прынесеныя туркамі на Балканы (Скок, 3, 499). Ён мяркуе, што балканска-лац. terg‑ у Дунайскай зоне ў V ст. н. э. увайшло ў праславянскую мову. Літ. tur̃gus, лат. tìrgus ’рынак’, а таксама ст.-сканд. torg, швед. torg, дац. torv, фін. turku запазычаны ва ўсходніх славян (Махэк₂, 651; Брукнер, 566; Мікала, Berühr., 170; Скарджус, Slav., 226; Петрыч–Гольмквіст, JS, 8, 1962–1963, 146). Спробы вывесці паходжанне слав. *tъrgъ з цюрк., манг. torga, torgu ’шоўк’ ці са ст.-цюрк. turɣu ’стаянка’ не пераконваюць (Фасмер, 4, 82). Ондруш (Этимология–1984, 179) сцвярджае, што прасл. *tr̥gъ генетычна звязана не толькі з харв. trážiti, *s‑terg‑: *s‑torg‑ ’сцерагчы’, але і з балг. тъ́рси ’шукае’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 603. Сюды ж таргава́ць ’прыцэньвацца; гандляваць’ (ТСБМ), торгава́цца (ТС), то́ржышча ’рынак, гандлёвая плошча з народам’ (Нас.), тарго́віца ’базар’ (АБ, 7 (3)), таргаўшчы́ца, тарго́ўка ’гандлярка’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

такі́ 1, о́га, м.; така́я, ‑о́й, ж.; тако́е, ‑о́га, н.; мн. такі́я, ‑і́х; займ.

1. указальны. Указвае на якасць, уласцівасць асобы, прадмета, азначаючы: менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей. Хіба ж не міл і час такі На схіле лецейка, пад восень, Калі па верасах між сосен Пачнуць расці баравікі? Колас. // Дакладна такі, такі, як быў. Мінула столькі часу, а ён такі, як быў. // Падобны да іншага. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

2. указальны. Выкарыстоўваецца як слова, якое ўводзіць наступны тэкст, у значэнні: іменна той, які адпавядае таму, што будзе сказана далей. [Старшыня:] — Нам рукі трэба, разрываешся тут, а ён [Андрэй], такі мужчына: мядзведзі, качкі... Страляе па лесе... Пташнікаў. Ранейшае жыццё было такое: ураднік забярэ, суддзя абдзярэ, гандляр абкрадзе. Янкоўскі.

3. азначальны. Пры назоўніках і прыметніках, якія абазначаюць уласцівасць, стан і пад., указвае на большую, вялікую ступень, стан і пад. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я [студэнт] такі худы. Маляўка. Распісалі сваякі Яся, хто як можа: — А разумненькі такі! — А такі прыгожы! Кляўко. [Жанчына:] — Як жа, мой сынок, не заплакаць, калі тут [у вершы] кожнае слова такое пякучае. «ЛіМ». // Пры азначальным слове служыць для выдзялення, падкрэслівання якой‑н. якасці, уласцівасці. А трэці [паравоз] — якая-небудзь кукушка — не гудзіць, а проста пасвіствае галаском такім тонкім, пранізлівым. Лынькоў.

4. азначальны. Разм. Выкарыстоўваецца звычайна ў клічных сказах для ўказання на незвычайнасць, дзівоснасць (пры хвальбе або ганьбаванні каго‑н.). І песням першы раз сягоння Такая шыр, такі прастор! Танк. Яна [Наста] — настаўніцай. Ён [Андрэй] — старшынёй. І ўсе зайздросцілі — такая пара! З. Астапенка.

5. азначальны. Разм. У спалучэнні з займеннікамі «хто», «што», «які» выкарыстоўваецца для падкрэслівання і выдзялення іх, падаючы значэнне іменна. [Вера:] А што такое з Тамарай? Крапіва. — Што там такое? — стрымана запытаў бацька. Кулакоўскі.

6. у знач. наз. тако́е, ‑ога, н. Нешта, што звяртае ўвагу: смешнае, незвычайнае, страшнае і пад. — Як вы [цётка Хрысця] маглі падумаць такое? — прашаптала, задыхаючыся, Тацяна. Шамякін.

•••

Да такой ступені гл. ступень.

Ёсць такая справа! гл. справа.

Такая справа гл. справа.

Такі ж, як — зусім падобны на каго‑, што‑н.

Такім макарам гл. макарам.

Такім парадкам гл. парадак.

Такім чынам гл. чын.

Такой бяды гл. бяда.

У такім выпадку — тое, што і у такім разе.

У такім разе гл. раз.

Што тут такога? — выкарыстоўваецца пры няясным пытанні ў значэнні: што асаблівага (добрага ці дрэннага) у тым, што зроблена кім‑н.

такі́ і -такі 2, часціца.

Разм.

1. Выкарыстоўваецца пры знамянальных словах (часцей пры прыслоўі), падкрэсліваючы іх значэнне. Кошык быў амаль поўны, а грыбы яшчэ трапляліся. Іх такі многа пад мохам. Навуменка. [Тацяна:] — А от абцасы ладна такі пазбіваліся, трэба будзе неяк падрамантаваць. Васілёнак.

2. Пры дзеяслове выступае ў значэнні: тым не менш, усё ж, усё-такі. І такі прыкмеціў: Не дзяўчына — ружа. Гілевіч. Даказалі-такі цуду: Конь, мужык на свеце — сіла! Купала.

3. Уваходзіць у склад некаторых слоў: даволі-такі, зноў-такі, так-такі і пад. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч. Валодзька .. таўчэ каленам у надзьмуты жывот [каня] і лаецца, зноў-такі смеючыся. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)