З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Адбыўся 7—9.4.1917 у Мінску. Прысутнічала каля 150 дэлегатаў ад розных бел. арг-цый. Асн. мэта з’езда — выпрацоўка ў новых гіст. умовах праграмы бел.нац. руху. Абраны камісіі: агітацыйная, арганізац., друку, земская, фін., школьная і этнаграфічная. З’езд паставіў пытанне пра неабходнасць адкрыцця бел. ун-та і інш.ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Прыняў рашэнне пра арганізацыю т-ва «Прасьвета» і выданне газеты. Этнагр. камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губ., стварыла камісію для ўдакладнення яе межаў (акад. Я.Карскі, А.Шахматаў, праф. М.Любаўскі, М.Доўнар-Запольскі). Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэння Віленскай губ. ў склад Літ. рэспублікі. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі; для кіраўніцтва краем у кантакце з Часовым Рас. урадам абраны Беларускі нацыянальны камітэт з 18 чл. на чале з Р.Скірмунтам і вылучана дэлегацыя да Часовага ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУ́ЧНІК,
службовае слова ці спалучэнне слоў, якое злучае члены сказа, часткі складанага сказа ці цэлыя сказы; не мае самаст. лексічнага значэння.
У сучаснай бел. мове паводле марфалаг. складу З. падзяляюцца на простыя (невытворныя «а», «і», «ды», «бо», «ці», вытворныя «што», «толькі», «бо», «аж», «дый») і састаўныя («таму што», «як быццам», «для таго каб»); паводле сінтакс. функцыі — на злучальныя (звязваюць раўнапраўныя сінтакс. адзінкі) і падпарадкавальныя (звязваюць сінтакс. адзінкі, з якіх адна паясняе другую). Сярод злучальных вылучаюцца спалучальныя («і», «ды», «дый», «таксама»), супастаўляльныя («а», «але», «ды», «аднак») і пералічальна-размеркавальныя («ці-ці», «ні-ні», «то-то»); сярод падпарадкавальных — часавыя («калі», «пакуль», «як толькі»), умоўныя («калі 6», «каб», «раз»), прычынныя («бо», «таму што»), мэтавыя («каб», «абы», «для таго каб»), уступальныя («хоць», «няхай»), выніковыя («так што») і параўнальныя («як», «бы», «нібыта»), У ролі З. бываюць і злучальныя словы — займеннікі і прыслоўі («які», «дзе», «што»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІ АНДРЭ́ЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1901 з цэглы. Касцёл — прамавугольная ў плане 3-нефавая бязвежавая базіліка з 3-граннай апсідай, накрытая агульным 2-схільным дахам. Гал. фасад з 2-схільным шчытом расчлянёны слаістымі контрфорсамі на 3 часткі: цэнтральную са стральчатым парталам і акном-ружай і бакавыя, крапаваныя арачнымі нішамі. Стракаты сілуэт фасада ствараюць пластычна насычаныя фіялы контрфорсаў. Апсіда завершана трохвугольным гранёным шчытом і шатровай вежай-ліхтаром.
Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам і аркатурным фрызам. Каларыстычнае багацце дасягаецца высакаякаснай «адкрытай» цаглянай муроўкай насычанага чырвонага колеру і паліхромнай муроўкай цокаля, выкладзенага з вапнавых блокаў. Інтэр’ер дэкарыраваны арнаментальнай размалёўкай ракайльнага малюнка. Амбон, алтары і арган выкананы ў Вільні ў стылі неаготыкі, аздоблены разьбой і скульптурай. Побач з касцёлам стаіць званіца — помнік драўлянага дойлідства 19 ст. 4-граннае 3-яруснае зрубна-каркаснае збудаванне, завершанае шатровым дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРАТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ (ад лац noster наш),
макрасям’я моў, якая ўключае шэраг моўных сем’яў і моў Еўразіі і Афрыкі (індаеўрапейскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, уральскія мовы, дравідыйскія мовы, алтайскія мовы, картвельскія мовы). Падзяляюцца на ўсходненастратычныя (уральскія, дравідыйскія, алтайскія) і заходненастратычныя (індаеўрап., картвельскія, семіта-хаміцкія). Дакладныя межы настратычнай сям’і не вызначаны. Роднасць Н.м. у наяўнасці ў іх генетычна тоесных каранёвых і афіксальных марфем (каля 1000). Корпус каранёвых марфем уключае ў сябе карані адзінак асн. слоўнікавага фонду, што адлюстроўваюць найб. значныя для чалавека рэаліі і паняцці (часткі цела, роднасныя адносіны, асн. з’явы прыроды, назвы жывёл і раслін, прасторавыя адносіны, элементарныя дзеянні і працэсы, асн. якасці). Фаналагічная структура настратычнай прамовы мела, верагодна, 7 галосных і вял. колькасць зычных. Многія даследчыкі лічаць настратычную сістэму блізкай да аглюцінатыўнай (гл.Аглюцінатыўныя мовы). Гіпотэзу пра роднасць Н.м. выказаў у пач. 20 ст. дацкі вучоны Х.Педэрсен. Яе навук. абгрунтаванасць даказаў рас. вучоны У.Іліч-Світыч.
Літ.:
Иллич-Свитыч ВМ. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. Т. 1—3. М., 1971—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬСТЭР (Ulster),
гістарычная вобласць на Пн в-ва Ірландыя, што ахоплівае тэр.Паўночнай Ірландыі і часткіІрл. Рэспублікі (графствы Каван, Донегал і Монахан). У раннім сярэднявеччы самаст. каралеўства Улідыя. У 1177 заваявана англа-нармандцамі, з 1205 — графства, з 1461 — пад уладай англ. кароны. У 1585—1608 тут створаны 9 адм. акруг — Антрым, Даўн, Арма, Монахан, Калрэйн (з 1613 Ландандэры, з 1984 Дэры), Донегал, Тырон, Фермана, Каван. З 1609 Ландандэры, Тырон, Донегал і Каван заселены англічанамі і шатландцамі. Пасля Ірландскага паўстання 1641—52 большасць мясц. землеўладальнікаў-ірландцаў пазбаўлена ўласнасці. Далейшая каланізацыя О. англічанамі і шатландцамі (пратэстанты паводле веравызнання) абвастрыла іх адносіны з тутэйшымі ірландцамі (вернікі-католікі) на рэліг. глебе (узбр. сутыкненні ў 1798 і з 1886). Паводле англа-ірландскага дагавора 1921б.ч. О. пасля правядзення тут плебісцыту засталася пад уладай англічан як Паўн. Ірландыя (6 населеных пераважна пратэстантамі графстваў: Антрым, Даўн, Арма, Фермана, Тырон і Ландандэры), меншая ўвайшла ў новаствораную ірл. дзяржаву як яе прав. Ольстэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́КІ СЭ́РЦА,
паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і пачатковай часткі сасудаў, што адыходзяць ад яго. Падзяляюцца на прыроджаныя (у выніку парушэнняў ці незакончанасці фарміравання ў час унутрывантробнага, часам постнатальнага развіцця) і набытыя (ад захворванняў). Прыроджаныя П.с. прыводзяць да парушэнняў унутрысардэчнай і агульнай гемадынамікі. Значнасць гэтых парушэнняў уплывае на адэкватнасць развіцця, клінічныя праявы, прагноз жыцця немаўлят. Некат. прыроджаныя П.с. дыягнастуюць у дарослым узросце. Да набытых П.с. прыводзіць рэўматызм, інфекц. эндакардыт, сіфіліс, захворванні, звязаныя з аортай, — анеўрызма, атэрасклероз, васкуліты. Пры набытых П.с. пашкоджваюцца клапаны ці перагародкі камер сэрца. У залежнасці ад лакалізацыі П.с. падзяляюцца на мітральныя, аартальныя і інш. Сярод набытых П.с. бывае недастатковасць клапана, стэноз (спалучэнне недастатковасці і стэнозу называюць спалучаным парокам). Пры камбінаваным пароку адбываюцца паталагічныя змены некалькіх клапанаў сэрца. Доўгаіснуючыя П.с. вядуць да развіцця хранічнай і вострай недастатковасці кровазвароту, да парушэнняў рытму і інш. ускладненняў. Лячэнне кансерватыўнае, хірургічнае.
Літ.:
Сумароков А.В., Моисеев В.С. Клиническая кардиология. 2 изд. М., 1995;
Маколкин В.И. Приобретенные пороки сердца. 2 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,
1) ваенна-адм. адзінка рас. арміі ў 1-ю сусв. вайну. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваеннай акругі; тылавы раён Паўночна-Заходняга фронту, з 1915 — Заходняга фронту 1915—18. У 1917 уключала Магілёўскую, Смаленскую, Калужскую губ., часткі Віцебскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. На тэр. акругі знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага (г. Баранавічы, Магілёў). Узначальваў акругу гал. начальнік, пры якім дзейнічаў штаб (дыслацыраваўся ў Мінску, потым у Смаленску). Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкамі для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, пытаннямі цэнзуры, контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны ў пач. 1918.
2) Назва з 28 ліст. да 14 снеж. 1918 Беларускай ваеннай акругі.
3) Ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен.навуч. і інш. устаноў Сав. Арміі пасля Вял.Айч. вайны. Існавала з 9.7.1945 да 4.2.1946 на тэр. Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Маладзечанскай і Полацкай абл.; упраўленне размяшчалася ў Мінску. Аб’яднана разам з Баранавіцкай ваен. акругай у Бел.ваен. акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АЎТАВАКЗА́Л «МАСКО́ЎСКІ».
Пабудаваны ў 1999 у Мінску на рагу праспекта Скарыны і вул. Філімонава (арх. М.Навумаў, інж. Л.Валчэцкі, Ю.Рушаў, маст. афармленне У.Папсуева, В.Хацкевіча). Прызначаны для міжнар., міжгар. і мясц. перавозак. Важны горадабуд. акцэнт усх.часткі горада. Архітэктура комплексу заснавана на стварэнні шматузроўневай прасторы, удалым выкарыстанні рэльефу мясцовасці, лесвіц, пандусаў з мэтай выключэння перасячэнняў трансп. і людскіх патокаў. Комплекс уключае прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак, дзе размешчаны білетныя касы, залы чакання, гандл. ўстановы, гасцініца, адм. памяшканні. Кампазіцыйным цэнтрам аўтавакзала з’яўляецца адкрытая прастора атрыумнага тыпу з касавым вестыбюлем і прадпрыемствамі абслугоўвання ўнізе і адкрытымі галерэямі (вядуць на пероны) на 2-м паверсе. У аздабленні інтэр’ера выкарыстаны размалёўкі, скульптура, вітражы. Над пасадачнымі платформамі створаны падковападобны навес на вантавых канструкцыях. замацаваных на вежы (выш. 42 м), якая з’яўляецца вышыннай дамінантай комплексу і наваколля. У вырашэнні ўнутр. прасторы комплексу закладзены прынцып зрокавага аб’яднання ў адзінае цэлае інтэр’ераў будынка і экстэр’еру ўнутр. дворыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАГРА́ННІКу трохмернай прасторы,
геаметрычная фігура, састаўленая з канечнага ліку плоскіх многавугольнікаў так, што: кожная старана любога многавугольніка з’яўляецца стараной і некаторага іншага, сумежнага з ім; кожная пара любых старон гэтых многавугольнікаў — звёны ламанай лініі, якая ўтвараецца са старон інш. многавугольнікаў. Такія многавугольнікі наз. гранямі, іх стораны і вяршыні — рэбрамі і вяршынямі М.
М. наз. выпуклым, калі ён цалкам ляжыць з аднаго боку плоскасці любой яго грані. Такі М. разразае прастору на ўнутраную і знешнюю часткі. Унутраная частка ўтварае выпуклае цела. Выпуклы М. наз. правільным, калі ўсе яго грані — роўныя правільныя многавугольнікі і ўсе мнагагранныя вуглы пры вяршынях роўныя і правільныя; такіх М. (цел Платона) 5: актаэдр, дадэкаэдр, ікасаэдр, куб, тэтраэдр. Калі ўсе грані — правільныя разнайменныя многавугольнікі, а мнагагранныя вуглы роўныя, М. наз. паўправільным (целам Архімеда; гл.Паўправільныя мнагаграннікі). Правільнымі нявыпуклымі наз. М., у якіх грані перасякаюць адна адну або самі грані з’яўляюцца самаперасякальнымі многавугольнікамі (т.зв. целы Пуансо).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СКАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР МІСІЯНЕ́РАЎ помнік архітэктуры позняга барока ў в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Першы драўляны касцёл засн. ў 1527 па фундацыі Мацея Клочкі, у 1751 Ян Быхавец перадаў яго місіянерам. У 1763—85 узведзены мураваны касцёл, у 1818 перабудавана вежа. У 1866 пераабсталяваны пад правасл. царкву. У 1881 ён абгарэў, у 1883—84 пад наглядам арх. П.Залатарова праводзіліся работы па яго аднаўленні. Касцёл — мураваны 1-нефавы, 1-вежавы крыжападобны ў плане будынак з 2 сакрысціямі абапал апсіды. Яго дамінанта — шмат’ярусная вежа. Развіты гарыз. пояс падзяляе аб’ёмы (акрамя апсіды) на 2 часткі, больш нізкая трактавана як цокаль. Аконныя праёмы лучковыя. Інтэр’ер касцёла аформлены пілястрамі і калонамі іанічнага і кампазітнага ордэраў, размаляваны пад мармур. У 2-й пал. 18 ст. перад касцёлам (па адзінай восі) узведзены 2-павярховы сіметрычны ў плане П-падобны мураваны будынак кляштара. Гал. фасад яго вылучаны рызалітам. Сцены рытмічна расчлянёны пілястрамі.
Т.В.Габрусь.
Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. Вежа касцёла.